Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» — створаны 31 снежня 1986 г. ў г.Заслаўе паводле пастановы Савета Міністраў БССР на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка (заснаваны ў 1967 г.). Музеем-запаведнікам кіравалі Т. Г. Гаранская, A. M. Калбаска, Т. С. Скрыпчанка, А. М. Краснова, А. К. Рак, А. Л. Строганаў, А. П. Харак. З 2005 г. дырэктар М. М. Паграноўскі.

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»
Профіль комплексны
Заснаваны 1986
Падпарадкаванасць упраўленне культуры Мінаблвыканкама.
Месцазнаходжанне Мінская вобласць, г. Заслаўе, вул. Рынкавая, 1, 223036
Памеры фонду 11 976
Агульная плошча 1961,7
Выставачная плошча 535,19
Плошча запаснікаў 500
Дырэктар М. М. Паграноўскі
Адкрыты 9.00–17.00, акрамя панядзелка
zaslaue.by

Прадстаўляе складаную сістэму гістарычна, тэматычна і функцыянальна аб'яднаных паміж сабой аб'ектаў і ахоўных тэрыторый. Ахоўная зона плошчаю 113 га уключае Заслаўскі замак (гарадзішча «Вал») з былым кальвінскім зборам 2-й палавіны 16 — пачатку 17 ст. (у 19 — пачатку 20 ст. і з 1990 г. Спаса-Праабражэнская царква), гарадзішча «Замэчак» (летапісны Ізяслаў) 10—11 ст., курганныя могільнікі 10 — 11 ст., касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1774), рэшткі сядзібы Заслаў 17—19 ст. На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца музейна-выставачны комплекс, этнаграфічны комплекс «Млын», музей «ДАП» і дзіцячы Музей міфалогіі і лесу.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 11 976 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4561 адзінку. Плошча экспазіцыі 503 м², выставачнай залы — 131 м².

Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак з раскопак на тэрыторыі горада і яго наваколля (1967-86 гг.), ткацтва, керамікі і шкла, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод найбольш цікавых экспанатаў калекцыя маляваных дываноў, якая налічвае 130 адзінак, з іх 30 зроблены Я.Драздовічам. У калекцыі жывапісу і графікі захоўваецца збор мастацкіх твораў В. Маркаўца, В. Сташчанюка, Г. Вашчанкі і інш.

Музейна-выставачны комплекс адкрыты для наведвання ў 1992 г. У зале габеленаў прадстаўлены творы беларускіх мастакоў В. Дзёмкінай і Ю. Піскуна «Рагнеда», «Полацкія званы» (абодва 1991 г.), «Малітва» (1992 г.). Тэма гісторыі Полацкага княства і Заслаўя перадаецца праз вобразы Рагнеды і Ізяслава. Зала «Музыка вячорак» знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. Экспануюцца музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі і аб'яднаныя ў вясельныя гурты: гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны. У выставачнай зале праводзяцца часовыя абменныя выстаўкі з фондаў музеяў і прыватных творчых майстэрняў Беларусі.

музей «ДАП» правіць

З ваенна-інжынернымі збудаваннямі ўздоўж заходняй мяжы СССР у перадваенны перыяд (1932-34 гг.) знаёміць музей «ДАП» у ваколіцы Заслаўя (2004). Трохамбразурны агнявы пункт быў узброены 3 станковымі кулямётамі «максім» на спецыяльных станках з цэнтральнай сістэмай ахаладжэння і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова.

Спасылкі правіць

zaslaue.by — афіцыйны сайт Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе»