Дзяржава Само
Дзяржава Само́ (славенск.: Samova ríša, славацк.: Samova država, Samova plemenska zveza, польск.: Państwo Samona, чэшск.: Sámova říše; 623—658) — першае вядомае палітычнае ўтварэнне славян, звесткі пра яго стварэнне і гісторыю бедныя і паўлегендарнага характару. Назву атрымала ад заснавальніка — франкскага купца Само. У склад дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі сучасных Чэхіі, Славакіі, часткова Германіі (землі лужыцкіх сербаў), Польшчы, Славеніі і Харватыі. Неўзабаве па смерці Само дзяржава распалася.
Дзяржава Само | |
---|---|
Дата заснавання / стварэння | 623[1] |
Сталіца | |
Папярэдні ў спісе | Франкская дзяржава і Аварскі каганат |
Наступны ў спісе | Франкская дзяржава, Карантанія, Аварскі каганат, Вялікая Маравія, Нітранскае княства і Польшча |
Эпоха | Ранняе Сярэднявечча[d] |
Дата спынення існавання | 658 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Крыніцы
правіцьАдзіныя крыніцы пра Само і яго дзяржаву — Хроніка Фрэдэгара (Gesta Dagoberti I regnis Francorum) і пазнейшая Зальцбургская хроніка (Conversio Bagoariorum et Carantanorum). Хроніка Фрэдэгара лічыцца больш надзейнай, Зальцбургская хроніка змяшчае значную колькасць паўлегендарных звестак, але, бо звесткі вельмі раннія, таксама лічыцца неабходнай крыніцай пра Самову дзяржаву.
Асоба Само
правіцьСамо́ (славацк. і славенск.: Samo, польск.: Samon, чэшск.: Sámo; канец VI ст. — 658) — гандляр з Франкскай імперыі, першы пэўна вядомы славянскі ўладар.
У Хроніцы Фрэдэгара называецца «homo nomen Samo, natione Francos, de pago Senonago» («чалавек на імя Само, франк з вёскі Сенонскай»). Senonago імаверна тоеснае сённяшняй мясцовасцю Сас (Sens) дэпартамента Ён на паўднёвы ўсход ад Парыжа або Суанье (Soignies) у Бельгіі, але natione Francos можна разумець і як «франк па нацыянальнасці», і як «народжаны ў Франкскай імперыі», і як «падданы/жыхар Франкскай імперыі».
Цяпер ёсць дзве гіпотэзы этнічнага паходжання Само. Першая зыходзіць з таго, што ён галараманец, раманізаваны жыхар Галіі — былой правінцыі Рымскай имперыі, а імя Само кельцкага паходжання. Другая, заснаваная на Зальцбургскай хроніцы «Conversio Bagoariorum et Carantanorum», зыходзіць з таго, што слова само трэба разглядаць як старажытнаславянскі тытул, у такім разе, Само значыць самаўладзец. Таксама, у славянскіх мовах слова само мае самастойны сэнс і некаторыя даследчыкі лічаць Само кароткай формай імя Самаслаў. Аднак большасць даследчыкаў аддае перавагу першай гіпотэзе.
Славяне таго часу
правіцьСлавянскія землі на якіх утварылася дзяржава Само ў канцы VI ст. былі пад уладай Аварскага каганата, вядомыя паўстанні славян супраць авараў. У 603 года пасля смерці аварскага кагана Баяна ў каганаце пачалася міжусобная барацьба. Славянскія землі пачалі паўстанне за вызваленне ад больш як 50-гадовай залежнасці.
Дзейнасць Само
правіцьКаля 620 годзе Само з гандлёвым караванам адправіўся на ўсход. Дасягнуўшы скрыжавання Усходняга гандлёвага шляху з Бурштынавым — Мараўскага поля, сутокі Моравы і Дуная, Само стаў лагерам. Тут планы змяніліся, ён вырашыў ехаць у Італію і, каб падарожжа стала выгоднейшым, пачаў купляць у славян аварскіх рабоў, на якіх быў вялікі попыт у Ламбардыі. Само ўмацаваў лагер, побач з ім спыняліся драбнейшыя групы купцоў. Само не ведаў славянскай мовай, бо дагэтуль не меў такой патрэбы, і карыстаўся паслугамі тлумачоў.
Праз нейкі час да лагера, але на супрацьлеглым беразе, наблізіўся загон аварскай кавалерыі пра які стала вядома папярэдне праз характэрны шум. Каб напасці на купецкі лагер, авары мусілі пераправіцца праз раку, а брод быў даволі далёка і часу на пераправу авары страцілі шмат, таму Само паспеў дамовіцца з славянамі пра супольную абарону і наступны падзел здабычы. Славянскі атрад быў пастаўлены ў засаду, у лясным гушчары на шляху авараў Само паставіў атрады лучнікаў, калі авары прайшлі праз лес і пачалі бой з атрадам Само, яны ўжо былі моцна пабітыя стрэламі. Калі з тылу на авараў рушылі славяне, усё было хутка скончана. Само падзяліў багатую здабычу, пагалоска пра яго поспех разнеслася па навакольных землях, да Само пацягнуліся людзі і яго войска пачала расці.
Само цяпер не спяшаўся ў Італію, стаў ахоўваць пераправы праз рэкі і гандлёвыя шляхі, браць за гэта аплату а купцоў. Месца і справа Само спадабаліся. Умацоўваўся фінансавы і вайсковы патэнцыял, калі праз год ён яшчэ раз перамог аварскае войска ў баі, слава Само разнеслася па ўсёй Еўропе. Само стаў уладаром славянскіх зямель, кантраляваная тэрыторыя пашыралася, ваенны поспех не пакідаў. Ад абарончай тактыкі ў барацьбе з аварамі ён перайшоў да наступальнай, нападаў на аварскія атрады і паселішчы. Адно яго Само наводзіла на авараў жах. Пасля паражэнняў авараў ад Само з-пад іх улады вызваліліся харваты і прыальпійскія славяне.
Кароль Аўстразіі Дагаберт I сачыў за развіццём падзей на ўсходзе. Ён вырашыў, што землі, спустошаныя жорсткімі войнамі, не акажуць моцнага супраціву яго войску. Агульнай мяжы ў Аўстразіі са славянскімі землямі не было, паміж імі былі шырокія нічыйныя землі. Славяне не нападалі на заходнія каралеўствы, але Дагаберт асцерагаўся гэтага і хацеў нанесці папераджальны ўдар. Пагатоў знайшлася ўдалая нагода. На Мараўскім полі быў разрабаваны нейкі франкскі караван. Купцу пашчасціла выратавацца і ён адправіўся са скаргай да Дагаберта. Кароль абяцаў яму сваю дапамогу і адправіў да Само пасла Сіхарыя, які ведаў славянскую мову.
Сіхарый прыбыў да Само і запрасіў сустрэчы, але ведаючы хто такі Само размаўляў і быў апрануты па-франкску. Само, які ўжо вывучыў славянскую мову і трымаўся славянскіх звычаяў, не прыняў пасла. Тады Сіхарый апрануўся па-славянску і прыйшоў да ўладара. Само прыняў Сіхарыя, той паводзіў сябе без павагі і патрабаваў кампенсацыі страт за разрабаваны караван. Само пагадзіўся са справядлівасцю патрабаванняў і пагадзіўся кампенсаваць прычыненую шкоду, калі Дагаберт кампенсуе ўсе страты славянскіх купцоў на тэрыторыі Аўстразіі. Сіхарый не меў такіх паўнамоцтваў і адказваў унікліва, а Само з’едліва высмейваў яго адказы і справа дайшла да сваркі паміж імі, падчас якой Сіхарый дазволіў сабе абразы Само. Уладар паклікаў слуг і загадаў выкінуць пасла за вал лагера, што і было зроблена.
Дазнаўшыся пра няўдачу пасольства, Дагаберт каля 630 года сабраў войска і вясной трыма калонамі рушыў на дзяржаву Само. У некалькіх дробных сутычках у памежных землях алеманы і лангабарды перамаглі славян. Але на шляху калоны на чале з Дагабертам была памежная крэпасць Вагасцісбург, дзе засеў Само са сваёй дружынай. Дагаберт аблажыў крэпасць, Само са сваімі людзьмі выйшаў за валы і навязаў франкам бой. Паводле падання бой доўжыўся трое сутак, урэшце франкі збеглі, кінулі свой лагер, харчы і здабычу. Само не абмежаваўся гэтай перамогай і стаў здзяйсняць набегі на заходнія землі, даходзіў да Цюрынгіі. Слава і магутнасць Само настолькі ўзраслі, што сербскі князь Дрэван выйшаў з васальнага падпарадкавання Дагаберту і прызнаў уладу Само.
Славяне пачалі напады на землі франкаў і часта перамагалі ў дробных сутычках. У гэтых абставінах, саксы, якія жылі на землях праз якія славяне праходзілі на захад, прапанавалі свае паслугі Дагаберту — за паніжэнне даніны абавязаліся ахоўваць межы Аўстразіі ад набегаў славян і іншых ворагаў. Дагаберт прыняў іх прапанову, але не шмат выйграў, славяне як і раней праходзілі ў яго зямлі і рабавалі іх.
Дагаберт не даваў рады славянскаму нашэсцю, але герцаг Цюрынгіі Радульф, які таксама цярпеў ад набегаў ваяроў Само, здолеў разбіць славян і выгнаў іх атрады са ўсіх франкскіх зямель. Неўзабаве Радульф пасварыўся з Дагабертам і абвясціў сябе суверэнным уладаром свайго герцагства, яму спатрэбіліся саюзнікі і славяне былі ці не лепшымі для гэтага. Славянская дзяржава стала саюзнікам і апорай герцагства Цюрынгія.
Спадчына
правіцьУ апошнія гады жыцця Само не вёў вялікіх войнаў, ворагі баяліся яго войска і вайсковай удачы. Памёр Само ў 658 годзе, пра яго пераемніка нічога не вядома і дзяржава распалася. У Само было 12 жонак-славянак і з імі 22 сыны і 15 дачок. Паводле паданняў, нашчадкамі Само былі Майміравічы — уладары Вялікамараўскай дзяржавы і Пржэмыславічы — уладары Чэшскай дзяржавы. Пацвярджэнняў гэтаму няма, але гледзячы на шматлікасць сыноў і дачок такое можна дапусціць. Магчыма, яго нашчадкі ўладарылі і ў іншых славянскіх дзяржавах, якія ўтварыліся пасля распаду Дзяржавы Само.
Літаратура
правіць- Грацианский Н. П. Славянское царство Само (К критике известий «Хроники Фредегара») // ИЖ. 1943. № 5-6.
- Пичета В. Н. П. Грацианский и его труды по истории славянских народов // Вопросы истории. 1946. № 7. С. 96—99;
- Mikkola J. J. Samo und sein Reich // ASPh. 1928, Bd. 42.
- Labuda Gerard. Pierwsze państwo słowiańskie Państwo Samona. — Poznań, 1949.
- The fourth book of the Chronicle of Fredegar. Greenwood Press, 1981. Глядзіце: аматарскі рускі пераклад — Эл.рэсурс vostlit.info; урывак з хронікі на арыгінальнай лаціне Архівавана 11 чэрвеня 2008. пра адносіны франкаў з вендамі.
Спасылкі
правіцьДзяржава Само на Вікісховішчы |