Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў
Дзмітрый Міхайлавіч Стру́каў (руск.: Дмитрий Михайлович Струков; 1828—1899) — рускі мастак-рэстаўратар і археолаг.
Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 1828[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1899[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, археолаг |
Жанр | Іканапіс |
Вучоба | |
![]() |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і Міхаіла Данілавіча Струкава, з дванаццаці гадоў, які навучаўся ў аднаго з лепшых краўцоў — Гусева. У 1830 годзе, у час халеры, сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад, а праз пяць гадоў — у Верхатур’е, затым — у Ніжні Тагіл. Па вяртанні ў Маскву, у 1840 годзе Дзмітрый Струкаў паступіў у рысавальную школу (пасля — вядомае Строганаўскае вучылішча). У чацвёртым класе школы, па запрашэнні старосты сяла Люберцы, ён напісаў абразы ў іканастасе мясцовай царквы і алоўкавы партрэт самага старосты; шмат маляваў з натуры.
У 1849 годзе з яго дапамогай была адкрыта рысавальная школа пры Тройца-Сергіевай Лаўры, якая стала пасля вядомай школай іканапісу. У гэтым жа годзе Д. М. Струкавым быў складзены «Даведнік да маскоўскай святыні» — падрабязны даведнік па праваслаўнай Маскве, дзе былі сабраны і сістэматызаваны звесткі пра маскоўскія праваслаўныя святыні, складзены поўны спіс цудатворных ікон.[2]
У 1850 годзе Д. М. Струкаў быў запрошаны настаяцелем Сароўскай пустыні маляваць помнікі гэтага манастыра. Прыняў удзел у адкрыцці школы малявання пры Дзівееўскім жаночым манастыры. З гэтага часу ён стаў шмат падарожнічаць па Расіі, замалёўваючы храмы і манастыры Ніжняга Ноўгарада, Уладзіміра, Мурама, заходніх губерняў; быў на Каўказе, у Крыме.
У 1853 годзе па заканчэнні курсу навучання атрымаў званне някласнага мастака па партрэтным акварэльным жывапісе. У гэты ж час ён выканаў копію з Грабнёўскай іконы Маці Божай з Грабнёўскай царквы на Мясніцкай, якая была паднесена імператару і мастак атрымаў у якасці ўзнагароды пярсцёнак з дыяментамі і адкрытае пасведчанне для малявання старажытнасцей у манастырах і цэрквах.
З 1858 года стаў выдаваць часопіс «Школа рисования» («Школа малявання»)[3], у якім змяшчаў малюнкі са старажытных літар (буквіц) і заставак (мініяцюры, політыпажы) і іншых помнікаў з кароткімі артыкуламі пра старажытнарускае мастацтва. Часопіс выдаваўся ім да 1863 года; доўг, які ўтварыўся ад выдання, Струкаў выплачваў затым амаль 25 гадоў.
У 1859 годзе ён быў запрошаны ў Зброевую палату для капіравання музейных помнікаў; з 1860 года ён быў зацверджаны мастаком Зброевай палаты. На гэтай пасадзе ім было адрэстаўравана 13 старажытных сцягоў з фондаў музея. У гэты ж час Струкаў займаўся разборкай калекцыі П. І. Севасцьянава, перададзенай у Румянцаўскі музей.
Д. М. Струкаў быў вымушаны шмат выкладаць у розных навучальных установах: У Сергіеўскай школе пры маскоўскім камітэце Імператарскага чалавекалюбнага таварыства (1870-я — 1880-я), Маскоўскім універсітэце (1873), у 3-й жаночай гімназіі, Маскоўскім камерцыйным вучылішчы. Ім быў выпрацаваны адмысловы метад навучання, які дазваляў хутка навучыць маляваць любога чалавека; ім за кароткі тэрмін было навучана 200 салдат Парнаўскага палка. За гэты метад ён быў узнагароджаны сярэбраным медалём на Усерасійскай выстаўцы ў Маскве і неўзабаве абраны ў члены Французскай акадэміі прыгожых мастацтваў.
У 1860 годзе ён удзельнічаў у рэстаўрацыі сабора Новаіерусалімскага манастыра.
Па запрашэнні царкоўных улад ён фіксаваў у малюнках такія праваслаўныя ўрачыстасці, як адкрыццё ў 1861 годзе мошчаў свяціцеля Ціхана ў Задонску.
У 1864 годзе Віленскі генерал-губернатар граф М. М. Мураўёў запрасіў Струкава для ўдзелу ў мастацкай экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі. Асноўнай задачай экспедыцыі было «адшуканне ў краі старажытнарускіх помнікаў ці, прынамсі, слядоў тых з іх, якія ў сляпой нянавісці да праваслаўя і рускай народнасці былі знішчаны». У час экспедыцыі мастак замалёўваў каляровай акварэллю захаваныя помнікі культуры і архітэктуры. Плёнам экспедыцыі стаў альбом са 199-ці замалёвак[4]. Знешні выгляд многіх помнікаў архітэктуры цяпер вядомы толькі па працах Д. М. Струкава.
Зрабіў замалёўкі: населеных месцаў — Полацка, Магілёва, Нясвіжа, Рагачова, мяст. Раманава (сучасная в. Леніна Слуцкага раёна) і інш.; помнікаў архітэктуры — манастыроў Куцеінскіх Богаяўленскага і Успенскага ў Оршы, Спаса-Ефрасіннеўскага ў Полацку, Барысаглебскага ў Бельчыцах, Маркава ў Віцебску; цэркваў у мяст. Раманава, Ільінскай і Троіцкай у Віцебску, Барысаглебскай і Крыжаўзвіжанскай у Магілёве, Петрапаўлаўскай у Мінску і Маладзечне; Слуцкай брамы ў Нясвіжы; фрагментаў асобных збудаванняў — скляпенняў Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, твораў выяўленчага і дэкаратыўнага-прыкладнога мастацтва (у т. л. крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Праводзіў архітэктурна-археалагічныя пошукі на Беларусі. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі Струкава — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі беларускага дойлідства; захоўваюцца ў Вільнюскім універсітэце, Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі ў Маскве і ў Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН Расіі[5].
Віцебск. Троіцкая царква
Віцебск. Ільінская царква
Орша. Святадухаўская царква Куцеінскага Богаяўленскага манастыра
Орша. Успенскі манастыр
Віцебск. Маркаў манастыр
Магілёў. Крыжаўзвіжанская царква
Магілёў. Пакроўская царква
Магілёў. Гарадскі вал
Мінск. Петрапаўлаўская царква
Нясвіж. Слуцкая брама
Полацк. Спаская царква
У 1869 годзе па ініцыятыве Струкава было прынята рашэнне адкрыць у Маскоўскім таварыстве аматараў духоўнай асветы аддзяленне іканазнаўства, куды ўказам Сінода было прадпісана настаяцелям храмаў і манастыроў перадаваць «занадта састарэлыя і аблезлыя Св. іконы». Для збору было адведзена адмысловае месца ў Чудавым манастыры, асвячонае 23 снежня 1870 года. Паступова было сабрана больш за 300 старадаўніх ікон. Па думцы Струкава гэты збор мусіў выкарыстоўвацца ў іканапіснай школе. У 1870 годзе па ініцыятыве Струкава ў Заіканаспаскім духоўным вучылішчы былі адкрыты класы малявання, а ў верасні 1873 года на Вялікай Ардынцы — у доме, ахвяраваным Д. І. Хлудавым[6] было адкрыта іканапіснае вучылішча. Аднак, пасля, большая частка ікон была перададзена ў бедныя сельскія храмы.
У 1871 годзе яму была даверана рэстаўрацыя жывапісу храма Васіля Блажэннага. У гэты ж час ён выконваў заказ для храма Раства Багародзіцы ў Старым Сіманаве. У 1873 годзе Д. М. Струкаў, як знаўца дапятроўскай даўніны, быў запрошаны да ўдзелу ў аднаўленні храма Іаана Лесвічніка ў другім ярусе званіцы Івана Вялікага — па яго чарцяжах і пад яго наглядам быў збудаваны іканастас і распісаны сцены.
У 1860-я — 1880-я гады, як член Імператарскага археалагічнага таварыства, Струкаў неаднаразова ездзіў у Крым, дзе зрабіў шэраг важных археалагічных знаходак, напрыклад — Зелянчуцкі надпіс; ім была напісана праца: «Жыціі Святых Таўрычаскіх» (1886).
У 1883 годзе стаў адным з заснавальнікаў Рускага гімнастычнага таварыства.
Калі ў 1880-я гады яго сыну, М. Д. Струкаву, было даручана аднавіцьКутузаўскую хату, якая згарэла ў 1867 годзе, Дзмітрый Міхайлавіч быў запрошаны для аднаўлення яе інтэр’ераў. У гэты ж час Д. М. Струкаў арганізаваў уласную майстэрню па вытворчасці ікон і царкоўнага начыння ў старажытнарускім стылі[7].
Пахаваны на могілках Данскога манастыра [8].
УзнагародыПравіць
- Ордэн Св Ганны 2-й ступені
- Ордэн Св Ганны 3-й ступені
- Ордэн Св. Станіслава 2-й ступені
- Ордэн Св. Уладзіміра 4-й ступені
- медалі за ўдзел у выстаўках і інш.
ГалерэяПравіць
Камень Іасафата Кунцэвіча.
Зноскі
- ↑ а б Dmitrij Mihajlovič Strukov // MAK
- ↑ Путеводитель к московской святыне. — М.: Типография Александра Семена на Софийской улице, 1850. — 226 с.
- ↑ Школа рисования // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Б. Ж. Северо-Западная старина // Полесская жизнь. — 1911. — 1 февраля. — С. 2-3.
- ↑ Папова Ія Міхайлаўна // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Ныне — дом № 22.
- ↑ У абвестцы аб майстэрні пазначаны адрас для асабістых тлумачэнняў замоўцаў: «… каля Неабпальнай Купіны ў Крывым зав., дом Вінаградава».
- ↑ Магіла страчана, але адно з захаваных надмагілляў з цалкам страчанымі надпісамі магло належаць яму, калі выказаць здагадку, што помнік ставіў яго сын-архітэктар.
ЛітаратураПравіць
- Струков, Дмитрий Михайлович // Юбилейный справочник Императорской Академии художеств. 1764-1914 / Сост. С.Н. Кондаков. — СПб.: т-во Р. Голике и А. Вильборг, 1914-1915. — Т. 2 Список русских художников к Юбилейному справочнику Императорской Академии художеств.. — С. 190. — 272 с. Архівавана 23 кастрычніка 2013 года.
- Козлов В. Ф. Ревнитель святынь православной Москвы. Дмитрий Михайлович Струков (1827—1899) // Краеведы Москвы (Историки и знатоки Москвы). — М.: «Книжный сад», 1997. — С. 41—58. — 464 с.
- Д. Струков. Альбом рисунков. 1864-1867 / D. Strukov. Album of drawings. 1864-1867 / под ред. Баженовой О. Д.. — Мн.: БелЭн, 2011. — 308 с. — (Энциклопедия раритетов). — 1 800 экз. — ISBN 978-985-11-0577-5.