Даніла Ясько
Даніла (Данііл Аляксандравіч) Ясько (18 снежня 1904 — 21 сакавіка 2002) — беларускі рэлігійны дзеяч, публіцыст, паэт і перакладчык. Член «царквы Хрыстовай», потым евангельскі хрысціянін-баптыст.
Даніла Ясько | |
---|---|
Род дзейнасці | паэт, перакладчык |
Дата нараджэння | 18 снежня 1904 |
Дата смерці | 21 сакавіка 2002 (97 гадоў) |
Месца смерці |
Біяграфія
правіцьСлужыў у Слоніме. Рэгент баптысцкага хора ў вёсцы Галоўчыцах (цяпер у Драгічынскім раёне). Аўтар трылогіі «Вера, Надежда, Любовь» на аснове 1 паслання Карынфянам, вершаванага пераказу Псальмаў, вершаў на духоўныя тэмы (у тым ліку беларускіх). Рэдагаваў часопісы «Христианский союз» царквы Хрыстовай і «Маяк» баптыстаў.
Дзеяч Аб’ядання Цэркваў Хрыстовых. Дэлегат першага з’езда ў Кобрыне 12-14 кастрычніка 1929, на якім абраны кіраўніком маладзёжнага камітэта АЦХ (з Паўлам Байко). Сярод заснавальнікаў АЦХ былі Ярашэвіч, Буковіч, Сацэвіч. Дэлегат другога з’езда АЦХ у Украіне 12-14 верасня 1930, член прэзідыума і статутнай камісіі.
У 1944 годзе арыштаваны фашыстамі, адпраўлены ў канцлагер, па дарозе змог уцекчы. Пасля вайны быў у Германіі. У канцы 1946 знаходзіўся ў Мюнхене, на пачатку 1949 у Штутгарце. Пачаў вывучаць старажытнаяўрэйскую мову. Перапісваўся з Вітаўтам Тумашам у справе беларускага перакладу Старога запавету і перавыдання Новага, сустрэўся з Тумашам у Ватэнштэце. Іх намаганнямі ў канцы 1948 выйшла другое выданне Новага запавету і Псальмаў у перакладзе Дзекуць-Малея і Луцкевіча. Ужо 7 студзеня 1949 Ясько прыслаў Тумашу 20 асобнікаў кнігі. Пашыраў пераклад у баптысцкім асяродку. У красавіку выдаў часопіс «Слова пацяшэння». Вясной напісаў ліст Яну Пятроўскаму. 23 кастрычніка 1949 яны ўтрох сустрэліся ў Брэмене і заснавалі Камісію для перакладу Бібліі на беларускую мову. Згадзіўся ўвайсці ў склад камісіі і Леанід Галяк.
20 верасня 1949 атрымаў візу на выезд у ЗША. Леанід Галяк успамінаў, як яны з Тумашам ужо ў Нью-Ёрку меліся перакласці Біблію і наладзілі кантакты з Яськом:[1]
Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. ... Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч звязаўся таксама з іншай групай баптыстаў, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. |
Да яго пісаў Тарас Сайка. Паводле Сайкі, удзелу Яська, Тумаша, Пятроўскага і іншых у перакладзе не дапусціў Майсей Гітлін. — «Калі б Гітлін згадзіўся на іх прыняцце, дык ён не мог бы тады быць галавою ўсяе справы, а быў бы роўны сярод роўных, як работнік»[2].
Працаваў у Руска-ўкраінскім евангельскім баптысцкім саюзе, перакладаў гімны. У 1958 адзін з заснавальнікаў выдавецкага таварыства «Компас» (Нью-Ёрк — Філадэльфія). Вёў праграмы на рускім аддзеле радыё BBN (Сетка біблійнага вяшчання).
Стварыў Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва. У верасні 1973 на з’ездзе беларусаў-баптыстаў у Эры (Пенсільванія) першым старшынём брацтва выбралі яго[3]. Брацтва друкавала спеўнікі на беларускай мове, ад 1976 вяло беларускія радыёперадачы з Сан-Францыска і Монтэ-Карла. Разам з Панцэвічам Даніла Ясько выдаваў «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва». Апошнія гады жыў у Хвіцьеры (Whittier) у акрузе Лос-Анджэлес штата Каліфорнія.
Пераклад рэлігійных гімнаў
правіцьУкладальнік беларускага нотнага зборніка «Гімны хрысціян» (1979, другое выданне 1996) і рускага пад той самай назвай (1956, 1965, 1970, 1977, 1993). Перакладаў з англійскай, нямецкай, украінскай, польскай, чэшскай мовы на рускую, з рускай і іншых на беларускую.
Беларускаму спеўніку даў высокую ацэнку часопіс «Божым шляхам». Аўтар рэцэнзіі (Часлаў Сіповіч?) спачатку разгледзеў старыя пратэстанцкія спеўнікі на беларускай мове. Раней выйшлі спеўнікі 1925 і 27 гадоў[4], «Божая ліра» Леўчыка ў Вільні (1930), Эвангельскі хрысціянскі спеўнік Кецкі ў Менску (1943). Новы зборнік адрозніваўся большай колькасцю песень. «Беларуская мова чыстая, паэтычныя пераклады на ўзроўні. …» Яшчэ адну рэцэнзію напісаў Гай Пікарда[5][6]
Іншыя звесткі
правіцьУ кастрычніку 1949 урад і Рада БНР пастанавілі трымаць кантакт з Яськом, дапамагаць у перакладах службы, малітваў і гімнаў, у выдавецкай справе і арганізацыі беларускай секцыі баптыстаў[7].
Падтрымліваў «найбольш фанетычную» перадачу арыгінальных яўрэйскіх назваў, акрамя тых выпадкаў, у якіх народная мова ведае агульнапрынятыя роднасныя назвы ў беларускай форме.
Бібліяграфія
правіць- Гімны хрысьціян. Christian Hymns in Byelornssian. — Byelorussian Evangelical Baptist Fraternity in the USA and Canada, Cranesville Pa., 1979. xii + 336 pp.
Крыніцы
правіць- ↑ Сяргей Сурыновіч…
- ↑ Ян Пятроўскі…
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.
- ↑ «Песні духоўныя з гарфы Сіонскай» Леўчыка
- ↑ Божым шляхам. 1980. № 151. C. 32
- ↑ The Journal of Belarusian Studies. 1984. Vol. 5, № 3-4
- ↑ Рада БНР (1947—1970) : Падзеі. Дакументы. Асобы / Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 648 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 22). ISBN 978-985-7089-07-9.
Літаратура
правіць- Сяргей Сурыновіч Дарога да слова
- Лявон Юрэвіч Шматгалосы эпісталярыум. Гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кніга 20). ISBN 978-985-7007-43-1
- Уладзімір Канатуш Жыцьцё цэркваў Заходняй Беларусі
- Ясько Даниил Александрович (Jasko Daniel)
- SSDI myheritage
- Андрусь Унучак. Цэнтар Аб’яднаньня Цэркваў Хрыстовых у Кобрыне (1929―1930 гг.) // Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. — Мінск, 2014. — С. 178―185
- Вітаўт Кіпель Беларусы ў ЗША. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 238 ISBN 5-338-00884-X
- Ян Пятроўскі Тарас Сайка. 1995. C. 22-24