Гідроліз
Гідроліз — рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.
Пры гідролізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай кіслатой (напрыклад, хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай кіслатой (напрыклад, ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl-+HOH=NH4OH+Cl-+H+) ці шчолачную (CH3COO-+Na++HOH=CH3COOH+Na++OH-) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і кіслатой, не ідзе.
Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць.
Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары.
Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляводаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хімічнай прамысловасці атрымліваюць спірты, карбонавыя кіслоты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў.
Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытворчасцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70 % расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5 — 3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную кіслоты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30-35 % ад масы сыравіны).
Хімічнай і біяхімічнай перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харчовую глюкозу, тэхнічную ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрын, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінеральныя ўгнаенні, паліва і іншыя прадукты тэхнічнага прызначэння.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).