Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў
Дзмітрый Міхайлавіч Стру́каў[2] (руск.: Дмитрий Михайлович Струков; 1828—1899) — рускі мастак-рэстаўратар і археолаг.
Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 1828[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1899[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, археолаг |
Жанр | іканапіс |
Вучоба | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў Маскве ў сям’і Міхаіла Данілавіча Струкава, які з дванаццаці гадоў навучаўся ў аднаго з лепшых краўцоў — Гусева. У 1830 годзе, у час халеры, сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад, а праз пяць гадоў — у Верхатур’е, затым — у Ніжні Тагіл. Па вяртанні ў Маскву, у 1840 годзе Дзмітрый Струкаў паступіў у рысавальную школу (пасля — вядомае Строганаўскае вучылішча). У чацвёртым класе школы, па запрашэнні старосты сяла Люберцы, ён напісаў абразы ў іканастасе мясцовай царквы і алоўкавы партрэт самога старосты; шмат маляваў з натуры.
У 1849 годзе з яго дапамогай была адкрыта рысавальная школа пры Тройца-Сергіевай Лаўры, якая пазней стала вядомай школай іканапісу. У гэтым жа годзе Д. М. Струкавым быў складзены «Даведнік да маскоўскай святыні» — падрабязны даведнік па праваслаўнай Маскве, дзе былі сабраны і сістэматызаваны звесткі пра маскоўскія праваслаўныя святыні, складзены поўны спіс цудатворных ікон.[3]
У 1850 годзе Д. М. Струкаў быў запрошаны настаяцелем Сароўскай пустыні маляваць помнікі гэтага манастыра. Прыняў удзел у адкрыцці школы малявання пры Дзівееўскім жаночым манастыры. З гэтага часу ён стаў шмат падарожнічаць па Расіі, замалёўваючы храмы і манастыры Ніжняга Ноўгарада, Уладзіміра, Мурама, заходніх губерняў; быў на Каўказе, у Крыме.
У 1853 годзе па заканчэнні курсу навучання атрымаў званне някласнага мастака па партрэтным акварэльным жывапісе. У гэты ж час ён выканаў копію з Грабнёўскай іконы Маці Божай з Грабнёўскай царквы на Мясніцкай, якая была паднесена імператару; мастак атрымаў у якасці ўзнагароды пярсцёнак з дыяментамі і адкрытае пасведчанне для малявання старажытнасцей у манастырах і цэрквах.
З 1858 года стаў выдаваць часопіс «Школа рисования» («Школа малявання»)[4], у якім змяшчаў малюнкі са старажытных літар (буквіц) і заставак (мініяцюры, політыпажы) і іншых помнікаў з кароткімі артыкуламі пра старажытнарускае мастацтва. Часопіс выдаваўся ім да 1863 года; доўг, які ўтварыўся ад выдання, Струкаў выплачваў затым амаль 25 гадоў.
У 1859 годзе ён быў запрошаны ў Аружэйную палату для капіравання музейных помнікаў; з 1860 года ён быў зацверджаны мастаком Аружэйнай палаты. На гэтай пасадзе ім было адрэстаўравана 13 старажытных сцягоў з фондаў музея. У гэты ж час Струкаў займаўся разборкай калекцыі П. І. Севасцьянава, перададзенай у Румянцаўскі музей.
Д. М. Струкаў быў вымушаны шмат выкладаць у розных навучальных установах: у Сергіеўскай школе пры маскоўскім камітэце Імператарскага чалавекалюбнага таварыства (1870-я — 1880-я), Маскоўскім універсітэце (1873), у 3-й жаночай гімназіі, Маскоўскім камерцыйным вучылішчы. Ім быў выпрацаваны адмысловы метад навучання, які дазваляў хутка навучыць маляваць любога чалавека; ім за кароткі тэрмін было навучана 200 салдат Парнаўскага палка. За гэты метад ён быў узнагароджаны сярэбраным медалём на Усерасійскай выстаўцы ў Маскве і неўзабаве абраны ў члены Французскай акадэміі прыгожых мастацтваў.
У 1860 годзе ён удзельнічаў у рэстаўрацыі сабора Новаіерусалімскага манастыра.
Па запрашэнні царкоўных улад ён фіксаваў у малюнках такія праваслаўныя ўрачыстасці, як адкрыццё ў 1861 годзе мошчаў свяціцеля Ціхана ў Задонску.
У 1864 годзе Віленскі генерал-губернатар граф М. М. Мураўёў запрасіў Струкава для ўдзелу ў мастацкай экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі. Асноўнай задачай экспедыцыі было «адшуканне ў краі старажытнарускіх помнікаў ці, прынамсі, слядоў тых з іх, якія ў сляпой нянавісці да праваслаўя і рускай народнасці былі знішчаны». У час экспедыцыі мастак замалёўваў каляровай акварэллю захаваныя помнікі культуры і архітэктуры. Плёнам экспедыцыі стаў альбом са 199 замалёвак[5]. Знешні выгляд многіх помнікаў архітэктуры цяпер вядомы толькі па працах Д. М. Струкава.
Зрабіў замалёўкі: населеных месцаў — Полацка, Магілёва, Нясвіжа, Рагачова, мястэчка Раманава (сучасны аграгарадок Леніна Слуцкага раёна) і інш.; помнікаў архітэктуры — манастыроў Куцеінскага Богаяўленскага і Успенскага ў Оршы, Спаса-Ефрасіннеўскага ў Полацку, Барысаглебскага ў Бельчыцах, Маркава ў Віцебску; цэркваў у мястэчку Раманава, Ільінскай і Троіцкай у Віцебску, Барысаглебскай і Крыжаўзвіжанскай у Магілёве, Петрапаўлаўскай у Мінску і Маладзечне; Слуцкай брамы ў Нясвіжы; фрагментаў асобных збудаванняў — скляпенняў Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, твораў выяўленчага і дэкаратыўнага-прыкладнога мастацтва (у тым ліку крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Праводзіў архітэктурна-археалагічныя пошукі на Беларусі. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі Струкава — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі беларускага дойлідства; захоўваюцца ў Вільнюскім універсітэце, Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі ў Маскве і ў Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН Расіі[6].
-
Віцебск. Троіцкая царква
-
Віцебск. Ільінская царква
-
Орша. Святадухаўская царква Куцеінскага Богаяўленскага манастыра
-
Орша. Успенскі манастыр
-
Віцебск. Маркаў манастыр
-
Раманава. Царква
-
Магілёў. Крыжаўзвіжанская царква
-
Магілёў. Пакроўская царква
-
Магілёў. Гарадскі вал
-
Мінск. Петрапаўлаўская царква
-
Нясвіж. Слуцкая брама
-
Полацк. Спаская царква
У 1869 годзе па ініцыятыве Струкава было прынята рашэнне адкрыць у Маскоўскім таварыстве аматараў духоўнай асветы аддзяленне іканазнаўства, куды ўказам Сінода было прадпісана настаяцелям храмаў і манастыроў перадаваць «занадта састарэлыя і аблезлыя Св. іконы». Для збору было адведзена адмысловае месца ў Чудавым манастыры, асвячонае 23 снежня 1870 года. Паступова было сабрана больш за 300 старадаўніх ікон. Па задуме Струкава, гэты збор мусіў выкарыстоўвацца ў іканапіснай школе. У 1870 годзе па ініцыятыве Струкава ў Заіканаспаскім духоўным вучылішчы былі адкрыты класы малявання, а ў верасні 1873 года на Вялікай Ардынцы ў доме, ахвяраваным Д. І. Хлудавым (цяпер — дом № 22), было адкрыта іканапіснае вучылішча. Аднак пазней большая частка ікон была перададзена ў бедныя сельскія храмы.
У 1871 годзе яму была даверана рэстаўрацыя жывапісу храма Васіля Блажэннага. У гэты ж час ён выконваў заказ для храма Раства Багародзіцы ў Старым Сіманаве. У 1873 годзе Д. М. Струкаў, як знаўца дапятроўскай даўніны, быў запрошаны да ўдзелу ў аднаўленні храма Іаана Лесвічніка ў другім ярусе званіцы Івана Вялікага — па яго чарцяжах і пад яго наглядам быў збудаваны іканастас і распісаны сцены.
У 1860-я — 1880-я гады, як член Імператарскага археалагічнага таварыства, Струкаў неаднаразова ездзіў у Крым, дзе зрабіў шэраг важных археалагічных знаходак, напрыклад, Зелянчуцкі надпіс. Ім была напісана праца «Жыціі Святых Таўрычаскіх» (1886).
У 1883 годзе стаў адным з заснавальнікаў Рускага гімнастычнага таварыства.
Калі ў 1880-я гады яго сыну, М. Д. Струкаву, было даручана аднавіць Кутузаўскую хату, якая згарэла ў 1867 годзе, Дзмітрый Міхайлавіч быў запрошаны для аднаўлення яе інтэр’ераў. У гэты ж час Д. М. Струкаў арганізаваў уласную майстэрню па вытворчасці ікон і царкоўнага начыння ў старажытнарускім стылі[7].
Пахаваны на могілках Данскога манастыра. Магіла страчана, але адно з захаваных надмагілляў з цалкам страчанымі надпісамі магло належаць яму, калі выказаць здагадку, што помнік ставіў яго сын-архітэктар.
Узнагароды
правіць- Ордэн Св Ганны 2-й ступені
- Ордэн Св Ганны 3-й ступені
- Ордэн Св. Станіслава 2-й ступені
- Ордэн Св. Уладзіміра 4-й ступені
- медалі за ўдзел у выстаўках і інш.
Галерэя
правіць-
Полацк.
-
Камень Іасафата Кунцэвіча.
Зноскі
- ↑ а б Dmitrij Mihajlovič Strukov // MAK
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Путеводитель к московской святыне. — М.: Типография Александра Семена на Софийской улице, 1850. — 226 с. Архівавана 6 ліпеня 2017.
- ↑ Школа рисования // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Б. Ж. Северо-Западная старина // Полесская жизнь. — 1911. — 1 февраля. — С. 2-3.
- ↑ Папова Ія Міхайлаўна // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ У абвестцы аб майстэрні пазначаны адрас для асабістых тлумачэнняў замоўцаў: «…каля Неабпальнай Купіны ў Крывым зав., дом Вінаградава».
Літаратура
правіць- Трусаў А. А., Якімовіч Ю. А. Стру́каў Дзмітрый Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 210. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Алег Трусаў. Стру́каў Дзмітрый Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 431—432. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Струков, Дмитрий Михайлович // Юбилейный справочник Императорской Академии художеств. 1764-1914 / Сост. С. Н. Кондаков. — СПб.: т-во Р. Голике и А. Вильборг, 1914-1915. — Т. 2. Список русских художников к Юбилейному справочнику Императорской Академии художеств.. — С. 190. — 272 с. Архівавана 23 кастрычніка 2013 года.
- Козлов В. Ф. Ревнитель святынь православной Москвы. Дмитрий Михайлович Струков (1827—1899) // Краеведы Москвы (Историки и знатоки Москвы). — М.: «Книжный сад», 1997. — С. 41—58. — 464 с.
- Д. Струков. Альбом рисунков. 1864-1867 / D. Strukov. Album of drawings. 1864-1867 / под ред. Баженовой О. Д.. — Мн.: БелЭн, 2011. — 308 с. — (Энциклопедия раритетов). — 1 800 экз. — ISBN 978-985-11-0577-5.
Спасылкі
правіць- Струков Дмитрий Михайлович // Проект «Открытая археология» (руск.) (Праверана 5 чэрвеня 2023)
- Неизвестная Беларусь глазами Дмитрия Струкова (руск.) (Праверана 5 чэрвеня 2023) // СБ. Беларусь сегодня
- Российский государственный исторический архив (руск.) (Праверана 5 чэрвеня 2023)