Дзеці Аліндаркі
«Дзеці Аліндаркі» — раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, выдадзены ў 2014 годзе ў выдавецтве Галіяфы.
Дзеці Аліндаркі | |
---|---|
Аўтар | Альгерд Бахарэвіч |
Жанр | раман |
Мова арыгінала | беларуская |
Выдавецтва | Галіяфы |
Выпуск | 2014 |
Старонак | 256 |
ISBN | 978-985-7021-71-0 |
Папярэдняя | Ніякай літасьці Альгерду Б |
Наступная | Белая муха, забойца мужчын |
Перадгісторыя
правіцьАльгерд Бахарэвіч напачатку 2007 года пакінуў родную краіну, дзе, як ён згадвае, жыць было небяспечна і задушліва. А ў 2013 вярнуўся, дзякуючы каханню. У 2014 напісаў раман «Дзеці Аліндаркі».
Першым імпульсам да таго, каб узяцца за працу, стала нататка, як недзе ў невялікім райцэнтрыку чыноўніца ад адукацыі параіла бацькам тэрмінова звярнуцца да лагапеда, паколькі заўважыла моцны беларускі акцэнт у дзіцяці. Пісьменнік канстатаваў, што «заўсёды ведаў, адкуль уцёк і куды вярнуўся»[1].
У працэсе напісання раман меў працоўную назву «Канцлягер Сонейка»[2].
Назва
правіцьНазва кнігі адсылае да паэмы Францішка Багушэвіча «Кепска будзе», да яе галоўнага героя Аліндаркі. Метафара «Дзяцей Аліндаркі» ўзятая з эсэ Бахарэвіча «Бог ня роўна delete» (цыкл «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»). У эсэ Мацей Бурачок перадае спалоханаму Аліндарку дудку і той пачынае на ёй граць. Сам момант перадачы гэтай дудкі — ці то беларускай традыцыі — і з’яўляецца штуршком, які пераходзіць у раман. Але адрозніваецца сама свядомасьць рэцыпіентаў. Калі Аліндарка ў эсэ глядзіць на дудку неўразумела і паводзіць сябе з Бурачком пасіўна, то дзеці Аліндаркі — самі гаспадары свайго лёсу, актыўныя суб’екты дзеяння. І нават тыя казачныя прыгоды, у якія яны трапляюць, паўсталі ўласна з сітуацыі выбару, які здзяйсняецца імі самастойна[3].
Сюжэт
правіцьБеларускія нацыяналісты загуляліся ў Мову і Гісторыю. Яны не хочуць прымаць рэчаіснасці, у якой ніякай Мовы няма, а пануе адзін непахісны Язык. Больш за тое: валоданне Мовай лічыцца псіхічным і фізіялагічным адхіленнем — наступствамі пухліны пад языком, якую можна купіраваць у раннім дзяцінстве. У бацькоў, якія таемна вучаць малых размаўляць па-беларуску, спецыяльныя службы забіраюць дзяцей, высылаючы іх у папраўчыя піянерлагеры, дзе на дзяржаўныя гранты праводзіць свае эксперыменты доктар-самавук. Адзін з бацькоў выкрадае сына і дачку з папраўчага лагера і праз сваю нядбаласць пакідае адных у цёмным лесе. Далей мы бачым рэчаіснасць пераважна праз прызму карціны свету хлопчыка і дзяўчынкі, у якіх на вуснах перамяшаліся Мова ды Язык, а таксама тыя ідэалагемы, якія з дапамогай гэтых малаткоў забілі ў іх галовы дарослыя.
Кампазіцыя рамана сабраная вакол цэнтральнай лініі, у якасці якой Альгерд Бахарэвіч узяў кананічны сюжэт з казкі братоў Грым «Гензель і Грэтэль». Гэтая фабула выкарыстоўваецца для таго, каб зноў падняць тэму беларускай гістарычнай траўмы — экспансіі моўнага імперыялізму, суіснуе з карыкатурным афіцыйным патрыятызмам і іранічна апісаным нацыяналізмам.
Героі
правіць- Лёся/Сіа — дзяўчынку ў рамане завуць спачатку Сіа, потым Лёся.
- Лёччык — брат Лёсі.
- Бацька дзяцей — бацьку ў рамане не завуць ніяк. Ён проста Бацька.
- Доктар
Пераклады
правіцьУ 2018 годзе ў Францыі ў незалежным выдавецтве Le Ver à soie раман выйшаў у перакладзе на французскую мову. Гэта першы ў гісторыі раман, перакладзены на французскую непасрэдна з беларускай мовы. Перакладчыцай выступіла Алена Лапатнёва, рэдактаркай — Віржыні Шыманец, заснавальніца выдавецтва[4].
У 2020 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у англійскім перакладзе (а таксама на скотс) у Вялікабрытаніі, у выдавецтве Scotland Street Press у перакладзе Джыма Дынглі і Петры Рэйд[1].
Узнагароды
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б web.facebook.com/alhierd.bacharevic
- ↑ Аляксандра Дорская (16 кастрычніка 2014). "Альгерд Бахарэвіч: "У мяне ці не ўпершыню атрымалася цалкам чытэльная кніжка"". Будзьма беларусамі!.
- ↑ Ціхан Чарнякевіч (27 лютага 2015). "З надзеяй трапіць на мапу". Радыё Свабода.
- ↑ Сяргей Шупа (17 лістапада 2018). "Як «Дзеці Аліндаркі» загаварылі па-француску". Радыё Свабода.
- ↑ "Вынікі прэміі Кніга году 2015".
- ↑ "Уручаная прэмія Гедройца 2015". Беларускі ПЭН-цэнтр. 1 чэрвеня 2015.