Даніэль Бомберг (нідэрл.: Daniel van Bomberghen; паміж 1470 і 1480, Антверпен, Бургундскія Нідэрланды — 23 снежня 1553, Антверпен, Сямнаццаць правінцый) — яўрэйскі першадрукар эпохі Рэнесансу.

Старонка з Талмуда Бомберга другога выдання

Біяграфія

правіць

Паводле паходжання — галандзец з каталіцкай сям'і, яго сваякі пераехалі ў Антверпен з Харлема, яны займаліся гандлем тканін, пераважна, з Італіяй. Яго бацька — Карнеліус ван Бомберген — меў пэўны вопыт у друкарскай справе і ў 1496 годзе ўдзельнічаў у выданні першага Антверпенскага брэвіярыя, які быў надрукаваны ў Венецыі. Ён аддаў сына на навучанне ў Лувенскі ўніверсітэт, пасля яго заканчэння Даніэль у 1516 годзе сам перабраўся ў Венецыю. Іўрытам і яўрэйскай літаратурай ён зацікавіўся, навучаючыся ў Фелікса Працкага — хрышчонага яўрэя.

У Венецыі ён стварыў усе свае знакамітыя друкаваныя працы на іўрыце — усяго каля 230. Ім рухалі, перш за ўсё, фінансавыя меркаванні — у Італію перабіралася мноства яўрэяў з Іспаніі і Партугаліі, якія мелі патрэбу ў рэлігійнай літаратуры. Першае яго вядомае выданне — рабіністычная Біблія з каментарыямі «Мікраёт Гедалот» (1516—1517). У 1524—1525 гадах у свет выйшла «Вялікая Біблія Бомберга», заснаваная на масарэцкім тэксце Аарона бен Ашэра, які ў сваю чаргу быў заснаваны на аўтарытэце Майманіда. Паралельна Бомберг быў рэдактарам і выдаўцом поўнага 12-томнага выдання Талмуда (першае выданне 1520—1523 гадоў, другое завершана ў 1531 годзе), заклаўшы стандарт выданняў рэлігійнай літаратуры на іўрыце. Дагэтуль любое выданне Талмуда выкарыстоўвае разбіццё на старонкі[1] па выданні Бомберга. Доўгі час гэта было адзінае выданне, свабоднае ад цэнзурных уставак і выняткаў. Гэта выданне атрымала ўхваленне Папы Рымскага Льва X, акрамя таго, Бомберг не пераследваўся ўладамі і інквізіцыяй, якая знішчала працы яўрэйскіх друкароў. Карыстаючыся павагай сярод яўрэйскай абшчыны Італіі, дзе пражывала большасць чытачоў яго выданняў, Бомберг у 1549 годзе вярнуўся ў Фландрыю, дзе і сканаў праз чатыры гады.

Пасля смерці Бомберга, яго спадчыннікі прадалі яўрэйскія друкарскія шрыфты Х. Плантэну, яны выкарыстоўваліся пры выданні «Бібліі Паліглоты».

Зноскі

  1. З часу Бромберга, талмудысцкія спасылкі традыцыйна будуюцца як «Трактат, нумар ліста+бок ліста» па гэтым выданні (напрыклад, «Брахат, 40а»). Таму пазнейшыя выданні Талмуда строга паўтараюць бромбергаўскае разбіццё тэксту на старонкі і іх нумарацыю. «Танах. Эпоха танаим и амораим, эпоха геоним. Талмуд.» Архівавана 6 чэрвеня 2014.

Літаратура

правіць
  • H.D.L. VERVLIET, Daniel van Bomberghen in het Nationaal Biografisch Woordenboek, deel 1, kol. 219—221, Brussel, 1964
  • J.-J. THONISSEN, Daniel Bomberg in de Biographie Nationale, deel 2, kol. 666—667, Brussel, 1868
  • Karl Steiff: Bomberg, Daniel. In: Allgemeine Deutsche Biographie (ADB). Band 47, Duncker & Humblot, Leipzig 1903, S. 95-97.
  • A. M. Haberman, The printer Daniel Bomberg and the list of books published by his press, Safed-Tel Aviv 1978
  • Friedrich Wilhelm Bautz: Bomberg, Daniel. In: Biographisch-Bibliographisches Kirchenlexikon (BBKL). Band 4, Bautz, Herzberg 1992, ISBN 3-88309-038-7, Sp. 677—678.

Спасылкі

правіць