Свята-Дабравешчанская царква (Супрасль)

Дабравешчанская царква — праваслаўны храм у Супраслі (Польшча), помнік культавай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнік «абароннага дойлідства». Уваходзіць у комплекс пабудоў праваслаўнага Супраслеўскага манастыра, аднаго з шасці ў Польшчы. Манастыр у Супраслі быў адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Кіева-Пячорскай лаўрай і Вільняй[1].

Праваслаўны храм
Дабравешчанская царква
53°12′39″ пн. ш. 23°20′14″ у. д.HGЯO
Краіна  Польшча
Горад Супрасль
Канфесія Польская праваслаўныя царква
Епархія Беластоцка-Гданьская епархія
Тып будынка абарончы храм
Архітэктурны стыль беларуская готыка
Заснавальнік Аляксандр Хадкевіч
Будаўніцтва 15031511 гады
Рэліквіі і святыні Супрасльскі абраз Маці Божай
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Манастыр заснаваны маршалкам ВКЛ А. Хадкевічам у 15051510 гг. Царква асвечана ў 1511 годзе. У 1557 годзе яе інтэр'ер быў аздоблены фрэскамі.

У першай палове XVII стагоддзя Дабравешчанская царква перададзена ўніяцкай царкве. У 1771 годзе завяршэнні вежаў і інтэр'ер царквы перароблены ў стылі ракако. Багатыя ляпныя і жывапісныя дэкарацыі закрылі фрэскі ў апсідзе, сцены і слупы закрыты драўлянымі панэлямі[2].

У 18521859 гг. фрэскі, пашкоджаныя зацёкамі, былі забелены. У 1887 г. пры зняцці пабелкі сухім спосабам частка фрэсак папсавалася[2].

У пачатку XX стагоддзя ў царке захоўваліся крыж з часціцай дрэва Жыватворнага Крыжа 1500—1510 гг., даразахавальніца, якая мела выгляд супрасльскай царквы, дар Хадкевіча — пацір сярэбраны з пазалотай, з яго гербам. Тут жа захоўвалася шмат іншых рэчаў: паціраў, дзіскасаў, абкаладаў кніг і абразоў, аздобленых рознымі відамі дэкору: гравіраваннем, эмаллю, чарненнем, чаканка[2].

У 1910 г. адкрыты фрагменты роспісу на паўднёвай і паўночнай сценах, якія былі закрыты ў XVIII ст. драўлянымі панэлямі, пры гэтым былі зноў папсаваны[2].

У 1915 годзе ў сувязі з Першай сусветнай вайной быў выдадзены ўказ аб эвакуацыі жыхароў горада Супрасля ўглыб Расіі. З'язджаючы з Дабравешчанскага манастыра, манахі ўзялі з сабой Супрасльскую ікону і некаторае царкоўнае начынне.

Пасля ўтварэння самастойнай Польскай дзяржавы тэрыторыя манастыра не была перададзена царкве. У 1919 годзе Дабравешчанская царква была зачынена і апячатана, а манастыр перайшоў у распараджэнне дзяржаўнага казначэйства.

 
Колішні іканастас царквы

У 1939 годзе манастыр апыняецца на тэрыторыі Савецкага Саюза. У Дабравешчанскай царкве былі створаны майстэрні і кузня. У кастрычніку 1939 года ў манастыры быў раскватараваны 4-ы матацыклетны полк РСЧА. У Дабравешчанскай царкве камандаваннем палка была створана спартыўная зала. 28 ліпеня 1944 года падчас адступлення нямецкіх войскаў Дабравешчанскі сабор быў падарваны. Пасля заканчэння вайны праваслаўныя манахі былі выгнаны з манастыра, у якім ізноў абгрунтаваліся салезяне і школа.

Рэшткі фрэсак былі зняты са слупоў польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам Уладзіслава Пашкоўскага ў 1945—1946 гг.

У 19641966 гадах царква была адрэстаўравана. Беларускі ўрад у пачатку 1990-х выдаткаваў на святыню 200 тысяч штук цэглы і 500 м³ граніту[3].

Адраджэнне Супрасльскага манастыра адбылося ў гады дзейнасці архіепіскапа Беластоцка-Гданьскай епархіі Савы. У 1982 годзе ў Супрасль прыбыў манах Мірон (Хадакоўскі), манаскае жыццё адноўлена ў 1984 годзе. У 1984 года было прынята рашэнне аб аднаўленні падарванага Дабравешчанскага сабора — і 4 чэрвеня архіепіскап Сава заклаў першы камень у падмурак сабора.

Архітэктура правіць

 
Сучасны інтэр'ер царквы

Помнік гатычнага праваслаўнага храмабудаўніцтва ў ВКЛ, Супраслеўская царква ўяўляе сабой мадыфікаваную версію характэрнага для візантыйскай традыцыі крыжова-купальнага храма з рысамі каталіцкай базілікі. Спалучэнне гатычных элементаў з візантыйскімі дало падставу назваць гэты стыль готыкай ВКЛ[4]. Пяцівежавая кампазіцыя царквы набліжае яе да Сафійскага сабора ў Полацку і Прачысценскай царквы ў Вільні.

 
Царква з боку апсіды

Храм мае выразныя абарончыя рысы. Чатыры нарожныя вежы мелі выразна абарончае прызначэнне, а вось пятая, якая мусіла сімвалізаваць цэнтральны купал, у спалучэнні з высокім гатычным дахам набыла празмерна выцягнуты выгляд. Дойлід Супраслеўскай царквы дасягнуў вельмі высокага майстэрства ў інтэрпрэтацыі гатычных форм і тэхналогій і прыстасаванні іх да праваслаўнай традыцыі.

Фрэскі правіць

Аб сістэме роспісаў Супрасльскай царквы дае ўяўленне скуф'я, люстра купала, дзе знаходзілася выява Хрыста Пантакратара з закрытай кнігай, якая, згодна з прароцтвам Іаана Багаслова, будзе раскрыта ў дзень Страшнага суда[2].

У прамежку паміж светлавым барабанам і купалам на кожнай з граней сцяны былі пачаргова адлюстраваны на дзве франтальныя фігуры шасцікрылых серафімаў і архангелаў[2].

У светлавым барабане паміж вокнамі былі размешчаны па тры выявы святых і прарокаў. Усе яны намаляваны ў рост, у розных ракурсах. Адзенне традыцыйнае — хітоны і гімаціі[2].

Ніжэй праходзіў шырокі дэкаратыўна-аранаментальны фрыз з пераплеценых лістоў аканту, шасціпялёсткавых кветак, якія нагадваюць назабудкі і галінкі крына[2].

Пад дэкаратыўным фрызам размешчаны выявы апосталаў. На ўсходняй грані васьмерыка Пётр, Павел і Іаан Багаслоў, на астатніх па дзве выявы. Яны падаюцца, як і выявы праайцоў і прарокаў, свабодна, у рэзкіх ракурсах фігур і асабліва галоў[2].

Пад апостальскіх поясам, які падзяляўся толькі карычнева-чырвонай разгранкай, размяшчаліся пакаленныя выявы мучанікаў з крыжамі ў руках. Яны, як і апосталы, прадстаўлены трыма выявамі на ўсходняй грані, на астатніх — па дзве. Ніжэй размешчаны медальёны з паяснымі выявамі суровых святых з клінападобнымі бародамі, паміж якімі былі раскіданы арнаментальныя ўзоры. На ветразях барабана размяшчаліся чатыры сівалы евангелістаў[2].

Евангельскія сюжэты былі размешчаны па перыметры сцен у два рэгістры, якія раздзяляліся разгранкай. Сюжэты прысвечаны ў асноўным акафісту Багародзіцы і некаторым сцэнам з жыцця Хрыста. Парадак размяшчэння сюжэтаў адпавядае канону[2].

Ніжэй евангельскіх сцэн знаходзіліся строга франтальныя выявы барадатых і валасатых пустэльнікаў у звярыных скурах, стоўпнікаў, воінаў і шматлікіх святых, якія запаўнялі ніжнія два рэгістры і грані нефных слупоў, арачныя праёмы[2].

У самым нізе праходзіў шырокі фрыз, які складаўся з платаў. Аздоблены малюнкам у выглядзе гарызантальных зігзагападобных трайных палос[2].

Арнаментальны дэкор упрыгожваў завершшы арак, аконныя праёмы і нішы[2].

Захавалася 30 фрагментаў фрэсак, якія цяпер экспануюцца ў музеі ікон  (польск.). Гэтыя фрэскі размяшчаліся на двух васьмігранных слупах, якія знаходзіліся ва ўнутранай падкупальнай прасторы храма. Гэта выявы мучанікаў, арнаментальна-дэкаратыўныя фрызы, які пакрывалі капітэлі слупоў. Цалкам захавалася толькі сем фрэсак з выявамі мучанікаў і ты медальёны з пакаленнымі выявамі святых, астатнія прыходзілася збіраць асобнымі кавалачкамі і фрагментамі. Па характары іканаграфіі і стылю выканання фрэскавы роспіс цакрвы аналагічны позневізантыйскаму мастацтву (т.зв. палеалогаўскаму рэнесансу) і ўзыходзіць да візантыйска-сербскіх традыцый. Стылістычна блізкім помнікам манументальнага жывапісу з'яўляецца царква Святой Тройцы ў Мансіі  (руск.)(Сербія)[2].

Зноскі

  1. „Еўропа ўзрушана смерцю Браніслава Герэмека”. Агляд друку. News from Poland (5 чэрвеня 2010).
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
  3. Андрэй Скурко. Маленькая скварачка ў вялікай кашы. Палітыка. Радыё «Свабода» (5 чэрвеня 2010).
  4. Уладзімір Міхневіч. Супрасль. Вакол свету. Польскае радыё для замежжа (5 чэрвеня 2010).

Літаратура правіць

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.

Спасылкі правіць