Дзмітрый Уладзіміравіч Караў
Дзмітрый Уладзіміравіч Караў (руск.: Дмитрий Владимирович Карев; 25 снежня 1949, Уфа, Башкірская АССР — 7 кастрычніка 2021, Гродна, Беларусь) — савецкі і беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1996), прафесар (1997).
Дзмітрый Уладзіміравіч Караў | |
---|---|
руск.: Дмитрий Владимирович Карев | |
Дата нараджэння | 25 снежня 1949 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 кастрычніка 2021 (71 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук |
Альма-матар |
Біяграфія
правіцьСкончыў Маскоўскі дзяржаўны гістарычна-архіўны інстытут. Працаваў у Інстытуце гісторыі, археалогіі і этнаграфіі народаў Далёкага Усходу Далёкаўсходняга навуковага цэнтра АН СССР, у Далёкаўсходнім дзяржаўным універсітэце (1973—1979). З 1979 года выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, загадчык кафедры эканамічнай тэорыі. У 1983 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Акадэмік М. К. Любаўскі як гісторык феадальнай Расіі»[1].
У 1995 г. скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Пачынаючы з 1995 г., узначальвае Гуманітарны цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы. У 1996 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Беларуская гістарыяграфія канца XVIII — пачатку XIX ст.»[1].
З 1997 года — прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 1997—1999 гадах займаў пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі права Гродзенскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства[1]. Апошнія гады працаваў прафесарам кафедры дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
З’яўляўся старшынёй Гродзенскага аддзялення Археаграфічнай камісіі пры Белкамдзяржархіве[1].
Навуковая дзейнасць
правіцьКола навуковых інтарэсаў Д. У. Карава вельмі шырокае, аднак Дзмітрый Уладзіміравіч вядомы перш за ўсё як спецыяліст у галіне гістарыяграфіі і крыніцазнаўства гісторыі Беларусі, гісторыі культуры Беларусі XVI—XXI ст[1].
Прапанаваў уласнае бачанне вытокаў і этапаў развіцця беларускай гістарычнай думкі. Пад яго кіраўніцтвам пачалася распрацоўка асобных аспектаў дасавецкай гістарыяграфіі Беларусі: гістарыяграфія шляхты ВКЛ (Н. У. Казлоўская), гістарыяграфія заходнерусізму (А. У. Літвінскі)[2].
Рэдактар і складальнік 8 кніг міжнароднага гісторыка-культуралагічнага альманаха «Наш радавод» (1991—2001). Актыўна садзейнічаў выданню ў Маскве фундаментальнай працы М. К. Любаўскага «Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до ХХ века». У 2007 г. у Вільнюсе апублікавана манаграфія Дзмітрыя Уладзіміравіча «Белорусская и украинская историография конца XVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев», у якой паслядоўна і змястоўна распавядаецца аб дасягненнях і праблемах гістарыяграфічнай навукі Беларусі і Украіны ў вызначаны перыяд[1].
Аўтар 193 навуковых работ, у тым ліку 5 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў[1].
Узнагароды
правіцьЗа плённую працу і навуковыя дасягненні Д. У. Караў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Граматай БДУ, Граматамі Гродзенскага гарвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж ДЗМІТРЫЙ УЛАДЗІМІРАВІЧ КАРАЎ Архівавана 12 жніўня 2021.. Веснік БДУ
- ↑ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7.
Літаратура
правіць- КАРАЎ Дзмітрый Уладзіміравіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7.