Гісторыя архітэктуры Мінска

Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла, 1610-я — 1620-я
Кафедральны сабор Панны Марыі, 1700-1710
Касцёл святых Сымона і Алены («Чырвоны касцёл»), 1905-1910
Тэатр оперы і балета, 1934-1938
«Вароты Мінска», Прывакзальная плошча, 1947-1953
Забудова пачатковага ўчастка праспекта Незалежнасці, 1940-я — 1950-я
Галоўны будынак Акадэміі Навук

Полацкае княства

правіць

Старажытны Мінск размяшчаўся ў нізіне на беразе Свіслачы, на ўзроўні прыкладна васьмі метраў вышэй сучаснага ўзроўня ракі. Бліжэйшыя ўзвышшы — Траецкая гара, раён плошчы Свабоды і раён Юбілейнай плошчы.[1] Найважнейшае архітэктурнае збудаванне ранняга Мінска — драўляны замак. Вакол яго размяшчаўся неўмацаваны пасад. Усе збудаванні старажытнага горада былі драўлянымі. Пераважаў зрубны тып забудовы, плошча жылых дамоў у асноўным складала ад 9 да 25 квадратных метраў. Большасць дамоў была аднакамерная і толькі нешматлікія з іх мелі сенцы. Першае вядомае каменнае збудаванне ў Мінску — падмурак незавершанага храма другой паловы XI стагоддзя — будаваўся нетыповым для Кіеўскай Русі метадам[2], хоць архітэктурны план храма падобны з культавымі будынкамі полацкай архітэктурнай школы. Шырыня пакрытых драўляным насцілам вуліц складала 3-4 метра. Усе вуліцы сыходзіліся ля варот замка. З-за балоцістай глебы ў горадзе таксама існавалі дрэнажныя канструкцыі.[3]

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

правіць

Ранейшая планіроўка вуліц захоўвалася вельмі доўга, аднак пасля пажару 1547 года сістэма вуліц і плошчаў была часткова перагледжана, а рынак быў перанесены з ранейшага месца перад замкам на цяперашнюю плошчу Свабоды[4], размешчаную ў некалькіх сотнях метраў на поўдзень. Тым не менш, у старой, нізіннай частцы горада размяшчэнне вуліц захавалася да XX стагоддзя. Багністы раён на поўнач ад замка заставаўся амаль незаселены да XVI стагоддзя, калі тут з'явілася і пачало хутка забудоўвацца Татарскае прадмесце (Татарскі канец). Галоўнай вуліцай паўночнай часткі горада заставалася вуліца Няміга (Нямігская), якая ўзнікла на гандлёвым шляху ў заходнім кірунку.[5] З-за таго, што паралельна вуліцы цякла напалову высахлая рака Няміга, вуліцу затаплівала кожную вясну і восень.[6]

У XVI—XVII стагоддзях стаў актыўна забудоўвацца і засяляцца раён Верхняга рынку, а ў пачатку XVII стагоддзя новыя межы горада былі абнесены земляным валам з бастыёнамі па лініі сучасных вуліц Раманаўская слабада, Гарадскі вал, праспект Незалежнасці, Янкі Купалы. Вал таксама праходзіў ля Татарскага канца і за Траецкай гарой на левым беразе Свіслачы.[7]

Доўгі час Мінск заставаўся пераважна драўляным. У XVII—XVIII стагоддзях была пабудавана двухпавярховая мураваная ратуша, а таксама некалькі каменных культавых збудаванняў у стылі барока (у тым ліку віленскага барока): каталіцкія езуіцкі касцёл Панны Марыі 1709 года, касцёлы кляштараў бэрнардынаў і бэрнардынак (апошні ператвораны ў Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа Беларускага экзархату РПЦ), касцёл святога Тамаша Аквінскага, праваслаўная царква Пятра і Паўла, уніяцкая царква Святога Духа).

Расійская імперыя

правіць

У 1800 годзе ў Мінску было 39 каменных і 970 драўляных жылых дамоў, а таксама 48 іншых збудаванняў, большасць з якіх былі каменнымі[8]: у 1795 годзе ў горадзе было 11 каменных храмаў і 6 драўляных.[9] Колькасць каталіцкіх храмаў скарачалася — у ХІХ стагоддзі вялася перабудова шэрагу каталіцкіх і уніяцкіх храмаў у стылі барока па праваслаўным канонам. 30 мая 1835 года ў Мінску адбыўся моцны пажар, пасля якога было забаронена будаваць драўляныя дамы ў цэнтры горада. Дзякуючы гэтаму колькасць каменных дамоў у горадзе ўзрасла з больш чым 40 у 1800 годзе да 1027 ў 1904 годзе і 3 тысяч у 1917 годзе. У цэнтры горада пераважала двух - і трохпавярховая забудова.[10] У 1857 годзе была знесена Мінская гарадская ратуша. Немалая частка зямлі ў цэнтры горада належала дваранам, цэрквам і манастырам — у пачатку XIX стагоддзя на гэтых землях стаяла 62 % усіх дамоў у горадзе. Прадмесці Слабада і Камароўка да 1812 года былі юрыдыкай (прыватным уладаннем) Радзівілаў. У 1841 годзе ў каталіцкага духавенства была канфіскаваная ўся нерухомасць.[11] Скарачалася колькасць манастыроў — калі на момант другога падзелу Рэчы Паспалітай у Мінску было 13 манастыроў, то ў сярэдзіне стагоддзя іх засталося ўсяго тры.

У 1836 годзе пачалося асваенне «Новага месца» (тэрыторыя сучаснага Аляксандраўскага сквера). У другой чвэрці XIX стагоддзя пачала забудоўвацца вуліца Захар'еўская (сучасны праспект Незалежнасці), якая неўзабаве стала галоўнай вуліцай горада, а таксама кварталы на поўдзень ад яе.[12] У 1871 годзе праз горад прайшла чыгунка, а ў 1873 годзе ў горадзе перасекліся дзве чыгуначныя магістралі, што прывяло да з'яўлення раёнаў пасялення чыгуначнікаў і будаўніцтва вакзала на тагачаснай паўднёва-заходняй ўскраіне горада. Раёны горада прыкметна адрозніваліся па нацыянальнай і маёмаснай прыкмеце — чорнарабочыя і дробныя рамеснікі жылі ў прадмесцях, а яўрэйская бяднота — у раёне вуліцы Няміга і на поўнач ад яе.

Вялікае значэнне ў XIX стагоддзі надавалася добраўпарадкаванню горада — у 1830-я гады вуліцы горада пачалі актыўна брукаваць ў асноўным на грошы ад «каменнага збору» — збору грошай з праязджаючых праз мінскія заставы. У 1872 годзе быў закладзены Аляксандраўскі сквер, у 1874 годзе там быў адкрыты першы гарадскі фантан, а ў горадзе пачаў працу вадаправод, які дзейнічаў ад воданапорнай вежы каля Аляксандраўскага сквера. У канцы стагоддзя пачаў працу гарадскі тэатр (цяперашні тэатр імя Янкі Купалы). У 1896-1898 на грошы, сабраныя ад ахвяраванняў, была ўзведзена царква святога Аляксандра Неўскага з выкарыстаннем элементаў рускага барока. У 1905-1910 гадах на грошы мясцовага купца быў узведзены касцёл святых Сымона і Алены («Чырвоны касцёл»). Добраўпарадкаванне, аднак, не кранула прадмесцяў, навакольных слабод і ўсяго старога горада. Да пачатку XX стагоддзя цэнтр горада ўяўляў сістэму прамавугольных кварталаў з разбежнай ад цэнтра радыяльнай сістэмай вуліц і гасцінцаў, у той час як прадмесці забудоўваліся хаатычна. У пачатку XX стагоддзя дзейнічаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў, якія размяшчаліся на паўднёва-ўсходзе (машынабудаўнічы завод, дрожджа-броварны завод), поўдні (бойні, крухмала-паточны завод, завод «Тэхнолаг»), паўднёва-захадзе (майстэрні па рамонце чыгуначных саставаў), захадзе (вытворчасць цэглы і шпалер) і паўночна-ўсходзе (піваварны завод «Багемія»). Вакол іх размяшчаліся рабочыя пасёлкі.

Сталіца БССР

правіць

Пасля падпісання Брэсцкага міру Мінск перайшоў пад кантроль Германіі. У 1919-1920 гадах горад быў пасля невялікіх баёў заняты польскімі войскамі і затым зноў амаль без бою ўзяты Чырвонай Арміяй. Практычна бяскроўныя пераходы ў чужыя рукі дазволілі пазбегнуць маштабнага пашкоджання гарадской забудовы. Тым не менш, за гады войнаў камунальная гаспадарка прыйшла ў заняпад, а многія дамы патрабавалі рамонту.

У 1923 годзе тэрыторыя Мінска была заканадаўча павялічана ўдвая. У 1930-я межы горада пашыраліся далей. У сярэдзіне 20-х пачалося будаўніцтва працоўнага пасёлка імя Камінтэрна і іншых у Ляхаўке, у раёне плошчы Парыжскай камуны, вуліцы Крапоткіна і вакзала.[13] За 1920-1932 гады насельніцтва горада павялічылася амаль утрая, з-за чаго з'явілася праблема вострага недахопу жылля. Аднак яе атрымоўвалася паспяхова вырашаць: у 1926 годзе сярэдняя забяспечанасць жыллём складала 4,4 квадратных метра на чалавека, а ў 1930 годзе — 5,7.[14] Тым не менш, рост горада адбываўся вельмі хутка, і сярэдняя забяспечанасць жылой плошчай да 1938 года ўпала да ўзроўню 1926 года (4,4 квадратных метра на чалавека). У гэты перыяд быў адкрыты шэраг новых завадскіх карпусоў і рэканструяваны многія старыя.[15] У 1934 годзе была пабудаваная новая электрастанцыя магутнасцю 6,4 МВт (сучасная ЦЭЦ-2).[16]

Значная ўвага надавалася добраўпарадкаванню горада. У маі 1930 года была пушчаная ў эксплуатацыю агульнагарадская сетка каналізацыі, у 1926-1932 гадах былі адкрыты тры новых лазні і механізаваная пральня.[17] У гэты перыяд былі таксама адкрыты кінатэатры «Цэнтральны» і «Перамога».[18] У 1934 годзе вуліцы пачалі асфальтаваць; першымі былі заасфальтаваныя Прывакзальная плошча, вуліцы Кірава, Леніна, Свярдлова, Савецкая і пачатковы адрэзак цяперашняга праспекта Незалежнасці. Вялікая ўвага надавалася будаўніцтву новых школ — у 1935-1937 гадах, напрыклад, было пабудавана 16 новых школ, і ўсе мелі актавыя і спартыўныя залы.[19] Вяліся работы па электрыфікацыі рабочых ускраін, па асушцы Камароўскага і Сляпянскага балот.

У 1920-1930-х гадах у цэнтральнай частцы горада вялося актыўнае будаўніцтва. Самыя вядомыя збудаванні гэтага перыяду — Дом урада БССР, Вялікі тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў, галоўны будынак Акадэміі навук (усе — па праекце Іосіфа Лангбарда), Палац піянераў і будынак ЦК КПБ (абодва — па праекце Анатолія Воінава і Уладзіміра Вараксіна) і Дзяржаўная бібліятэка (архітэктар — Георгій Лаўроў). Частка новых будынкаў была выкананая ў стылі канструктывізму (перш за ўсё, Дом ўрада, Дзяржаўная бібліятэка, клуб харчавікоў), але з 1930-х гадоў ад яго адмовіліся. Былі пабудаваны буйны універсітэцкі (архітэктар І.К. Запарожац) і клінічны гарадок. Да пачатку Другой сусветнай вайны былі таксама пабудаваны Дом друку, Дом партыйных курсаў, будынак Політэхнічнага інстытута, корпус Інстытута фізічнай культуры, гасцініца «Беларусь»[19], будынак школы № 4 (па індывідуальным праекце), цэнтральны дом фізкультуры (1933) і стадыён «Дынама» (1934), які умяшчаў тады 10 000 гледачоў. Таксама быў адкрыты аэрапорт з будынкам аэравакзала. У 1938-40 гг. быў рэканструяваны чыгуначны вакзал.[20] У 1929 годзе была падарваная невялікая капліца Аляксандра Неўскага ў раёне Аляксандраўскага сквера. На 22 чэрвеня 1941 года было прызначана адкрыццё Камсамольскага возера.

Тым не менш, большасць будынкаў горада за межамі цэнтра заставаліся драўлянымі, а будаўніцтва новых будынкаў мела кропкавы характар. Доўгі час не існавала адзінай канцэпцыі развіцця горада, хоць у 1926 годзе быў прыняты план развіцця горада, распрацаваны В.М. Сямёнавым[21]. План прадугледжваў пераўтварэнне прамавугольнай структуры горада ў радыяльна-кальцавую, дзе цэнтр быў бы шчыльна забудаваны, а ўскраіны захавалі б пераважна аднапавярховую забудову. Галоўнымі магістралямі горада павінны былі стаць цяперашнія праспект Незалежнасці і вуліцы ДаўгабродскаяКазлова — праспект Машэрава[22]. У 1934 годзе былі прадстаўлены накіды генеральнага плана развіцця Мінска і толькі ў 1938 годзе быў канчаткова зацверджаны генеральны план развіцця горада, распрацаваны ў Ленінградзе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Вітмана, у аснове якога ляжалі ідэі стварэння радыяльна-кальцавой планіроўкі вуліц і серыі зялёных рэкрэацыйных зон па берагах ракі Свіслач[23], а таксама перабудовы хаатычна забудаваных раёнаў Старога горада. Канчатковы варыянт плана быў завершаны ў 1940 годзе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Мінск быў у асноўным разбураны. Найбольш манументальныя пабудовы (Чырвоны касцёл і саборы ў стылі барока, Дом урада, Дом афіцэраў, Тэатр оперы і балета), аднак, ацалелі. Неўзабаве пасля сыходу нямецкіх войскаў у горад прыбыла камісія Камітэта па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў СССР, якая распрацавала эскіз плана рэканструкцыі і развіцця Мінска. У працы над стварэннем плана ўдзельнічаў і Лангбард[24]. У 1946 годзе быў прыняты новы генеральны план, распрацаваны архітэктарамі пад кіраўніцтвам Трахтэнберга і Андросава на падставе гэтага эскіза[23]; пасля гэты план удакладняўся пяць разоў[23]. У аснову гэтага плана былі закладзеныя ідэі, агучаныя яшчэ ў плане 1938 года: фарміраванне радыяльна-кальцавой структуры вулічнай сеткі, развіццё зялёнай зоны па берагах Свіслачы, фарміраванне цэнтра горада ў раёне плошчы Леніна і Ленінскага праспекта (сучасныя плошча і праспект Незалежнасці).

У 1950 годзе быў узарваны часткова разбураны падчас вайны касцёл св. Тамаша Аквінскага з прылеглым да яго кляштарам дамініканцаў, хоць раней ён быў абвешчаны помнікам архітэктуры. У 1947-53 гадах былі пабудаваныя «Вароты Мінска».

У 1965 годзе Саветам Міністраў БССР быў зацверджаны новы план развіцця і рэканструкцыі горада, распрацаваны ў 1963 годзе пад кіраўніцтвам Людмілы Гафо, Яўгенам Заслаўскім і іншымі архітэктарамі[23]. У 1971 годзе план быў скарэкціраваны з улікам паскоранага росту колькасці насельніцтва, а ў 1982 годзе быў распрацаваны генеральны план развіцця Мінска да 2000 года.

Незалежная Беларусь

правіць

У 1991 годзе Беларусь атрымала незалежнасць, што прынесла новыя тэндэнцыі ў архітэктурную забудову сталіцы. У 1990-я гады дабудоўваліся распачатыя ў савецкі час аб'екты: ў 1999 завершаны Маскоўскі аўтавакзал (арх. Навумаў), у 2000 дабудаваны па новым праекце (арх. Крамарэнка) вакзал Мінск-Пасажырскі, у 2001 — Палац Рэспублікі (арх. Пірагоў).

У XXI стагоддзі ў архітэктуры буйных і знакавых для краіны аб'ектаў актыўна прымяняліся напрацоўкі стылю хай-тэк. Гэта можна прасачыць праз будынкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (арх. Вінаградаў і Крамарэнка, 2006), кінатэатра Беларусь (арх. Куцко, 2008), ФМА БДУ (2012), Палаца Незалежнасці (арх. Архангельскі, 2013), небаскробаў Royal Plaza (2014), Ветразь (2015) і г.д.

Працягваецца будаўніцтва жылля, пераважна будуюцца шматпавярховыя панэльныя дамы. Будаўніцтва адбываецца на незабудаваных раней тэрыторыях і на месцы ўключаных у гарадскую рысу населенных пунктаў.

З будынкаў грамадскага прызначэння будуецца найбольшая колькасць спартыўных аб'ектаў (Мінскі лядовы палац, лядовыя Мінска-арэна і Чыжоўка-арэна, веладром, футбольны манеж, праходзіць рэканструкцыя стадыёна Дынама, ідзе ўзвядзенне іншых аб'ектаў), гатэляў (Кемпінскі, Хілтан, Рэнесанс, Бон-Гатэль, Славянская, Вікторыя, Мэрыят, Еўропа), гандлёвых і бізнэс-цэнтраў.

Праводзіцца актыўнае аднаўленне знішчаных у ранейшы час будынкаў. Так, былі адбудаваны будынкі Мінскай ратушы (адкрыта ў 2004), царквы Святога Духа (адноўлена ў 2011), Мінскай мячэці (2016), гатэля Еўропа (2007), адноўлены вежы і знешні выгляд кафедральнага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Аднак існуе шэраг праблем, актуальных не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі. Так, па словах заведуючага кафедрай «Горадабудаўніцтва» БНТУ, доктара архітэктуры, прафесара Георгія Патаева, Мінск мае праблему аднастайнасці забудовы раёнаў масавага жыллёвага будаўніцтва:

КПД остается доминирующим видом многоэтажной застройки. Однотипные многократно повторяющиеся здания продолжают нивелировать облик наших городов. Образуются унылые однообразные пространства. Да, здания, выпускаемые нашим заводами, видоизменяются, улучшаются внутренне и внешне, но сам принцип КПД (массовое повторение одних и тех же архитектурно-градостроительных форм) вынужденно порождает однообразие.[25]

Таксама адзначаецца праблематыка з'яўлення небаскробаў у гістарычных цэнтрах горада, якія парушаюць іх сфарміраваны выгляд. Прыкладамі такога умяшальніцтва можна назваць «Дом ля Траецкага», што навісае магутным мурам над кампактным Траецкім прадмесцем, небаскроб Royal Plaza на праспекце Пераможцаў, гатэль Кемпінскі на праспекце Незалежнасці.

Праблема захавання гістарычнай планіроўкі і забудовы Мінска стаіць ужо не так востра, як раней, па прычыне амаль канчатковага знішчэння колішніх пабудоў метадам зноса і метадам рэканструкцыі, пры якой гістарычны будынак цалкам разбіраўся, а на яго месцы стварался дакладная копія альбо псеўдагістарычны будынак.[26]

Па прычыне ўзвядзення комплексу псеўдагістарычных будынкаў, была страчаная магчымасць рэгенерацыі гістарычнай забудовы на правым узбярэжжы Свіслачы (вуліца Зыбіцкая).[27] З-за адсутнасці фінансавання адмоўлена ў рэгенерацыі гістарычнай забудовы на тэрыторыі Нізкага рынку.[28]

15 верасня 2016 года прэзідэнтам быў падпісаны ўказ, які зацвярджае новы генплан развіцця горада да 2030 года.[29] Запланаваны рост насельніцтва горада да 2 млн. чалавек, і жыллёвага фонду да 52 265 тыс.м². Плануецца будаўніцтва новых паркаў плошчай да 2 тыс.м².

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 13
  2. Первый Минский храм Архівавана 1 мая 2012.minsk-old-new.com
  3. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 14
  4. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 68
  5. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 69
  6. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 94
  7. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 70
  8. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 71-72
  9. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 73
  10. Улицы города и его архитектура Архівавана 23 студзеня 2013.minsk-old-new.com
  11. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 92
  12. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 93
  13. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 301
  14. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 338
  15. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 363
  16. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 346-47
  17. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 340
  18. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 343
  19. а б Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 362
  20. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 412
  21. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 302
  22. Гісторыя Мінска. — Мн.: Наука и техника, 1967. — С. 339
  23. а б в г Минск // Вялікая савецкая энцыклапедыя : у 30 т. / гал. рэд. А.М. Прохараў. — 3-е выд. — М. : Савецкая энцыклапедыя, 1969—1978.
  24. Творчество архитектора И.Лангбарда, Архівы Беларусі
  25. Современная национальная архитектура Беларуси
  26. Историческая фальсификация в центре Минска. Хартыя 97 (6 чэрвеня 2012)
  27. Астаповіч заклікае да байкоту забудоўшчыкаў — знішчальнікаў сталічнай спадчыны
  28. Нізкі рынак у Мінску. Праектная прапанова па аднаўленню.
  29. Прэзідэнт зацвердзіў новы генплан развіцця Мінска да 2030 года