Джавані Марыя Бернардоні

(Пасля перасылкі з Дж. М. Бернардоні)

Джавані (Ян) Марыя Бернардоні (італ.: Giovanni Maria Bernardoni; каля 1541, Канья каля Кома, цяпер Італія — 19 кастрычніка 1605, Кракаў) — італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю ранняга барока, езуіт.

Ян Марыя Бернардоні
Giovanni Maria Bernardoni
Бюст у Нясвіжы
Бюст у Нясвіжы
Дата нараджэння каля 1541[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 20 лістапада 1605(1605-11-20)[1][2]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Працы і дасягненні
Працаваў у гарадах Вільня, Кракаў, Каліш, Нясвіж
Архітэктурны стыль барока
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходзіў Дж. Бернардоні з поўначы Італіi. Ва ўзросце 23 гадоў з’явіўся ў Рыме з мэтай уступіць у ордэн езуітаў i стаць архітэктарам. З яго слоў, да гэтага 10 гадоў працаваў мулярам. Адразу пасля прыняцця ў ордэн Дж. Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — рымскай царквы Іль-Джэзу і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—1571 гадоў, напр., яго пасылалі на некалькі месяцаў у Мілан для прыспешвання працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан-Фідэле.

У Рыме Дж. Бернардоні заставаўся да канца 1571 года. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Фларэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан-Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі ордэна езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дома для навіцыяту. Аднак па розных прычынах кіраўніцтва ордэна адмовілася ад далейшых работ у гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі размяркоўваць па іншых месцах.

Ад 1573 года на працягу чатырох гадоў Дж. Бернардоні знаходзіцца ў правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Неапалі, а таксама царквы Джэзу і Марыі і дома езуітаў-прафесараў у горадзе Леча. З 1575 года нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалітанскай правінцыі даручылі Дж. Бернардоні.

У 1577 годзе прызначэны ў Сардзінію (праектаў Дж. Бернардоні для Сардзініі не захавалася).

Далей яго чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую. Па дарозе ў Нясвіж Дж. Бернардоні затрымаўся на польскіх землях на 3 гады (1583—1586): пабыў некаторы час у Познані, даўжэй — у Любліне з кароткім выездам у Каліш. Ва ўсіх гэтых месцах ён праектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Тут Дж. Бернардоні выканаў некалькі варыянтаў праекта калегіума і дома прафесаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касцёла ў Любліне.

Касцёл Божага Цела, Нясвіж

Пасля шматразовых напамінкаў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) ў сярэдзіне 1586 Дж. Бернардоні з’явіўся ў Нясвіжы і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кіраваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіума. Праца вялася хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 годзе, у наступным закладзены фундамент, а ў 1590 годзе ўжо можна было ўзводзіць купал. 1 верасня 1593 ў гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 года адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела, але ўжо без архітэктара. Кіраўніцтва будоўляй калегіума Дж. Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586—1588, потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касцёле, а з 1593 да 1599 гадоў зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 годзе Дж. Бернардоні паслаў запыт да генерала ордэна па новае прызначэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах, але дакументальных спасылак на гэта няма.[3]

Касцёл у Кальварыі Зэбжыдоўскай

У маі 1599 года Дж. Бернардоні з’явіўся ў Кракаве каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла. Будаўніцтва касцёла Пятра і Паўла ў асноўным было завершана ў 1608 годзе, ужо пасля яго смерці. Акрамя працы пры касцёле ў Кракаве Дж. Бернардоні падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазней быў значна перабудаваны, парафіяльны касцёл існуе дагэтуль.

У 1984 годзе беларускім даследчыкам Г. Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вернадскага (Кіеў) адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі. Некаторыя спецыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні.[4]

Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, апублікаванай у 1613 годзе.[3]

Зноскі

  1. а б Bania Z. Allgemeines Künstlerlexikon: Die Bildenden Künstler aller Zeiten und Völker / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy, W. TegethoffE. A. Seemann, K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter. Праверана 19 жніўня 2017.
  2. а б в г BERNARDONI, Giovanni Maria, detto Bernardone // Dizionario Biografico degli Italiani — 1967. Праверана 28 студзеня 2023.
  3. а б Калнін В. Зорны шлях…
  4. Габрусь Т., Галенчанка Г. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.

Літаратура правіць

  • Бернардоні // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 22.
  • Габрусь Т. Бернардоні // БЭ ў 18 тамах. Т. 3. — Мн., 1996.
  • Калнін В. Зорны шлях Яна Марыі Бернардоні // Беларускі гістарычны агляд, Том 11 Сшытак 1-2 (20-21), снежань 2004.

Спасылкі правіць