Дзве душы — аповесць Максіма Іванавіча Гарэцкага. Твор апавядае пра лёс памешчыка Ігната Абдзіраловіча. Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці Ігнат Канчэўскі, пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.

Дзве душы
Жанр аповесць
Аўтар М. Гарэцкі
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1918—1919
Дата першай публікацыі 1919
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Сюжэт правіць

У 1890 годзе пан Абдзіраловіч вяртаецца з балю, каб пабачыць свайго сына Ігналіка. У лесе разбойнікі нападаюць на памешчыка і забіваюць яго жонку. Узятая ў двор памешчыка да яго сына Малання мяняе панскае дзіця сваім. Прапаршчык Ігнат захварэў на фронце. Яго адпраўляюць лячыцца ў Маскву, пасля — на Каўказ, дзе Ігнат знаёміцца з дачкою купца Макасеева Аляю і з князем Гальшанскім. Князь на беларускім сходзе казаў, што ў беларусаў няма класавай барацьбы. Ігнат Абдзіраловіч абурыўся гэтым, падкрэсліў існаванне антаганізму класаў на тэрыторыі Беларусі, чым перацягнуў сход на свой бок. Затым Ігнат ад’язджае ў Беларусь, дзе некаторы час жыве ў настаўніка Мікалая. На мітынгу Абдзіраловіч спаткаў Сухавея, які сваімі прамовамі пытаўся прабудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў, аднак бальшавік Гаршчок схіляе народ на свой бок. Васіль, які з’яўляецца сапраўдным панскім сынам, жыве ў Маскве, працуе на фабрыцы. Разам з Гаршчком ён б’ецца на баку бальшавікоў. Ігната захопліваюць бальшавікі, аднак яго ратуе Васіль. Белагвардзеец Гарэшка пад прозвішчам Гарэліка працуе разам з бальшавікамі і душыць сялянскія паўстанні, каб дыскрэдытаваць савецкую ўладу. Тым часам Мікалай і Сухавей арыштаваны. Настаўніца Іра бароніць іх. Ігнат і Васіль спрабуюць выратаваць беларускіх дзеячаў ад расстрэлу. Гарэлік меў задачу пераправіць архімандрыта за мяжу, аднак Гаршчок здзекаваўся над манахамі ў падвале. Гарэлік забівае Гаршчка і ўцякае за мяжу. Савет урачыста хавае Гаршчка.

Водгукі правіць

У рэцэнзіі, апублікаванай у часопісе «Рунь», адзначаецца, што твор чытаецца лёгка, хоць аўтар і ўжывае шмат магілёўскіх дыялектызмаў[1].

У рэцэнзіі на кнігу Антон Луцкевіч адзначае, што аналізуючы і абрысоўваючы Ігната Абдзіраловіча, аўтар твора не раскрывае вобраз Васіля. Галоўны герой не мае пад сабой грунту, на які ён мог бы стаць. Вайна і хвароба з’яўляюцца прычынамі, якія характарызуюць няздольнасць галоўнага героя зрабіць жыццёвы выбар. Рэцэнзент крытыкуе аўтара за празмернае ўжыванне дыялектызмаў. Антон Луцкевіч адзначае, што, нягледзячы на ўсе недахопы, аповесць цікавая і варта ўвагі[2].

Значэнне аповесці правіць

Твор з’явіўся на самым пачатку станаўлення нацыянальнай класікі і станоўча паўплываў на яе далейшае развіццё[3]. Максім Гарэцкі меў мужнасць сказаць праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Вобразы Гарэшкі і Гаршчка далёкія ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Менавіта вобразы бальшавікоў сталі прычынай замоўчвання твора на працягу многіх дзесяцігоддзяў[4].

Аповесць перакладзена на нямецкую мову[5]. У 2014 годзе выдавецтва «Гугольц» апублікавала кнігу «Zwei Seelen»[6][7] у перакладзе Норберта Рандаў разам з сястрой Гундулай і Уладзімірам Чапегам, на якую нямецкія сродкі масавай інфармацыі адгукнуліся рэцэнзіямі[8][9].

Уплыў на культуру правіць

Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. Ігнат Канчэўскі падпісаў эсэ «Адвечным шляхам» прозвішчам галоўнага героя аповесці — Ігнат Абдзіраловіч[10].

У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка[11].

Зноскі

  1. А. Д. Бібліяграфія // Рунь. — 1920. — № 1. — С. 8.
  2. А. Л. “Дзьве душы” М. Гарэцкага // Зборнік «Нашай Нівы» за 1920 год. — С. 41—44.
  3. Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348—349.
  4. Зоя Мельнікава.. Пытанне праз эпохі ад Максіма Гарэцкага. Звязда (21 лютага 2018). Праверана 21 верасня 2020.
  5. Пісьменніка з-пад Мсціслава пераклалі на нямецкую мову. Horki.info (29 красавіка 2015). Праверана 21 верасня 2020.
  6. Zwei Seelen(недаступная спасылка). Сайт выдавецтва «Гугольц». Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2021. Праверана 21 верасня 2020.
  7. Zwei Seelen / Maxim Harezki. — Berlin : Guggolz, 2014. — 223 s.. Электронный каталог Национальной библиотеки Беларуси. Праверана 21 верасня 2020.
  8. Zwei Seelen, mindestens. Neue Zürcher Zeitung (4 снежня 2014). Праверана 21 верасня 2020.
  9. Lerke von Saalfeld.. “Zwei Seelen” — Schlüsselwerk der weißrussischen Literatur. Deutschlandfunk (21 лістапада 2014). Праверана 21 верасня 2020.
  10. Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348.
  11. «Дзве душы». Адбылася прэм’ера. Сайт Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (27 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2016. Праверана 21 верасня 2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Дзве душы