Дамініканцы

манаскі каталіцкі ордэн

Дамініканцы, афіцыйна Ордэн Братоў Прапаведнікаў (Ordo fratrum praedicatorum, O.P.) — каталіцкі манаскі ордэн, створаны святым Дамінікам.

Герб
Поўная назва Ордэн Прапаведнікаў
Лацінская назва Ordo fratrum praedicatorum
Скарачэнне O.P.
Царква Каталіцкая Царква
Дэвіз Laudare, Benedicere, Praedicare (Усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць)
Заснавальнік Святы Дамінік
Дата заснавання 1214 г.
Год зацвярджэння 1216
Колькасць удзельнікаў каля 5900 (2010)
Афіцыйны сайт

Будова ордэна

правіць

Ордэн мае тры галіны:

  • Мужчынская. У 2010 годзе ордэн меў 5906 манахаў (з іх 4456 святароў)
  • Жаночая. Меў 3724 манахіні на 2010 год.
  • Трэці закон (тэрцыарыі), арганізаваная супольнасць свецкіх вернікаў.

Дэвіз ордэна — «усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць» (па-лацінску Laudare, Benedicere, Praedicare).

Гісторыя ордэна

правіць

У 1214 годзе вакол св. Дамініка ў Тулузе ўтварылася першая супольнасць. Статут быў зацверджаны двума гадамі пазней Папам Ганорыем III. Ордэн хутка распаўсюдзіўся ў Францыі (тут дамініканцы спачатку называліся якабітамі, таму што першая рэзідэнцыя ордэна ў Парыжы была пры царкве св. Якаба), Іспаніі і Італіі. Найважнейшым напрамкам дзейнасці дамініканаў было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі пісьменных прапаведнікаў. Цэнтрамі ордэна сталі Парыж і Балоння — два найбуйнейшых універсітэцкіх горада Еўропы. У 1221 дамініканцы мелі 70 манастыроў, у 1256 у ордэне было 7000 манахаў.

 
Айцец-дамініканец

Дамініканцы заснавалі ўласныя навучальныя ўстановы (у Балонні, Кёльне, Оксфардзе і інш), узначальвалі багаслоўскія кафедры ва ўніверсітэтах Парыжа, Падуі, Прагі і інш. З XIII стагоддзя дамініканцы разгарнулі шырокую місіянерскую дзейнасць, заснавалі мноства манастыроў (у прыватнасці пад Кіевам, у Іране, Кітаі і інш.). У 1318 г. дамініканцы здолелі арганізаваць у Персіі, якая знаходзілася пад уладай манголаў, архідыяцэзію.

На першым генеральным капітуле ў Балонні, ў 1220 годзе, дамініканскі ордэн быў абвешчаны жабрацкім: на яго ўдзельнікаў быў ускладзены абавязак адмовіцца ад усялякіх маёмасцяў і даходаў і жыць з міласці. Гэта пастанова выконвалася не цалкам і ў 1425 была адменена Папам Марцінам V. Трэці генеральны магістр ордэна, святы Раймунд дэ Пеньяфорт, выдаў у 1238 годзе збор яго статутаў. На чале ордэна выбіраўся спачатку пажыццёва, а потым на фіксаваны тэрмін генеральны магістр. У кожнай краіне ёсць правінцыйны прыёр, у кожным асобным інтэрнаце, які мае не менш за 12 чалавек — канвентуальны прыёр. Над імі вяршэнствуе капітул, гэта значыць агульны сход, які склікаецца кожныя тры гады.

Галоўная задача новага ордэна складалася ў місіянерскай дзейнасці паміж нявернымі; але разам з тым ён дбайна займаўся царкоўнай пропаведдзю і тэалогіяй. Альберт Вялікі і Тамаш Аквінскі — знакамітыя навукоўцы, якія выйшлі з ордэна; да яго ж належалі Майстар Экхарт, Таулер, Джыроламо Саванарола, і многія іншыя.

У час найбольшага росквіту ордэн дамініканаў налічваў да 150000 членаў у 45 правінцыях (з іх 11 па-за Еўропай) і 12 кангрэгацый пад кіраваннем самастойных генерал-вікарыяў. Пазней дамініканцы былі адціснуты езуітамі ад школ і пропаведзі пры дварах, а збольшага і ад місіянерскай дзейнасці. На канец XIX стагоддзя яны існавалі ў Італіі, Іспаніі, Аўстрыі, місіі іх былі ў Амерыцы і Ост-Індыі. Жаночыя дамініканскія манастыры, лікам да 300, на канец XIX стагоддзя існавалі ў Італіі, Аўстрыі, Бельгіі, Амерыцы. Манашкі займаліся рукадзеллем. Адзенне дамініканцаў белае, з чорным плашчом і велоном. Знакамітая сястра з гэтага ордэна — святая Кацярына Сыенская.

У XVI стагоддзі дамініканскія прапаведнікі з’явіліся ў Лацінскай Амерыцы. Многія дамініканцы, напрыклад, Бартоломе дэ Лас Касас выступалі ў абарону правоў індзейцаў ў калоніях.

У XVII—XVIII стагоддзях дзейнасць ордэна моцна абмяжоўвалася як свецкімі, так і царкоўнымі ўладамі. Моцны ўдар па дамініканскіх кляштарах ў Паўночнай Еўропе нанесла Рэфармацыя.

У XIX стагоддзі становішча ордэна стабілізавалася, дамініканскія манастыры развіваюцца ў Еўропе, у Лацінскай Амерыцы і на Філіпінах. Бурна развіваецца ордэн у ЗША і Канадзе.

У XX стагоддзі ордэн выпрабаваў новыя ўзрушэнні — выгнанне ў 1910 годзе з Мексікі, масавыя забойствы дамініканскіх манахаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, пераследу ў камуністычных краінах. Аднак да канца XX стагоддзя стан ордэна зноў стабілізуецца.

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць