Гісторыя Светлагорска


У VIII — X ст. землі ў сярэднім і ніжнім цячэнні р. Бярэзіна, дзе цяпер размешчаны г. Светлагорск, належалі плямёнам дрыгавічоў. У гэтых плямён склалася Тураўскае княства (вядомае з 980 г.). У XII ст. Тураўская зямля была падзелена на ўдзелы. Частка зямель ля р. Бярэзіна адыйшла да Менскага княства. З яго на Ніжняй Бярэзіне вылучылася ўдзельнае Свіслацкае княства (узгадваецца ў дакументах з XIV ст., але аформілася, відаць, у XII—XIII ст.). Прыкладна ў 1348 г. Свіслацкае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ)[1].
Паводле вынікаў археалагічных раскопак, яшчэ ў VI — VII ст. у межах сучаснага горада было пасяленне. З XIII ст. паселішча, з якога пачаўся горад, існавала непарыўна. Першапачаткова селішча размяшчалася на невялікім участку правага берага Бярэзіны, каля вусця сучаснага каналу. У дакуменце XVI ст. яно вядома пад назвай Шацілінскі Востраў[2].
У пісьмовай крыніцы населены пункт упершыню згадваецца 15 ліпеня 1560 г. як маёнтак Шацілінскі Востраў, у ВКЛ[3]. Слова Востраў у гэтым выпадку азначае не зямлю пасярод ракі, а месца, якое чымсці вылучалася сярод астатняй мясцовасці. Як сведчыць дакумент — прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста, які выдадзены ў Варшаве, маёнтак пасля папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананне вайсковай службы[4]. У 1566 г. паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводства ВКЛ.
З 1 ліпеня 1569 г. ў выніку аб'яднання ВКЛ і Польскага каралеўства — у Рэчы Паспалітай. 25 лютага 1576 года шляхціч Ждан Манкевіч згадваецца ў лісце караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя чачэрскаму старасце Крыштафу Зяновічу — аб тым, што шляхта Рэчыцкага павета павінна несці службу ў замку г. Чачэрска, і не прыцягвацца да іншых павіннасцяў.
Паводле даных археалагічных абследаванняў, у канцы XVI — XVII ст. пасяленне пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і размяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту (зараз вул. Савецкая ад набярэжнай да ЦЭЦ). У 1634 г. шляхціц Пётр Суляціцкі падараваў тут дзялянку зямлі каталіцкаму манаскаму ордэну езуітаў, якія збудавалі каля 1650 г. драўляны касцёл і ўтрымлівалі місіянерскі пункт[5]. (Раней заснаванне касцёла адносілі да 1638 г.[6], але гэта не паццвердзілася[7].) Касцёл да 1930-х гг. знаходзіўся насупраць старых могілак, якія і цяпер існуюць на Горвальскім тракце (зараз вул. Савецкая). У 1639 г. сяло Шацілавічы[8] пададзена у вопісу Парыцкага двара (зямельнае ўладанне) Бабруйскага староства Рэчыцкага павета, мае 17 сялянскіх двароў, шляхецкія двары ў вопіс не ўносіліся[9]. У вопісу 1684 г. ў Шацілавічах — шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[10].
У 1744 г. у спісе каталіцкіх парафій маюцца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі[11]. У 1766 г. у Шацілках згадваецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[12].
З 1793 г., пасля II-га падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай Імперыі. Уваходзілі ў Парыцкую воласць Бабруйскага павета Мінскай губерні (у 1795—1796 гг. называлася Мінскім наместніцтвам). У 1795 г. згадваюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[13]. У 1800 г. у Шацілках 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары, дарослае насельніцтва складала 88 мужчын і 102 жанчыны. Праваслаўны прыход адносіўся да Свята-Петра-Паўлаўскага храма ў в. Чыркавічы (1879 г.)[14]. У 1890 г. — 49 двароў, прыстань[15].
У пачатку XX ст. Шацілкі вядомы як ваколіца (680 жыхароў, 70 двароў) і маёнтак (33 жыхары, 1 двор). 2 лістапада[16] (па інш. даных 9 лістапада[17]) 1915 г. побач адкрыта чыгунка Жлобін — Калінкавічы (частка Падольскай чыгункі) і ўтворана станцыя Шацілкі[18]. У 1916 г. у Шацілках згадваецца аднакласнае народнае вучылішча[19]. Паводле перапісу 1917 г., у ваколіцы Шацілкі 685 жыхароў, у маёнтку — 6, на чыгуначнай станцыі — 66 жыхароў, 13 двароў[13].
З 1918 г. да нашага часу
правіцьЗ 25 сакавіка 1918 года Шацілкі — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Падчас савецка-польскай вайны занятыя польскімі войскамі з 6 сакавіка па 9 ліпеня 1920 года[20]. З 31 ліпеня 1920 — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 ў СССР, з 19 верасня 1991 — Рэспубліка Беларусь.
У 1921 г. Мінская губерня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 года воласці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З гэтага дня мястэчка Шацілкі — цэнтр сельскага Савета (да 1960 г.) ва ўтвораным Парыцкім раёне[21], які ўваходзіць у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 года), а затым: з 20 лютага 1938 года — у Палескую, з 20 красавіка 1944 — у Бабруйскую, з 8 студзеня 1954 — у Гомельскую вобласць. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёна.
У м. Шацілкі ў 1924 г. адчынена пачатковая школа (65 вучняў, цяпер школа № 2). У 1926 г. дзейнічалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1929—1932 гг. на базе кузні створана суднабудаўнічая арцель, якая затым пераўтворана ў верф (зараз — завод зборнага жалезабетону). 27 верасня 1938 г. мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваныя, і м. Шацілкі аднесена да вёсак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Шацілкі пакінуты савецкімі войскамі 7 жніўня 1941 г., акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі да 27 лістапада 1943 г., на суднаверфі і чыгуначнай станцыі дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы.
Шацілкі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 лістапада 1943 г. у выніку наступлення 65-й арміі Беларускага фронту. Нямецка-фашысцкае камандаванне вырашыла зрэзаць так званы «парыцкі выступ», створаны ў ходзе наступлення савецкіх войск, і выйсці на рубеж чыгункі і шашы Жлобін — Калінкавічы. 20 снежня 1943 г. вораг, сканцэнтраваўшы 3 пяхотныя і 2 танкавыя дывізіі, нанёс контрудар па правым флангу 65-й арміі. Фашысты кінулі ў бой каля 300 танкаў. Асноўны ўдар прыйшоўся па пазіцыях 95-га корпуса. Напружаныя баі ішлі ў раёне Шацілак. На дапамогу часцям 65-й арміі была накіравана 194-я дывізія 48-й арміі. Пасля 30-кіламетровага маршу байцы дывізіі пераправіліся цераз р. Бярэзіна і ў ноч на 24 снежня занялі абарону каля Шацілак. 25 снежня фашысты зноў пайшлі ў паступленне. Воіны 616-га стралковага палка адбівалі атакі ворага на чыгуначнай станцыі. Гітлераўцы ўварваліся на станцыю, але далейшае іх наступленне было спынена. У наступныя 33 дні вораг неаднаразова пераходзіў у атаку, і ўсё беспаспяхова. У баях за «парыцкі выступ» было знішчана больш за 7 тыс. варожых салдат і афіцэраў, спалена і падбіта 156 танкаў. Баі па тэрыторыі раёна працягваліся да пачатку Беларускай аперацыі ў сярэдзіне 1944 года[22].
У 1954—1958 гг. у Шацілках пабудавана Васілевіцкая ДРЭС[23] (цяпер Светлагорская цеплаэлектрацэнтраль). 30 снежня 1956 г. вёска Шацілкі пераўтворана ў гарадскі пасёлак [24], з 9 чэрвеня 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. 29 ліпеня 1961 года гар. п. Шацілкі пераўтвораны ў горад Светлагорск[25], а Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі[26]. З 7 сакавіка 1963 па 4 студзеня 2002 г. горад меў абласное падпарадкаванне. 14 лістапада 2018 Светлагорскі раённы савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб далучэнні вёскі Расава да горада Светлагорск, але вышэйшая інстанцыя так і не дала дабро на далучэнне Расавы да Светлагорска.
Год | Назва | З якога сельсавета | Спосаб уключэння |
---|---|---|---|
1939 | пасёлак Арэхаўка | Чыркавіцкі | Ссяленне |
1939 | хутар Зайванеў | Чыркавіцкі | Ссяленне |
1930-я гг. | пас. Краснае Знамя | няма звестак | Далучэнне |
няма звестак | пас. Прабуджэнне | Шацілкаўскі | Далучэнне |
1966 | чыгуначная станцыя Шацілкі | Чыркавіцкі | Далучэнне[27] |
1975 | в. Светач (да 1964 Какаль, гіст. Какель) | Чыркавіцкі | Далучэнне[28] |
Акцыі пратэсту ў 2020 годзе
правіцьУ 2020 годзе з пачаткам выбарчай кампаніі па ўсёй краіне пачалась серыя мітынгаў і мірных акцый пратэсту. У Светлагорску асноўнымі кропкамі была пляцоўкі ля ГЦ «Бярозкі», ля ГЦК і набярэжная, дзе ажыцяўляўся збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. 30 мая Валерый Цапкала разам са сваёй жонкай Веранікай наведалі Светлагорск, дзе Вераніка Цапкала зрабіла першую палітычную заяву, аб падтрымцы каманды Святланы Ціханоўскай[29].
На працягу амаль ўсёй выбарчай кампаніі, пікеты па збору подпісаў збіралі вялікія чэргі, асабліва за кандыдатаў: Святлана Ціханоўская, Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка.
9 жніўня пасля закрыцця выбарчых участкаў і абвяшчэння дзяржаўных экзіт-полаў абураныя гараджане пачалі збірацца на Цэнтральнай плошчы і набярэжнай. Агульная колькасць пратэстоўцаў налічвала больш за 200 чалавек, якія шэсцем прайшлі праз усе мікрараёны горада. Прыкладна а 02:00 на вуліцы 50 год Кастрычніка паміж пратэстоўцамі і міліцыяй адбыліся сутычкі, у выніку чаго было затрымана да 50 чалавек[30].
На працягу наступных 2 дзён былі спробы правесці мітынг, але амаль кожны раз пратэстоўцаў разганяла міліцыя[31]. Чарговае шэсце было 12 жніўня.
14 жніўня некалькі працаўнікаў «Хімвалакно», а гэтак жа медперсаналу Светлагорскай ЦРБ выйшлі на забастоўку. У той жа дзень пачаліся акцыі «Ланцугі салідарнасці» ля ГЦ «Бярозкі»[32][33].
Шэсце ў мікрараёне Палессе 9 жніўня. | Стачкі на «Хімвалакно» | Пратэстоўцы на пл. Пераможцаў |
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Насевіч, В.Л. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Другая палова ХІІІ — XIV ст. // Нацыянальны атлас Беларусі. — Мн., 2002. С. 264—265.
- ↑ Рассадин, С. Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. Вып. 1. — Минск, 2008. — С. 234—236. (руск.)
- ↑ Маслюкоў, Т. В. З гісторыі Шацілавічаў Архівавана 11 красавіка 2012. // Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. — С. 22—26.
- ↑ Маслюкоў, Т. В. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 47—49.
- ↑ Шацілавічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2. — Мінск: БелЭН імя П. Броўкі, 2005. — С. 754. ISBN 985-11-0378-0.
- ↑ Блінова, Т. Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. — Мн., 1993. — С. 255. ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ Маслюкоў, Т. В. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. — С. 38-49.
- ↑ бел.: шаць — добрае, прыгожае месца, у слоўніку рус. мовы Ул. Даля — «гара сярэдняй велічыні».
- ↑ Кернажыцкі, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з 17 да паловы 19 ст. — Мінск, 1931.
- ↑ Рассадзін, С. Я. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. — С. 23—37.
- ↑ Diecezja Wilenska, 1744 // Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego. (польск.)
- ↑ Доўнар, А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765 — 1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. — Гомель, 2005. — С. 220—225.
- ↑ а б Дулеба, Г. І.; Курыловіч, Г. М. Светлагорск // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн. 2. — Мінск, 2003. — С. 741—742.
- ↑ З апісання цэркваў Светлагоршчыны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 77—85.
- ↑ Jelski, A. Szaciłki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XI. — Warszawa, 1890. — S. 755. (польск.)
- ↑ Жлобін // Гарады і вёскі Беларусі. — Мінск, 2004.
- ↑ Киштымов, А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Камунікат. Архівавана 16 верасня 2011. (руск.)
- ↑ У Светлагорску адзначаць 100-годдзе чыгункі Жлобін – Калінкавічы Архівавана 4 сакавіка 2016. // Гомель гражданский. 2015.01.24
- ↑ Кароткая інфармацыя аб навучальных установах, якія існавалі на тэрыторыі Светлагорскага раёна // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 112—113.
- ↑ Краўцоў, І. Я.; Хоміч, А. М. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 121—133.
- ↑ Камінскі, М. І.; Пятросава, А. Ю. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Мінск, 1985. — С. 334.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.
- ↑ Назва па радовішчу торфу каля г. Васілевічы Рэчыцкага раёна.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
- ↑ Цяперашняя назва — ад «святло» і «горад».
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
- ↑ Дулеба, Г. І.; Курыловіч, Г. М. Аб населеных пунктах, якія ўжо не існуюць ці перайменаваны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн. 2. — Мінск, 2003. — С. 742—748.
- ↑ ПРАЧ, С. Мінулае сяла Чырковічы // Агні камунізму. 1982. 15 чэрвеня. С. 3.
- ↑ Сям’я Цапкала паставіла свае подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскі ў Светлагорску
- ↑ У вечар пасля выбараў у цэнтр Светлагорска выйшлі пратэстоўцы
- ↑ У Светлагорску другі дзень разганяюць якія сабраліся ў цэнтры гараджан
- ↑ Светлагорскія дзяўчыны падтрымалі акцыю салідарнасці супраць гвалту ў Беларусі
- ↑ Каля «Бярозак» прайшла акцыя салідарнасці, а ўвечары гараджане сабраліся ў цэнтры Светлагорска
- Грабянчук, І. В. З гісторыі рэлігійнага жыцця на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна (ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя) // Гомельшчына: старонкі мінулага. — Гомель, 1996. — С. 26—31.
- Грабянчук, І. В. Светлагорск // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 3. С. 105—110.
- Лук'янаў, П. Р. З гісторыі Светлагорска // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1997. № 3. С. 42—43.
- Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. ISBN 985-01-0254-3.
- Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 2. — Мінск, 2003. ISBN 985-01-0255-1.
- Раманцоў, В. А. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск, 2011. ISBN 978-985-6906-52-0.
- РАССАДЗІН, С. Я., МІХАЛЬЧАНКА А. М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 2005. ISBN 985-01-0530-5.
- Светлагорск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мінск, 2001. — С. 257. ISBN 985-11-0214-8.
- Сцепук, У.; Савасценка, Я. Светлагорск. — Мінск, 1966.
- Хоміч, А. М. Усталяванне і распаўсюджанне каталіцкай канфесіі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна (XVII — пачатак ХХ ст.ст.) // Гомельшчына: старонкі мінулага. — Гомель, 1996. — С. 31—35.
- Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы II гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей; укладальнікі: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011.
- Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы III гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі ў Светлагорску, 15 красавіка 2011 г. / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей; укладальнік: Т. В. Маслюкоў. — Светлагорск, 2011.
Спасылкі
правіць- Горбачёв, Н. Новая явь светлого города Архівавана 9 жніўня 2011. // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. (руск.)
- Гормаш, Ю. М. Шацілкі: далёкая мінуўшчына і першыя археалагічныя даследаванні Архівавана 17 красавіка 2012. // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.
- Шацілкі, 1950-я гады. (Фота.) | Šacilki. Photos of the 1950s // Facebook.
- Масьлюкоў, Т. Продкі сьветлагорцаў супернічалі са славутым Карлам I Сцюартам // Радыё Свабода. 2009. 4 жніўня.
- Махмудава, Л. С. Я. Рассадзін аб пісьмовых крыніцах сучаснага Светлагорска // Светлагорскія навіны. 2010. 28 красавіка.
- Асташкевіч, І. 50 заўтра ці 450 сёння? — або таямніцы жыцця маладога горада, які сталее на вачах // Звязда (1917). 2010. 21 мая.
Галерэя
правіць-
Герб Манкевічаў «Любіч».
-
Герб Суляціцкіх «Сас».
-
Камень з крыжам, 17 ст. Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей..
-
Археалагічныя раскопкі на Шацілінскім Востраве.
-
Гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя ў Светлагорску. 2011 г.