Дзённік Фёдара Еўлашоўскага

Дзённік Фёдара Еўлашоўскага — адзін з першых узораў старабеларускай мемуарнай літаратуры, напісаны ў 1603—1604 гадах Фёдарам Еўлашоўскім.

Дзённік Фёдара Еўлашоўскага
Жанр дзённік[d]
Аўтар Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі
Мова арыгінала старабеларуская мова
Дата першай публікацыі 1886
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Апісанне правіць

 
Старонка з успамінаў Ф. Еўлашоўскага

Дзённік быў пачаты ў 1603 годзе, магчыма, пад уплывам дыярыуша М. К. Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва да святой зямлі». Апошні запіс у творы датуецца 1604 годам. Першая старонка рукапісу з загалоўкам не захавалася, таму мемуары даследчыкі называюць «дзённікам», «успамінамі», «гістарычнымі запіскамі» (у найбольшай ступені адпавядае зместу). «Гістарычныя запіскі» — адзіны вядомы твор з літаратурнай спадчыны пісьменніка.

У жанравым плане гэта класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Мемуары носяць аўтабіяграфічны характар, факты ў іх пададзены ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Пераважна, аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, пра асабістыя ўражанні. Між іншым, падаюцца звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі XVIXVII стст.: асобныя бітвы Лівонскай вайны (1558—1583), прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі (1569), выбары каралёў. Але буйнейшыя пытанні палітыкі не закранаюцца, бо аўтар лічыў гэта прэрагатывай магнатаў.

Талент Ф. Еўлашоўскага як белетрыста, здатнага да пабудовы сюжэтнага аповеду, найбольш поўна выявіўся ў навеле пра паўстанне Налівайкі (15951596)[1]. Аповед уключае наступныя топікі: паведамленні пра час і месца, дзе яно пачалося, указанні асноўных маршрутаў паўстанцаў, пагромы шляхецкіх маёнткаў, пералік асноўных сутычак з рэгулярнымі войскамі пад кіраўніцтвам ваяводы Мікалая Крыштофа Радзівіла, звесткі пра гібель у баях з налівайкаўцамі знакамітых шляхціцаў.

Здольнасць Ф. Еўлашоўскага да літаратурнага вымыслу выявілася ў сюжэце пра з’яўленне прывіду, «агністага чалавека», з якім адбылася сустрэча ў 1566 г. падчас небывалай пошасці. Апавяданне пра містычнае здарэнне мае наступны змест: аўтар, вяртаючыся з Вільні, заначаваў у вёсцы Дорагава. Як толькі заснуў, «агністы чалавек» рушыў на яго. Ні кінжал, ні іншыя сродкі не спынілі прывіду, толькі пад раніцу сонечнае святло, што трапіла ў пакой праз расчыненае вакно, выратавала Еўлашоўскага. 3 гэтай сцэны фактычна пачынаецца містычная тэма ў беларускай літаратуры.

Галоўная рыса творчага метаду Ф. Еўлашоўскага — аўтабіяграфічнасць.[2] Яна выявілася ў аповедах аўтара пераважна пра тое, што ён асабіста назіраў, у чым удзельнічаў або з чым асабіста пазнаёміўся. Ф. Еўлашоўскі непасрэдна ў тэксце «Гістарычных запісак» змясціў уласную біяграфію, у якой паведаміў пра месца і час нараджэння, навучанне, службу ў розных асоб, удзел у ваенных рэйдах, маёмасныя канфлікты і судовыя разбіральніцтвы, наведванне соймаў, сямейныя справы, дачыненні з родзічамі, візіты ў розныя гарады з асабістымі і службовымі мэтамі.

Упершыню ў беларускай літаратуры Ф. Еўлашоўскі здзейсніў спробу перадаць уласныя духоўныя пакуты, незвычайны эмацыйны стрэс, выкліканы жорсткім забойствам сына Яна, які загінў ад рукі пана Олбрыхта Бруханскага. Паводле словаў мемуарыста, калі яму данеслі страшную вестку ў час судовага працэсу, дык ён страціў волю і сілы, не мог рухацца і прадпрымаць нейкія дзеянні: «А ям не толко не слал никого, але ани ведял о ничмем еханю и о свете: жив лим был або не». I праз доўгі час, свой чарговы дзень нараджэння сустракаў у суме і адзіноце, «с плачем и велкой жалостей», а не як звычайна, калі ў такі дзень вакол яго было шмат сяброў.

Аповед Ф. Еўлашоўскага пра ўласную хваробу ўключае разгорнутую сістэму топікаў — звесткі аб яе працягласці, самаадчувані за ўвесь перыяд хваробы, цялесныя пакуты, лекаванні рознымі сродкамі, рэцыдывах праз усё жыццё. Мемуарыст на старонках твора пераказвае свой дзіўны сон: нібыта ён апынуўся ў далёкай краіне Італіі, дзе назіраў прыгажосць горада Мантуі: «Положене замку, места, вод, мостов мурованых».

Сярод іншых герояў «Гістарычных запісак» Ф. Еўлашоўскага — рэальныя гістарычныя асобы, прадстаўнікі розных сацыяльных станаў: вялікія князі і манархі — Жыгімонт Аўгуст, Стэфан Баторый; магнаты і ўрадоўцы — Ян Караль Хадкевіч, Дзмітрый Палубінскі, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Міхаіл Гарабурда, Сямён Слуцкі; вядомыя навукоўцы і кнігадрукары — Ян Ліцыній, Альбрэхт Кавячынскі; лекары — Барталян, Марцін Фокс, Лаўрэнціуш; прапаведнікі — Вендрагоўскі і Касцяніцкі; суддзі — Іван Маскевіч, Анікей Уніхоўскі, Мікалай Падароўскі; блізкія і сваякі аўтара.

Найбольш поўна ў творы пададзены вобраз жонкі мемуарыста — Ганны Балатоўны. Яе справы, паводзіны, учынкі ва ўсім узорныя: яна клапатлівая маці, цнатлівая жонка, яе сэрца ніколі не ведала злаблівасці і пыхі, заўжды са спачуваннем і міласэрнасцю яна ставілася да хворых, абяздоленых, паказвала прыклад канфесійнай цярплівасці. Пісьменнік ужывае прыём адкрытага, наўпроставага ідэалізавання Ганны Балатоўны праз пазітыўныя азначэнні: «В маетностисмы се з обу строн ровной знесли были, але з благословенства Божого была нам спора и помножаючаяся над працу и надею нашу. Мэлям з нею добру жонэ. Не уприкрыли ми се для ней дни живота моего, была бо вем у пригодах и хоробах сэрца мэжнего, цноты велкей. Пыха и зле мысли, снать, онэй нигды до сэрца не наступовали. Ку убогим, хорым и засмучоным людям упреймого милосердя, же и в ночи, спать не могучи, о таковых рятунку мыслила и старане чынила. А хоть у вере руской трвала, але так бачне и не упорне, же то намнейшей незгоды не указовало».

У «Гістарычных запісках» Ф. Еўлашоўскага яшчэ няма эвалюцыі характараў. Аўтар абмяжоўваецца кароткімі звесткамі, характарыстыкамі, у цэнтры яго ўвагі — выбітныя ўчынкі гістарычных асоб (рыцарскія подзвігі, выданне кніг), характар заняткаў у пэўны перыяд, паведамленні пра заняцце важных дзяржаўных пасадаў, жаніцьбы і вяселлі, згадкі пра час, акалічнасці і прычыны смерці (быў забіты, памёр у гарачцы, затануў), дзень і месца пахавання.

У творы Ф. Еўлашоўскага падкрэсліваюцца асабістыя рысы персанажаў, пераважна пазітыўныя. Так, пра Яна Адахоўскага сказана, што ён «вельцэ чловек добрый». Князь Дзмітрый Палубінскі, які загінуў у баі пад Дэрптам, — «чловек значне рыцерскі». Нядзведзіцкі ўрадовец Васіль Рагачоўскі — «чловек мудрый и велкего захованя у люди».

Да ліку адмоўных персанажаў «Гістарычных запісак» належыць жамойцкі кашталян Ян Нарушэвіч, яскравая характарыстыка якога вынікае з заўвагі, маўляў, пра яго можна толькі «с пострахэм велким успомниать», а таксама Таццяна Скуміна, жанчына «надта скупая», прагная да грошай.

У шэрагу выпадкаў аўтар дае агульную ацэнку дзейнасці гістарычнай асобы. Ф. Еўлашоўскі станоўча характарызуе плён жыцця і чыннасці вялікага князя і караля Стэфана Баторыя, рэзідэнцыя якога колькі гадоў была ў Горадні: «Шкода кролю, жесь по велких працах, кторых ест се был з млодости приучил, и тэ лят килка Городном се у отпочиваню своим забавил. А моим зданем, где бысь звыклэй працэй уживал, еще бысь был далей потрвал. Але певней ведял то Пан Бог, чому так, а не иначей меть хтял».

Мастацка-кампазіцыйную аснову «Гістарычных запісак» утвараюць кароткія аповеды пра падзеі, што адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1566 да 1604 года. Яны падаюцца ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Выбар падзей у якасці аб’екта адлюстравання — яшчэ адна важная праява творчага метаду мемуарыста.[2]

Адно з галоўных месцаў у творы належыць соймам, шляхецкім соймікам і з’ездам. У «Гістарычных запісках» знайшлі адбітак, у рознай ступені, падзеі васьмі вялікіх соймаў — Гарадзенскага 1568, Варшаўскіх 1570,1572, 1578,1602, элекцыйнага сойма 1575 г. у Стэнжыцы, Торуньскага 1576, Кракаўскага 1603, а таксама двух павятовых шляхецкіх соймікаў — Цырынскага 1592 г. і Наваградскага 1602 г. Пры абмалёўцы падзей соймаў аўтар падае час і месца іх правядзення, указвае канкрэтны дзень пачатку — «съем зачатый был стычня 20», дату апошняга пасяджэння — «докончил се тот сэйим 9 стычня 1580», або, зрэшты, называе агульную працягласць сойма ў тыднях — «и змешкавши там тры неделе розехали се в розэрваню». Звесткі пра ўдзельнікаў, дэпутатаў і гасцей соймаў, а таксама прадстаўнікоў, паслоў, ад Наваградчыны займаюць значнае месца на старонках твора: «Потом в декабры был съем у Вашове, на котором пан Андрей Тризна и яс повету Новгородского послами были». Ф. Еўлашоўскі абавязкова ўказваў, ці прысутнічаў на сойме манарх, хто маршалкаваў (старшыняваў) у часе правядзення дыскусій, асабліва калі рэй вёў прадстаўнік Вялікага Княства Літоўскага — «На местцу кролевским арцыбискуп гнезненский Якуб Уханский седял», «Маршалковал межи послами наш литвин, князь Лукаш Болько Свирский». Аўтар пералічвае найбольш значныя выступы дэпутатаў, характарызуе змест прамоў, адзначае, на якой мове прамаўляліся выступы — лацінай, па-польску, па-беларуску.

У цэнтры ўвагі мемуарыста — палітычныя вынікі соймаў, прынятыя статуты, канстытуцыі, пастановы і юрыдычныя дакументы, асабліва тыя, над якімі яму самому як паслу даводзілася працаваць: «На сэйме тым, кром намов о кгданщах, ничого не справивши пожекгнали послове кроля его милость»; «И працовалисмы, пишучи Трибунал, яко ж увес нагшсаный и корол его милость подписал его нам, але выдать се не могл без констытуцэий, кторей с того сэйму не было, толко универсал поборовый». Між іншым, згадвае пісьменнік і пра прыватныя маёмасныя праблемы, якія ўдавалася развязаць на соймах яму асабіста ды яго знаёмым падчас сустрэч з вялікім князем, а таксама пра давядзенне да ладу тых судовых спраў, што дзеля розных прычын нельга было закрыць на павятовым або ваяводскім узроўнях.

На старонках «Гістарычных запісак» знайшла адлюстраванне мілітарная тэматыка, пераважна ў форме занатовак, асобных штрыхоў пра ваенныя падзеі, паведамленні пра месцы знаходжання, дыслакацыю баявых харугваў: «Тое ж осени король его милость был з войском и в шиху под Радошковичами». Перамогу беларускіх харугваў над маскоўскімі заваёўнікамі пад Улаю ў 1564 г. пісьменнік называе «шчаслівай», згадаўшы пра свой удзел у ёй: «А потом, за наступленем и поднесенем войны от короля его милости Жигимонта Августа с князем Иваном московским, былэм первшыи раз на войне, где и битва была нашим щаслива над москвою, року 1564, месяца генваря 26, на Иванполю, над рекою Улою».

Мемуарыст фіксуе час вяртання замкаў і гарадоў, захопленых раней маскоўскімі войскамі: «Року того ж 80, вресня 5, король его милость под московским Луки взял был». Уласны ваенны досвед аўтара спрычыніўся да стрыманых ацэнак вынікаў вайны, пазбягання ўсялякай яе гераізацыі. У творчым інтэрпрэтаванні мемуарыста вайна — прычына шматлікіх бедаў, неверагодных чалавечых пакут, псіхалагічных стрэсаў, незлічоных страт. Яна не вядзе да станоўчых вынікаў. Аўтар упэўнена сцвярджае, што вайна не прыносіць карысці асобнаму чалавеку, і дапускае, што ад яе няшмат карысці для краіны: «А потом аж до уприкреня были ми частые язды на тые войны, а яко юж тераз упатруе, мало потребные, бо вем, же и речи посполитой пожитку не веле тэ войны приносили. А мне паметнэ зостали для утерпеня велких пригод, трудности, шкод и невыповеданых невчасов». Пазіцыя Ф. Еўлашоўскага набывае ледзьве не пацыфісцкую скіраванасць, калі ён дзякуе Богу, што той пазбавіў яго няшчасця ўдзельнічаць у чарговых ваенных кампаніях.

Тэму міжканфесійных дачыненняў у ВКЛ Ф. Еўлашоўскі раскрывае праз ідэалізаванне адносін паміж вернікамі розных веравызнанняў у мінулыя часы, калі яны маглі сустракацца і мірна весці супольныя справы, з павагай ставіліся адзін да другога. Пісьменнік называе той час «залатым векам»: «Для чого самого том тот век злотым ми ся види от нинейшого веку». Працягам гэтай добрай традыцыі, на думку аўтара, былі яго шчыльныя кантакты з каталікамі — Янам Макавецкім, канонікам віленскім, і Баўтрамеем Нядзвецкім. Пры развязанні праблемы міжканфесійных стасункаў аўтар «Гістарычных запісак» ужывае публіцыстычны пасаж, у якім выказвае спадзяванне на тое, што ўлады Княства зробяць усё магчымае, каб не дапусціць грамадзянскай вайны на рэлігійнай глебе.

Ф. Еўлашоўскі не абышоў тэмы сацыяльных канфліктаў, на якія хварэла тагачаснае грамадства. У творы яна адбілася ў форме аповедаў пра судовыя справы паміж магнатамі, шляхтай з-за маёмасных прэтэнзій, маральных траўмаў, крыміналу.

Міждзяржаўныя дачыненні паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам таксама знайшлі адлюстраванне на старонках «Гістарычных запісак». Аўтар асвятляе ракурс дыпламатычных зносін: маскоўскую місію 1567 г. на чале з Фёдарам Калычовым, Грыгорыем Нагім, Васілём Шчалканавым; вялікае сумеснае пасольства беларускага гаспадарства і Польшчы ў Маскву да Івана IV, у 1570 г., на чале з Мікалаем Тальвошам, кашталянам менскім, Андрэем Івановічам, пісарам, Янам Кратоскім і Рафалам Ляшчынскім. Мемуарыст называе кіраўнікоў дыпламатычных місій, агульную колькасць гасцей — «сума всих людей 1225, а коней — 1629», галоўныя вынікі, дасягнутыя падчас перамоў, не асвятляючы, аднак, ні характару дыскусій, ні абставін, пры якіх яны адбываліся.

Пісьменнік паказаў тагачасныя звычаі і рытуалы пры двары вялікага князя. Ён, у прыватнасці, перадае сцэну аўдыенцыі ў Стэфана Баторыя князя Сямёна Слуцкага, які вітаў манарха арацыяй.

У пісьмовай культуры старажытнай Беларусі «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага займаюць выбітнае месца, як адзін з першых значных помнікаў мемуарнага жанру нацыянальнай літаратуры эпохі позняга Рэнесансу. Зараджэнне аўтабіяграфічнага жанру ў беларускай літаратуры XVI ст.— выразная праява рэнесанснай эстэтыкі, якасна новага погляду на чалавека, увасабленне мастацкай канцэпцыі індывідуалізму. Мемуары сведчаць аб памяркоўным лібералізме аўтара, рэлігійнай верацярпімасці, яго мясцовым патрыятызме. Еўлашоўскі ганарыўся ВКЛ і крытычна ставіўся да Польшчы.[3]

Рукапіс мемуараў Ф. Еўлашоўскага збярогся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Упершыню апублікаваны (са значнымі папраўкамі) у 1886 украінскім гісторыкам У. Антановічам.

Зноскі

  1. Аўтар спачуваў казакам, але асудзіў іх грабежніцтва і тэрор.
  2. а б І. Саверчанка (2010)
  3. Белазаровіч (2006), С.57.

Літаратура правіць

  • І. Щоденник новгородського підсудка Федора Євлашевського. 1564–1604 // Мемуари до історії Південної Русі: Випуск 2 (перша половина XVII ст.). Ф. Євлашевський, Я. Собеський, походи 1625 та  1628 рр., С. Окольський, Г. Боплан, звільнення невільників, Б. Машкевич / За ре­дакціею В.Антоновича, пер. з рос. І.С.  Голуб; передм. В.С. Мороза; худож.оформ. А.П. Дерев’янка. - Дніпропетровськ: Січ, 2006. - 439 с. -- ISBN 966-511-294-5 -- С. 7-44.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 56-57;
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. — Мн., 1998;
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.2. — Мн., 1985;
  • Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 357;
  • Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 2. — Мн., 1993;
  • Асветнікі зямлі беларускай: Х — пачатак ХХ ст.: энцыкл. давед. — Мн., 2001;
  • Енциклопедія українознавства. Т. 2. — Львів, 1993;
  • Свяжынскі У. Дыярыуш і Еўлашоўскі: [пра грамадскага дзеяча і пісьменніка эпохі Вялікага Княства Літоўскага Фёдара Еўлашоўскага] // Краязнаўчая газета. — 2006. — Сак. (№ 12);
  • Саверчанка І. Фёдар Еўлашоўскі — класік мемуарыстыкі: [пра пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча XVI—XVII стст.] // Літаратура і мастацтва. — 2006. — 23 чэрв. (№ 25). — С. 14;
  • Свяжынскі У. М. «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 121, [2] с.;
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2007. — («Беларускі кнігазбор»)— С. 334—349;
  • Таранеўскі В. У. Штрыхі да «Успамінаў» Ф. Еўлашоўскага і «Реестра списань…» Ф. Кміты-Чарнабыльскага: [прысвечана мемуарнай літаратуры Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст.] // Ученые записки УО «ВГУ им. П. М. Машерова»: сборник научных статей / Министерство образования Республики Беларусь, Витебский государственный университет им. П. М. Машерова; [редколлегия: А. В. Русецкий (главный редактор) и др.]. — Т. 6. — С. 177—190.