Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск)
Дабраве́шчанская царква́ ў Ві́цебску — праваслаўны храм, помнік архітэктуры XII стагоддзя, размешчаны ў цэнтры горада на левым беразе Заходняй Дзвіны. Адносіцца да шасціслуповага трохапсіднага крыжова-купальнага храма. Сярэдні неф шырэйшы за бакавыя.
Праваслаўная царква | |
Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы | |
---|---|
55°11′29,8″ пн. ш. 30°12′03″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск, плошча Тысячагоддзя Віцебска |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Віцебская і Аршанская епархія |
Архітэктурны стыль | Візантыйскі стыль |
Будаўніцтва | ? — XI-XII стст. |
Матэрыял | цэгла |
Стан | Рэстаўрыравана |
Сайт | blagvest.at.tut.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПісьмовыя крыніцы не захавалі звестак аб даце ўзвядзення віцебскай царквы Дабравешчання. Летапісныя крыніцы XVI-XVII стст. (Хроніка Стрыйкоўскага, Хроніка Быхаўца) адносяць узвядзенне царквы да XIV стагоддзя і звязваюць з імем князя Альгерда. Паданне, зафіксаванае ў гарадскім летапісе XVII стагоддзя, кажа аб узвядзенні храма Дабравешчання ў Віцебску ў 974 годзе княгіняй Вольгай адначасова з заснаваннем горада.
Датаванне будаўніцтва
правіцьПершае абследаванне храма было ажыццёўлена ў пачатку XIX стагоддзя А. М. Паўлінавым, які зрабіў здагадку пра час яго ўзвядзення ў межах X—XII стагоддзяў, больш схіляючыся да XI стагоддзя. Першая абгрунтаваная датыроўка будаўніцтва храма высунутая ў пачатку дваццатых гадоў XX стагоддзя Н. І. Бруновым (які аднёс яе да XII стагоддзя), не аспрэчана да гэтага дня. Праводзіліся археалагічныя даследаванні (у 60—90-я гады XX стагоддзя) пад кіраўніцтвам Г. Штыхава, А. Трусава, П. Рапапорта і Т. Бубенька, разам аналізам і вывучэннем архітэктурных формаў, будаўнічай тэхнікі і фрагментаў фрэсак, яны даюць падставу датаваць будаўніцтва царквы ў межах XII стагоддзя і выказаць здагадку ўдзелу ва ўзвядзенні храма візантыйскіх майстроў і выкарыстанне візантыйскага будаўнічага досведу.
Перабудовы
правіцьЦарква некалькі разоў перабудоўваўся. У 1619 г. па загаду караля Жыгімонта III перададзена уніятам. Царква моцна пацярпела падчас Паўночнай вайны. У 1714 годзе быў праведзены рамонт, а ў 1759 царква перабудавана ў стылі позняга барока. У 1832 годзе царква была вернута праваслаўным, але знаходзілася «в самом неустроенном и не имеюшем никакого благолепия положении»; адрамантавана ў 1833 годзе губернскім архітэктарам І. Беціні[1].
У сярэдзіне XIX стагоддзя перабудавана яшчэ раз.
Вялікая Айчынная вайна і СССР
правіцьЦарква моцна разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны. У даведцы аддзела аховы помнікаў архітэктуры Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР пра разбурэнне і разрабаванне гітлераўскімі акупантамі гістарычных помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг. паведамлялася[2][3]:
Напаўзруйнавана Дабравешчанская царква X стагоддзя. У 1941 г. яна была спалена, праз што ўся ўнутранасць храма выгарэла: абсыпалася тынкоўка і ў многіх месцах муроўка X ст., пашкоджаны манументальны жывапіс храма X—XIII стагоддзі на 90 прац. У 1944 г. немцы ператварылі гэты гістарычны помнік беларускага народа ў агнявы пункт. Ва ўсходніх сценах прабілі 3 скразныя амбразуры для вядзення кулямётнага агню, а пляцоўку вакол храма паскопвалі акопамі і хадамі зносін. У выніку гэтага ў падмурках, сценах і скляпеннях храма ўтварылася шмат расколін, карнізы абсыпаліся, дах знішчаны. У наш час па пастанове Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта храм рамантуецца і ўзяты пад асаблівы нагляд. Кошт шкоды, прычыненага нямецкімі захопнікамі толькі па Дабравешчанскай царкве, роўны ў руб. 1913 г. 2 367 438 руб. |
Гэта сума была ўключана ў рахунак іску, які СССР прад'явіў Германіі на Нюрнбергскім працэсе[4].
Спачатку царкву меркавалі рэстаўраваць. У 1944 годзе вядомы архітэктар і рэстаўратар Пётр Бараноўскі зрабіў абмеры, абследаванне, а таксама падрыхтаваў праект кансервацыі і рэстаўрацыі[4]. Сцены помніка амаль поўнасцю захаваліся, патрабавалася толькі аднавіць перакрыццё ды правесці некаторыя рамонтныя работы звонку і ўсярэдзіне храма. 18 красавіка 1946 г. складзены акт даследавання помніка, у якім запісана[5]:
Дакладна вызначыць аблічча нутра немагчыма. Аднак, улічваючы адносную трываласць сцен і скляпення (будынак перанёс разбурэнне на 35 %), прыбліжана ўсё ж магчыма рэстаўраваць як гістарычны помнік. Недакладнасць рэстаўрацыі можа выявіцца толькі ва ўнутраным мастацкім афармленні. Каштоўнасць уцалелай часткі ў апісаным вышэй тэхнічным стане арыенціровачна выражаецца ў суме 300 тыс. рублёў. |
Але ў той час да рэстаўрацыі не прыступілі[5]. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 13 верасня 1953 храм быў прыняты пад ахову дзяржавы[4]. Рабіліся спробы знайсці грошы на рэстаўрацыю і ў 1960 г[5].
Знішчэнне і кансервацыя
правіцьУ 1961 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб частковай змене спісаў археалагічных і гістарычных помнікаў і помнікаў архітэктуры», у выніку чаго Дабравешчанская царква разам з некаторымі іншымі аб’ектамі была выключана з ахоўных спісаў помнікаў гісторыі і культуры быццам бы з прычыны таго, што «помнік дайшоў да нас у моцна скажоным выглядзе, знаходзіцца ў паўразбураным стане, што выключае рэстаўрацыю». 18 снежня 1961 г. старшыня гарвыканкама Мікалай Сабельнікаў аддаў распараджэнне гаркамгасу знішчыць святыню[6][5]. Прычынай зносу стала быццам бы тое, што спатрэбілася танцавальная пляцоўка для моладзі горада Віцебска[4].
Пра гэтыя планы даведваецца архітэктар-рэстаўратар Пётр Бараноўскі. 15 снежня 1961 года ён накіроўвае першаму сакратару ЦК КПБ Кірылу Мазураву тэлеграму[4]:
У Віцебску мясцовыя ўлады збіраюцца знішчаць Дабравешчанскую царкву – помнік сусветнага значэння. Вы, як першая асоба рэспублікі, павінны гэтаму перашкодзіць! |
Сам Бараноўскі з камісіяй па ахове помнікаў спяшаецца ў Віцебск. Падзеі гэтага часу захаваліся ва ўспамінах гісторыка мастацтваў А. С. Трафімава[4]:
Мы зрабілі запыт ва Упраўленне выяўленчых мастацтваў і аховы помнікаў Міністэрства культуры СССР і атрымалі адказ, што нам не варта ўмешвацца ў культурную палітыку Беларускай ССР.
Тады мы распачалі апошнюю адчайную спробу прадухіліць катастрофу і выляцелі ў Віцебск. Пётр Дзмітрыевіч не меркаваў, што мы сустрэнем не толькі абыякавае, але і варожае стаўленне кіраўнікоў гарвыканкама да нас і нашых просьбаў, хоць гэтыя просьбы былі зусім не асабістага, а грамадскага характару. Ніякія довады не дапамаглі, і нам параілі пакінуць горад. Наўздагон было сказана: «Не замінайце будаваць новае жыццё!» Тэлеграма, пасланая намі на імя першага сакратара ЦК КП Беларусі К. Т. Мазурава, магчыма, толькі паскорыла разбурэнне храма. Ён быў узарваны праз тры дні пасля нашага ад'езду з Віцебска. |
Віцебскі гісторык М. С. Рыўкін у сваім артыкуле «Ля апошняй мяжы» так апісаў працэс знішчэння помніка[5]:
Два дні выканаўцы волі герастратаў змагаліся з дапамогай узрыўчаткі і моцнай тэхнікі з Благавешчанкай, каб сцерці яе з твару зямлі. Доўга яшчэ цягнуўся ў неба слуп пылу ад разбітай у пацяруху старажытнай плінфы”. Разам з царквой загінулі і ўнікальныя фрэскі. |
Сцены ўзарванай ў снежні 1961 годзе царквы захаваліся на вышыню да 5 метраў. Менш чым праз месяц, Савет Міністраў БССР пастанавіў узяць пад ахову руіны помніка.
Сітуацыя вакол знішчэння каштоўнага помніка гісторыі і архітэктуры гарадскімі ўладамі на чале са старшынёй гарвыканкама Мікалаем Сабельнікавым была высмеяна ў сюжэце «Недолго думая» выпуска № 3 сатырычнага кіначасопіса «Фитиль» (1962)[2][7].
У 1968 г. археолагам М. К. Каргерам праведзены раскопкі і частковая разборкі абломкаў. У 1977 годзе праведзена кансервацыя руін царквы (архітэктар С. Друшчыц).
Аднаўленне царквы
правіцьУ 1993—1998 гг. царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы адноўленая ў абліччы XII стагоддзя па праекце архітэктара Г. А. Лаўрэцкага з захаваннем фрагментаў арыгінальнай муроўкі (кладка сцен — чаргаванне даламітавых абчасаных блокаў з двума або трыма радамі плінфы)[8].
Архітэктура
правіцьПомнік полацкай школы дойлідства, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнага базілікальнага тыпу візантыйскага сакральнага збудавання. Пры будаўніцтве храма выкарыстана сістэма муроўкі з чаргаваннем радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі, адкуль, відаць, і былі запрошаныя майстры ў Віцебск[9].
Выцягнуты ў плане прамавугольны аб'ём на высокім цокалі з тыльнай усходняй сцяны мае вялікую паўкруглую цэнтральную апсіду, дэкарыраваную тонкімі калонкамі. Шырыня царквы 11,1 м, даўжыня без апсіды 18,2 м, з апсідай — 21 м, таўшчыня сценаў ад 1,1 да 1,5 м. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі падзяляюцца на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закамарамі з дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў размяшчаліся аркавыя ўходныя парталы з невялікімі прытворамі. Канструкцыйнае выкананне будынка — у візантыйскай тэхніцы муроўкі (opus mixtum): гарызантальныя шэрагі блокаў-квадраў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі ў 1—4 шэрагі тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Памеры плінфы — 3—3,7 × 19—20 × 27—29 см (асноўны фармат), 2,8 × 15 × 21 см і 6 × 27 × 30 см. Муроўка змацоўваецца рашчынай так званай ружовай цамянкі — сумесь вапны з тоўчанай цэглай. Канструкцыйна сцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 шэрагі бярвеннямі. Падлога складаецца з невялікіх часаных камянёў, яе ўзровень на 105 см вышэй за цокаль будынка. Пад аўтэнтычнай падлогай на глыбіні да 1 м знаходзіцца пласт вапнавай рашчыны з дамешкамі дробных камянёў, пад якім залягае культурны пласт 0,4—0,6 м з керамікай XI — 1-й чвэрці XII стст.[10]
Па перабудове ў стылі віленскага барока купал на сяродкрыжжы разабралі, а над алтарнай часткай узвялі вежачку з спічакам. На ўсю шырыню галоўнага фасада прыбудавалі новы ўходны аб'ём з дзвюма шмат'яруснымі вежамі-званіцамі і фігурным франтонам паміж імі. У адпаведнасці з грэка-каталіцкай абраднасцю ў інтэр'еры царквы зрабілі мураваную алтарную перагародку. Да паўночнага фасада каля алтара далучылася рызніца, а да паўднёвага фасада — 2-павярховая прыбудова, на другім паверсе якой знаходзілася «цёплая» Пакроўская царква. У выніку мураўёўскай перабудовы 2-й паловы XIX ст. з царквы знялі вежы-званіцы, над дахам узвялі вялікі драўляны 8-гранны барабан з купалам-цыбулінай. У наш час над будынкам узвялі цыліндрычны барабан пад паўсферычным купалам. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагменты старажытнай плінфавай муроўкі.
Унутры 6 крыжовых у сячэнні слупоў падзяляюць залу на 3 нефы, сярэдні з якіх шырэйшы за бакавыя, і завяршаецца вонкавай апсідай, бакавыя — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У заходняй частцы на пары слупоў размяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сцяны. Бакавыя часткі хораў займалі капліцы з невялікімі апсідамі ў таўшчыні муроў. Нартэкс пад хорамі вылучаецца глухім прасценкам.
Інтэр'ер царквы меў багатую фрэскавую роспісу XII ст., якая пакрывала ўсе роўніцы сценаў (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сцяны каля падлогі). Геаметрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з 3-кутніх пірамідаў. Калярыстычная гама карычнева-чырвоная, ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмент фрэскавай выявы ваяра з старажытнаславянскімі літарамі, зняты з партала галоўнага ўходу, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Іканастас 2-ярусны сучаснай работы[11].
Галерэя
правіцьЗноскі
- ↑ Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск) на сайце Radzima.org
- ↑ а б Спадчына . Telegram. Праверана 1 студзеня 2024.
- ↑ З даведкі аддзела аховы помнікаў архітэктуры Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР пра разбурэнне і разрабаванне гітлераўскімі акупантамі гістарычных помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.
- ↑ а б в г д е Как взрывали храмы Витебска-2: Благовещенская церковь . Народные новости Витебска (23 чэрвеня 2011). Праверана 1 студзеня 2024.
- ↑ а б в г д Якімовіч Ю.А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Рэд. і падрыхт. да друку: Л.У. Хмяльніцкая. – Мінск, 2019. – 240 с.
- ↑ Трусова В., Каданова Г. На алтарь большевистского идола // Витебский курьер. 1993. 10 апреля
- ↑ Недолго думая (Фитиль №3/1962)(нявызн.). Праверана 1 студзеня 2024.
- ↑ к // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 39.
- ↑ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Алег Трусаў. Віцебская царква Звеставання // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 327.
- ↑ к // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 40.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
Спасылкі
правіць- Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск) на сайце «Архіварта»