Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (лац.: Magnus Ducatus Lithuaniae) — сярэдневяковая дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны (да 1569), часткі Расіі, утвораная ў 1253 г. Сталіца — Вільня[1].
У 1253 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг быў каранаваны як каталіцкі кароль Літвы, але хутка адмовіўся ад каталіцтва і працягваў прытрымлівацца язычніцтва. Язычніцтва значнай колькасці насельніцтва дзяржавы (у тым ліку і вялікіх князёў літоўскіх) было падставай пастаянных крыжовых паходаў Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў. Шматэтнічная дзяржава працягвала пашырацца пры Гедзіміне[2] і пры яго сыне Альгердзе[3]. Пераемнік Альгерда Ягайла падпісаў Крэўскую унію ў 1385 г., у выніку чаго ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адбыліся дзве істотныя змены: каталіцызм стаў пануючай рэлігіяй і быў створаны дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім[4].
Праўленне Вітаўта Вялікага адзначаецца як час найбольшага пашырэння тэрыторыі Вялікага Княства і паразы Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а таксама адзначаецца ростам колькасці прывілеяў шляхты ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім значна пагоршыліся[5]. Магнаты ВКЛ, у тым ліку сям'я Радзівілаў, спрабавалі скасаваць унію з Польшчай[6], аднак няўдалыя войны Вялікага Княства супраць Маскоўскага княства дапамаглі уніі застацца некранутай.
У выніку Люблінскай уніі 1569 года была створана так званая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. У складзе гэтай канфедэрацыі Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю палітычную самабытнасць і мела асобныя ўрад, сістэму ўрадаў (пасад), сімволіку, законы, армію і скарб[7].
У ходзе трох раздзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) большая частка ВКЛ увайшла ў склад Расійскай імперыі, а меншая — у склад Прускага Каралеўства і Аўстрыі. Ад канчатковага знікнення дзяржаву не змагло і выратаваць патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, накіраванае супраць трох краін-захопнікаў — Расіі, Прусіі і Аўстрыі.
Да Люблінскай уніі (XIII ст. да 1569)
правіцьУтварэнне ВКЛ
правіцьАкалічнасці і генезіс дзяржаваўтварэння вялікага княства застаюцца прадметам навуковых і ідэалагічных спрэчак.
Ядром ВКЛ пры яго ўтварэнні ў сярэдзіне XIII ст. былі беларускія землі верхняга і сярэдняга Панямоння і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. ВКЛ узнікла ва ўмовах пастаяннай жорсткай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця.
Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Навагрудку адносіцца да 1240-х гг., калі па запрашэнні мясцовых баяр тут стаў княжыць Міндоўг (сяр. 1230-х — 1263). Амаль няспынная барацьба маладой дзяржавы з кааліцыяй Лівонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, жамойцкіх, літоўскіх і ятвяжскіх князёў прымусіла Міндоўга пайсці на прымірэнне з Лівоніяй. У 1251 князь быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, а ў 1253 каранаваўся ў Навагрудку каронай, прысланай ад імя Папы Інакенція IV. У 1254 Міндоўг заключыў мір з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам.
Дзяржава ўтваралася ва ўмовах барацьбы з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнам, Галіцка-Валынскага княствам, (гл.далей: Вайна Тэўтонскага ордэна ў Прусіі, Вайна Тэўтонскага ордэна і ВКЛ).
Працэс фарміравання Вялікага княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб'яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі старажытнарускія формы кіравання дзяржавай з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.
Вялікае Княства Літоўскае сфармавалася на аснове этнічнага сімбіёзу тубыльцаў (яцвягаў і літоўцаў) і прышлых славян (у асноўным дрыгавічоў і крывічоў). Непасрэдным імпульсам да пачатку дзяржаваўтварэння стала нарастанне знешняй пагрозы з боку нямецкіх анклаваў ва Усходняй Прыбалтыцы (Інфлянты і Прусы) і мангола-татарскай дзяржавы (Залатой Арды). ВКЛ будавалася ў мешаным біэтнічным балта-славянскім рэгіёне — Літве (Наваградчына, Гарадзеншчына, Віленшчына, заходняя Меншчына) праз саюз галоўных палітычных сілаў рэгіёна — славянскіх панямонскіх гарадоў і мацнейшых балцкіх кунігасаў. Першы зафіксаваны крыніцамі саюз — Наваградка з Міндаўгам каля 1248 г. (пазней працягнуўся як саюз Наваградак — Трайдэн). У дзяржаўным будаўніцтве за ўзоры браліся найперш даўно існуючыя ў рэгіёне гарады-дзяржавы — Гарадзенскае і Наваградскае княствы, у якасці афіцыйнай была прынятая славянская, дакладней старабеларуская мова.
ВКЛ, якое ўзнікла ў кантактнай зоне, не перапыніла і не змяніла характару працэсу балта-славянскіх кантактаў, а наадварот, узмацніла i прыспешыла яго праз прыняцце ўсходнеславянскай мадэлі дзяржаўнага будаўніцтва і старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Адсюль сам генезіс ВКЛ можна разглядаць як праяву ці эпізод працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння. Сведчаннем гарманічнай узаемасувязі названых працэсаў з’яўляецца паспяховае развіццё ВКЛ, якое перарасло тэрытарыяльна не толькі Панямонне, але і ўсю зону балта-славянскага кантакту.
На першым этапе гісторыі ВКЛ гаспадарства выжыла, i хоць тэрытарыяльна не павялічылася, але i не паменшылася. Знешнія ўмовы аказаліся спрыяльнымі для ўзнікнення моцнай дзяржаўнай арганізацыі. Некаторыя суседзі, як Галіцка-Валынскае княства, Інфлянцкі, пазней і Тэўтонскі ордэны стваралі рэальную пагрозу звонку, але паасобку не мелі дастаткова сілы, каб ліквідаваць маладую дзяржаву. Першую смяротна небяспечную кааліцыю галіцка-валынскіх князёў з інфлянцкімі рыцарамі паспяхова разваліў Міндаўг, а наступныя гаспадары да падобнага ўжо не дапускалі.
Пастаянная знешняя пагроза спрыяла фармаванню моцнай цэнтральнай улады ў асобе вялікага князя. Гэтая спецыфіка краіны пачала выяўляцца ўжо на пачатковым этапе яе гісторыі: менавіта вялікія князі, якія мабілізавалі насельніцтва на адпор знешняму ворагу, здабылі надзвычайныя ўладныя прэрагатывы. Другая спецыфічная рыса — талерантная рэлігійная і этнічная палітыка вялікіх князёў літоўскіх, адпаведная даўняй мясцовай традыцыі сужыцця розных рэлігій і этнасаў.
Прынятае з тактычных разлікаў хрышчэнне ў каталіцтва (1251 г.) першым вялікім князем Міндаўгам, потым яго каралеўская інаўгурацыя з санкцыі Папы рымскага (1253 г.) засведчылі ўзмацненне ў краіне ўплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі.
Гаспадарства перажыло цяжкі ўнутраны крызіс, распачаты забойствам Міндаўга (1263 г.). Дзяржаву ўратаваў сын Міндаўга Войшалк пры падтрымцы славянскіх гарадоў (найперш Пінска і Наваградка), коштам прызнання васальнай залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў і стварэння дуумвірату (1264—1267 г.) з адным з іх — сваім шваграм — холмскім і белзскім князем Шварнам Данілавічам (быў жанаты з сястрой Войшалка).
Дзяржава захавала адзінства і ўмацавалася ў часы гаспадарання Трайдэна (1270—1282 г.) і ў г. зв. «цёмны перыяд» (1283—1292 г.), пра які з-за недахопу крыніц вядома вельмі няшмат (не ведаем нават імя тагачаснага вялікага князя).
У «цёмным перыядзе» крыюцца пачаткі дынастыі Гедыміна, першым вядомым прадстаўніком якой быў Пукувер, толькі аднойчы памянуты ў крыніцах. Мацаванне асноў дзяржавы давяршыў сын Пукувера Віцень (кіраваў у 1295—1315 г.). Гаспадарства, перададзенае ім у спадчыну брату Гедыміну, аказалася дастаткова моцным, каб, скарыстаўшы спрыяльныя ўмовы, пад умелым кіраўніцтвам актывізавацца на знешняй арэне і распачаць ад 20-х гадоў 14 ст. бурлівы рост у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы[8].
Пасля смерці вялікага князя Гедзіміна (1341) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедзіміна Альгерд (час княжання 1345—1377). Яго намаганнямі ўладанні Вялікага княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Валынскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 да княства былі далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска і Каломны.
Апроч таго, у 14 ст. ВКЛ увайшло ў тэрытарыяльныя спрэчкі і ваенныя канфлікты з Польшчай, найперш за Валынь і Галічыну (гл.далей: Вайна за галіцка-валынскую спадчыну), і Вялікім княствам Маскоўскім за землі Масковіі і Русі (гл.далей: Маскоўскія паходы Альгерда).
На працягу 14 ст. ВКЛ распаўсюдзіла свае ўладанні на поўдзень і ўсход. Значна аслабіў дзяржаву ўнутраны канфлікт вакол улады (1370—1390-я), калі на карысць Тэўтонскага ордэна была часова страчана Жамойць.
У 1377 на княжацкі прастол узыходзіць сын Альгерда Ягайла. 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам, яго сынам Вітаўтам і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 у Крэўскім замку быў заключаны саюз (унія), паводле якога Ягайла быў абвешчаны польскім каралём і атрымаў новае імя Уладзіслаў I. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл.далей Крэўская унія). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гарадзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай уніі. 5 жніўня 1392 было заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, казна, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства.
Пасля смерці Вітаўта
правіцьЗгодна з умовамі Востраўскага і Гарадзельскага пагадненняў, пасля смерці Вітаўта велікакняжацкі тытул і землі павінны былі перайсці ў поўнае распараджэнне польскай Кароны. Яшчэ пры жыцці Вітаўта Ягайла лічыў сябе фактычным валадаром Літвы-ВКЛ (так, у замках і гарадах размяшчаліся польскія гарнізоны, або імі кіравалі намеснікі з Польшчы), а палітычная самастойнасць Вітаўта існавала на меру тых саступак яму, выключэнняў, якія рабіў Ягайла[9].
Але ў тагачасным ВКЛ існавала моцная незадаволенасць гэтымі палітычнымі актамі — феадалы жадалі вяртання сваёй палітычнай самастойнасці, а праваслаўнае насельніцтва як цэлае было незадаволенае актыўнай рэлігійнай дыскрымінацыяй, якая здзяйснялася пасля Крэўскай уніі (Ягайлаў прывілей і інш.).
Росту палітычнай напружанасці моцна паспрыялі як эпізод з няўдалай каранацыяй Вітаўта, так і вялікія ўладалюбства і актыўнасць Свідрыгайлы, які быў братам Ягайлы.
Ва ўмовах, калі Ягайла збіраўся сам стацца вялікім князем, а польскія вярхі дамагаліся выканання палітычных дамоўленасцей, згодна з якімі ВКЛ мусіла быць уключана ў склад Польшчы, у ВКЛ пад кіраўніцтвам Свідрыгайлы аформілася феадальная партыя, якая супрацівілася волі польскай Кароны, выказала жаданне разарваць унію з Польшчай, і абрала вялікім князем Свідрыгайлу. Невядома, ці гэты намер разрыву уніі быў сапраўдным, ці толькі палітычным ходам, каб дабіцца лепшых умоў. Фармальным повадам для непаслушэнства партыя выставіла тое, што Ягайла, стаўшы польскім каралём, дзей, «занядбаў Літву». У час пахавання Вітаўта ў Троках Свідрыгайла фактычна ўзяў у палон Ягайлу і яго двор (восень 1430), і ёсць звесткі, што абмяркоўвалася забойства караля.
Паны, лаяльныя Кароне, даведаўшыся пра палон караля і непаслушэнства Свідрыйгайлы, перанялі ўладу на Падоллі (восень 1430), займаючы замкі, дзе кіравалі ліцвінскія намеснікі. Але Ягайла і Свідрыгайла тады былі не гатовыя да паўнамаштабнага процістаяння, і 7 лістапада 1430 у Троках Ягайла загадаў панам на Падоллі тымчасова вярнуць пад кіраванне ВКЛ галоўныя замкі — Камянец, Смотрыч, Скала і Чырвоны Горад. Ягайла і Свідрыгайла павінны былі сустрэцца для абмеркавання спрэчак 15 жніўня 1431, а да таго часу не чыніць ніякіх узаемна варожых рухаў. Калі б не дайшло да згоды, замкі і наогул Падолле вярнуліся б да Кароны. Аднак, не чакаючы той сустрэчы, польскія паны патаемна змовіліся не аддаць Падолля ў ліцвінскія рукі, і заблакавалі выканне каралеўскага загаду, парушыўшы гэтым пагадненне Ягайлы і Свідрыгайлы.
Свідрыгайла, як даведаўся пра гэта, загадаў заняць Падолле сілай. Аблога Смотрыча была няўдалай, але войскі Свідрыгайлы ўвайшлі ў Чырвоную Русь, авалодалі прыгранічнымі польскімі замкамі (Збараж, Крамянец, Алеска), напалі на церамбовельскую і львоўскую землі. Сам Свідрыгайла, відаць, ізноў затрымаў Ягайлу ў Троках. У Польшчы ўзнялося абурэнне, і ўжо пад канец снежня на дапамогу палоненаму каралю сабраліся значныя сілы феадальнага апалчэння. На сітуацыю звярнуў увагу папскі двор, і Папа Марцін V загадаў Свідрыгайлу выпусціць Ягайлу, грозячы анафемай. Нарэшце, каля пачатку 1431, Свідрыгайла выпусціў караля і яго двор.
Пасля Люблінскай уніі
правіцьПадчас Люблінскай уніі Вялікае княства павінна было перастаць існаваць адразу пасля падпісання акта уніі ў Любліне. Аднак, баючыся незадавальнення насельніцтва і ўзрастання ўплыву Маскоўскай дзяржавы на гэтых землях, польскія вярхі былі вымушаны згадзіцца на захаванне княства як самастойнай дзяржавы У выніку, Польскае каралеўства прыняло Вялікае Княства Літоўскае як роўнага партнёра, але коштам за тое паслужыла страта паўднёвых (пераважна ўкраінскіх) зямель.[10]
Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста польскім каралём і вялікім князем літоўскім выбраны Генрых Валуа (брат французскага караля Карла IX), які прабыў каралём некалькі месяцаў і, даведаўшыся аб смерці брата ў ноч на 19.6.1574 уцёк у Францыю, дзе стаў каралём Генрыхам III. Новым каралём і вялікім князем быў абраны князь Трансільваніі (Сяміграддзя) Стэфан Баторый (1576—1586).
Рэч Паспалітая ўяўляла сабой раннюю форму аб'яднання на федэратыўнай аснове, дзе Вялікае Княства Літоўскае валодала пэўнай самастойнасцю[11]. Такі стан быў замацаваны Статутам 1588. Але вонкавыя і ўнутраныя войны, казацкія паўстанні, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667, Паўночная вайна, 1700-1721, аслабіблі моц Рэчы Паспалітай, і асабліва Вялікага княства Літоўскага і яно перастала граць самастойную ролю ў міжнароднай палітыцы. У выніку трох Падзелаў Рэчы Паспалітай княства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Каля 1320 г. Гедзімін пачаў будаваць замак, а ў 1323 г. перанёс сюды сталіцу з Наваградка. А.Цітоў Сімвалы незалежнасці // Геральдыка беларускіх местаў Мінск, 1998
- ↑ Rowell, Lithuania Ascending, стар.289.
- ↑ Z. Kiaupa. «Algirdas ir LDK rytų politika.» Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003). Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
- ↑ N. Davies. Europe: A History. Оксфард, 1996, стар.392.
- ↑ J. Kiaupienė. Gediminaičiai ir Jogailaičiai prie Vytauto palikimo. Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003) Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
- ↑ J. Kiaupienë, «Valdžios krizës pabaiga ir Kazimieras Jogailaitis.» Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003). Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
- ↑ D. Stone. The Polish-Lithuanian state: 1386—1795. University of Washington Press, 2001, стар.63.
- ↑ Краўцэвіч, А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248—1377 г. Кніга 1: Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.) / Навук. рэд. В. Голубеў. — Гародня-Уроцлаў, 2015. (Гарадзенская бібліятэка) ISBN 978-83-7893-121-8 — С. 86
- ↑ На думку А. Лявіцкага.
- ↑ Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.…
- ↑ Дэвис, Норман (1939—).История Европы : [перевод с английского] / Норман Дэвис. — Москва : АСТ : Транзиткнига, 2004. — 943 с., [16] л. ил. ; 23 см. Бібліяграфія: с. 849—870. — Паказальнікі памяны, геаграфічны: б. 879—943. — 5000 экз. ISBN 5-17-024749-4 (АСТ в переплете). — ISBN 5-9578-1011-8 (Транзиткнига).