Гудэа

Энсі (манарх) шумерскага горада Лагаш

Гудэа (шум. 𒅗𒌤𒀀; 2144 — 2124 гг. да н. э.) — энсі (манарх) Лагаша, выбітны палітычны і культурны дзеяч старажытнага Шумера.

Гудэа
𒅗𒌤𒀀
Gudea of Lagash, RMO Leiden, 2100 BC, Diorite, Lagash Southern IRAQ (8724714852).jpg
Дыярытавая галава Гудэа, канец 3 тысячагоддзя да н.э.
энсі
2145 да н.э. — 2125 да н.э.
Папярэднік Ур-Баба
Пераемнік Ур-Нінгірсу
Нараджэнне XXII стагоддзе да н.э.
Смерць XXII стагоддзе да н.э.
Род Другая дынастыя Лагаша
Жонка Нінгалу
Веравызнанне месапатамская рэлігія
Дзейнасць суверэн
Лагатып Вікісховішча Гудэа на Вікісховішчы

ПаходжаннеПравіць

Пра паходжанне Гудэа дакладна не вядома. Сам ён у адным з надпісаў называў сябе тым, хто не меў маці і не меў бацькі. Ён увайшоў у кола кіруючых асоб дзякуючы шлюбу з Нінгалу, дачкой лагашскага энсі Ур-Бабы, і пасля яго смерці атрымаў уладу манарха ў спадчыну.

ПалітыкаПравіць

Тытул энсі з’яўляўся традыцыйным для Лагаша. У Шумеры быў таксама вядомы тытул лугаля, відавочна тэакратычнага валадара, улада якога павінна была падцвярджацца багамі ў храме. Пазней у эпоху трэцяй дынастыі Ура тытул лугаль разглядаўся вышэйшым за энсі і належыў выключна прадстаўнікам гэтай дынастыі. Вядомы папярэдні выпадак, калі энсі Уруінімгіна, выбраны гараджанамі Лагаша, прыняў тытул лугаля праз год свайго кіравання, але пасля яго ніхто з манархаў Лагаша ім не карыстаўся. Нягледзячы на тое, што Гудэа быў надзвычай веруючым і выступаў ад імя багоў, ён таксама задаволіўся тытулам энсі і не абагаўляў сваю ўладу. Толькі пры трэцяй дынастыі Ура яго сталі называць богам Лагаша.

Час кіравання Гудэа прыпаў на дамінаванне дзяржавы гутыяў у Шумеры. Аднак у запісах энсі Лагаша яны наогул не ўзгадваюцца. Застаецца толькі меркаваць, ці падпарадкоўваўся Лагаш ваяўнічым валадарам з Загроса і якой палітыкі ў дачыненні да гутыяў прытрымліваўся Гудэа. Сам ён паведамляў толькі пра 1 ваенную кампанію супраць Элама. Для бесперабойнага будаўніцтва ён быў вымушаны падтрымліваць сувязі з далёкімі краінамі, адкуль прывозілі драўніну, медзь, срэбра, дыярыт. Відавочна, яны мелі мірны гандлёвы характар.

Унутраная палітыка Гудэа была накіравана на забеспячэнне бяспекі і справядлівасці. На клінапісных конусах у пабудаваным ім храме Нінгірсу паведамляецца, што энсі ачысціў дарогі і каналы, займаўся развіццём меліярацыі і жывёлагадоўлі, правёў амністыю, прыняў лагодныя законы і сумленна судзіў гараджан. Кіруючыя абавязкі былі размеркаваны паміж некалькімі буйнымі адміністратарамі, якія карысталіся даверам і атрымоўвалі каштоўныя падарункі ад манарха.

Гудэа называў сябе сапраўдным пастырам і пахваляўся тым, што пры яго валадарстве ўдовы атрымалі абарону ад багацеяў, жанчыны — права на частку спадчыны, ён выплаціў абавязкі і забяспечыў краіну харчам, пры гэтым «наступіў на шыю» злым і незадаволеным. Найбольш жорсткім пакараннем для «ганебных» стала выгнанне з Лагаша. Адным з важных аспектаў стала будаўнічая дзейнасць Гудэа. Ён пабудаваў і перабудаваў 15 грамадскіх храмаў, кожны з якіх атрымаў шчодрыя падараванні. Найбольшыя намаганні былі зроблены для будаўніцтва новага храма Нінгірсу.

Статуі ГудэаПравіць

 
Дыярытавая статуя Гудэа з Гірсу. Захоўваецца ў Луўры

Ад эпохі кіравання Гудэа ў Лагашы да нас дайшлі 27 статуй, выдатных прыкладаў высокага мастацтва шумерскіх майстроў канца 3 тысячагоддзя да н. э. Першыя статуі Гудэа былі знойдзены французскімі археолагамі ў 1920-я гг. у Гірсу. Да іх былі далучаны статуі з Лагаша і іншых гарадоў Шумера. Некаторыя статуі трапілі ў прыватныя і музейныя калекцыі пасля рабаўнічых раскопак марадзёраў. Не ўсе з іх захаваліся ў цэлым выглядзе. У сучаснай музейнай класіфікацыі прынята пазначэнне вядомых статуй лацінскімі літарамі ў залежнасці ад іх паходжання.

Статуі рабіліся для ўсталявання ў храмах у якасці падараванняў або павінны былі ўзносіць малітвы багам ад імя самога манарха. Большасць статуй мае сціплыя памеры, на іх зроблены клінапісныя прысвячэнні багам. Аднак адна статуя, што захоўваецца ў Луўры, дасягае 1,57 м і важыць болей за 1250 кг. Першыя невялікія статуі рабіліся з традыцыйных матэрыялаў накшталт вапняку і алебастру, але пазней для іх вырабу выкарыстоўвалі надзвычай цвёрды і важкі дыярыт, што прывозілі з далёкага Магану (магчыма, з тэрыторыі сучаснага Ірана або нават Пакістана). На адной са статуй выкарыстанне дыярыту тлумачыцца тым, што ён не каштоўны і ў той жа час неразбурны, яго можна класць у крыніцы з пітной вадой.

Відавочна, большасць статуй з’яўляюцца выявамі самога Гудэа. Звычайна ён выяўлены стоячы або седзячы ў традыцыйнай шумерскай вопратцы з пастуховым капялюшам і доўгай кашуляй. Толькі на 1 статуе вопратка нагадвае акадскую. Класічная выява паказвае Гудэа як маладога чалавека з паголенай галавой. Незалежна ад памераў формы паўтараюцца.

ЛітаратураПравіць

  • Довгяло, Г. История Древнего Востока / Г. И. Довгялло, О. В. Перзашкевич, А. А. Прохоров. — Минск: ТетраСистемс, 2002 ISBN 985-470-051-8
  • Edzard, S. Gudea and His Dynasty / Sibylle Edzard, Dietz Otto Edzard. — Toronto, Buffalo, London: University of Toronto Press, 1997 ISBN 0-8020-4187-6

СпасылкіПравіць