Ваяндот

(Пасля перасылкі з Гуроны)

Ваяндо́т (саманазва: wendat), вядомыя таксама як гуро́ны (фр.: Hurons) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Канзас і правінцыі Квебек. Агульная колькасць (2012 г.) — 5 600 чал.

Ваяндот
(wendat)
Малюнак 1838 г.
Агульная колькасць 5600 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова ваяндот
Рэлігія анімізм, монатэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іракезы, саскуэханцы, тыанантаты, нейтраль, эры, венро

Паходжанне

правіць

Археалагічныя раскопкі дэманструюць тое, што культура ваяндот сфарміравалася ў першай палове 2 тысячагоддзя н. э. вакол возера Антарыа. Яна вельмі нагадвала культуру іракезаў. Ваяндот сфарміраваліся ў XV - пачатку XVII як канфедэрацыя некалькіх супольнасцей:

  • Attignawantan (людзі мядзведзя)
  • Attigneenongnahac (людзі шнура)
  • Arendarhonon (людзі каменю)
  • Tahontaenrat (людзі аленя)
  • Ataronchronon (людзі балот, магчыма частка Attignawantan)

Блізкімі саюзнікамі ваяндот былі Tionontate (людзі тытуню).

Назва ваяндот паходзіць з іракезскіх моў і значыць жыхароў паўвострава. Назва гуроны была дадзена французамі. Мяркуюць, што яна значыла сельскіх жыхароў, паколькі ваяндот у адрозненні ад суседзяў-алганкінаў больш актыўна займаліся сельскай гаспадаркай, або была пераробкай алганкінскага слова Ronon ("народ").

Гісторыя

правіць

Першы кантакт ваяндот з еўрапейцамі адбыўся ў 1535 г. у раёне сучаснага Манрэаля, калі яго наведала экспедыцыя Ж. Карцье. У гэты час канфедэрацыя вяла войны с іракезамі і ўдзельнічала ў гандлі з іншымі плямёнамі Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. У 1609 г. Самюэль дэ Шамплейн прыняў рашэнне ўступіць у вайну супраць іракезаў на баку ваяндот і алганкінаў. У 1614 г. быў падпісаны афіцыйны дагавор з Францыяй аб ўзаемным гандлі, пасля чаго ваяндот ператварыліся ў галоўных пасрэднікаў у забеспячэнні французских каланистаў футрам. Сярод ваяндот дзейнічалі французскія місіянеры. Адмоўную ролю мелі эпідэміі, занесеныя еўрапейцамі. На працягу першых чатырох дзесяцігоддзяў XVII ст. колькасць ваяндот імкліва змяншалася.

У 1629 - 1632 гг. гандлёвыя зносіны з французамі перарваліся з-за вайны паміж Францыяй і Англіяй. Магаўкі выкарысталі часовае саслабленне ваяндот, каб распачаць новую вайну за паляўнічыя тэрыторыі. У сваю чаргу, гэта прывяло да больш маштабных Бабровых войнаў. У 1635 г. ваяндот пацярпелі паражэнне ад сенека. Іракезы захоплівалі каноэ з футрам, што ішлі ўздоўж ракі Святога Лаўрэнція. У 1645 г. французы былі вымушаны падпісаць з іракезамі мірны дагавор. Іракезы меркавалі, што ваяндот будуць вымушаны накіроўваць частку футра ў іх землі, аднак тыя адмовіліся. У 1648 - 1649 гг. магаўкі і сенека ўрываліся на тэрыторыі ваяндот, палілі іх вёскі, палеткі і забівалі жыхароў. Узімку 1649 - 1650 гг. сярод ваяндот пачаўся голад. Езуіты, якія таксама пацярпелі ад нападаў іракезаў, перасялялі ваяндот у Квебек. У 1658 г. група ваяндот была пераселена ў верхнюю плыню ракі Місісіпі. Іншыя ваяндот шукалі прытулак у суседніх плямёнаў, перасяляліся на захад або пераходзілі на бок іракезаў у выніку "усынаўленняў".

Дзякуючы езуітам звесткі пра спусташэнне краіны гуронаў дасягнулі Францыі. Па загаду караля ў 1666 г. у Канаду прыбылі рэгулярныя армейскія часткі. Яны здолелі нанесці паражэнне іракезам і вымусіць іх падпісаць мір 1667 г., згодна якому сенека і магаўкі адмаўляліся ад прэтэнзій у дачыненні ваяндот. Дагавор паспрыяў выжыванню ваяндот, але меў часовыя вынікі, бо ваенныя дзеянні хутка ўзнавіліся і працягваліся да 1701 г. Езуіты дамагаліся поўнага спынення гандлю футрам з-за злоўжыванняў у адносінах да індзейцаў. У 1696 г. французскія факторыі сапраўды былі зачынены. Але ваяндот і атава актывізавалі кантакты з англічанамі і з 1702 г. вялі гандаль з імі.

Пасля 1715 г. французы ўзнавілі гандаль, прыцягвалі ваяндот да вайны з месквакі, а ў 1730 г. загадалі пакінуць раён Дэтройту і такім чынам адмовіцца ад сувязяў з англічанамі. Частка ваяндот, наадварот, перасялілася ў спустошаныя землі на поўдзень ад возера Эры, што знаходзтіліся пад кантролем іракезаў. Яны увайшлі ў саюз з лігай іракезаў. Ваяндот, што засталіся ў раёне Дэтройту хутка сапсавалі адносіны з суседзямі-алганкінамі, калі адмовіліся ваяваць з чэрокі, саюзнікамі англічан. У 1749 г. і 1750 г. паўднёвыя ваяндот адмаўляліся дапамагаць французам падчас ваенных экспедыцый супраць англічан у Агая. У Новай Францыі нейтральныя або нават варожыя адносіны з боку старых саюзнікаў успрымаліся вельмі балюча. Сітуацыя не перарасла ў вайну толькі з-за эпідэміі воспы ў 1751 г.

Падчас Сямігадовай вайны большасць ваяндот выступілі на баку Францыі, а потым удзельнічалі ў паўстанні Пантыяка. Ваенныя дзеянні з суседзямі працягваліся нават пасля замірэння з англічанамі. У гады Амерыканскай рэвалюцыі ваявалі на баку лаялістаў. У выніку эпідэмій і ваенных страт у 1783 г. у ваяндот, што засталіся на тэрыторыі ЗША, захавалася толькі 100 дарослых воінаў. Аднак яны працягвалі ўдзел у змаганні супраць амерыканскіх пасяленцаў да 1795 г.

У 1842 г. амерыканскія ваяндот дабраахвотна прадалі свае землі ў Агая і Ілінойс ураду ЗША і пераехалі ў Канзас. У 1845 г. частка вярнулася назад і пасялілася каля ленапэ. Канзаскія ваяндот актыўна ўдзельнічалі ў асваенні Захаду. Перасяленні выклікалі заняпад традыцыйнага грамадства і саслабленне ўлады правадыроў. Прыхільнікі захавання племяннога ладу у 1867 г. стварылі асабістую рэзервацыю ў Аклахоме і на доўгія гады спынілі кантакты з суродзічамі. У Канадзе захаваліся групы ваяндот, пераселеныя ў XVIII ст. у Квебек.

Мова ваяндот адносіцца да іракезскай групы моў. У 1912 г. амерыканскія этнолагі склалі граматыку ваяндот Аклахомы і ўвялі алфавіт на аснове лацінкі. Аднак у выніку асіміляцыі гутарковая мова ваяндот хутка гублялася. Апошнія яе носьбіты памерлі ў 1960-х гг. Сучасныя ваяндот ЗША размаўляюць на англійскай мове, ваяндот Канады — на французскай. У Канадзе дзейнічае праграма вывучэння мовы ваяндот на спецыяльных курсах для дзяцей і дарослых.

Выбітныя асобы

правіць

Спасылкі

правіць