Гутарка старога дзеда

(Пасля перасылкі з Гутаркі старога дзеда)

«Гутарка старога дзеда» — беларускі ананімны вершаваны агітацыйны твор XIX ст. У навуковай літаратуры аўтарам гутаркі называлі В. Каратынскага (паводле ўспамінаў ягонага сына Бруна), У. Сыракомлю, В. Дуніна-Марцінкевіча.

Гутарка старога дзеда
Аўтар невядома
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1861
Дата першай публікацыі 1861
Апублікаваны ў Dziennik Literacki[d]
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Гісторыя правіць

Напісана ў пачатку 1861 года. Надрукавана Браніславам Шварцэ, кіраўніком тамтэйшай паўстанцкай арганізацыі, лацінкай у беластоцкай падпольнай друкарні напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў[1].

Было зроблена 2 выданні, каб падмануць цэнзуру і прыцягнуць увагу чытачоў, на тытуле аднаго з іх пазначана Познань, другога — Парыж. Публікавалася ў львоўскай газеце «Dziennik Literacki» («Літаратурны дзённік») № 89 (1861), пашыралася таксама ў рукапісах і літаграфічна. Да аднаго з выданняў прыкладзены беларускі верш Сыракомлі «Добрыя весці». Распаўсюджвалася ў Беларусі як пракламацыя.

Выкрывала царскія парадкі, заклікала беларускіх сялян падтрымліваць польскі вызвольны рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нацыянальнага адзінства. Ужо ў 1861 літаратурным асветнікам і рэвалюцыйным дзеячам М. Акялайцісам «Гутарка…» была перакладзена на літоўскую мову.

Аўтарства правіць

Напачатку 1960-х гадоў нашага стагоддзя Генадзь Кісялёў у кнізе «Сейбіты вечнага» зрабіў спробу далучыць асобныя тэксты паўстанцкай агітацыйнай літаратуры да беларускага прыгожага пісьменства, у тым ліку «Гутарку старога дзеда», бо цэлы шэраг фактаў сведчыў, што яна была створана ў асяроддзі вядомых беларускіх літаратараў сярэдзіны ХІХ ст[1].

Яшчэ Яўхімам Карскім Вінцэсь Каратынскі называўся аўтарам гэтага твора. Выяўлены Г. Кісялёвым у матэрыялах архіва ІІІ аддзялення данос агента В. Бярнацкага сведчыў, што сучаснікі прыпісвалі аўтарства «Гутаркі» В. Дуніну-Марцінкевічу[1]:

  Нядаўна гэты самы Марцінкевіч напісаў твор на народнай мове пад загалоўкам «Гутарка старога дзеда», дзе паказвае лёс Літвы ў вершах ад 1796 года да цяперашняга часу, выказваючы ўсе прыцясненні, якія толькі маглі быць на сялян, і прыпісваючы ўсе гэтыя прыцясненні ўраду. Гэты твор ужо даволі распаўсюджаны і так пераканальна дзейнічае на сялян, што дзе толькі ён паявіўся, то сяляне пакінулі быць прывязанымі да гасудара, якога раней бласлаўлялі, і пачалі шукаць заступніцтва памешчыкаў. Цяпер яшчэ Марцінкевіч пераклаў на народную мову гімн «Божа, што Польшчы…»  

Сведчанне агента падмацоўвалася аналізам паэтыкі твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Даследчыкаў уражвала падабенства творчае манеры, паказвала на руку аднаго творцы. Відаць, усё гэта садзейнічала актывізацыі пошукавай працы ў дадзеным напрамку. У выніку было выяўлена, што «Гутарка» была выдадзена двойчы, апрача таго яна «хадзіла» ў рукапісных копіях, мелася таксама літаграфаванае выданне[1].

Расійская ж даследчыца З. Тальвірская прыйшла да высновы, што і беларускі, і літоўскі тэксты з’яўляюцца перакладамі з невядомага сёння польскага арыгінала[1].

Усё гэта дало падставы Г. Кісялёву (не выключаючы таго, што «Гутарка старога дзеда» — калектыўны твор) лічыць В. Дуніна-Марцінкевіча найбольш рэальным прэтэндэнтам на аўтарства гэтага вершаванага тэксту. А вось А. Мальдзіс і В. Рагойша (грунтуючыся на ўспамінах Бруна Каратынскага) называюць аўтарам «Гутаркі старога дзеда» Вінцэся Каратынскага. Той жа думкі прытрымліваўся і У. Мархель, які змясціў фрагменты з гутаркі ў двух выданнях «Твораў» паэта, праўда, у раздзеле твораў, які толькі прыпісваюцца Каратынскаму[1].

На думку ж Міколы Хаўстовіча аўтарам, відаць, не мог з’яўляцца В. Дунін-Марцінкевіч, бо верш больш лёгкі, рыфма больш дакладная, больш дакладнае словаўжыванне. А таксама таму, што ў тым жа 1861 годзе У. Сыракомля папракаў В. Дуніна-Марцінкевіча за «падаграванне старой непрыязні паміж грамадскімі класамі». З часоў напісання «Гапона» (1855) погляды пісьменніка маглі змяніцца, але, на думку літаратуразнаўца, наўрад ці настолькі, каб ён узняўся да сцвярджэння: «Kali staniem z Palakami, // Budziem roúnymi z panami»[1].

Пэўныя пярэчанні выклікае ў Хаўстовіча і кандыдатура В. Каратынскага, які ў 1858 годзе сваім беларускамоўным вершам вітаў Аляксандра І. Таксама паэтыка В. Каратынскага (як, дарэчы, і У. Сыракомлі) вышэй на ўзровень за паэтыку «Гутаркі старога дзеда». Нават адрасацыя твора малапісьменнаму чытачу і слухачу не магла паўплываць на талент паэтаў[1].

Хаўстовіч прапануе шукаць маладзейшых аўтараў з асяроддзя, звязаным з В. Дуніным-Марцінкевічам, В. Каратынскім, У. Сыракомлем, мажліва, сярод «літвінаў, што запісаліся ў „Альбом“» Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Васьміскладовік «Гутаркі», на думку Хаўстовіча, склаўся пад уплывам не толькі польскамоўнага сілабічнага вершаскладання, беларускага народнага верша, але і рускай паэзіі, якую ведалі вучні гімназій на Беларусі, а г. зн. і беларускія паэты, што наведвалі гэтыя гімназіі пасля 1838 года, з якога пачалося шырокае выкладанне рускай «славеснасці» на Беларусі[1].

Змест правіць

Аўтар рэзка выступае супраць самадзяржаўя, тагачасных парадкаў, хоць і адчуваецца ў творы некаторая ідэалізацыя патрыярхальнага мінулага. Асноўная ідэя твора змяшчаецца ў радках:

Маскаль, кажуць, мае волю,
Палягчыць нам нашу долю,
Ой! Не верце таму, людзі,
Нічога з таго не будзе.
Калі б хацеў так зрабіць,
Даўно б то мусела быць.

У «Гутарцы…» сцвярджаецца, што дзеля перамогі сялянам трэба забыць пра свае крыўды на паноў:

Бо як станем палякамі,
Будзем вольнымі панамі.

Цэнзура правіць

Па заяве пракуратуры горада Мінска тэксты твораў «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Хаўстовіч, М. «Цяпер Маскаль пяе мудрагелікі свае» / М. Хаўстовіч // ХІХ стагоддзе. Гісторыка-літаратурны альманах. Кн. 1 / уклад., усту. арт., падрыхт. тэкстаў, пер. з пол. мовы і каментар Міколы Хаўстовіча. — Мінск, 1999—214 с.
  2. Два вершы Дуніна-Марцінкевіча пракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі . Наша Ніва. Праверана 17 жніўня 2023.

Літаратура правіць

  • Александровіч, С. Х. Пуцявінамі роднага слова. — Мн., 1971. — С. 19—21.
  • Кісялёў, Г. Сейбіты вечнага. — Мн., 1963. — С. 136—145.
  • Кніга Беларусі, 1517—1917. Зводны каталог. — Мн., 1986. — С. 224.
  • Лапінскене, А. П., Мальдзіс, А. І. Перазовы сяброўскіх галасоў: Беларуска-літоўскае літаратурнае ўзаемадзеянне ад старажытнасці да нашага часу. — Мн., 1988. — С. 53—54.
  • Революционная Россия и революционная Польша. — М., 1967. — С. 39—63.
  • Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя: 2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае, складальнікі і аўтары каментарыяў А. А. Лойка, В. П. Рагойша. — Мн.: Выш. шк., 1988. ISBN 5-339-00060-5.
  • Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — пачатак ХХ ст. Выданне 2-е, дапрацаванае. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН Беларусі М. А. Лазарука і прафесара А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш.шк., 1998. ISBN 985-06-0304-6.