Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна
Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна — тэктанічная структура на тэрыторыі Украіны і на крайнім паўднёвым усходзе Беларусі, асноўная частка Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену.
На паўночным усходзе мяжуе з Варонежскім крышталічным масівам, на паўднёвым захадзе — з Украінскім крышталічным шчытом, на паўднёвым усходзе сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на паўночным захадзе праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўжыня больш за 700 км, шырыня 100—120 км. Максімальная глыбіня залягання крышталічнага фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі, якія залягаюць на няроўнай паверхні крышталічнага фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўночную і паўднёвую прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэрыторыі ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышталічным фундаменце паўночна-заходняга распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэрыторыі адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найбольш інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час.
У асадкавай тоўшчы выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, каменнай солі, мелу і іншых карысных выкапняў. Акрамя таго, Днепра-Данецкая дэпрэсія можа разглядацца як перспектыўная зона з геатэрмальнымі рэсурсамі. Тэхнічны і эканамічны аналіз паказаў, што на базе нафтавых і газавых свідравін ДДЗ можна будаваць геатэрмальныя электрастанцыі з глыбінёй бурэння або адкрыцця свідравін да 3 - 4,5 км. На такіх глыбінях 90% цеплавога патэнцыялу геатэрмальных вод у вытворчых нафтавых і газавых гарызонтах адкладаў вугляроду не перавышае 108 ° С. Дзве свідравіны з глыбіні радовішчаў вугляроду могуць забяспечваць 0,4 - 4,5 МВт цеплавой энергіі.[1]
Зноскі
- ↑ Resource evaluation of geothermal power plant under the conditions of carboniferous deposits usage in the Dnipro-Donetsk depression / Mykhailo Fyk, Volodymyr Biletsky, Mokhammed Abbud // E3S Web of Conferences. Ukrainian School of Mining Engineering. Berdiansk, Ukraine, September 4–8, 2018. – 2018. – Vol. 60. – Article Number: 00006. P. 8. – URL: https://doi.org/10.1051/e3sconf/20186000006.
Літаратура
правіць- Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).