Гірш Смоляр
Гірш Смоляр, у савецкай традыцыі Рыгор Давідавіч Смоляр (ідыш: הערש סמאָליאַר, польск.: Grzegorz Smolar — Гжэгаж Смоляр; 1905, Замбраў, Царства Польскае, Расійская імперыя — 1993, Тэль-Авіў, Ізраіль) — яўрэйскі пісьменнік і журналіст на ідыш, польскі і савецкі камуністычны дзеяч, дзеяч яўрэйскай грамады Польшчы[1].
Гірш Смоляр | |
---|---|
![]() | |
Імя пры нараджэнні | ідыш: Hersz Smolar |
Род дзейнасці | палітык, пісьменнік |
Дата нараджэння | 15 красавіка 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 сакавіка 1993 (87 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Walentyna Najdus-Smolar[d] |
Дзеці | Aleksander Smolar[d] і Eugeniusz Smolar[d] |
Партыя | |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і прэміі | |
![]() |
Біяграфія
правіцьБацька — Давід Смоляр, гандляр газіраванай вадой, некалі аднакурснік Хайма Бяліка ў Валожынскай ешыве. Брат — Натан Смоляр, дзеяч асветы на ідыш, актывіст Паалей Цыён, загінуў у 1943 годзе ў Варшаўскім гета.[2]
Бацька культываваў у сям’і любоў да яўрэйскай літаратуры. Да 11 гадоў Гірш наведваў школу, затым вымушаны быў вучыцца шавецкаму рамяству. З 12 гадоў далучыўся да рабочага руху, і калі ў 1920 годзе падчас савецка-польскай вайны, Смоляр увайшоў у Беластоцкі рэвкам як прадстаўнік рабочай моладзі, а пасля адступлення савецкіх войск збег ва Украіну.[2]
Працаваў на гарбарнай фабрыцы ў Кіеве, адначасова вучыўся ў яўрэйскім педагагічным тэхнікуме; затым вывучаў палітычныя навукі і літаратуру ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. З 1921 года супрацоўнічаў у маладзёжным дадатку да Кіеўскай штодзённай газеце «Дзі камунісціше фон», з 1922 года стаў яе рэдактарам. З 1923 года — супрацоўнік моладзевай газеты «Дэр юнгер арбетэр» і дзіцячага часопіса «Фрайд» (Кіеў), а таксама штотыднёвіка «Дзі юнге гвардзіе» (Харкаў); удзельнічаў у стварэнні літаратурнай групы «Бой-кланг» («Гул будоўлі») і яе часопіса «Дэр юнгер бой-кланг» (разам з Э. Казакевічам, Ф. Сіто, 1909—1945, і іншымі); пасля быў членам рэдкалегій маскоўскіх часопісаў «Юнгвалд», «Піанэр», супрацоўнічаў у замежных выданнях камуністычнага і левага кірунку «Цум камф», «Літэратурше трыбуне», «Літэратур-фармест» (Варшава), «Зібн тэг», «Найе Тэг», «Дэр бліц» (Вільня), а таксама ў газеце «Дэр Эмес» (Масква).[2]
У 1928 годзе нелегальна вярнуўся ў Польшчу як агент Камінтэрна, жыў у Варшаве, Беластоку, Лодзі, Вільні; некалькі разоў арыштаваны і сядзеў у турме (чатыры гады ў адзіночнай камеры). Быў рэдактарам нелегальнага часопіса «Дзі ройтэ фон» (Беласток-Вільня). У 1935—1936 гадах — супрацоўнік газеты «Вільнер тог», затым рэдактар падпольнага турэмнага часопіса «Кратэс», які выходзіў на ідыш, польскай, беларускай і літоўскай мовах. Апроч публіцыстыкі пісаў апавяданні.[2]
У 1939 годзе, пасля пачатку 2-й сусветнай вайны і акупацыі Польшчы Германіяй і СССР, перабраўся ў Беласток, заняты савецкімі войскамі. Стаў сакратаром мясцовага аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў. Пасля нападу Германіі на СССР апынуўся ў акупацыі ў Мінску. Прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі камуністычнага антынацыскага ў Мінскім гета і стаў адным з яго кіраўнікоў. Устанавіў сувязі з рухам супраціўлення ў беларускай частцы горада, у тым ліку з сакратаром падпольнага Мінскага гаркама кампартыі Ісаям Казінцам. Падполле паставіла за мэту вывад максімальнай колькасці вязняў гета да партызан у лясы; у 1942—1944 гадах мінскія яўрэі склалі ядро сямі партызанскіх атрадаў. Летам 1944 года Смоляр збег з гета і стаў камісарам партызанскага атрада імя Сяргея Лазо.[2]
У гета і партызанскім атрадзе не кідаў літаратурную працу, пісаў памфлеты і тэксты ўлётак, рэдагаваў партызанскую газету на трох мовах (ідыш, беларуская і літоўская).[2]
Пасля вайны выдана дакументальна-публіцыстычная кніга Смоляра «Фун мінскер гета» («З мінскага гета». — М., 1946; на рускай мове — «Мстители гетто». — М., 1947), якая многія дзесяцігоддзі была адзінай савецкай кнігай на рускай мове пра яўрэйскі антынацысцкі супраціў.[2]
У 1946 годзе Смоляр па заданні ўладаў СССР пасяліўся ў Варшаве, стаў членам Прэзідыума і начальнікам аддзела культуры так званага Цэнтральнага камітэта яўрэяў Польшчы; у 1948 — старшыня камітэта (з 1949 — Культурна-грамадская асацыяцыя яўрэяў Польшчы). Актыўна праводзіў палітыку камуністычнага кіраўніцтва Польшчы, па сутнасці антыяўрэйскую, сумесна з Л. Трэперам і Д. Сфардам.[2]
У 1948 годзе выдана мастацка-публіцыстычная кніга Смоляра «Ідн он геле латэс» («Яўрэі без жоўтых зорак», Лодзь; 2-е выд. — Варшава, 1952) — нарысы пра яўрэяў-партызан, а ў 1952 — п’еса «А пошэтэр зелнер» («Просты салдат») пра яўрэя-рэвалюцыянера Н. Ботвіна (1905—1925), расстралянага польскімі ўладамі. Смоляр выдаў таксама зборнік памфлетаў і фельетонаў «Фун енер зайт» («З таго боку». — Варшава, 1955; пад псеўданімам Л. Мир), рэдагаваў кнігі яўрэйскага выдавецтва «Ідыш бух» у Варшаве.[2]
Пасляваеннае жыццё ва Усходняй Еўропе, планамерны разгром яўрэйскай культуры ў СССР і забойствы яе асноўных дзеячаў, урэшце, антысеміцкая кампанія 1968 года ў Польшчы змянілі светапогляд камуністычнага публіцыста. У 1971 годзе ён рэпатрыіраваўся ў Ізраіль.[2]
Навелы, эсэ і артыкулы Гірша Смоляра публікаваліся ў часопісах «Голдэнэ кейт», «Іерушалаймер алманах», «Бай зіх» і іншых выданнях. Публіцыстычная кніга Смоляра, якая паказвала новыя яго погляды, «Ву бісту хавер Сідароў?» («Дзе ты, таварыш Сідараў?») выйшла спачатку ў перакладзе на іўрыт (1973), потым у арыгінале на ідыш (1975), а таксама на іспанскай мове (1976). Апублікаваны мемуары Смоляра «Фун іневейнік» («Знутры», 1978; пераклад на іўрыт — 1979), яны раскрывалі малавядомыя факты дзейнасці Яўсекцыі ў 1920-я гады. Апошнія кнігі Смоляра прысвечаны актуальнай публіцыстыцы ў нацыянальным і дэмакратычным духу: «Ойф дэр лецтэр пазіцые, міт дэр лецтэр гофенунг» («На апошняй пазіцыі, з апошняй надзеяй», Т.-А., 1982); «Саветышэ ідн гінтэр гето-цоймен» («Савецкія яўрэі за загародкамі гета», Т.-А., 1985).[2]
Творчасць Смоляра адзначана літаратурнай прэміяй імя Аміра Гілбаа (1985).[2]
Узнагароды
правіць- Партызанскі крыж;
- Ордэн «Крыж Грунвальда» III ступені;
- Ордэн «Сцяг Працы» II ступені;
- Крыж Храбрых;
- Афіцэрскі Ордэн Адраджэння Польшчы.
Бібліяграфія
правіць- פֿון מינסקער געטאָ (фун мінскер гета — З мінскага гета). — М.: Государственное издательство «Дер Эмес», 1946.
- Смоляр Г. Мстители гетто / Перевод с еврейского М. Шамбадала. — М.: ОГИЗ, изд-во «Дер Эмес», 1947. 128 с.
- ייִדן אָן געלע לאַטעס (йідн он геле латэс — Яўрэі без жоўтых латак). — Варшава, 1948.
- װוּ ביסטו חבֿר סידאָראָװ (ву бісту хавэр Сідароў? —— Дзе ты, таварыш Сідараў?). — Тэль-Авіў: Фарлаг І. Л. Перэц, 1975.
- Менскае гета: Барацьба савецкіх габраяў-партызанаў супраць нацыстаў / Пер. з англ. М. Гілевіча. — Мінск: Тэхналогія, 2002. -- 184 с.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- August Grabski: Działalność komunistów wśród Żydów w Polsce (1944—1949). Warszawa: Trio, 2004. ISBN 8388542877.
- Grzegorz Berendt: Życie żydowskie w Polsce w latach 1950—1956. Z dziejów Towarzystwa Społeczno-Kulturalnego Żydów w Polsce. Gdańsk: Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 2006. ISBN 8373263853.
Спасылкі
правіць- Смоляр Хирш // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il; паводле: КЕЭ. — Т. 8., 1996. — Слуп. 69-71.
- Гирш Смоляр . Заметки по еврейской истории. Праверана 23 чэрвеня 2012.
- Вольф Рубінчык.. Апошняя кніга змагара . ARCHE 6(29)-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ».. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2012. Праверана 2 сакавіка 2013.
- Михаил НОРДШТЕЙН, Яков БАСИН. ТАК ФАБРИКОВАЛИСЬ ФАЛЬШИВКИ. АВИВ / май 2003 г.
- Ступников А. Гирш Смоляр
- Я. Басин. «Валютчик» из Минского гетто