Джон Томас Скоўпс

Джон Томас Скоўпс (англ.: John Thomas Scopes, або Джон Т Скоўпс (John T. Scopes); 1900—1970) — настаўнік з Дэйтана, штат Тэнэсі, ЗША, які 5 мая 1925 года быў абвінавачаны ў парушэнні акта Батлера, згодна з якім забаранялася выкладанне эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна ў школах Тэнэсі. Рашэннем суда яго абавязалі выплаціць штраф у памеры 100 долараў. Справа Штат Тэнэсі супраць Джона Томаса Скоўпса больш вядомая як «Малпавы працэс» (англ.: Monkey Trial).

Джон Томас Скоўпс
Род дзейнасці настаўнік, геолаг
Дата нараджэння 3 жніўня 1900(1900-08-03)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 кастрычніка 1970(1970-10-21)[1][2] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Раннія гады правіць

Джон Томас Скоўпс нарадзіўся 3 жніўня 1900 года ў сям’і Томаса Скоўпса і Мэры Алвы Браўн, якія жылі на ферме ў Пад’юке, штат Кентукі. Джон быў пятым дзіцём і адзіным сынам[4]. Калі ён быў падлеткам, сям’я перабралася ў Данвіл, штат Ілінойс. У 1917-м ён пераехаў у Сэйлем, размешчаны ў тым жа штаце; там у 1919 годзе наведваў сярэднюю школу[5].

Некаторы час вучыўся ў Ілінойскім універсітэце, але быў вымушаны пакінуць штат па стане здароўя. У 1924 годзе ва ўніверсітэце Кентукі Джон атрымаў ступень бакалаўра па спецыялізацыі юрыспрудэнцыя як галоўны прадмет і геалогія — як другарадны[6].

Пазней Скоўпс пераехаў у Дэйтан, штат Тэнэсі, дзе ўладкаваўся працаваць футбольным трэнерам у сярэдняй школе акругі Рэй. Часам ён замяняў настаўнікаў, калі тыя былі загружаныя працай або знаходзіліся ў адпачынку, і праводзіў заняткі з вучнямі[7].

Удзел у «Малпавым працэсе» правіць

У пачатку XX стагоддзя ў ЗША былі яшчэ вельмі моцныя рэлігійныя забабоны, накіраваныя супраць эвалюцыйнай тэорыі. У студзені 1925 года ў штаце Тэнэсі быў прыняты так званы акт Батлера — закон, які забараняў выкладаць у любой адукацыйнай установе, фінансуемай штатам «любую тэорыю, якая аспрэчвае гісторыю Боскага Стварэння чалавека», апісаную ў Бібліі. У сваю чаргу, Амерыканскі саюз абароны грамадзянскіх свабодаў абвясціў, што прафінансуе прэцэдэнт, дзякуючы якому можна аспрэчыць у судзе канстытуцыйнасць гэтага закону, калі знойдзецца прыдатны настаўнік, гатовы выступіць у якасці адказчыка.

Група бізнесменаў Дэйтана на чале з інжынерам і геолагам Джорджам Раплеяй (George Rappleyea) убачыла ў гэтым магчымасць праславіць свой горад. Неўзабаве яны выйшлі на Скоўпса. Раплея сцвярджаў, што, хаця акт Батлера забараняе выкладаць эвалюцыю чалавека, дзяржава абавязвае настаўнікаў выкарыстоўваць прызначаны падручнік «Civic biology» («Грамадзянская біялогія») Дж. У. Хантэра, у якім ёсць раздзел аб эвалюцыі, і такім чынам настаўнікаў Тэнэсі, па сутнасці, штурхаюць на парушэнне закону. Калі Скоўпса папрасілі паўдзельнічаць у стварэнні прэцэдэнту, ён спачатку ўспрыняў гэта без энтузіязма, але пасля пэўнага абмеркавання абвясціў групе, што сабралася ў аптэке Робінсана:

«Калі вы зможаце пацвердзіць, што я выкладаў эвалюцыю і магу выступіць у якасці абвінавачванага, тады я гатовы паўстаць перад судом».

— Пераклад[8]

.

На судзе Скоўпса абараняла група юрыстаў на чале з вядомым адвакатам Клэрэнсам Дэроў. Бок абвінавачвання узначальваў Том Сцюарт, сенатар-дэмакрат ад штата Тэнэсі. У групу абвінавачвання ўваходзіў таксама юрыст і палітык Уільям Джэнінгс Браян, ідэйны натхняльнік акта Батлера і іншых антынавуковых законаў. У цэлым абарона на працэсе выглядала значна мацней і больш пераканаўча. Асабліва яркай і запамінальнай стала прамова Дадлі Філда Мэлоўна, аднаго з адвакатаў Скоўпса. Тым не менш, абвінавачванага ўсё ж прызналі вінаватым і прысудзілі да выплаты штрафу ў памеры 100 долараў (сума, раўназначная 1429 доларам па стане на 2018 год).

Адвакаты абароны падалі апеляцыю. Вярхоўны суд штата Тэнэсі, разгледзеўшы справу, не прызнаў рацыі Скоўпса, аднак адмяніў прысуд па тэхнічных прычынах, паколькі памер штрафу вызначыў суддзя, а не прысяжныя[9].

Цалкам магчыма, Скоўпс на самай справе не быў вінаваты ў злачынстве. Пасля суда ён прызнаўся рэпарцёру Уільяму Кінсі Хатчынсану, што прапусціў урок эвалюцыі, а адвакаты потым падгаварылі вучняў даць «патрэбныя» паказанні. Дэйтанскія бізнесмены не ведалі пра гэта і былі ўпэўнены, што Скоўпс парушыў закон. Хатчынсан не перадаваў галоснасці тое, што распавёў яму Скоўпс, да 1927 года, калі было прынята рашэнне аб апеляцыі[10].

Далейшая кар’ера правіць

Судовы працэс адчувальна паўплываў на Скоўпса у прафесійных і асабістых адносінах. У далейшым яго вобраз высмейваўся мультыплікатарамі, карыкатурыстамі, сродкамі масавай інфармацыі. Скоўпса гэта прыгнятала, ён імкнуўся адысці ў цень, засяродзіць увагу на кар’еры.

У 1925 годзе ён паступіў у аспірантуру Чыкагскага універсітэта, каб працягнуць навучанне геалогіі. Пераслед з боку прэсы моцна яму перашкаджаў. Ён з’ехаў у Венесуэлу, працаваў на нафтавым радовішчы ад кампаніі Gulf Oil. Неўзабаве сустрэў сваю будучую жонку Мілдрэд. У 1930 годзе аднавіўся на трэцім курсе аспірантуры Чыкагскага універсітэта. Вялікая дэпрэсія не лепшым чынам уплывала на яго кар’еру: скончыўшы вучобу, ён не змог знайсці падыходзячага месца працы ў Тэнэсі[11]. Летам 1932 года Скоўпс паспрабаваў рэалізавацца ў палітыцы ў якасці кангрэсмена ад штата Кентукі, але пацярпеў паражэнне[12].

У выніку ён вярнуўся ў нафтавую прамысловасць, выступаў у ролі эксперта па нафце ў Аб’яднанай вытворчай карпарацыі, пазней вядомай як Аб’яднаная газавая карпарацыя (United Gas Corporation). Там ён працаваў спачатку ў Бівіле, штат Тэхас, затым, да 1940 года, у офісе кампаніі ў Х’юстане, потым у Шрыўпарце, штат Луізіяна[13].

Апошнія гады правіць

У 1963 годзе Скоўпс выйшаў на пенсію[14]. У чэрвені 1967-га напісаў кнігу ўспамінаў «Center of the Storm: Memoirs of John T. Scopes»[15]. Памёр ад раку ў Шрыўпарце, Луізіяна, 21 кастрычніка 1970 года[4].

Сям’я правіць

Скоўпс быў жанаты на Мілдрэд Элізабэт Скоўпс, у дзявоцтве Уокер (Mildred Elizabeth Scopes, née Walker; 1905—1990)[16]. У гэтым шлюбе нарадзіліся двое сыноў — Джон Томас малодшы (John Thomas Jr.) і Уільям Клемент «Біл» (William Clement «Bill»)[4].

Крыніцы правіць

  1. а б John T. Scopes // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б John Thomas Scopes // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Find a Grave — 1996. Праверана 26 мая 2023.
  4. а б в Scopes of ‘Monkey Trial’ Is Dead at 70 // The New York Times, October 23, 1970.
  5. Manuscripts & Folklife Archives 2013.
  6. Leonard & Crainshaw 1997, p. 710.
  7. Wilson 2012, p. 43.
  8. Scopes & Presley 1967, p. 60.
  9. См. Tenn. const. art. VI, p. 14; гл. таксама Scopes v. State, 154 Tenn. 105, 289 S.W. 363 (1926).
  10. De Camp 1968, p. 435.
  11. См.: Frank Thorn to Winterton C. Curtis, March 12, 1931, Science Service Records (RU7091), Box 123, Folder 4; J. Harlen Bretz to Frank Thorn, December 7, 1931, Science Service Records (RU7091), Box 122, Folder 7
  12. «Scopes of Evolution Frame Seeks Congress Seat», Chicago Daily Tribune, August 13, 1932; «Scopes Names in House Race», Los Angeles Times, August 13, 1932; «‘Monkey Trial’ Figure Named for Congress», New York Times, August 13, 1932; «Kentucky Official Majority Is 185,858», Washington Post, November 29, 1932.
  13. Lafollette M. C. Reframing Scopes: Journalists, Scientists, and Lost Photographs from the trial of the Century. — Lawrence, Kansas: University Press of Kansas. — P. 122.
  14. Tompkins 1965.
  15. Center of the Storm: Memoirs of John T. Scopes // Amazon.
  16. Mildred E. Walker Scopes на сайце «Find a Grave» (англ.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць