«Два д'яўлы» — сатырычная паэма Канстанціна Вераніцына, напісаная ў 1860 годзе і ўпершыню апублікаваная 6 чэрвеня 1986. Змест паэмы востра асуджае распаўсюджаную сацыяльную праблему п'янства.

Два д'яўлы
Жанр паэма
Аўтар Канстанцін Вераніцын
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1860
Дата першай публікацыі 6 чэрвеня 1986
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Перадгісторыя правіць

Паэма «Два д'яўлы» з'яўляецца аўтарскай інтэрпрэтацыяй рэальных падзеяў на беларуска-літоўскіх губернях 50-х гг. XIX ст. У тагачаснай Расійскай імперыі існавала дзяржаўная манаполія на продаж гарэлкі. Спойванне народа прыносіла каласальныя прыбыткі як дзяржаве, так і дробным гандлярам-арандатарам корчмаў і шынкоў. «Рандары» стараліся рознымі спосабамі схіліць людзей да п'янства, памяншаючы цану напояў, абавязваючы купляць толькі ў сваіх крамах, даючы алкаголь у крэдыт і г. д. Такая практыка выклікала моцны пратэст інтэлігенцыі і сялян, што вылілася ў т. зв. «рух цвярозасці», які пагражаў казне вялікімі стратамі і быў варожа сустрэты тагачаснымі ўладамі.

У гэтым кантэксце «Два д'яўлы» з'яўляюцца выдатнай сатырай на віцебскіх адкупшчыкаў, якія акурат у гэты момант панізілі цану на гарэлку, каб любымі спосабамі прывабіць народ у шынкі. Віцебску проціпастаўляецца Гродна, дзе рух цвярозасці быў больш паспяховы.

Сюжэт правіць

Дзеянне паэмы адбываецца на захадзе і ўсходзе Беларусі. Каб спакусіць добрых людзей піць алкаголь і тым самым губіць чалавечыя душы, сатана паслаў аднаго чорта ў Віцебск і другога ў Гродна, якія праз некаторы час сустракаюцца. Гродзенскі чорт прыходзіць засмучаны і прыгнечаны цвёрдасцю і непахіснасцю гродзенцаў у сваім рашэнні прыпыніць старое цвярозае жыццё. Ён не выканаў сваёй сатанінскай задачы, да таго ж яго ў Гродне моцна пабілі. Віцебскі чорт, наадварот, святкуе перамогу — яму ўдалося дамагчыся свайго: віцябляне спойваюцца.

Паэма сканчаецца тым, што віцебскі чорт злітаваўся над сваім няўдалым гродзенскім калегам і ўзяў яго сабе ў памочнікі. Абодва нячысцікі пасля абмену інфармацыяй і прынятага рашэння схаваліся ў канцы паэмы пад вядомым у тагачасным Віцебску сваёй кепскай славай Задунаўскім мостам.

Літаратура правіць

  • Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998.
  • Вераніцын Канстанцін. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Юрыя Пацюпы, прадм. Язэпа Янушкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007.