Дзяржаўныя сяляне (Вялікае Княства Літоўскае)
Дзяржа́ўныя сяля́не — сельскае феадальна-залежнае насельніцтва, якое жыло на дзяржаўных землях Вялікага Княства Літоўскага. Узнікла ў XIV стагоддзі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вялікага князя. У склад дзяржаўных сялян уваходзілі таксама сяляне-слугі, асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Былі запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У XIV—XV стагоддзях на Беларусі велікакняжацкія землі шырока раздаваліся асобным феадалам і царкве, адначасова ў вялікага князя канцэнтраваліся землі ў выніку ліквідацыі ўдзельных княстваў. У канцы XVI стагоддзя зямельныя ўладанні вялікага князя (дамен) з дзяржаўнымі сялянамі падзелены на староствы і эканоміі. У XVII—XVIII стагоддзях з дзяржаўнымі сялянамі зліліся ніжэйшыя ваенныя слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры). Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай ва ўсходняй Беларусі было каля 351 тыс. дзяржаўных сялян (1772), што складала 37,7 % ад усіх сялян. У цэнтральнай і заходняй Беларусі было каля 419 тыс. чалавек (1791), што складала 21,1 % ад усіх сялян[1].
Асноўнымі феадальнымі павіннасцямі дзяржаўных сялян у XV стагоддзі былі натуральны і грашовы аброк, у XVI — 1-й палове XVII стагоддзя паншчына, у 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя чынш, з 2-й паловы XVIII стагоддзя ізноў паншчына. Супроць прыватнаўласніцкіх сялян дзяржаўныя сяляне мелі права скардзіцца на арандатараў і адміністрацыю старостваў і эканомій у каралеўскі асэсарскі суд. У XVII—XVIII стагоддзях антыфеадальная барацьба дзяржаўных сялян абвастрылася і часам мела характар узброеных паўстанняў, адным з прыкладаў іх ёсць Крычаўскае паўстанне 1743—1744 гадоў[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Павел Казлоўскі, Мар’ян Зайцаў. Дзяржаўныя сяляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 250—251. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.