Дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой

Дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой — двухбаковы дагавор, падпісаны паміж Савецкім Саюзам і міжваеннай Літвой 10 кастрычніка 1939 года. У адпаведнасці з палажэннямі дагавора Літва атрымала каля адной пятай Віленскага краю, уключаючы Вільню, на якія прэтэндавала з 1920 года. Узамен дзяржава абавязалася стварыць пяць савецкіх вайсковых баз з 20 000 вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі. Па сутнасці, дадзены дагавор падобны на аналагічныя пакты, якія Савецкі Саюз падпісаў з Эстоніяй 28 верасня і з Латвіяй 5 кастрычніка. Такім чынам савецкая ваенная дапамога забяспечвала абарону слабой нацыі ад магчымых нападаў нацысцкай Германіі[1]. Дакумент прадугледжваў, што суверэнітэт Літвы не будзе закрануты[2], але фактычна краіна страціла нейтралітэт і не магла самастойна ажыццяўляць сваю знешнюю палітыку[2][3].

Дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой
Дата падпісання 10 кастрычніка 1939
Месца падпісання Масква
Бакі  СССР
Літва Літва

Перадгісторыя

правіць

Літва абвясціла дзяржаўную незалежнасць 16 лютага 1918 года. 12 чэрвеня 1920 года, пасля літоўска-савецкай вайны, быў падпісаны мірны дагавор. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы і яе права на Віленскі край. Аднак гэты рэгіён аспрэчвала Польшча, якая ўзяла яго пад кантроль пасля бунту Жалігоўскага ў кастрычніку 1920 года. Затым ён быў уключаны ў Рэспубліку Сярэдняя Літва. Рэгіён быў перададзены Польшчы ў 1922 годзе па Рыжскаму дагавору 1921 года пасля савецка-польскай вайны, што было замацавана на міжнародным узроўні Лігай Нацый[4]. Літоўцы адмовіліся прызнаць польскі суверэнітэт і працягвалі прад’яўляць правы на рэгіён на працягу міжваеннага перыяду. Савецкі Саюз падтрымліваў прэтэнзіі Літвы супраць Польшчы. Ён таксама падтрымаў дзеянні краіны ў Мемельскім краі пасля Мемельскага паўстання, у выніку якога нямецкі Мемель быў захоплены Літвой[5].

23 жніўня 1939 года Савецкі Саюз і нацысцкая Германія падпісалі Пакт Молатава-Рыбентропа і падзялілі Усходнюю Еўропу на сферы ўплыву. Паводле сакрэтных пратаколаў пакта, Літва была замацаваная за сферай уплыву Берліна, а Латвія і Эстонія былі замацаваныя за Масквой[6].

1 верасня 1939 года Германія ўварвалася ў Польшчу. Вермахт адціснуў польскія войскі за рысу, узгодненую з СССР па пакту Молатава—Рыбентропа. Немцы ўзялі пад свой кантроль Люблінскае ваяводства і ўсход Варшаўскага ваяводства[7]. 17 верасня ўрад Польшчы пакінуў краіну, і Чырвоная Армія высунулася на лінію судакранання з германскімі войскамі, заняўшы Віленскі край, які ў адпаведнасці з савецка-літоўскімі дамовамі 1920 і 1926 гадоў павінен быў належаць Літве. Дамогшыся ад немцаў перагляду сакрэтных пратаколаў да пакта Молатава—Рыбентропа, 28 верасня 1939 года СССР падпісаў з Германіяй Дагавор аб дружбе і мяжы[8]. У сакрэтным дадатку да яго было агаворана, што для кампенсацыі Савецкаму Саюзу акупаваных немцамі польскіх тэрыторый Германія перадасць Літву, за выключэннем наваколляў горада Сувалкі, у савецкую сферу ўплыву[9]. Абмен тэрыторыямі таксама быў матываваны жаданнем СССР кантраляваць Літву, якая абвясціла Вільню сваёй сталіцай дэ-юрэ[10].

Перамовы

правіць

29 верасня, на наступны дзень пасля заключэння дамовы аб дружбе і мяжы, Германія адмяніла запланаваныя перамовы з Літвой, а Савецкі Саюз паведаміў Літве, што хоча пачаць перамовы аб будучых адносінах паміж дзвюма краінамі[10] вакол Віленскага краю[7]. Міністр замежных спраў Літвы Юозас Урбшыс прыбыў у Маскву 3 кастрычніка. Падчас сустрэчы Іосіф Сталін асабіста праінфармаваў Урбшыса аб савецка-германскіх сакрэтных пратаколах і паказаў карты сфер уплыву[11]. Ён запатрабаваў, каб Літва падпісала тры асобныя дамовы, паводле якіх[3]:

  1. будуць створаны савецкія ваенныя базы і ў Літве будзе размешчана да 50 000 савецкіх салдат (першапачатковы пакт аб узаемадапамозе);
  2. літоўская тэрыторыя на захад ад ракі Шашупэ будзе перададзена нацысцкай Германіі (у адпаведнасці з пагадненнем паміж Германіяй і Савецкім Саюзам у рамках Дагавора аб дружбе і мяжы);
  3. частка Віленскага краю будзе далучаная да Літвы.

Урбшыс пратэставаў супраць савецкіх баз, сцвярджаючы, што гэта будзе азначаць фактычную акупацыю Літвы[10]. Савецкі бок сцвярджаў, што абароніць Літву ад магчымых нападаў з боку нацыстаў і што аналагічная дамова ўжо была падпісаная з Эстоніяй. Але літоўскі бок жадаў захаваць нейтралітэт і прапаноўваў узмацніць сваю армію[12]. Урбшыс заявіў, што яго ўрад адмаўляецца ад Віленскага краю, а таксама ад савецкіх гарнізонаў, на што Сталін адказаў: «незалежна ад таго, возьмеце вы Вільню ці не, савецкія гарнізоны ўсё роўна ўвойдуць у Літву»[13]. Нарэшце, ён пагадзіўся скараціць колькасць размешчаных войскаў да 35 тысяч. Затым Урбшыс таксама выгандляваў большую колькасць тэрыторый у Віленскім рэгіёне, асабліва ў ваколіцах Друскінінкая і Швянчоніса, тэрыторый з вялікім літоўскім насельніцтвам. СССР пагадзіўся, што дэмаркацыя межаў паводле мірнай дамовы 1920 года была недакладнай і што беларусы таксама прэтэндуюць на гэтую тэрыторыю. Папярэдне савецкі бок пагадзіўся з тым, што тэрыторыі з пераважнай літоўскай большасцю будуць перададзеныя Літве. Самым шакавальным патрабаваннем было саступіць частку тэрыторыі Літвы Германіі. Літоўцы вырашылі адкласці любыя перамовы аб перадачы тэрыторыі Германіі датуль, пакуль немцы не выкажуць выразных патрабаванняў.

Урбшыс вярнуўся ў Літву, каб пракансультавацца з урадам. Нямецкія афіцыйныя асобы пацвердзілі, што сакрэтныя пратаколы сапраўдныя, і паведамілі літоўцам, што перадача тэрыторыі ў Сувалках не з’яўляецца тэрміновым пытаннем[10]. Урэшце, нацысцкая Германія прадала гэтую тэрыторыю Савецкаму Саюзу за 7,5 мільёна долараў 10 студзеня 1941 года ў рамках германа-савецкага гандлёвага пагаднення[14]. Літоўцы ў прынцыпе пагадзіліся падпісаць дамову аб узаемадапамозе, але дэлегацыі на перамовах было дадзенае ўказанне максімальна супраціўляцца савецкім базам. Наўзамен прапаноўваліся падваенне літоўскага войска, абмен вайсковымі місіямі і будаўніцтва ўмацаванняў на заходняй мяжы з Германіі, аналагічна лініі Мажыно ў Францыі[3][15]. 7 кастрычніка літоўская дэлегацыя ў складзе генерала Стасіса Рашцікіса і віцэ-прэм’ера Казіса Бісаўскаса вылецела ў Маскву. Сталін адмовіўся ад прапанаваных альтэрнатыў, але пагадзіўся скараціць колькасць савецкіх войскаў да 20 000 чалавек[7]. Савецкі бок хацеў падпісаць дамову неадкладна, каб адзначыць 19-ю гадавіну бунту Жалігоўскага і страты Літвой Вільні. Палітычныя мітынгі, арганізаваныя ў Вільні з патрабаваннем уключэння горада ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, аказалі дадатковы ціск на літоўцаў і падштурхнулі іх да згаворлівасці. Тым не менш Урбшыс адмовіўся падпісваць дагавор, і перамовы былі зноў перапыненыя.

У Літве прэзідэнт Антанас Смятона сумняваўся ў мэтазгоднасці набыцця Вільні за такі кошт і абмяркоўваў, ці можна перапыніць перамовы[3]. Бізаўскас сцвярджаў, што адмова ад дамовы не перашкодзіць Савецкаму Саюзу ажыццявіць свой план. Масква ўжо пагражала Эстоніі сілай, калі яна адмовіцца ад дагавора аб узаемадапамозе[2], збіраючы войскі на ўсходзе Віленскага краю і ў Латвіі, каля паўночнай мяжы Літвы[16]. У такім святле ўрад вырашыў запатрабаваць як мага больш тэрыторыі ў абмен на базы. Аднак калі дэлегацыя вярнулася ў Маскву, атмасфера змянілася: савецкі бок стаў нягнуткім, адмаўляўся ад далейшых перамоваў. Быў прадстаўлены новы праект дамовы, які аб’яднаў пакт аб узаемадапамозе і перадачу Вільні. У літоўскай дэлегацыі не засталося выбару. Пасля падпісання дамовы Сталін запрасіў літоўскую дэлегацыю адзначыць гэтую падзею і паглядзець разам з ім два фільмы[17].

Урбшыс праінфармаваў урад Літвы аб падпісанні дамовы толькі раніцай 11 кастрычніка — у той час, калі дамова ўжо была апублікаваная савецкім інфармацыйным агенцтвам ТАСС[18].

Наступствы

правіць

Дагавор быў прадстаўлены савецкай прэсай як доказ павагі да малых народаў[19] і добразычлівасці Сталіна[20]. Падкрэслівалася, што ўжо ў другі раз Савецкі Саюз аддаў Вільню Літве[10], пакуль Ліга Нацый не змагла стаць пасярэднікам у польска-літоўскай спрэчцы[21]. Таксама выказвалася жаданне пераканаць літоўцаў у тым, што савецкая дружба з’яўляецца эфектыўнай абаронай і жаданай альтэрнатывай нацысцкай агрэсіі[10].

Польскі ўрад у выгнанні афіцыйна апратэставаў дагавор, на што літоўцы адказалі, што рэгіён юрыдычна з’яўляецца часткай Літвы. Палякі былі абураныя, і як толькі Чырвоная армія пакінула Вільню, успыхнулі антылітоўскія беспарадкі[22].

Францыя і Вялікабрытанія, традыцыйныя саюзнікі Польшчы, таксама асудзілі дагавор[3]. Беларускія актывісты, якія выступалі за ўключэнне Вільні ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, былі арыштаваныя. Перадача Вільні Літве паклала канец іх нацыянальным памкненням пазіцыянаваць Беларусь як пераемніка Вялікага Княства Літоўскага[23] (гл. Дыскусія вакол спадчыны Вялікага Княства Літоўскага).

Літоўскія палітыкі паспрабавалі прадставіць здабыццё Вільні як буйную дыпламатычную перамогу. Саюз нацыяналістаў Літвы, кіруючая палітычная партыя ў Літве пасля перавароту 1926 года, выкарыстоўваў святкаванне вяртання горада, каб павысіць свой прэстыж і папулярнасць[24]. Урад падкрэсліваў сваю кампетэнтнасць, а апазіцыя падкрэслівала савецкую шчодрасць[21]. Хоць палітыкі публічна хвалілі Савецкі Саюз, у прыватным парадку яны разумелі, што гэтая дамова ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу незалежнасці Літвы[25].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. "Soviet Acclaimed Baltic's Protector". The New York Times: 5. 1939-10-12.
  2. а б в Lane 2001, pp. 37–38.
  3. а б в г д Eidintas et al. 1999, pp. 168–176.
  4. Miniotaite. The Security Policy of Lithuania and the 'Integration Dilemma' (англ.). NATO Academic Forum (5 мая 1999). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2021. Праверана 8 ліпеня 2020.
  5. Eidintas et al. 1999, pp. 108–110.
  6. Raun, Toivo U. Estonia and the Estonians. Hoover Press. ISBN 0-8179-2852-9. Источник(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 ліпеня 2020. Праверана 8 ліпеня 2020.
  7. а б в Eidintas 1991, pp. 137–140.
  8. Kershaw, Ian. Fateful Choices: Ten Decisions that Changed the World, 1940–1941. Penguin Group. ISBN 1-59420-123-4. Источник(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2020. Праверана 8 ліпеня 2020.
  9. Vardys, Vytas Stanley. Lithuania: The Rebel Nation. Westview Series on the Post-Soviet Republics(англ.). ISBN 0-8133-1839-4. {{cite book}}: |website= ігнараваны (даведка)
  10. а б в г д е Senn 2007.
  11. Urbšys, Juozas (Summer 1989). "Lithuania and the Soviet Union 1939–1940: the Fateful Year". Lituanus. 2 (34). ISSN 0024-5089. Архівавана з арыгінала 2019-09-26. Праверана 2020-07-08.
  12. Eidintas et al. 1999.
  13. Gureckas. Ar Lietuva galėjo išsigelbėti 1939–1940 metais? (літ.). lrytas.lt. Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2020. Праверана 30 чэрвеня 2010.
  14. Kamuntavičius, Rūstis; Vaida Kamuntavičienė; Remigijus Civinskas; Kastytis Antanaitis (2001). Lietuvos istorija 11-12 klasėms (in Lithuanian). Vilnius: Vaga. p. 399. : [лит.]. — ISBN 5-415-01502-7.
  15. Gedye, G.E.R. (1939-10-07). "Lithuania to Yield: Will Give Soviet Union Right to Build 'Maginot Line' on German Border". The New York Times: 1, 7.
  16. Shtromas, Alexander (2003). Totalitarianism and the Prospects for World Order. Lexington Books. ISBN 0-7391-0534-5.
  17. Senn 2007, pp. 15–21.
  18. Senn 2007, pp. 40–41.
  19. Triska, Jan F.; Robert M. Slusser (1962). The Theory, Law, and Policy of Soviet Treaties. Stanford University Press. p. 236. — ISBN 0-8047-0122-9.
  20. "Soviet Acclaimed Baltic's Protector". The New York Times: 5. 1939-10-12.
  21. а б Senn 2007, pp. 27–28.
  22. Piotrowski 1998, pp. 161–162.
  23. Snyder, Timothy (2004). The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. Yale University Press. pp. 81-83. — ISBN 0-300-10586-X.
  24. Sabaliūnas, Leonas. Lithuania in Crisis: Nationalism to Communism 1939—1940 (англ.). — Indiana University Press, 1972. — P. 157—158. — 293 p. — ISBN 978-0253336002.
  25. Anušauskas 2005, pp. 41–43.

Літаратура

правіць