Гісторыя суверэннай Беларусі

Гісторыя Беларусі
Пагоня, гістарычны герб Беларусі Сучасны герб Беларусі

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
(Полацкае княства · Тураўскае княства · Менскае княства)
Кіеўская Русь
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі // Сярэдняя Літва
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб’яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла сваю незалежнасць: Вярхоўным Саветам была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены канстытуцыйны статус.

Прымаецца закон «Аб забяспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР» і пастанова аб спыненні дзейнасці КПБ. 19 верасня 1991 года краіна атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны новыя дзяржаўныя сімвалы — герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг.

Грамадска-палітычнае жыццёПравіць

Аднаўленне суверэнітэтуПравіць

 
Мітынг супраць эканамічнай палітыкі савецкай улады, арганізаваны Беларускім народным фронтам. Мінск, красавік 1991 года.

Камуністычная партыя СССР на Пленуме (1985) і XXVII з’ездзе (1986) вызначыла новы палітычны курс, накіраваны на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, выпраўленнне дапушчаных памылак і ўсебаковае абнаўленне грамадства, што з’явілася рэакцыяй на аб’ектыўна наспелую неабходнасць рэфармавання ўсіх сфер грамадскага жыцця. Пазней гэты курс удакладняўся на XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі КПСС (1988) і XXVIII з’ездзе КПСС, аднак рэчаіснасць уносіла ў яго рэалізацыю свае карэктывы, таму кірункі новага курсу ў грамадскім жыцці СССР былі ажыццёўлены толькі часткова.

З пачаткам перабудовы ў СССР паступова павялічвалася роля Вярхоўнага Савета БССР, аўтарытэт жа камуністычнай партыі Беларусі падаў. Менавіта Вярхоўны Савет на пасяджэнні 26 студзеня 1990 г. надаў беларускай мове статус дзяржаўнай. Вярхоўны ж Савет прызнаў існаванне праблемы Чарнобыля.

25 жніўня 1991 пятая пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета (24-25 жніўня 1991 г.) прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР». Адначасова быля прынята пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ—КПСС на тэрыторыі БССР». Па патрабаванні дэмакратычнай меншасці ў парламенце (БНФ «Адраджэньне») быў вызвалены ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцей, які падтрымаў «жнівеньскі путч»[1]. Выконваючым абавязкі, а затым старшынёю Вярхоўнага Савета на альтэрнатыўнай аснове быў абраны першы яго намеснік, прарэктар БДУ С. Шушкевіч.

Працягам дадзенага дзяржаватворнага працэсу стала прыняцце 6-й нечарговай сесіяй Вярхоўнага Савета 19 верасня 1991 года законаў «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» (было прынята рашэнне БССР надалей называць «Рэспубліка Беларусь» (РБ), а ў скароце і састаўных назвах — «Беларусь»), «Аб дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[2]. Гэтая заканадаўчая серыя затым была дапоўнена законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты 18 кастрычніка 1991 года.

З абвяшчэннем палітычнага і эканамічнага суверэнітэту Беларусі пачаўся працэс фарміравання органаў кіравання. Спачатку Вярхоўны Савет прыняў 25 жніўня 1991 года закон «Аб некаторых зменах у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР», якім ператварыў саюзна-рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў БССР у рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў, падпарадкаваўшы яму ўнутраныя войскі МУС СССР і яго навучальныя ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі рэспублікі. Саюзна-рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР быў пераўтвораны ў рэспубліканскі КДБ. У кастрычніку 1991 года Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб змяненні ў сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь», якім падпарадкаваў КДБ Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь[3].

10 снежня 1991 года Вярхоўны Савет XII-га склікання практычна аднагалосна (супраць 1, устрымалася 2) прыняў пастанову «Аб дэнансацыі Дагавора 1922 года аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» і ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў[4].

Парламенцкая форма кіраванняПравіць

Праз некалькі месяцаў пасля жнівеньскага путча палітычная сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася. Колішняя наменклатура, беспартыйная ў большасці сваёй, пачала стварэнне «рэгуляванай рынкавай эканомікі». Даволі хутка пачалося паляпшэнне маёмаснага становішча людзей, у асноўным блізкіх да ўладнага лагера.

Перад кіраўніцтвам дзяржавы на той момант востра стаяла пытанне аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Рашэнне аб гэтым было прынята, і ў 1992 г. пачаўся вывад зброі, які быў завершаны толькі ў 1996 г.

15 сакавіка 1994 г. была прынята Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. Беларусь абвешчана самастойнай унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай. Дзень 15 сакавіка быў аб’яўлены нацыянальным святам.

10 ліпеня 1994 года першым прэзідэнтам краіны быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой пасаду Прэзідэнта па выніках выбараў у 2001, 2006 і ў 2010 годзе. З гэтага часу пачала стварацца падпарадкаваная Прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключыла ў сябе выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.

У гэтых умовах ішло наспяванне палітычнага крызісу, для пераадолення якога былі праведзены рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў.

 
Галадуючыя дэпутаты ў Вярхоўным Савеце, 11 красавіка 1995 году. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году іх збілі і выштурхнулі з Вярхоўнага Савету нявызначаныя супрацоўнікі сілавых структураў.

11 красавіка 1995 г. 19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ (Зянон Пазняк, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук. Сяргей Папкоў, Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Алесь Шут, Пётр Садоўскі, Валянцін Голубеў, Віталь Малашка, Юрый Беленькі) у Вярхоўным Савеце прама ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэферэндуму. У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты былі збіты людзьмі ў чорных масках і выкінуты з парламента. Прэзідэнт А. Лукашэнка абяцаў паказаць відэазапіс гэтага разгону. Але гэтага не адбылося.

13 красавіка 1995 г. Вярхоўны Савет XII-га склікання зацвердзіў правядзенне рэферэндуму і прызначыў яго на 14 мая 1995 г. У той жа час ідэя рэферэндуму выклікала непаразуменне з боку асобнай часткі грамадства і некаторых грамадскіх і палітычных арганізацый, часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета. 6 мая 1995 г. Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне аб мове не можа выносіцца на рэферэндум.[5]

 
Акцыя пратэсту супраць русіфікацыйнай палітыкі ўладаў, 1995 год

14 мая 1995 г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Удзел у галасаванні прынялі 64,8 % выбаршчыкаў. На рэферэндум былі вынесены наступныя пытанні:

  • аб магчымасці надання рускай мове роўных правоў з беларускай;
  • аб дзяржаўнай сімволіцы, з устанаўленнем новых сцяга (зялёна-чырвоны сцяг) і герба Рэспублікі Беларусь;
  • аб эканамічным збліжэнні з Расіяй;
  • аб праве Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет.

Па ўсіх пытаннях Прэзідэнт атрымаў большасць галасоў. Адначасова з рэферэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет XIII-га склікання. Аднак у выніку нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры было абрана толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу новага Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш 174 дэпутатаў (што складала 2/3 ад поўнага складу ў 260 чал.). Такім чынам, атрымалася, што новы склад парламента не быў абраны. Склалася палітычная сітуацыя, якая паралізавала дзейнасць заканадаўчай улады.

18 лістапада 1996 г. пасаду пакінуў прэм’ер-міністр М. Чыгір у знак пратэсту супраць рэферэндуму.

Большасць выбаршчыкаў падтрымала прапановы Прэзідэнта, як і ў сітуацыі з рэферэндумам 24 лістапада 1996 г., калі А.Лукашэнкам былі вынесены наступныя пытанні:

  • аб прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г. за змяненнямі і дапаўненнямі;
  • аб куплі і продажу зямлі, дзе большасць галасоў была аддана супраць свабоднай яе куплі і продажу;
  • аб смяротным пакаранні, супраць адмены якога была таксама выказалася большасць выбаршчыкаў;
  • аб пераносе Дня Незалежнасці РБ з 27 на 3 ліпеня.

На гэты ж рэферэндум былі вынесены і пытанні ад Вярхоўнага Савета:

  • аб праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г.;
  • аб фінансаванні ўсіх органаў улады толькі з дзяржаўнай казны і галосна;
  • аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў улады.

Ні адна з гэтых прапаноў не набрала большасці галасоў выбаршчыкаў. Пасля гэтага 27 лістапада 1996 г. адбылася сустрэча Прэзідэнта і кіраўніка вярхоўнага Савета С. Шарэцкага, пры пасрэдніцтве Канстытуцыйнага суда РБ і дэлегацыі з Расіі пад кіраўніцтвам В.Чарнамырдзіна, з мэтай прымірэння бакоў.

З сакавіка па чэрвень 1996 г. пракацілася серыя масавых акцый пратэсту супраць палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна новай рэдакцыі Канстытуцыі створаны двухпалатны парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў — і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў.

Умацаванне прэзідэнцкай формы кіраванняПравіць

 
Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы. 21 сакавіка 2006 г.

У 2000 г. адбыліся выбары дэпутатаў двухпалатнага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Рэжым Лукашэнкі яшчэ не кансалідаваўся і апісваўся як рэжым з папулісцкім стылем у палітыцы[6], як «дэмагагічная дэмакратыя»[7], «фасадная дэмакратыя»[8], «непаўнавартасная дэмакратыя»[9].

Цягам другога тэрміна праўлення А. Лукашэнкі ў Беларусі пачалося ўзмацненне прэзідэнцкай улады. Былі зроблены спробы паставіць грамадзянскую супольнасць пад больш жорсткі кантроль і рэструктураваць беларускі «трэці сектар», дзеля чаго быў распачат чарговы раўнд кампаніі перарэгістрацыі. Мэтай было змяніць саму сутнасць беларускага грамадскага актыву, з мэтай чаго ствараліся структуры, паралельныя арганізацыям апазіцыйнага кірунку і пакліканыя легітымізаваць палітычны рэжым А. Лукашэнкі. Цягам 20032005 гадоў было закрыта 347 арганізацый НДА[10].

Пасля падзей, вядомых як «каляровыя рэвалюцыі», рэжым Лукашэнкі бачыў гэтыя тэндэнцыі як пагрозу і апантана стараўся не дапусціць гэткага сцэнарыя ў Беларусі. Спрабуючы манапалізаваць публічную прастору, рэжым імкнуўся прадухіліць, а ў рэшце рэшт здушыць грамадзянскія пратэсты і якую-кольвечы актыўнасць, звязаную з тэндэнцыямі «каляровых рэвалюцый». Лукашэнка, прапаноўваючы сябе Расіі ў якасці аплоту перад пагрозай праамерыканскай каляровай рэвалюцыі, забяспечыў сябе фінансавай падтрымкай з боку другой[11].

У 2004 г. выбары ў парламент адбыліся сумесна з рэспубліканскім рэферэндумам, па выніках якога з артыкула 81 Канстытуцыі РБ было выключана наступнае палажэнне: «Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў». Пасля гэтай змены А. Лукашэнка прыняў удзел у выбарах Прэзідэнта ў 2006 г., і быў зноў абраны на гэту пасаду. У выніку адбыліся масавыя пратэсты ў Мінску, што дало падставу меркаваць некаторым інтэлектуалам аб нараджэнні «новага грамадства» Беларусі, якое аказалася здольным згуртавацца ды прадэманстраваць новыя шляхі грамадзянскага супраціву[12].

28 верасня 2008 г. адбыліся новыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ні адзін з членаў беларускай апазіцыі не быў абраны дэпутатам. Трэба адзначыць, што назіральнікі на выбарах даволі часта казалі аб парушэннях пры іх правядзенні.

Перыяд «лібералізацыі» грамадскага жыцця (2008—2010 гг.)Правіць

Перыяд «лібералізацыі» характарызаваўся зменамі ў знешняй палітыкі, спробамі Расіі і Захада збалансаваць адносіны. На стан палітычнага асяроддзя ўплывала таксама праграма «Усходняе партнёрства». На старонках дзяржаўных СМІ нярэдка згадваліся словы пра «дыялог» і «партнёрства» паміж уладамі, Захадам і грамадствам. У сваім пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу А. Лукашэнка заявіў: «Нам патрэбна развіццё адносін паміж дзяржавай і грамадскімі інстытутамі. Бо чым больш разнастайны іх спектр, тым больш магчымасцей для сацыяльнай актыўнасці ў грамадзян»[13]. Погляды прэзідэнта былі пераняты і іншымі службовымі асобамі. Так, Алена Кірычэнка, кіраўніца ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, сказала, што «грамадзяне могуць добраахвотна фарміраваць асацыяцыі і арганізацыі, стварэнне і дзейнасць якіх не залежыць ад дзяржаўных улад»[14]; а міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў, што «Беларусь будзе працаваць над рэформамі ў плане дэмакратыі і развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды дзейнасці няўрадавых арганізацый, вяршэнства закона і захавання правоў чалавека»[15]. Назіраўся высокі ўзровень палемічнасці ў СМІ і грамадстве. Аднак разнастайнасць моў і пунктаў гледжання можа не толькі спрыяць дэмакратызацыі, але здольная і раз'яднаць і прывесці да фрагментацыі грамадства. У такім выглядзе, раздроблена, апазіцыйныя кандыдаты прыйшлі да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбараў.

Аднак у дачыненні да руху ў бок лібералізацыі ў Беларусі існаваў моцны скептыцызм[16].

19 снежня 2010 г. адбыліся выбары прэзідэнта краіны. Па іх выніках перамогу атрымаў дзеючы прэзідэнт А. Лукашэнка. Супраць вынікаў выбараў адбылася масавая акцыя пратэсту, якая была жорстка разагнаная.

23 верасня 2012 г. адбыліся выбары парламента 5-га склікання.

11 кастрычніка 2015 г. адбыліся выбары прэзідэнта краіны. Па іх выніках перамогу зноў атрымаў дзеючы прэзідэнт А. Лукашэнка.

11 верасня 2016 г. адбыліся выбары парламента 6-га склікання.

У 2017 годзе праходзілі акцыі пратэсту супраць Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Станам на 2009 г. у краіне дзейнічае 16 палітычных партый.

ЭканомікаПравіць

Рыначныя рэформы ў 1992—1994 гг.Правіць

Для Беларусі новы этап эканамічных рэформ пачаўся ў верасні 1990 г., калі Вярхоўны Савет прыняў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі. У далейшым былі прыняты Дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай ахове насельніцтва, Дзяржаўная праграма прыватызацыі, шэраг законаў, накіраваных на рэфармаванне эканомікі.

З канчатковым знікненнем СССР і стварэннем суверэнных дзяржаў рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны пачалі праводзіцца па метаду «шокавай тэрапіі» Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для слабаразвітых краін.

Менавіта ў 1992—1994 гг. адбылося падпісанне шэрага дакументаў аб палітычным і эканамічным супрацоўніцтве з краінамі Заходняй Еўропы (Германія, Італія, Аўстрыя і інш.). На новы ўзровень выйшлі адносіны з ЗША, доказам чаго паслужыў візіт у Мінск дэлегацыі гэтай краіны на чале з прэзідэнтам Б. Клінтанам у 1993 г.

У 1993 г. былі прыняты законы «Аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў РБ» і «Аб праве ўласнасці на зямлю». У тым жа годзе быў падпісаны дакумент аб эканамічным саюзе краін СНД. 1993 г. — у абарачэнне былі ўведзены новы грашовыя знакі, так званыя «зайчыкі». (гл. артыкул Беларускі рубель).

Правядзенне рэформ 1992—1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіраецца на рыначныя рэгулятары. Разам з тым беларускі рынак пацярпеў значныя страты:

  • разбурэнне ранейшых вытворча-эканамічных сувязей і «абвальны» спад вытворчасці на 50 %,
  • катастрафічнае падзенне курсу беларускіх грошай,
  • крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі,
  • галапіруючы рост цэн,
  • рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню большасці насельніцтва,
  • рост беспрацоўя, нарастанне іншых сацыяльных праблем, у тым ліку рост колькасці злачынстваў.

Новыя паняцці ў эканоміцы канца 80 — пачатку 90-х: інфляцыя, канверсія, кааператыў, прадпрымальніцтва, фермер, біржа.

Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіццяПравіць

З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі пачаўся новы этап рэформ у эканоміцы. Для пераадолення кразісных з'яў, а таксама для вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ былі распрацаваны «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады». Пачалося ажыццяўленне так званай сацыяльнаарыентаванай мадэлі рыначнай эканомікі. Яе сутнасць: дзяржава праводзіць моцную і эфектыўную эканамічную і сацыяльную палітыку, абараняе інтарэсы ўсіх класаў і пластоў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах зарабляе мала, ці зусім нічога не зарабляе (састарэлыя, інваліды, шматдзетныя сем'і, студэнты, навучэнцы і г. д.).

Канцэптуальны асновы беларускай мадэлі:

  • плюралізм форм уласнасці,
  • значная ступень удзелу дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці функцыянавання эканомікі,
  • рэгуляванне прыбыткаў насельніцтва, занятасці,
  • фарміраванне ўмоў, якія забяспечваюць задавальненне шэрага сацыяльна значных патрэб усяго насельніцтва.

Стрыжнем фарміравання беларускай эканамічнай мадэлі з'яўляецца чалавек, які выступае як шматбаковая асоба, як пачатак і канец эканамічнай сістэмы, яе мэта і сродак.

Характэрныя рысы беларускай мадэлі эканомікі:

  • моцная і эфектыўная дзяржаўная ўлада,
  • раўнапраўнае функцыянаванне прыватнай і дзяржаўнай эканомікі,
  • прыватызацыя,
  • развіццё інтэграцыі з краінамі СНД і Расіяй,
  • моцная сацыяльная палітыка.

У 2002 г. Беларусь пераўзышла ўзровень прамысловй вытворчасці 1990 г. Таксама прыярытэтнымі для беларускай эканомікі з'яўляюцца наступныя пытанні:

  • усебаковае гарманічнае развіццё чалавека, фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя,
  • інавацыйны шлях развіцця эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне,
  • стымуляванне экспарту,
  • развіццё аграпрамыслога комплексу, сацыяльнай сферы сяла — праграма на 2005—2010 гг. па адраджэнню і развіццю сяла, (гл. артыкул аграгарадок),
  • развіццё малых і сярэдніх гарадоў,
  • жыллёвае будаўніцтва.

Наступствы сусветнага эканамічнага крызісу канца 2000-хПравіць

Яшчэ восенню 2008 г. А. Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі крызіса няма і гаворкі аб ім не ідзе[17]. Далей цытата: «Я папярэдзіў членаў урада: у краіне крызісу няма, і ні аб якім крызісе гаворка ісці не будзе».

Але эканоміка Беларусі ўсё ж пацярпела ад наступстваў крызісу. Наколькі значна, ацэньваюць па-рознаму, але толькі за шэсць месяцаў 2009 г. на складах нерэалізаваных тавараў накапілася на 7,4 трлн руб.

На пераадоленне крызісу ў структурах МВФ быў узяты стабілізацыйны крэдыт, які складае больш за $2 млрд.[18] Яшчэ ў пачатку 2009 г. разавая дэвальвацыя беларускага рубля ў адносінах да асноўных валют (долар ЗША, еўра, расійскі рубель), склала 20,5 %, што прывяло да масавай скупкі замежнай валюты насельніцтвам.

Некаторыя прадпрыемствы, у першую чаргу машынабудаўнічыя, прадпрыемствы лёгкай прамысловасці перайшлі на няпоўны рабочы тыдзень, у выніку чаго заробак скараціўся, іншы раз даволі значна. Масавых скарачэнняў імкнуцца пазбягаць.

У гэтых умовах урад пачаў ажыццяўляць меры па стымуляванню экспарту беларускіх тавараў, па павышэнню прадпрымальніцкай актыўнасці (заявачны прынцып у арганізацыі бізнесу), таксама больш таннымі спажывецкімі крэдытамі імкнуцца павялічыць спажыванне тавараў на ўнутраным рынку.

Новы этап крызісу пачаўся ў 2011 годзе. Ён адзначаны гіперінфляцыяй (23 мая Нацбанк Беларусі дэвальвіраваў рубель больш, чым на 50 %), падаражаннем асноўнай групы спажывецкіх тавараў больш, чым на 50-60 %, значным зніжэннем узроўню жыцця беларусаў. У гэтых умовах адзначаны пратэстныя настроі сярод часткі беларускага грамадства.

Знешняя палітыкаПравіць

2 красавіка 1997 быў створаны Саюз Беларусі і Расіі. Яго неад'емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абароназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету.

У апошні час (2010—2011 гг.) саюзнае будаўніцтва перайшло на новую ступень у сувязі са стварэннем Мытнага саюз Беларусі, Казахстана і Расіі ў 2010 г., а таксама Еўразійскай эканамічнай супольнасці (Беларусь, Казахстан, Расія) у 2011 г.

КультураПравіць

РэлігіяПравіць

Працэсы дэмакратызацыі эканамічнага і палітычнага жыцця дыктавалі неабходнасць перагляду ролі і месца рэлігіі ў грамадстве. Новае ідэалагічнае мысленне не ўспрымала рэлігійны фактар як негатыўны, тармазіўшы рух наперад, фарміраваўшы ў людзей адсталуюсвядомасць, сацыяльны песімізм і апатыю. Аб змене рэлігійнай палітыкі сведчылі вынікі работы XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС(руск.) бел. і святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Новая палітыка знайшла адлюстраванне ў Законе «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях». За перыяд з 1986 па 1993 гг. адбыўся колькасны рост рэлігійных абшчын у беларускай праваслаўнай царкве з 370 да 788, рымска-каталіцкай – з 112 да 305, хрысціян веры евангельскай – з 68 да 169[19]. Адметнай рысай рэлігійнага жыцця з'явілася адраджэнне ўніяцкай царквы (забароненная царкімі ўладамі ў 1839 г.)

Уласнай дзяржаўная структура кіраўніцтва рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі пачала дзейнічаць з 16 жніўня 1991 г., калі быў створаны Савет па справах рэлігій пры Савеце Міністраў БССР. Першапачаткова Савет па справах рэлігій з'яўляўся структурай Міністэрства культуры і друку, у 1995 г. ён перайшоў пад кантроль урада. 19 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў Закон «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім нерабочымі былі прызнаны днні вялікіх рэлігійных свят па календары праваслаўнай і каталіцкай канфесій: Вялікдзень, Радаўніца (па календары праваслаўнай канфесіі), Дзень памяці (2 лістапада), Нараджэнне Хрыстова (25 снежня і 7 студзеня)[20]. У студзені 1992 г. Кабінет Міністраў прыняў пастанову «Аб парадку вызначэння нерабочых дзён для вернікаў нехрысціянскіх рэлігій у сувязі з іх святамі», якой нерабочыя дні рабочым і служачым прадстаўляліся па ўзгадненні з адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый для святкавання рэлігійных свят па іўдзейскім (Вялікдзень, Рош Ха-Шана, Іом Кіпур) і мусульманскім календарах (Рамадан, Ураза-байрам(руск.) бел., Курбан-байрам і Маўлд)[21].

У снежні 1992 г. Вярхоўны Савет прыняў Закон «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях», які вызначаў новыя прынцыпы адносін дзяржавы да рэлігіі, якая ўзяла на сябе шэраг абавязкаў, звязаных з прызнаннем існавання і дзейнасці рэлігійных арганізацый, прадастаўлення ім правоў уласнасці і юрыдычнай асобы, разгортванне вытворчай і гаспадарчай дзейнасці.Закон абвясціў аддзяленне школы ад царквы, свецкі характар сістэмы дзяржаўнай адукацыі. Закон прадастаўлял бацькам і асобам, якія іх замянялі, магчымасць выхоўваць дзяцей у адпаведнасці з асабістымі адносінамі да рэлігіі.

Для павышэння эфектыўнасці працы ў рэлігійнай сферы, у студзені 1997 г. быў створаны Дзяржаўны камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, які замяніў Савет па справах рэлігій[22].

Прыняцце новай заканадаўчай базы садзейнічала росту рэлігійнасці насельніцтва, разбурэнню догмаў атэізму, спрыяла росту рэлігійных аб'яднанняў. На пачатку 1997 г. налічвалася ўжо 2120 абшчын розных рэлігійных аб'яднанняў, а колькасць канфесій вырасла да 26[23].


ЗноскіПравіць

  1. Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 28. — С. 10, 37.
  2. Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 30. — С. 5—8.
  3. Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 32. — С. 15, 16.
  4. Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. — 1992. — № 1. — С. 16—17.
  5. Народная газета. — 1995. — №. — 6 мая. —С.
  6. Goujon, A. Language, Nationalism, and Populism in Belarus // Nationalities Papers. — 1999. — Vol. 4 (27). — P. 661—677; Dryzek, J. S., Holmes, L. Post-Communist Democratization: Political Discourses across Therteen Countries. — Cambridge: Cambridge University Press, 2002.
  7. Korosteleva, E. Is Belarus a demagogical democracy? // Cambridge Review of International Affairs. — 2003. — Vol. 3 (16). — P. 525—533.
  8. Gill, G. Nationalism and the Transition to Democracy. The Posy-Soviet Experience // Demokratizatsiya. — 2006. — Vol. 4 (14). — P. 613—626.
  9. Beichelt, T. Autocracy and democracy in Belarus, Russia and Ukraine // Democtatization. — 2004. — Vol. 5 (11). — P. 113—132.
  10. Wilson, A. Belarus: The Last European Dictatorship. — New Haven, CT: Yale University Press, 2011.
  11. Wilson, A. Belarus: The Last European Dictatorship. — New Haven, CT: Yale University Press, 2011. — Р. 210.
  12. Дынько, А. Ад рэдактара // Наша Ніва. — 2006. — № . — 7 красавіка. — С.
  13. Советская Белоруссия. —2009. — № . — 24 апреля. — С.
  14. Рудь, Р. Общество свободных граждан // Советская Белоруссия. — 2010. — № . — 16 декабря. — С.
  15. Мартынов, С. Беларусь будет работать над реформами в сфере прав человека // Советская Белоруссия. — 2009. — № . — 31 июля. — С.
  16. Дынько, А. Лукашэнка: версія 4.0 // Наша Ніва. — 2010. — № . —1 снежня. — С.
  17. Навіны з afn.by
  18. Агенцтва Interfax
  19. Звязда. – 1993. – № . – 11 лютага.
  20. Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. – 1992. – № 1. – С. 7.
  21. Вопросы свободы совести и религиозных организаций в Республике Беларусь: Сб. док. и материалов / Авт.-сост. М. В. Цвилик; под ред. В. И. Новицкого. – Мн.: Четыре четверти, 2005. – 333, [1] с.: ил. – С. 175. – ISBN 985-6734-40-1.
  22. Новицки, В. И. Религиозная ситуация и межконфессиональные отношения // Современная Беларусь: Энцикл. справ.: в 3 т. / [А. В. Андреев и др.]; редкол.: М. В. Мясникович [и др.]. Т. 3: Культура и искусство. – Мн.: Белорусская наука, 2007. – 773, [4] с.: ил. – С. 737. – ISBN 978-985-08-0779-3.
  23. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII – XX ст.) / Навук. рэд. У. І. Навіцкі. – Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1998. – 337,[2] с. – С. 320. – ISBN 985-6102-17-0.

КрыніцыПравіць

  • Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў — па 2008 г.: вучэб. дапаможнік / Я. К. Новік, І. Л. Качалаў, Н. Я. Новік. — Мінск: Выш. шк., 2009. — 512 с.
  • Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі: Са старажытнасці і да нашых дзён / Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — 464 с.