Гісторыя Францыі
Увесь жалезны век тэрыторыю сучаснай Францыі насялялі кельцкія плямёны галаў. Пад уладу Рыма Галія трапіла ў 51 годзе да н.э. У 476—843 з’яўлялася асновай дзяржавы франкаў, з заходняга кавалка якой — Заходне-Франкскага каралеўства — у 987 годзе паўстала каралеўства Францыя. Гісторыя Францыі як незалежнай і самастойнай дзяржавы пачынаецца менавіта з таго часу. Усё наступнае Сярэднявечча, асабліва пасля перамогі ў Стогадовай вайне, Францыя была магутнай рэгіянальнай сілай. Эпоха Адраджэння прынесла росквіт французскай культуры, а таксама падаравала дзяржаве багатыя калоніі па ўсім свеце. У час праўлення караля-сонца Людовіка ХIV Францыя была самай магутнай дзяржавай Еўропы. Рэвалюцыя канца ХVIII стагоддзя зрынула абсалютную манархію і ўпершыню ў свеце дэкларавала правы чалавека і грамадзяніна на дзяржаўным узроўні. У ХІХ стагоддзі Францыя была двойчы імперыяй (Напалеон І і Напалеон ІІІ), аднойчы каралеўствам і тройчы рэспублікай. У ХХ стагоддзі Францыя стала арэнай дзвюх сусветных войн, пад час другой зведала чатырохгадовую фашысцкую акупацыю. З 1958 Французская дзяржава вядома як Пятая Рэспубліка.
Старажытнасць
правіцьФранцыя ў дагістарычны перыяд была месцам старажытных стаянак неандэртальцаў і краманьёнцаў. У эпоху неаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культур. Дагістарычная Брэтань была культурна звязана з суседняй Брытаніяй, на яе тэрыторыі выяўлена вялікая колькасць мегалітаў. У перыяд позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі — іберы, плямёны невядомага паходжання. У выніку паэтапнага заваявання, якое было завершана ў I стагоддзі да н.э. у выніку Гальскай вайны Юлія Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імперыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да V стагоддзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай французскай мовы.
Сярэднявечча
правіцьДзяржава франкаў
правіцьУ 486 Галія была заваявана франкамі пад кіраўніцтвам Хлодвіга. Тым самым была створана Франкская дзяржава, а Хлодвіг стаў першым каралём дынастыі Меравінгаў. У VII стагоддзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму з якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 у бітве пры Пуацье разбіць арабскае войска і прадухіліць заваяванне арабамі Заходняй Еўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, франкская дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Еўропы.
Заходня-Франкскае каралеўства
правіцьСыны каралінгскага імператара Людовіка I Набожнага (814—840) падзялілі імперыю на заходнюю, сярэднюю і ўсходнюю часткі. Першым каралём Заходне-Франкскага каралеўства, фундамент якога быў закладзены ўжо ў ранейшых частках імперыі — Нейстрыі і Аўстразіі, стаў Карл II Лысы (843—877); гэты момант лічыцца пачаткам гісторыі сённяшняй Францыі, пры гэтым некаторыя французскія крыніцы і даследчыкі пачынаюць першыя старонкі сваёй гісторыі са значна ранейшых часоў — часу кіравання караля Хлодвіга I і нават караля Фарамонда.
Таксама як і ва Усходне-Франкскім каралеўстве, пачынаюць утварацца новыя вялікія тэрыторыі: герцагствы Франіцыя, Аквітанія, Гасконь, Брэтань і Нармандыя, графствы Шампань, Тулуза, Барселона і Фландрыя, а таксама маркграфства Готыя. Гістарычна ўсе тры франкскія імперыі былі выбарчымі манархіямі, але, у адпаведнасці з існаваўшай практыкай каранаваць сыноў манархаў яшчэ пры жыцці бацькоў і дзяліць з імі ўладу, дынастычнае паходжанне займала ва Усходнім і Заходнім Франкскіх каралеўствах дамінантнае месца.
У X стагоддзі краіна стала называцца Францыяй.
Пазней цэнтральная ўлада істотна аслабла. У IX стагоддзі Францыя рэгулярна падвяргалася набегам вікінгаў, у 886 апошнія асаджвалі Парыж. У 911 вікінгі заснавалі герцагства Нармандыя на поўначы Францыі. Да канца X стагоддзя краіна была практычна цалкам раздробленая, а каралі не мелі рэальнай улады за межамі сваіх феадальных уладанняў (Парыж і Арлеан). Дынастыю Каралінгаў у 987 змяніла дынастыя Капетынгаў, па імені першага яе караля Гуга Капета. Праўленне Капетынгаў адзначана крыжовымі паходамі, рэлігійнымі войнамі ў самой Францыі (спачатку ў 1170 г. рух вальдэнсаў, а ў 1209—1229 — Альбігойскія войны), скліканнем парламента — Генеральных штатаў — упершыню ў 1302, а таксама Авіньёнскім палонам пап, калі Папа Рымскі быў арыштаваны ў 1303 каралём Філіпам IV Прыгожым, і Папы вымушаныя былі заставацца ў Авіньёне да 1378. У 1328 Капетынгаў змяніла бакавая галіна дынастыі, вядомая як дынастыя Валуа.
У 1337 пачалася Стагадовая вайна з Англіяй, у якой спачатку поспех спадарожнічаў англічанам, яны здолелі захапіць істотную частку тэрыторыі Францыі, але ў рэшце рэшт, асабліва пасля прышэсця Жаны д’Арк, у вайне наступіў пералом, і ў 1453 англічане капітулявалі.
Эпоха абсалютызму
правіцьДа перыяду праўлення Людовіка XI (1461—1483) адносіцца фактычная ліквідацыя феадальнай раздробненасці Францыі і ператварэнне краіны ў абсалютную манархію. У далейшым Францыя пастаянна імкнулася граць прыкметную ролю ў Еўропе. Так, з 1494 па 1559 яна вяла Італьянскія войны з Іспаніяй за кантроль над Італіяй. У канцы XVI стагоддзя ў пераважна каталіцкай Францыі атрымаў распаўсюджанне пратэстантызм кальвінісцкага толку (пратэстанты ў Францыі называліся гугеноты). Гэта выклікала рэлігійныя войны паміж католікамі і пратэстантамі, пікам якіх у 1572 стала Варфаламееўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў. У 1589 дынастыя Валуа абарвалася, і Генрых IV стаў заснавальнікам новай дынастыі Бурбонаў.
Французская манархія дасягнула свайго росквіту ў XVII стагоддзі за часам панавання Людовіка XIV. Удзельнічаючы ў шматлікіх войнах, Францыя стала вядучай еўрапейскай сілай. Да таго ж у Францыі пражывала найбольшая ў Еўропе колькасць насельніцтва, і дзяржава мела вялікі ўплыў на еўрапейскую палітыку, эканоміку і культуру. Французская мова стала найбольш ужывальнай мовай у дыпламатыі, навуцы, літаратуры, міжнародных справах і заставалася такой да XX стагоддзя[1]. Францыя значна пашырыла сваю тэрыторыю, дзякуючы заморскім уладанням у Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Людовік XIV адмяніў Нанцкі эдыкт, змусіўшы тысячы гугенотаў адправіцца ў выгнанне.
Пры Людовіку XV Францыя страціла Новую Францыю і большасць сваіх індыйскіх уладанняў пасля паражэння ў Сямігадовай вайне, якая скончылася ў 1763 годзе, аднак яе кантынентальная тэрыторыя працягвала расці, дзякуючы далучэнню да краіны Латарынгіі (1766) і Корсікі (1770). Непапулярны кароль Людовік XV сваімі неабдуманым фінансавымі, палітычнымі і ваеннымі рашэннямі дыскрэдытаваў манархію, і, магчыма, менавіта яго праўленне вылілася ў французскую рэвалюцыю праз 15 гадоў пасля яго смерці[2].
Людовік XVI, унук Людовіка XV, актыўна падтрымліваў змаганне амерыканцаў да незалежнасць ад Вялікабрытаніі, што было рэалізавана Парыжскай дамовай 1783 года. Па іроніі лёсу, прыклад Амерыканскай рэвалюцыі, а таксама фінансавы крызіс, які пачаўся ў Францыі, сталі аднымі з прычын пачатку французскай рэвалюцыі.
Вялікая французская рэвалюцыя
правіцьПасля ўзяцця Бастыліі 14 ліпеня 1789 года абсалютная манархія была скасавана, і Францыя стала канстытуцыйнай манархіяй. Праз Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна Францыя аб’явіла пра знішчэнне арыстакратычных прывілеяў і абвясціла свабоду і роўныя правы для ўсіх мужчын, а таксама доступ да дзяржаўнай службы на аснове таленту і здольнасцей, а не нараджэння. 3 верасня 1791 года была абвешчана Канстытуцыя, паводле якой Францыя набывала статус канстытуцыйнай манархіі. Улада караля была абмежавана, і Людовік XVI паспрабаваў здзейсніць контррэвалюцыю пры падтрымцы еўрапейскіх манархаў. Аднак спроба не ўдалася, аўтарытэт караля быў падарваны, а ён сам быў пакараны смерцю, і Францыя стала рэспублікай 22 верасня 1792 года.
Першая Рэспубліка
правіцьПад ціскам з боку іншых еўрапейскіх манархій, унутраных партызанскіх войнаў (напрыклад, Вандэйскае паўстанне) і контррэвалюцыі ў маладой рэспубліцы пачаўся тэрор. Паміж 1793 і 1794 гадамі было пакарана смерцю ад 16 тысяч да 40 тысяч чалавек. У Заходняй Францыі грамадзянская вайна доўжылася з 1793 па 1796 гады, у гэты перыяд загінула ад 200 тысяч да 450 тысяч чалавек[3]. Аднак рэспубліка здолела выжыць і разграміць контррэвалюцыю. У выніку Тэрмідарыянскага перавароту быў пакладзены канец панаванню Рабесп’ера і тэрору. Адмена рабства і мужчынскае ўсеагульнае выбарчае права, прынятыя за часам радыкальнай фазы рэвалюцыі, былі адменены наступнымі ўрадамі.
Першая Імперыя
правіцьПасля нядоўгага часу кіравання ўрада Напалеон Банапарт захапіў кантроль над рэспублікай, у 1799 годзе стаўшы першым консулам, а затым у 1804 годзе імператарам Французскай імперыі. Наступны перыяд гісторыі мае назву Напалеонаўскія войны, калі Францыя ваявала супраць кааліцыі еўрапейскіх манархій. Пры гэтым напалеонаўскія войскі захапілі большую частку кантынентальнай Еўропы, а члены сям’і Банапартаў былі прызначаны манархамі ў некаторых новаствораных каралеўствах[4]. Гэтыя перамогі прывялі да сусветнай экспансіі французскіх рэвалюцыйных ідэалаў і рэформ, выражаных у Кодэксе Напалеона і Дэкларацыі правоў чалавека; прывялі да ўсталявання метрычнай сістэмы. Пасля катастрафічнай расійскай кампаніі Напалеон пацярпеў паражэнне, і манархія Бурбонаў была адноўлена. Каля мільёна французаў загінулі пад час напалеонаўскіх войнаў[4].
Рэстаўрацыя Бурбонаў
правіцьПерыяд Рэстаўрацыі Бурбонаў базаваўся на дуалістычнай манархіі Людовіка XVIII (1814/1815-1824) і Карла X (1824—1830)
Ліпеньская Манархія
правіцьРэвалюцыя зрынае Карла X, улада пераходзіць да прынца Луі-Філіпа Арлеанскага, да ўлады прыходзіць фінансавая арыстакратыя.
Другая Рэспубліка
правіцьПасля рэвалюцыі 1848 Шарль-Луі Напалеон Банапарт, пляменнік Напалеона І, быў дэмакратычна абраны на пасаду першага прэзідэнта новай рэспублікі. Ведаючы, што заканадаўства не дазвалае яму балатавацца на другі тэрмін, ён у 1851 бярэ ў свае рукі ўсю паўнату ўлады.
Другая Імперыя
правіцьУ 1852 годзе Напалеон ІІІ абвяшчае сябе імператарам. На працягу яго 18-гадовага кіравання Францыя здабыла перамогу ў Крымскай вайне, удзельнічала ў італьянскіх войнах, пабудавала Суэцкі канал. Напалеон ІІІ распачаў грандыёзную перабудову Парыжа пад кіраўніцтвам барона Асмана, мадэрнізаваў эканоміку Францыі, пашырыў заморскія ўладанні. Аднак імператар пераацаніў здольнасці сваёй арміі супрацьстаяць нованароджанай магутнай Прускай дзяржаве і ў 1870 быў вымушаны здацца ў палон пры Седане, пасля чаго немцы асадзілі Парыж і імперыя скончылася, на гэты раз канчаткова.
Трэцяя Рэспубліка
правіцьБыла абвешчаная пасля таго, як Напалеон III трапіў у палон пад Седанам у Франка-прускай вайне (1870-71). У сакавіку — маі 1871 года існавала Парыжская камуна. У 1879—1880 гадах была створана Працоўная партыя. У пачатку XX стагоддзя існавалі Сацыялістычная партыя Францыі (пад кіраўніцтвам Жуля Геда, Поля Лафарга і іншых) і Французская сацыялістычная партыя (пад кіраўніцтвам Жана Жарэса), якія аб’ядналіся ў 1905 годзе (французская секцыя працоўнага інтэрнацыяналізму, СФІО). У канцы XIX стагоддзя скончылася фарміраванне французскай каланіяльнай імперыі, якая ўключала ў сябе вялізныя ўладанні ў Афрыцы і Азіі. У 1914—1918 Францыя на баку Антанты ваявала з дзяржавамі Траістага саюзу. На тэрыторыі краіны разгортваліся ўсе асноўныя ваенныя падзеі Заходняга тэатра Першай сусветнай вайны.
Рэжым Вішы і фашысцкая акупацыя
правіцьУ 1939 годзе Францыя ўступіла ў Другую сусветную вайну. У траўні 1940 фашысцкая Германія распачала актыўныя баявыя дзеянні, і ўжо ў чэрвені Парыж быў заняты Вермахтам. Частка французскай арміі эвакуявалася ў Англію. Германія акупавала паўночную палову Францыі, у паўднёвай частцы краіны быў створаны калабарацыянісцкі рэжым з цэнтрам у курортным пасёлку Вішы, які ўзначаліў герой Вердэнскай бітвы, маршал Петэн. Французы не склалі зброю і разгарнулі рух Супраціву. У лістападзе 1942 Германія акупавала ўсю Францыю цалкам, і Вішысцкі ўрад стаў чыста намінальным. 6 чэрвеня 1944 саюзнікі высадзіліся ў Нармандыі. 25 жніўня ад акупантаў быў вызвалены Парыж. У той дзень генерал дэ Голь правёў натоўп па Елісейскіх палях у бок Нотр-Дам дэ Пары і сказаў палымяную прамову.
Чацвёртая Рэспубліка
правіцьПятая Рэспубліка
правіць13 мая 1958 г. у Алжыры адбыўся мяцеж ваенных на чале з генералам Жакам Масю, якія патрабавалі перадачы ўлады дэ Голю. 1 чэрвеня 1958 г. дэ Голь сфармаваў новы ўрад. У тым жа годзе на рэферэндуме была прынята канстытуцыя Пятай Рэспублікі, якая пашырала правы выканаўчай улады. Прэзідэнтам быў абраны Шарль дэ Голь.
Да 1960 у выніку распаду каланіяльнай сістэмы атрымала незалежнасць большая частка французскіх калоній у Афрыцы. Пасля здабыцця Алжырам незалежнасці пасля Эвіанскіх пагадненняў 1962 г. прафранцузскім алжырцам дазволілі перасяліцца ў Францыю, дзе яны склалі імкліва растучую мусульманскую меншасць.
Масавыя хваляванні моладзі і студэнтаў ў 1968 годзе, выкліканыя абвастрэннем эканамічных і сацыяльных супярэчнасцяў, а таксама ўсеагульная забастоўка прывялі да вострага дзяржаўнага крызісу. У 1969 Шарль дэ Голь быў вымушаны сысці ў адстаўку.
Другім прэзідэнтам Пятай рэспублікі быў у 1969 абраны Жорж Пампіду, які ў 1962—1968 займаў пасаду прэм’ер-міністра. У 1974 яго смяніў Валеры Жыскар д’Эстэн. З 1981 па 1995 прэзідэнтам Францыі быў Франсуа Мітэран, пры якім пачаўся доўгачасовы эканамічны ўздым.
З 1995 па 2007 — прэзідэнт Жак Шырак. 24 верасня 2000 па яго ініцыятыве ў Францыі быў праведзены рэферэндум аб скарачэнні тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта з сямі да пяці гадоў. 73 % ад колькасці галасаваўшых выказаліся за абмежаванне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта пяццю гадамі, і новы закон аб тэрмінах паўнамоцтваў прэзідэнта ўступіў у сілу.
У 2007 прэзідэнтам быў абраны Нікаля Сарказі (пры беспрэцэдэнтна высокай яўцы выбаршчыкаў 85 %). 6 мая 2012 ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў 24-м прэзідэнтам Францыі быў абраны Франсуа Аланд. 14 траўня 2017 новым прэзідэнтам стаў лідар руху «Наперад» Эманюэль Макрон.
Францыя — адзін з лідараў Еўрапейскага саюза, працэсу агульнаеўрапейскай інтэграцыі, але ў траўні 2005 на рэферэндуме па Еўрапейскай канстытуцыі 54,8 % французаў прагаласавала супраць яе прыняцця.
Крыніцы
правіць- ↑ Language and Diplomacy Архівавана 21 ліпеня 2011.. Nakedtranslations.com.
- ↑ BBC History : Louis XV (1710—1774). BBC.
- ↑ Dr Linton, Marisa. The Terror in the French Revolution Архівавана 17 студзеня 2012.. Kingston University.
- ↑ а б Blanning, Tim. Napoleon and German identity Архівавана 13 мая 2012.. History Today 48 (London).
Спасылкі
правіць- Ларыса Вансовiч: Палiтычнае развiццё Заходняй Еўропы ў Х-ХV cтст. Французская дзяржава (Х клас) Архівавана 2 верасня 2007.
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гісторыя Францыі