Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР

Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР — уваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР пасля вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі 1939 года.

Савецкі прапагандысцкі плакат, дзе чырвонаармеец забівае польскага арла, як сімвал вызвалення беларускага і ўкраінскага народаў

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы ў 1921—1939

правіць

Заходняя Беларусь — назва часткі земляў, якія да 1917 года ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, у 1918—1920 гг. неаднаразова мянялі прыналежнасць і адыйшлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавору пасля польска-савецкай вайны. Тэрыторыя Заходняй Беларусі прыблізна адпавядае сучасным Брэсцкай, Гродзенскай, часткі Мінскай і заходняй палове Віцебскай абласцей Рэспублікі Беларусь. Насельніцтва ў 1930-х гг. каля 4 млн чал.

Назва дадзеная паводле этнічнага складу насельніцтва, у якім пераважалі беларусы і беларуская культура. У польскай культуры пераважна вядомая як Усходнія землі ці ўскраіны («крэсы всходне»).

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора бальшавіцкая Расія вызначылі памер беларускай этнаграфічнай тэрыторыі, якая апынулася ў складзе Польшчы, у 98.815 км² з 3,2 млн насельніцтва[1]. У дакладзе на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР I склікання, старшыня СНК СССР і народны камісар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў апераваў: «тэрыторыя Заходняй Беларусі дасягае 108 тысяч квадратных кіламетраў»[2]. Савецкая акадэмічная навука вызначала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тыс. км², аднак уключаючы ў яе склад усе 4 ваяводствы былых «паўночна-ўсходніх крэсаў», якія займалі нашмат большую плошчу[3].

Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Заходняй Беларусі значна адрознівалася ад астатняй Польшчы. З эканамічнага пункту гледжання, край заставаўся адсталай аграрнай ускраінай і выкарыстоўваўся пераважна як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы, як рынак збыту для польскай прамысловасці. Такая эканамічная палітыка кіруючых колаў краіны ва ўмовах аграрнага перанасялення і масавага беспрацоўя асуджала край на адсталасць і беднасць.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся масавы рух супраць прыгнёту Польшчы.

Ваенная кампанія (верасень 1939)

правіць

Вайсковая аперацыя СССР супраць Польшчы праведзеная 17—28.9.1939[заўв 1], яна мела мэтай заняцце ў тым ліку земляў Заходняй Беларусі, у адпаведнасці з падзелам сфераў уплыву паміж СССР і Германіяй паводле дамовы ад 23.8.1939. Аперацыя праводзілася ў час, калі адбывалася Польская абарончая вайна (1939), але фармальна СССР у вайну тады не ўступаў, а аперацыя азначалася як «мера савецкага ўраду па абароне інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў».

Вынікам аперацыі сталі хуткая і лёгкая перамога СССР над ужо аслабленай, палітычна і вайскова, Польшчай, далучэнне земляў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да БССР і УССР, падпісанне новага савецка-германскага дагавора (28.9.1939).

Палітычнае замацаванне беларускага ўз’яднання

правіць

Мерапрыемствы на далучанай тэрыторыі

правіць

Услед за Чырвонай Арміяй у Заходнюю Беларусь для ўсталявання Савецкай улады з усходніх раёнаў было накіравана на партыйную работу 1500, на камсамольскую, савецкую, гаспадарчую — 1200 камуністаў і камсамольцаў, сотні супрацоўнікаў НКУС, якія не ведалі мясцовага ўкладу жыцця, звычаяў, асаблівасцей мовы, а таму не карысталіся даверам мясцовага насельніцтва. Ва ўсіх гарадах і паветах былі створаны часовыя ўпраўленні, у вёсках — сялянскія камітэты з мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і прысланых з усходніх раёнаў камуністаў і камсамольцаў. Яны стварылі атрады рабочай гвардыі, міліцыі, бралі на ўлік фабрыкі і заводы, устанаўлівалі рабочы кантроль, займаліся забеспячэннем, медыцынскім абслугоўваннем. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую зямлю сярод беззямельных і малазямельных сялян, якія атрымалі 431 тыс. га зямлі, ім было перададзена 14 тыс. коней і 33,4 тыс. кароў.

5 кастрычніка 1939 г. Часовая ўправа Беластока звярнулася да ўсіх часовых упраў края з прапановай склікаць сход для вырашэння пытанняў дзяржаўнага ладу. 3 прадстаўнікоў часовых упраў быў створаны камітэт па арганізацыі выбараў, якія адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. 3 926 абраных дэпутатаў народнага сходу 563 былі з сялян, 197 — з рабочых, 166 — з інтэлігенцыі і іншых слаёў насельніцтва. Сярод дэпутатаў было: 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 43 рускіх, 53 украінцы і 10 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся народны сход Заходняй Беларусі. Ён прыняў дэкларацыі аб абвяшчэнні Савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, канфіскацыі панскіх зямель, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. Сход пастанавіў прасіць Вярхоўны Савет СССР, Вярхоўны Савет БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. Народны сход выбраў паўнамоцную камісію з 66 чалавек для перадачы Вярхоўным Саветам СССР і БССР яго рашэнняў. 2 лістапада 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада сесія Вярхоўнага Савета БССР прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР.

У лістападзе-снежні 1939 года адбылася нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў. Былі нацыяналізаваны не толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і большая частка дробных, што пярэчыла рашэнням народнага сходу Заходняй Беларусі. Аднаўляліся і рэканструяваліся прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Дробныя прадпрыемствы і рамесна-саматужныя майстэрні былі аб’яднаны ў больш буйныя, павялічылася колькасць рабочага класа, паступова ліквідавалася беспрацоўе. К канцу 1940 года ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых больш 20 чалавек. Аб’ём валавой прадукцыі ў параўнанні з 1938 годам павялічыўся больш чым у 2 разы. Да вайны было створана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7 % гаспадарак і 7,8 % зямлі. Іх абслугоўвалі 101 МТС, у якіх налічвалася 997 трактараў, 368 сеялак, 193 аўтамашыны. На землях лепшых маёнткаў былі арганізаваны 28 саўгасаў.

У заходніх абласцях была ўведзена савецкая сістэма сацыяльнага забеспячэння, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, адкрыта шмат паліклінік, бальніц, дыспансераў. У 1940/41 навучальным годзе дзейнічала 5958 агульнаадукацыйных школ, з якіх 4500 вялі навучанне на беларускай мове, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. К канцу 1940 г. працавалі 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў і 121 кінаўстаноўка, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Сям’ю беларускіх літаратараў папоўнілі Піліп Пестрак, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Міхась Васілёк, Мікола Засім і іншыя. Былі адкрыты абласныя тэатры ў Брэсце, Беластоку, Баранавічах, Пінску.

У снежні 1939 г. — студзені 1940 г. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі, створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінскія вобласці і 101 раёнаў, а ў лютым — сакавіку 1940 г. — сельсаветы, партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Мясцовыя органы ўлады ў заходніх абласцях апынуліся ў рэчышчы сталінскай камандна-адміністрацыйнай сістэмы і сталі яе састаўной часткай. Гэта адбілася на метадах работы і ходзе сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Пераход да калектывізацыі выклікаў супраціўленне часткі заможных сялян. Вялася антыкалгасная агітацыя, былі выпадкі падпалу калгасных будынкаў, асобных тэрарыстычных актаў. Але ў цэлым барацьба супраць калгасаў у заходнебеларускай вёсцы не дасягнула значных памераў. У адносінах да кулацтва праводзілася палітыка абмежавання. У красавіку 1941 г. для заходніх абласцей БССР былі ўстаноўлены нормы землекарыстання ў памеры 10, 12, 15 га зямлі ў залежнасці ад мясцовых умоў. У некаторых раёнах органамі НКУС ва ўсходнія раёны была выселена частка заможных сялян, але ў большасці раёнаў высяленне не праводзілася.

Рэпрэсіі

правіць

Адначасова з мерапрыемствамі па пашырэнні сацыяльнай базы новай улады рэпрэсіўны апарат сталінскай дыктатуры ўзмоцнена выкарчоўваў «ворагаў народа», «выкараняў» перажыткі і іншадумства сярод насельніцтва. Адразу пасля ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаліся палітычныя рэпрэсіі. На 22 кастрычніка было арыштавана 4315 памешчыкаў, капіталістаў, прадстаўнікоў былой польскай адміністрацыі, паліцэйскіх, кіраўнікоў палітычных партый і арганізацый. Па рашэнні НКУС СССР па справах ваеннапалонных і арыштаваных у красавіку — маі 1940 г. былі расстраляны 21 857 чалавек, у тым ліку 14 700 тых, хто знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных у Казельску, Старабельску, Асташкаве, і 7305 — у іншых лагерах і турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. 5 снежня 1939 г. СНК СССР прыняў сакрэтную пастанову аб высяленні з заходніх абласцей Украіны і Беларусі асаднікаў і работнікаў лясной аховы. У перыяд першай дэпартацыі (10 лютага 1940 г.), у якой удзельнічала 16 279 чалавек аператыўна-каманднага саставу, было рэпрэсіравана 9584 гаспадаркі (50 732 чалавекі). У красавіку было рэпрэсіравана 26 777 чалавек. 29 чэрвеня 1940 г. органы НКУС БССР правялі трэцюю аперацыю, на гэты раз па высяленні бежанцаў з заходніх абласцей. У гэты дзень было рэпрэсіравана і пагружана ў вагоны 747 сямей.

У 1939—1941 гг. на тэрыторыі заходніх абласцей існавалі польскія падпольныя арганізацыі «Саюз барацьбы за незалежнасць Польшчы», «Саюз узброенай барацьбы», «Саюз польскіх патрыётаў», «Стральцы», «Сокал», «Вызваленцы», «Партызанка» і інш. Яны назапашвалі зброю, мелі радыёпрыёмнікі, пісалі і распаўсюджвалі антысавецкія лістоўкі, у якіх заклікалі палякаў да супраціўлення акупантам-бальшавікам, да падрыхтоўкі ўзброенага паўстання за аднаўленне Польшчы, у складзе якой яны бачылі і Заходнюю Беларусь. За перыяд з кастрычніка 1939 г. па ліпень 1940 г. было раскрыта і ліквідавана 109 падпольных арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3231 чалавека. У гэты час былі арыштаваны 5587 членаў партыі ППС, Бунда, «Стронніцтва народова», ПОВ і інш. У ноч з 19 на 20 чэрвеня 1941 г. была праведзена аперацыя па арышце ўдзельнікаў паўстанцкіх арганізацый і выяўленні іх сямейнікаў. Усяго было рэпрэсіравана 24 412 чалавек. Такім чынам, з кастрычніка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходніх абласцях Беларусі было рэпрэсіравана, за выключэннем ваеннапалонных, больш як 125 тыс. чалавек.

Ацэнкі

правіць

У савецкай і беларускай гістарыяграфіі да 1980-х гадоў адназначна ацэньвалася як акт вызвалення з-пад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Польшчы; акт гістарычнай справядлівасці, ліквідацыя гвалтоўнага падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 года.

У канцы 1980-х гадоў у беларускай гістарыяграфіі з’яўляецца плынь, якая расцэньвае падзею таксама з пункту гледжання падпадання гэтай часткі беларускіх земляў пад савецкую ўладу, часам выключна з гэтага пункту гледжання.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. У асноўным, таму што афіцыйнай даты сканчэння не існуе.

Зноскі

  1. Ладысеў, У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. — 2001. — № 2. — С. 38. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 242. — Воп. 1. — Спр. 7. — Арк. 6, 75.
  2. О внешней политике Советского Союза. Доклад Председателя Совета Народных Комиссаров и Народного Комиссара Иностранных дел тов. В. М. Молотова на заседании Верховного Совета Союза ССР 31 октября 1939 года // Проблемы социалистического права. — 1939. — № 4 — 5. — С. 12.
  3. Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 4: Графіка — Зуйка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1971. — 607 с., [42] л. іл., каляр. іл., партр., карт. — С. 533; Хаўратовіч, І. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 10: Сошна — Фут. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 656 с., [27] л. іл., каляр. іл., картр., факсім. — С. 438; Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 12: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 735 с., [53] л. іл., каляр. іл., партр., карт, факсім. — С. 151.

Літаратура

правіць