Адкрыць галоўнае меню

Гімназія (ад грэч.: γυμνάζω, gymnasion — памяшканне для гімнастычных заняткаў) — сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова.

Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адкрытая ў Страсбургу ў 1538 г. У XVIXVIII стст. гімназіі пачалі ўзнікаць у многіх гарадах Германіі. У XIX ст. гімназіямі называліся сярэднія школы для хлопчыкаў у Аўстра-Венгрыі, Балгарыі, Германіі, Галандыі, Грэцыі, Даніі, Сербіі і нямецкіх кантонах Швейцарыі.

Гімназіі на сучаснай беларускай тэрыторыіПравіць

У складзе Расійскай імперыіПравіць

На Беларусі дзейнічаюць з пачатку XIX ст. У 1-й чвэрці XIX ст. адкрыты Мінская, Свіслацкая, Магілёўская, Жыровіцкая, Гродзенская гімназіі, у 1827 у гімназію пераўтворана Слуцкае павятовае вучылішча. Тэрмін навучання 4 гады. Напачатку былі рэальнага кірунку. Выкладаліся фізіка, матэматыка, пачатковыя асновы тэхналогіі і камерцыйных навук, філасофія, гісторыя, геаграфія, статыстыка (да 1844 г.), польская, руская, лацінская, французская, нямецкая мовы і інш. Паводле школьнага статута 1828 г. тэрмін навучання быў падоўжаны на 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, царкоўная гісторыя, логіка (да 1847 г.), начартальная і аналітычная геаметрыя (да 1845 г.), чарчэнне і інш. Статутам 1864 г. прадугледжваліся гімназіі 3 тыпаў: з 8-гадовым курсам навучання класічныя з грэчаскай і лацінскай мовамі, класічныя з лацінскай мовай, рэальныя без старажытных моў (у большым аб'ёме выкладалася прыродазнаўства). Класічныя гімназіі давалі права паступлення ва ўніверсітэты і інш. ВНУ, рэальныя — толькі ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы. У 1872 г. рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. Паводле статута 1871 г. класічныя гімназіі сталі асноўным тыпам сярэдніх навучальных устаноў. 41% вучэбнага часу ў іх адводзілася старажытным мовам, на прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла прыпадала 18%. Статут 1871 ш. прадугледжваў увядзенне пры гімназіях падрыхтоўчых класаў, стварэнне прагімназій (адпавядалі 4 класам гімназій). У 1864 г. былі адменены саслоўныя абмежаванні для атрымання сярэдняй адукацыі, але фактычна ў гімназіях займаліся пераважна дзеці прывілеяваных саслоўяў. Цыркуляр «Аб мерах паляпшэння складу навучэнцаў у гімназіях і прагімназіях» ад 18 чэрвеня 1887 г. («цыркуляр аб кухарчыных дзецях») прадпісваў не прымаць у гімназіі «дзяцей кучараў, лакеяў, павароў, прачак, дробных крамнікаў». Былі закрыты падрыхтоўчыя класы, якія давалі магчымасць паступаць у гімназіі дзецям малазабяспечаных бацькоў. 10 ліпеня 1887 г. выдадзены цыркуляр «Аб абмежаванні прыёму ў сярэднія навучальныя ўстановы яўрэяў 10% нормаю». Разам з тым у 2-й палове XIX ст. пачалі адкрывацца жаночыя гімназіі. На 1 студзеня 1897 г. на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў дзейнічалі мужчынскія (Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Слуцкая і інш.), жаночыя (у губернскіх цэнтрах) гімназіі. Акрамя дзяржаўных з пачатку XX ст. адкрываліся прыватныя мужчынскія і жаночыя гімназіі. На 1 студзеня 1915 г. на Беларусі дзейнічалі 14 дзяржаўных і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзяржаўных і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У час Першай сусветнай вайны частка іх была эвакуіравана ў глыбь імперыі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у сувязі з адменай нацыянальных абмежаванняў у галіне адукацыі сталі адкрывацца школы з беларускай мовай навучання, восенню 1917 г. пачала працу беларуская гімназія ў Слуцку. У адпаведнасці з дэкрэтам савецкага ўрада ад 16 кастрычніка 1918 г. на савецкай тэрыторыі Беларусі гімназіі скасаваны.

У складзе міжваеннай ПольшчыПравіць

У Заходняй Беларусі ў 1917—пачатку 1920-х гадоў былі адкрыты 6 прыватных беларускіх гімназій (Будслаўская, Віленская, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая). Дзяржаўных сярэдніх школ на беларускай мове не існавала. Арганізацыйную і фінансавую дапамогу беларускім гімназіям аказвала Таварыства беларускай школы (ТБШ). Усе беларускія гімназіі былі 8-гадовымі, мелі гуманітарны ўхіл. Навучальныя планы і праграмы, вучэбныя дапаможнікі складалі самі настаўнікі, актывісты ТБШ. У канцы 1920—пачатку 1930-х гадоў беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі былі зачынены польскімі ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Заходняй Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. У 1924/25 навуч. годзе ў Віленскай школьнай акрузе былі 43 сярэднія школы, сярод іх 14 дзяржаўных, 33 прыватныя (22 польскіх і 11 яўрэйскіх). У Брэсцкай школьнай акрузе ў 1935/36 навуч. годзе дзейнічала 14 гімназій, у т. л. 5 дзяржаўных і 9 прыватных (5 польскіх, 3 яўрэйскія, 1 руская — у Брэсце). Польскія гімназіі таксама былі 8-гадовымі і мелі гуманітарны ухіл. У іх выкладаліся рэлігія, польская, лацінская, замежныя мовы, гісторыя, геаграфія, фізіка, хімія, матэматыка, касмаграфія, уводзіны ў філасофію і інш. прадметы. Факультатыўна выкладаліся спевы і музыка, маляванне, ручная праца. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) гімназіі скасаваны.

У 1920—1930-я гады ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзяржаўныя беларускія гімназіі.

Сучасныя гімназіі ў БеларусіПравіць

У канцы 1980—пачатку 1990-х гадоў у ходзе пошуку шляхоў удасканальвання сярэдняй адукацыі на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1990/91 навуч. годзе ў рэспубліцы працавала 12 гімназій, у 1991/92 навуч. годзе толькі ў Мінску было 10 гімназій. Сучасныя гімназіі — гэта сярэднія агульнаадукацыйныя ўстановы павышанага тыпу. Гімназісты атрымліваюць шырокую адукацыю і агульнакультурную падрыхтоўку. Выкладаюцца беларуская, руская, замежныя мовы, айчынная і сусветная гісторыя, літаратура, псіхолага-педагагічныя дысцыпліны, логіка, рыторыка, асновы філасофіі, сацыялогіі, эканомікі і інш. У старэйшых класах ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя навучэнцаў па літаратурна-эстэтычным, грамадска-палітычным, фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным кірунках.

У 2009 г. дзйнічала 198 гімназій[1].

Зноскі

  1. Республика Беларусь, 2009 = Republic of Belarus, 2009: статистический ежегодник / Нац. стат. ком. Респ. Беларусь; редкол.: В. И. Зиновский (председ.) [и др.]. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2009. — 599 с.: табл. — С. 186. — ISBN 978-985-6558-47-8.

ЛітаратураПравіць

  • Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г. / [М. М. Абраменка і інш. ; рэдкалегія: М. А. Лазарук (адк. рэд.) і інш.]. — Мн.: Народная асвета, 1985. — 462, [1] с.: іл., факсім., партр.
  • Бондаренко, Е. Г., Козулин, А. В. Учебные заведения нового типа в Республике Беларусь // Адукацыя і выхаванне. — 1992. — № 1. — С.
  • Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі / Навук.-даслед. ін-т педагогікі М-ва асветы БССР; Рэдкал.: С. А. Умрэйка і інш. — Мн.: Народная асвета, 1968. — 621 с.: іл.
  • Очерки истории школы и педагогической мысли народов СССР, XVIII век — первая половина XIX века / [Акад. пед. наук СССР, Ин-т общей педагогики]. — М.: Педагогика, 1973. — 605 с.
  • Очерки истории школы и педагогической мысли народов СССР: вторая половина XIX века / [Акад. пед. наук СССР, Науч.-исслед. ин-т общей педагогики]. — М.: Педагогика, 1976. — 600 с.
  • Сянькевіч, Г. Гімназіі / Галіна Сянькевіч //