Гісторыя беларускай мовы
Гісторыя беларускай мовы — працэс непарыўнага развіцця беларускай мовы са старажытнай праіндаеўрапейскай протамовы.
Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай, гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў. Мова беларускага народа склалася ў XIV—XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[1].
У познім XVII — пач. XIX ст. у Рэчы Паспалітай жывая старабеларуская гаворка захоўвалася толькі на беларускіх землях і ў простага народа, да пары — у драбнейшай шляхты. Сацыяльная верхавіна грамадства, выхаваная ў польскай культуры, лічыла беларускую мову наогул непрыдатнай для выкарыстання ў літаратуры[2]. Менавіта ў гэты перыяд беларусы зведалі асабліва моцны ўціск паланізацыі. Пасля паўстанняў 1830 і асабліва 1863 гадоў паланізацыя, якую праводзілі тагачасныя мясцовая буйная шляхта і каталіцкае духавенства, змянілася русіфікацыяй, якую праводзіў царскі ўрад.
Узоры жывой старабеларускай гаворкі траплялі ў літаратуру пераважна ў творах «школьнай драмы», з якіх толькі адзін[3] быў пры сваім з’яўленні надрукаваны (сатыра «Вітанне на першы выезд з Каралеўца…», 1642), рэшта засталася ў рукапісах. Гэтыя творы, а дакладней, іх фрагменты, і з’яўляюцца практычна адзінымі ўзорамі жывой беларускай мовы таго часу. Мова іх падобная на народную канца XIX — пач. XX ст., нямала паланізмаў. Запісаныя яны пераважна лацініцай, малая іх частка, што са Смаленскай зямлі — кірыліцай[2]. Апроч таго, некаторыя фанетычныя асаблівасці старабеларускай мовы захаваліся ў помніках пісьменства беларускіх татар канца XVI — пачатку XVII ст.[2], напрыклад, у кітабах.
Сучасны этап развіцця беларускай мовы ўмоўна адлічваецца ад пачатку XIX стагоддзя, калі былі зробленыя спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.
Старажытнаславянскі перыяд
правіцьЛічыцца, што пісьменнасць прыйшла на беларускія землі разам з хрысціянствам у канцы X стагоддзя. Да помнікаў царкоўнаславянскай мовы эпохі Кіеўскай Русі адносяцца перапісаныя са стараславянcкіх арыгіналаў евангеллі і псалтыры, а таксама арыгінальныя творы тыпу «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і боскай ласцы» мітрапаліта Іларыёна" і інш. Старажытнаруская літаратурная мова на народнай аснове адлюстравана ў такіх творах, як «Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова пра паход Ігаравы», «Руская праўда» і інш.
Адзначаныя віды пісьменства існавалі і на заходнярускіх землях, дзе неўзабаве ўзнікла беларуская народнасць. Тут таксама перапісвалІся на царкоўнаславянскай мове евангеллі і псалтыры. 3 арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні выдатнага прамоўцы і публіцыста ХІІ ст. Кірылы Тураўскага. Да таго ж часу адносіцца і дзейнасць пісьменніка Аўрамія Смаленскага, які складаў асобныя зборнікі паводле твораў старажытных царкоўных прапаведнікаў. 3 агіяграфічнай літаратуры таго часу цяпер вядомы «Жыціе Ефрасінні Полацкай», створанае, відаць, у Полацку неўзабаве пасля яе смерці, і «Жыціе Аўраамія Смаленскага», напісанае яго вучнем Яфрэмам у Смаленску на пачатку XIII ст. На заходнярускіх землях побач з царкоўнаславянскай працягвала ўжывацца і старажытнаруская літаратурная мова. У XII—XIII ст. існавала мясцовае полацкае летапісанне.
Старабеларускі перыяд
правіцьУмоўна пачатак зараджэння асобнай беларускай мовы адносяць да канца XIII — пачатку XIV стагоддзя. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя з’явы, адметная лексіка і фанетыка, якія пазней сталі характэрнымі для беларускай мовы.
Ужо ў XIII стагоддзі ў пісьмовых помніках на беларускіх землях пачынаюць спарадычна трапляцца асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы[4]. На працягу XIV—XVI ст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасці якой захоўваюдца ў ёй да нашага часу.
Аднак старажытныя кніжнікі ў пісьменстве строга прытрымліваліся традыцыйных старажытнарускіх граматычных і лексічных норм, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках на першых парах адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Адным з найстаражытнейшых пісьмовых помнікаў, які адлюстроўвае ўласна беларускія моўныя рысы, з’яўляецца Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам (1229 год). У грамаце, сярод іншага, адлюстравана чаргаванне гукаў [в] і [ў] у прыназоўніку «въ»: «оу низъ» замест «въ низъ», «оу Ризѣ» замест «въ Ризѣ»[5].
У XIV стагоддзі, пры Альгердзе, старабеларуская мова стала афіцыйнай мовай справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім[6]. Прыкладна з сярэдзіны XV ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо ўсе падставы гаварыць пра старабеларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але цалкам не перарвала сувязей з ёй. У беларускім пісьменстве старажытнага перыяду старабеларуская пісьмовая мова мела назву «руский языкъ».
Старабеларуская мова ВКЛ адлюстроўвала многія моўныя з’явы, характэрныя для гутарковай беларускай мовы, хоць да канца XV ст. яшчэ не адходзіла далёка ад традыцыйных канонаў, якія былі складзены дагэтуль, і была прадстаўлена пераважна юрыдычнымі дакументамі[7]. Блізкае месца да ёй займалі мясцовыя творы на царкоўнаславянскай мове[8]. Так, беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова друкаваных перакладаў Бібліі Францыска Скарыны, зробленых ім у 1517—19 гадах, — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэшскай і польскай моў[9]. У той жа час, гэтая мова, безумоўна, была зразумела славянскамоўнаму насельніцтву ВКЛ, а друкаваныя кнігі Францыска Скарыны былі адрасаваны менавіта да яго. Яшчэ больш рыс гутарковай мовы беларусаў, на слоўнікавы запас якой плённа паўплывалі таксама латынь, нямецкая, польская і іншыя мовы, старабеларуская мова набыла з сярэдзіны XVI ст. (асабліва ў лексіцы, фразеалогіі і марфалогіі, часткова — у фанетыцы і сінтаксісе) у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і шырокага размаху друкарскай справы (Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і інш.)[10]. Пісьмовая «руская мова» ВКЛ у XIV—XVII стст. вылучалася шыратой грамадскіх функцый (мела статус дзяржаўнай мовы, на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ), развітасцю стыляў (дамінаваў афіцыйна-дзелавы стыль[11], які найболей атрымаў рыс гутарковай беларускай мовы, у адрозненне ад царкоўнага стылю, і якім найболей карысталася свецкая шляхта[12]), значнай колькасцю друкаваных выданняў, а літаратура на ёй — развітасцю відаў і жанраў (у тым ліку, напісанне дзяржаўных летапісаў і хронік)[13][14].
Да нашага часу дайшло каля 600 кніг Літоўскай метрыкі — дзелавога архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дакументы якога напісаны на старыжытнабеларускай літаратурнай мове. Зводы законаў Вялікага Княства Літоўскага (Судзебнік Казіміра Ягелончыка (1468), Статут ВКЛ у рэдакцыях 1529, 1566 і 1588) таксама напісаныя на старабеларускай мове і ўтрымліваюць вялікую колькасць адметнай беларускай лексікі.
У першай палове XVII ст. выходзіць вялікі слоўнік старабеларускай мовы Памвы Бірынды, а пазней Іван Ужэвіч стварае першую граматыку старабеларускай мовы.
З сярэдзіны XVII ст. у афіцыйным справаводстве, культурным і публічным жыцці гарадоў і вышэйшага саслоўя ВКЛ пачала дамінаваць літаратурная польская мова. У 1696 годзе быў аб’яўлен закон, паводле якога дзяржаўнаю моваю на беларускіх землях стала польская мова[6]. Старабеларуская мова паслядоўна выцясняецца з ўжытку ў справаводстве і культуры на карысць польскай мовы. У выніку, літаратурна-пісьмовая мова занепадае, развіваюцца толькі жывыя народныя гаворкі.
Сучасны перыяд
правіцьXIX стагоддзе
правіцьУ пачатку ХІХ ст. пачалося станаўленне сучаснай беларускай мовы на аснове беларускіх народных дыялектаў і ва ўмовах адсутнасці сталай практыкі пісьма. Агульная арыентацыя на народнае жывое вымаўленне і ігнараванне здабытку старабеларускай літаратурнай традыцыі (этымалагічна-традыцыйнай) абумовілі развіццё мовы без аніякага кодэксу правілаў граматыкі і правапісу, і запатрабавалі выпрацоўвання зусім новых граматыка-арфаэпічных і арфаграфічных нормаў. Не спрыяла хуткаму арфаграфічнаму ўнармаванню і выкарыстанне пісьменнікамі, фалькларыстамі і інш. двух алфавітаў, лацінскага і кірылаўскага.
Ступень распаўсюджання беларускай мовы ў канцы XVIII ст. — 1-й пал. XIX ст. характарызавалася завяршэннем паланізацыі шляхты былога ВКЛ, сярод якой пад пачатак XIX ст. яшчэ бытавала беларуская мова, і канчатковым заняпадам беларускай мовы ў гарадах.
На распаўсюджанне і выкарыстанне беларускай мовы паўплываў і працяглы палітычны канфлікт паміж расійскімі ўладамі і польскім і паланізаваным дваранствам, у якім абодва бакі спрабавалі атрымаць сімпатыі беларускага сялянства, звяртаючыся да таго з агітацыйнай літаратурай, выдаванай па-беларуску.
Гл. таксама: паланізацыя, русіфікацыя, заходнерусізм
Спробы распрацоўкі граматыкі для беларускай мовы рабіліся яшчэ ў канцы ХVIII ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Мяркуецца, што першая такая граматыка — «Граматыка літоўская», рукапіс якой пакуль не знойдзены, была распрацавана Станіславам Богушам-Сестранцэвічам, магілёўскім архіепіскапам[15]. Наступная спроба складання граматыкі беларускай мовы (на аснове кірыліцы) была зроблена Паўлам Шпілеўскім (1846), але рукапіс не быў дапушчаны да друку Расійскай Акадэміяй навук.
У 1835 у Вільні была выдана чытанка для дзяцей «Кароткі збор хрысціянскай навукі. Для сялян рымска-каталіцкай веры, якія гавораць польска-рускай мовай» (выдана польскай лацінкай па-беларуску, тытульная назва па-польску), у 1862 у Варшаве — «Лемантар для добрых дзетак-каталікоў».
У 1839 імператар Мікалай I забараніў ужываць «народную гаворку» ў каталіцкіх храмах; як вынік, тую цалкам замяніла польская[16].
У верасні 1859 расійскія ўлады забаранілі друк па-беларуску лацінскім алфавітам («польскім шрыфтам»)[17].
У рамках агульнага павароту расійскай палітыкі (Гл. таксама: русіфікацыя) друк па-беларуску быў забаронены цалкам (1867). З 1869 было дазволена друкаваць кірыліцай беларускія этнаграфічныя зборнікі.
Адным з першых даследчыкаў беларускай мовы быў Іван Аляксеевіч Нядзёшаў.
Згодна з этнаграфічнымі даследваннямі на Меншчыне ў 1886 годзе мяшчане называлі беларускую мову літоўскай.[18]
У 1897, пасля зносін расійскага ўрада з рымскай курыяй пісьмом кардынала Рампалы ад 8.5.1897[19] № 37522 на імя архіепіскапа Магілёўскага ад імя Папы Льва XIII было павядомлена, што ў тых месцах, дзе беларуская гаворка ўжываецца народам («ubi dialectus alborussica a populo adhibetur»), дазволена святарам ужываць гэту мову ў рэлігійным навучанні народу. Але духавенства не выкарыстала дазволу[20], аднак, некаторыя пазнейшыя каталіцкія выданні па-беларуску (выданні Пачобкі (1915), «Элементаж для добрых дзетак католікоў» (1906) і інш.) былі спробамі ажыццяўлення гэтай волі рымскага прастолу[21].
Пачатак XX стагоддзя
правіцьАгульная нераспрацаванасць мовы ў пачатку ХХ ст. прывяла да недахопу слоў і выразаў для абазначэння невядомых беларусам-сялянам прадметаў і паняццяў, асабліва адцягненых. Такія неіснуючыя выразы ў пачатку ХХ ст. большасцю тагачасных беларускіх літаратараў і дзеячаў актыўна браліся з польскай мовы. Пазней Тэрміналагічная камісія (1921) паслядоўна перадавала лацінскія і грэчаскія тэрміны з мяккім [л] замест цвёрдага, уводзіла склады [ды], [ты], [дэ], [тэ] і падобныя. На думку Карскага, гэта былі паланізмы, а карані такой практыкі ён бачыў у прынцыпова антырускай арыентацыі тагачаснага беларускага руху[22].
У процілегласць такой практыцы Карскі ставіў практыку старабеларускага пісьменства, дзе існавалі асваенні пазычанняў накшталт «лацинский» (а не «лятынский» — latinus), «логика» (а не «лёгика» — λογικα), і дзе з’явілася граматыка Сматрыцкага, дзе толькі ў словах, узятых з «ляскай» мовы («лѧски езык» — польская мова), мяккасць [л] абазначалася спалучэннем літар «їо» (напрыклад, «лїосъ»)[22].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі
правіцьПэўная ўнармаванасць беларускага правапісу была дасягнута толькі пасля 1918, калі ў свет выйшла школьная граматыка Тарашкевіча. Яна была перавыдана Я. Лёсікам у БССР, у нязмененым выглядзе, у 1922 і 1923, і прынята ў школьнай сістэме БССР з 1923. Яна была часткова зменена Я. Лёсікам у 1925, таксама ў форме школьнай граматыкі.
Граматыка Тарашкевіча амаль з пачатку яе практычнага выкарыстання крытыкавалася за рад недахопаў і прабелаў, найперш Я. Лёсікам (з 1920), які ў выніку прапанаваў (1925), разам з братам А. Лёсікам, праект рэформы правапісу і азбукі.
Абмеркаванню праекта братоў Лёсікаў была прысвечана правапісна-азбучная секцыя Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). На аснове яе пастаноў над праектам рэформы правапісу ў 1927—1929 працавала Арфаграфічная камісія пад кіраўніцтвам С. Некрашэвіча. Камісія паспела падрыхтаваць і агучыць праект змяненняў беларускага правапісу (1930), але неўзабаве беларускае мовазнаўства, як і наогул беларуская навука, трапіла пад прыцэл чарговай хвалі палітычных рэпрэсій. У выніку, праект быў забаронены як «нацдэмаўскі», было забаронена карыстанне ўсімі працамі рэпрэсаваных мовазнаўцаў, у тым ліку, страцілі нарматыўнасць слоўнікі іх аўтарства.
Ва ўмовах практычнага маўчання дасведчаных мовазнаўчых кадраў і ў напружаным палітычным клімаце пачалася праца над новым нарматыўным руска-беларускім слоўнікам (1931), працягвалася, але тайна, праца і над праектам правапіснай рэформы. У 1933, у агульных умовах узмацнення ідэалагічнага кантролю за культурай у СССР і чарговай хвалі барацьбы з «нацдэмаўшчынай»[23], была праведзена рэформа беларускага правапісу, а фактычна, і граматыкі (1933).
Змена курсу нацыянальнай палітыкі ў СССР у канцы 1920-х гадоў стала прычынаю гвалтоўнага згортвання палітыкі беларусізацыі і павароту да новага курсу на павялічэнне ролі рускай мовы як «інтэрнацыянальнага сродку зносін» (Гл. таксама: русіфікацыя). У 1931—1940 гадах выпуск кніг на беларускай мове ў БССР зменшыўся з 1301 да 375, а на рускай — узрос з 38 да 362 тытулаў[24]. Публічнае карыстанне літаратурнай беларускай мовай стала звязвацца ў грамадскай свядомасці з магчымасцю абвінавачання ў «нацдэмстве».
Пад нямецкай акупацыяй
правіцьПадчас нямецкай акупацыі (1941—1944) і ажыццяўлення палітыкі «вайсрутэнізацыі» нанова паўстала праблема правапісу. Друкаванне загадаў, абвестак, выпуск газет і інш. адразу запатрабавалі адзінага правапісу, тымчасам рэдактары і супрацоўнікі рэдакцый, прывезеныя ў Беларусь акупацыйнымі ўладамі, не пагаджаліся з усходнебеларускім «бальшавіцкім» правапісам, і многія з іх карысталіся ўласнымі правапіснымі і лексічнымі нормамі. Такі беспарадак падштурхнуў да тэрміновага выдання Краёвым выдавецтвам «Менск» правапісу Тарашкевіча (верасень 1941), першай кнігі, выпушчанай на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Кніга выйшла вялікім тыражом (20 тысяч) і прызначалася галоўным чынам для рэдакцый газет і школ. Гэта было моцна скарочанае перавыданне падручніка правапісу, выпушчанага ў Вільні (1925) Р. Астроўскім паводле прац Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка.
Выданне правапісу выклікала новыя спрэчкі, якія доўгі час працягваліся на старонках друку. Наогул, недасканаласць правапісу і тэрміналогіі стрымлівала выданне кніг, асабліва падручнікаў, і надалей. Гэтае пытанне спрабавала развязаць Тэрміналагічная камісія (створаная ў рамках Інспектарата школ, студзень 1942), якая зацвердзіла новы правапіс у сакавіку 1943.
Новы правапіс быў выпушчаны агульным тыражом 150 тыс. пад аўтарствам А. Лёсіка ў Мінску (1943), у двух алфавітных сістэмах, і вядомы ў наш час як «8-е выданне правапіс Тарашкевіча», з тым, што пад 7-м выданнем у гэтай нумарацыі вядомае, відаць, т. зв. 6-е выданне правапісу Тарашкевіча, якое выйшла тыражом 100 тыс. у Мінску прыблізна ў снежні 1943.
Тым часам, адметнасцю тагачасных беларускіх выданняў заставаліся адвольнасць і разнастайнасць алфавітных сістэм, непаслядоўнасць правапісу і тэрміналогіі, нават у выданнях школьнага інспектарата.
Новую нявызначанасць і спрэчкі ў беларускім асяроддзі выклікала (снежань 1941) ініцыятыва міністра А. Розенберга аб пераводзе беларускіх школ і друку на «лацінку». Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25.6.1942) аб паступовым увядзенні «лацінкі» ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ.
Адзначаецца, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх вобласцях, была малой, а друкаваць іх бліжэй чым у Вільні было тэхнічна немагчыма. У той жа час нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала не толькі ўвядзенне «лацінкі», але і яе рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напр., Я. Станкевіч).
Наогул, станам на сярэдзіну 1943 на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь» выпускаліся па-беларуску 4 назвы газет і 1 часопіс[25]. За час Другой сусветнай вайны на ўсіх землях пад нямецкім кантролем было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, з іх 52 — толькі ў Генеральнай акрузе[26].
Пасля вайны
правіцьАмаль адразу па заканчэнні вайны быў узноўлены курс на ўзмацненне ролі рускай мовы і культуры. Асобныя і несістэмныя выпадкі процідзеяння гэтаму з боку кіраўніцтва БССР (напрыклад, К. Мазураў у канцы 1950-х гадоў) на агульны кірунак развіцця падзей не паўплывалі.
У 1960-я гады з’явіліся распрацоўкі, аўтары якіх ужо тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасць русіфікацыі беларускага народа (у ліку іншых нярускіх народаў), ставячы мэту інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфер жыцця народаў СССР і стварэння адзінага савецкага народа. Гэтая тэорыя была ўхвалена ХХІV з’ездам КПСС (1971) і стала дырэктывай практычнай дзейнасці партыі.
У выніку, на пачатак 1980-х гадоў беларуская мова, фармальна застаючыся роднай мовай беларускага народа, была адсунута з прыярытэтнай ролі ў яго культурным развіцці, і практычна не існавала ў дзяржаўным апараце, сістэме адукацыі і пад., была фактычна ператворана ў мову фальклору. Доля кніг і брашур на беларускай мове ў агульнай выдавецкай прадукцыі БССР зменшылася (за перыяд 1950—1985) з 85 % да 9 %. У 1985 на аднаго жыхара Беларусі прыходзілася ў сярэднім 0,5 беларускамоўнай кнігі[27].
Слабасць беларускай нацыянальнай свядомасці вяла да таго, што гэтыя захады сустракаліся грамадствам пераважна з абыякавасцю, а часам і з адабрэннем. З іншага боку, «празмерная» зацікаўленасць дрэнным становішчам беларускай мовы магла быць ацэнена як «беларускі нацыяналізм» (як, напрыклад, выступленні А. Белакоза ў 1960-х гадоў або мінскі гурток пач. 1970-х гадоў). Усё ж, пачынаючы з канца 1950-х гадоў, часу пэўнага паслаблення палітычнага кантролю, беларуская грамадскасць не раз выказвала сваю заклапочанасць існуючым становішчам і яго развіццём, як адкрыта, так і тайна (дыскусія ў газеце «Літаратура і мастацтва», у тым ліку, выступленні Б. Сачанкі, 1957—1961, самвыдатаўскі «Ліст да рускага сябра» А. Каўкі, 1976 і інш.).
У часы перабудовы
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 43.
- ↑ а б в Старое заходнерускае пісьменства…, С.196,197,201-223.
- ↑ Паведамленне Карскага. «Старое заходнерускае пісьменства…»
- ↑ Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 49.
- ↑ Тэкст граматы гл. ў кнізе И. А. Василенко. Историческая грамматика русского языка. Сборник упражнений. Москва: Просвещение, 1984. с. 219.
- ↑ а б Янкоўскі. Гістарычная граматыка. С. 46.
- ↑ Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 29, 83, 89, 93.
- ↑ Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 83, 140.
- ↑ Булыка, А. М. Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — С. 210; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 120—121.
- ↑ Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 28, 93—97.
- ↑ Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 92—94.
- ↑ Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 92—94.
- ↑ Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Старая западнорусская письменность. — Варшава, 1921. — Т. 3. — 246 с.
- ↑ Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 94, 108, 115, 137.
- ↑ Смалянчук, С.39, са спасылкай на энц. даведнік Мысліцелі і асветнікі, Мн., 1995, С.185.
- ↑ Паведамленне Карскага ў нарысе навейшай беларускай літаратуры, Т.3.
- ↑ Смалянчук, С.35.
- ↑ Антропология Беларуси в исследованиях конца XІX – середины XX в.(руск.). ЛитРес. 10 April 2018. pp. 113–. ISBN 978-5-04-109768-4.
- ↑ Магчыма, гэтая дата паводле старога стылю
- ↑ На думку Карскага, з-за таго, што бачыла, у такім выпадку, небяспеку пранікнення ідэй праваслаўя. Новейшая белорусская литература // Карский Е. Ф. Белоруссы. .
- ↑ На думку Карскага.
- ↑ а б Карскі. Мастацкая літаратура…, С.398-400,409,651.
- ↑ Гісторыя Беларусі пад рэд. Касцюка, Т.5 …
- ↑ Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. паводле даных: Друк Беларускай ССР 1918—1980. Статыстычны зборнік. Мінск, 1983.
- ↑ Пар. 26 у Латвіі, 18 у Літве і 15 у Эстоніі (1941—1944).
- ↑ Дзеля параўнання, у Латвіі на латышскай мове было выпушчана каля 1500 кніг і музычных твораў агульным тыражам 5 мільёнаў асобнікаў (1941—1944).
- ↑ Дзеля параўнання, 5,2 кнігі на літоўскай мове ў Літоўскай ССР. Туронак, са спасылкай на даныя: Народное хозяйство СССР. Статистический ежегодник. Москва, 1966. С. 734; 1986. С. 536.
Літаратура
правіць- Ф. М. Янкоўскі. Гістарычная граматыка беларускай мовы.. — Мінск: Вышэйшая школа, 1989.
- Карский Е. Ф. Белоруссы. Т.3, кн.3. Художественная литература на народном языке. Петроград, 1922. У выданні: Белорусы: В 3 т. Т.3, кн. 2. Очерки словесности белорусского племени . — Мн. : БелЭн, 2007. — 704 с. С.233—661. ISBN 978-985-11-0387-0
- Е. А. Потехина (Минск — Ольштын). Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.:[Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова], 2003. — 317 с. С.170—173.
- Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І.; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 175 с. ISBN 985-08-0317-7. С.128—170.
- Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
- Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.