Днепра-дзвінская культура

Днепра-дзвінская культура — археалагічная культура ўсходніх балцкіх плямёнаў, якія ў 8 ст. да н.э.— 4 ст. н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях ракі Вялікая.

Днепра-дзвінская культура на тэрыторыі Беларусі

правіць

У межах Беларусі ўключала ў сябе тэрыторыю амаль усёй Віцебскай і паўночную частку Магілёўскай абласцей. Днепра-дзвінская культура Беларускага Падзвіння адрозніваецца ад аднакультурнай вобласці Верхняга Падняпроўя (тэрыторыя Смаленскай вобласці Расіі) шэрагам адметных рыс: перавага слоікападобных форм посуду і арнаментаваных гаршкоў; працяглае выкарыстанне вырабаў з косці і каменю; наяўнасць вялікай колькасці прадметаў, звязаных з балцкім уплывам (касцяныя шпількі, жалезныя сякеры, сярпы, бранзалеты, шпількі, фібулы і іншыя), а таксама спецыфічных вырабаў, характэрных толькі для тэрыторыі паўночнай Беларусі (сярпы з прамавугольнай спінкай, шпількі з вялікай галоўкай, некаторыя ўпрыгожанні з косці і іншыя). Асаблівасць звязана і са значнай роляй жывёлагадоўлі ў гаспадарцы насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, са спецыфічнымі рысамі ўзвядзення жылля (слупавая тэхніка будаўніцтва, канструкцыя агнішчаў), з адсутнасцю знешняга ўплыву з боку паўднёвых культур, таму днепра-дзвінская культура пріснавала на тэрыторыі паўночнай Беларусі як заходнедзвінскі варыянт у адносна чыстым выглядзе да 5 ст. н. э. Паходжанне культуры звязана з асаблівасцямі развіцця карэннага насельніцтва басейна Заходняй Дзвіны ў бронзавым веку.

Старажытнасці днепра-дзвінскай культуры на тэрыторыі Беларусі вывучалі А. М. Ляўданскі, С. А. Дубінскі, А. Дз. Каваленя, Л. В. Аляксееў, К. П. Шут, В. І. Шадыра і іншыя. У навуковы зварот паняцце днепра-дзвінская культура як адзінага этнакультурнага масіву ўвёў А. Р. Мітрафанаў.

Паселішчы

правіць

Асноўным тыпам паселішчаў былі ўмацаваныя пасёлкі-гарадзішчы, якія размяшчаліся на ледавіковых астанцах-узгорках (узгоркавыя) і на мысах надпоймавай тэрасы (мысавыя). На тэрыторыі Беларусі вядома каля 200 гарадзішчаў. Гарадзішчы мелі наступныя формы:

  • авальная,
  • круглая,
  • трохвугольная,
  • прамавугольная.

Іх форма залежала ад канфігурацыі ўчастка і характару абарончых збудаванняў. Плошча пляцовак, дзе размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, складала ад 500 да 2500 м2. Асноўнымі жылымі пабудовамі былі наземныя збудаванні слупавой канструкцыі, якія размяшчаліся пераважна па краі пляцоўкі.

Перыядызацыя

правіць

У залежнасці ад асаблівасцей і змен, што назіраліся ў характары гарадзішчаў, матэрыяльнай культуры сацыяльна-эканамічным жыцці насельніцтва, час існавання днепра-дзвінскай культуры на тэрыторыі Беларусі падзяляецца на 3 храналагічныя перыяды.

Ранні перыяд

правіць

У ранні перыяд (8—5 ст. да н. э.) насельніцтва будавала гарадзішчы на ўзвышаных месцах каля вады на тэрыторыях з узгоркава-азёрным ландшафтам, іх пляцоўкі не ўмацоўваліся, падсыпаліся толькі краі і рабіліся драўляныя агароджы.

Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, тачыльныя брускі і іншыя), касцяныя і рагавыя прылады палявання, дэталі адзення і ўпрыгожанні, нешматлікія бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка — гладкасценны посуд у асноўным слоікападобных форм з грубай шышкаватай паверхняй, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, і слабапрафіляваны з ямкавыміўцісканнямі ў верхняй частцы. У гліне пасудзін вялікія дамешкі жарствы. У гаспадарцы пераважалі жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства.

Сярэдні перыяд

правіць

У сярэдні перыяд (4—1 ст. да н. э.) павялічваюцца памеры гарадзішчаў, ускладняюцца абарончыя збудаванні. Па краі пляцовак насыпаліся земляныя валы, узмоцненыя равамі. Падоўжаныя наземныя жытлы слупавой канструкцыі, падзеленыя на асобныя памяшканні з каменнымі агнішчамі ўсярэдзіне, размяшчаліся па перыметры пляцовак.

Побач з каменнымі і касцянымі прыладамі працы распаўсюджваюцца жалезныя вырабы. Па-ранейшамі вырабляўся ляпны гладкасценны слоікападобны слабапрафіляваны посуд з арнаментам пераважна ў выглядзе груп падкрэсленых косых ліній, ямкавых уцісканняў і іншыя. Асноўным заняткам насельніцтва стала жывёлагадоўля, развіваліся разнастайныя рамёствы.

Позні перыяд

правіць

Позні перыяд (1—5 ст. н. э.) характарызуецца складанай і дасканалай сістэмай кальцавых валоў з драўлянымі сценамі і равоў вакол схілаў ніжэй пляцоўкі гарадзішчаў у 2, 3 і больш ліній. Плошча пляцовак павялічылася ад 2000 да 7000 м2, яны ператварыліся ў пасёлкі-крэпасці. Жытлы на познім этапе — невялікія падземныя чатырохвугольныя пабудовы слупавой канструкцыі з каменнымі агнішчамі ўсярэдзіне.

Усюды пашырыліся жалезныя прылады працы і зброя, сярод іх сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы для жніва, нажы прамыя і з гарбатай спінкай, шылы, іголкі, наканечнікі коп’яў і стрэл, шпількі, бранзалеты (гладкія, вітыя, з насечкамі), брытвы і іншыя. У кераміцы сярод слабапрафіляваных гаршкоў паявіліся падоўжаныя венчыкі, паверхня посуду шурпатая ад значных дамешкаў буйнога пяску ў гліне, афарбоўка керамікі ад светла-чырванаватага да жаўтаватага адценняў. Трапляюцца гліняныя прасліцы і грузікі дзякава тыпу.

Вядучымі галінамі гаспадаркі сталі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама разнастайныя рамёствы і заняткі, звязаныя з апрацоўкай каменю, косці, жалеза і бронзы, з вырабам рэчаў з гліны, прадзеннем, ткацтвам, пляценнем.

Літаратура

правіць
  • Шадыра В. І. Днепра-дзвінская культура // Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986