Дом (народ)

народ
(Пасля перасылкі з Дом, народ)

Дом (араб. دومر‎‎, перс.: کولی, турэцк.: Domlar) — індаеўрапейскі народ паўднёваазіяцкага паходжання на Блізкім Усходзе, у Іране і Паўночнай Афрыцы. Агульная колькасць (2015 г.) - 3 662 500 чал. Дом звычайна атаясамляюць з азіяцкімі цыганамі.

Дом
Танцоўшчыцы ў Егіпце, 1889 г.
Агульная колькасць 3662500 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  Егіпет — 2616 тыс.[1][2]

 Іран — 46 тыс.[3]
 ААЭ — 64 тыс.[4]
 Сірыя — 47 тыс.[5]
 Лівія — 40 тыс.[6]
 Ірак — 34 тыс.[7]
 Турцыя — 32 тыс.[8]
 Афганістан — 9,7 тыс.[9]
 Ізраіль — 17,6 тыс.[10][11]

Мова дамары
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы цыганы, банджара

Паходжанне правіць

Як лічаць лінгвісты, саманазва дом можа мець адзінае паходжанне з саманазвай цыган-ром. У абедзвюх груп шмат агульнага ў пабытовай культуры і занятках. Падобна да цыганскай мовы, мова дамары адносіцца да індаіранскіх моў. Разам з гэтым, поўнае атаясамленне паміж цыганскай мовай і дамары не магчыма, паколькі яны ўяўляюць сабою самастойныя кластары. У навуцы няма адзінадушнага меркавання, ці з'яўляліся дом і ром у мінулым адзіным народам, расколатым у выніку міграцыі ром з Азіі ў Еўропу, ці яны — нашчадкі дзвюх розных міграцый качэўнікаў з Індастана.

У дом доўгі час не было сваёй пісьмовай гісторыі. Большасць вусных паданняў аб іх паходжанні ўзнікла адносна нядаўна. Сярод даследчыкаў доўгі час была папулярна версія аб паходжанні дом ад індыйскай касты вандроўных музыкаў-домба. У якасці доказу прыводзіўся той факт, што іранскі паэт Фірдаўсі ў 1011 г. пакінуў запіс пра падзею, якая адбылася значна раней, — перадачу індыйскім гаспадаром 10000 музык-луры іранскаму шаху. Значным хібам дадзенай гіпотэзы з'яўляецца тое, што індыйскія і пакістанскія домба — гэта не адзіны народ, а рэлігійна-прафесійныя аб'яднанні, якія не маюць супольнай мовы і культуры. Між тым, расселеныя па розных краінах дом дэманструюць вялікае падабенства.

У некаторых версіях падання аб перадачы 10000 музык у Іран пераселеныя індыйцы называюцца зотамі. Гэтая назва ў якасці мянушкі часцяком выкарыстоўваецца ў арабскіх краінах Блізкага Усхода для дом. Лічыцца, што зотамі першапачаткова называлі джатаў. Пазней гэтая назва магла замацавацца ў арабскай літаратуры за ўсімі выхадцамі з Індыі[12].

Брытанскі гісторык цыганскага паходжання Дональд Кенрык у працы "Цыганы: ад Ганга да Тэмзы" (2004 г.)[13] атаясамлівае прамых продкаў дом і ром з зотамі, што былі пераселены персамі ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. у Ніжнюю Месапатамію і займаліся там земляробствам і трыманнем буйвалаў. У 820 - 835 гг. яны арганізавалі паўстанне супраць арабаў. У 669 - 670 гг., а таксама 720 г. невялікія групы зотаў перасяляліся ў Антыохію. У 855 г. частка антыахійскіх зотаў была пераселена ў Грэцыю, дзе з цягам часу сфарміравалася як народ ром. Астатнія мігрыравалі да мяжы Сірыі і ўтварылі народ дом. Версія Д. Кенрыка часткова пабудавана на ўскосных фактах і патрабуе дадатковых доказаў.

Культура правіць

Дом традыцыйна вялі качавы і аселы лад жыцця. Качавыя дом перамяшчаліся на вазах паміж населенымі пунктамі, трымалі коняў, займаліся рамяством, ладзілі забавы, гандлявалі, жабравалі. Найчасцей перамяшчэнні адбываліся па загадзя выбранаму маршруту ў сезоны збору ураджая, калі сяляне мелі прадукты для продажу ці абмену. У міжсезонны перыяд качавыя дом спыняліся на ўскраінах ці ў вёсках каля гарадоў і арандавалі жытло. Аселыя дом будавалі сваё жытло на ўскраінах. Сярод іх вылучаўся пласт прафесійных апрацоўшчыкаў металаў, жабракоў і дробных гандляроў, якія падтрымлівалі шчыльныя сувязі з качавымі суродзічамі. У XVIII - першай палове XIX ст. дом Палесціны і паўночнага Егіпта спецыялізаваліся як танцоўшчыкі і арганізатары забаў у Каіры, часцяком мелі заступнікаў сярод буйных феадалаў. Падчас рэформ Мухамеда Алі большасць актораў-дом былі выгнаны з Егіпта, аднак у дзяржаўных факторыях працавалі рамеснікі-дом.

Асаблівасці заняткаў дом прывялі да складвання іх адмоўных вобразоў у мясцовых культурах. Так, у Егіпце мужчыны дом разглядаюцца як злодзеі, а жанчыны — як схільныя да разбэшчанага лада жыцця. У Стамбуле дом звычайна лічацца жабракамі. У Сірыі і Іраке іх абвінавачваюць у кантрабандзе і гандлі наркотыкамі. У 2012 г. стараста квартала дом у Ерусаліме скардзіўся на тое, што яго суайчыннікі разглядаюцца суседдзямі-арабамі як людзі другога гатунка.

Традыцыйная сацыяльная арганізацыя заснавана на падзеле на буйныя роды, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на малыя, а тыя - на малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем'і. На чале сям'і стаіць старэйшы мужчына. Родам кіруе рада старэйшын. Аселыя ром звычайна жывуць у асобных частках гарадоў і кварталаў, кіруюцца выбранымі старастамі.

Дом маюць багаты вусны фальклор — песні, казкі, легенды, былі інш. Музычнае і танцавальнае мастацтва дом аказала значны ўплыў на ўсе народы Блізкага Усхода і Паўночнай Афрыкі.

Зноскі

Спасылкі правіць