Дом Ваньковічаў — помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, былы дом прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў. Гэтак жа дом звязаны з жыццём і творчасцю беларускага мастака Валенція Ваньковіча (18001842). Месца размяшчэння — РБ, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А.[2]

Дом Ваньковічаў
Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя.
HouseOfVankovich.JPG
Будынак музея
Заснаваны 2000
Месцазнаходжанне Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33а
Тэлефон +375-17-227-88-78, +375-17-227-87-96
Праезд ст. м. Кастрычніцкая
Адкрыты з 10:00 да 17:00. Выхадныя – пнд., аўт.
vankovich.iatp.by[1]
Commons-logo.svg Дом Ваньковічаў на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

 
Валокі Полацкія. Ю. Пешка, каля 1800 г.

Тэрыторыя сучаснага комплексу пачала засяляцца яшчэ ў канцы ХVI ст., а ў другой палове XVII ст. тут быў пабудаваны каменны будынак, скляпы якога ў цяперашні час знаходзяцца пад паўночнай часткай сядзібнага дома[3].

Мінская гарадская сядзіба, якая знаходзілася на рагу вуліц Валоцкай і Зыбіцкай, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя як рэзідэнцыя князёў Друцкіх-Любецкіх. Гэтая сядзіба была пазначана на праектным плане Мінска, які ў 1797 годзе падрыхтаваў мінскі губернскі архітэктар Фёдар (Тэадор) Крамер, як новы аб’ект, прапанаваны для забудовы. Відаць, архітэктар Крамер і з’яўляецца аўтарам праекта гэтага сядзібнага комплексу, таму што ўсе астатнія новыя будынкі, якія планавалася пабудаваць згодна гэтага плана, былі спраектаваны менавіта ім. На іншых, больш позніх, планах горада канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў гэтая сядзіба ўжо зафіксавана як існуючая[4].

 
Сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі на гарадскім плане 1801 года
 
Лавы з боку сядзібы Э. Ваньковіча. Ч. Манюшка, 1849 г.

12 верасня 1811 года князь Ануфрый Друцкі-Любецкі прадаў за 1 тысячу рублёў серабром свой дом з пляцам у горадзе Мінску па вуліцы Валоцкай пад № 131, які з даўніх часоў належыў яго продкам, вядомаму мінскаму літаратару, гісторыку і грамадскаму дзеячу Яну Ходзьку. У дакументах на продаж сядзібы згадваецца не толькі галоўны сядзібны дом, але вялікая афіцына і розныя гаспадарчыя пабудовы[4].

У гэты ж час мастак Юзаф Пешка выканаў акварэльную замалёўку, на якой зафіксаваў амаль увесь сядзібны комплекс па вуліцы Валоцкай. Паводле гэтай акварэлі цэнтрам кампазіцыі сядзібы з’яўляўся вялікі аднапавярховы сядзібны дом у стылі класіцызму. Перад домам знаходзіўся парадны двор — курданёр, арганізаваны галоўным сядзібным будынкам і дзвюма афіцынамі, якія непасрэдна выходзілі на Валоцкую вуліцу. Збоку вуліцы была пабудавана каменная агароджа з вялікай уязной брамай. Архітэктурны комплекс сядзібы, які ў той час належаў Яну Ходьзку, добра праглядаўся з розных куткоў горада і адыгрываў значную ролю ў сілуэце гістарычнага цэнтра Мінска[4].

У 1818 годзе Ян Ходзька мыў змушаны прадаць сваю сядзібу ў Мінску. У 1840-х гадах мінская рэзідэнцыя перайшла ва ўласнасць роду Ваньковічаў, якому ў XVIIXVIII стагоддзях належала шмат юрыдык, пляцаў і дамоў у розных частках горада. У пісьмовых крыніцах XVIII стагоддзя ёсць звесткі аб тым, што Ваньковічам належаў і вялікі пляц з забудовай на Валоцкай вуліцы (сучаснай Інтэрнацыянальнай вуліцы)[4]. 3 красавіка 1846 года гэту сядзібу выкупіў за 2050 рублёў серабром Эдвард Ваньковіч, стрыечны брат мастака Валенція Ваньковіча. Менавіта ў гэты час цалкам сфарміраваўся і архітэктурны комплекс сядзібы, на тэрыторыі якога акрамя галоўнага сядзібнага дома і двух афіцын знаходзіліся аранжарэя, вялікая мураваная стайня а таксама іншыя гаспадарчыя пабудовы, жылы дом на вуліцы Зыбіцкай, фруктовы сад і невялікі пейзажны парк на рагу вуліц Валоцкай і Зыбіцкай. Цалкам планіровачная структура сядзібы была зафіксавана на падрабязным плане 1848 года[4].

Эдвард Ваньковіч прыклаў шмат намаганняў па рэканструкцыі ўсяго сядзібнага комплексу. У гэты ж час мінская сядзіба Ваньковічаў ператварылася ў своеасаблівы культурны цэнтр, дзе часта збіраліся прадстаўнікі мінскай дэмакратычнай інтэлігенцыі — пісьменнікі, мастакі, музыканты. У доме неаднаразова спыняўся яго блізкі сваяк Эдварда кампазітар Станіслаў Манюшка. Сюды часта заходзіў пісьменнік Дунін-Марцінкевіч. Бацька Станіслава Манюшкі — мастак аматар Чэслаў Манюшка таксама любіў бываць у сваіх мінскіх сваякоў. Ён нават зрабіў тут некалькі мінскіх пейзажных замалёвак[4].

 
Флігель сядзібы Ваньковічаў. 1918
 
Сядзіба ў 1916 годзе

Пасля смерці Эдварда Ваньковіча ў 1872 годзе сядзіба перайшла ў пажыццёвае валоданне да яго ўдавы Міхаліны з роду Манюшкаў. У другой палове ХІХ стагоддзя сядзіба належала сынам Эдварда Ваньковіча — спачатку Уладзіславу, а пасля яго смерці — Сігізмунду. Апошнім уладальнікам мінскай сядзібы Ваньковічаў, амаль да 1920 года, з’яўляўся Пётр Ваньковіч, сын Сігізмунда[4].

 
Сядзібны дом у 1927 годзе

У пачатку 1920-х гадоў усе будынкі сядзібы былі нацыяналізаваны, большасць памяшканняў прыстасавана пад камунальныя кватэры[4].

У 1947 годзе мінскай сядзібе Ваньковічаў быў нададзены статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. У 1980 годзе прынята рашэнне аб музеефікацыі сядзібнага комплексу[4].

 
Дзеці перад агароджай сядзібы. 1926

Аднаўленне сядзібыПравіць

Археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся ў 1983 годзе на тэрыторыі дома на Інтэрнацыянальнай, пацвердзілі час яго заснавання — канец XVIII ст. Пад будынкам знаходзяцца каменныя падзямеллі XVII стагоддзя, якія прыстасаваны пад склеп. Гэтак жа тут былі знойдзеныя: чарапіца канца XVIII ст., якой быў пакрыты дом, асколкі керамічных, жалезных і шкляных рэчаў таго часу.

Для рэстаўрацыі архітэктурна-планіровачнае рашэнне выканана ў 19791980 гг. Спецыялізаваным навукова-рэстаўрацыйным аб’яднаннем «Белрэстаўрацыя» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (аўтары І. М. Дорахава і А. Я. Кандратаў), сама рэстаўрацыя здзяйснялася ў 19801997 гг. Спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі вытворчымі майстэрнямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Аўтары праекта ставілі сабе мэтай зрабіць гэту сядзібу, як і ў XIX ст., цэнтрам музычнага і культурнага жыцця, аднавіўшы флігель упраўляючага, дзе меркавалася праводзіць літаратурна-мастацкія выстаўкі і вечары камернай музыкі, а таксама зрабіць агароджу з уязной брамай[3].

 
Помнік Валенцію Ваньковічу

У 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча быў адкрыты філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя». План экспазіцыі задуманы і выкананы супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея на чале з І. М. Паньшынай, тагачаснай намесніцы дырэктара па навуковай рабоце. Меркавалася аднавіць некаторыя інтэр’еры, размясціць сядзібныя партрэты асобнай галерэяй і стварыць мемарыяльныя залы, прысвечаныя жыццю і творчасці мастака Валенція Ваньковіча[3].

Флігель упраўляючага, ад якога да моманту работы над праектам заставаўся толькі стары падмурак, адноўлены ў 2008 годзе. Цяпер ім знаходзіцца офіс турыстычнай фірмы, тады ж адноўлена брама з агароджай, праведзена добраўпарадкаванне. У 2010 годзе ў двары сядзібы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Раніца мастака» работы скульптара У. І. Слабодчыкава[4] — выкананая ў бронзе фігура Валенція Ваньковіча, які з палітрай і пэндзлем выйшаў насустрач сябрам[3].

У 2016 годзе завяршылася рэстаўрацыя гаспадарчага корпуса (дом № 33), у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная (цяпер рэстаран «Грай»). Такім чынам архітэктурнае аблічча старадаўняй гарадской шляхецкай сядзібы было цалкам адноўлена[3].

АрхітэктураПравіць

 
Выгляд сядзібы з Кастрычніцкай плошчы

Комплекс уключае сядзібны дом у стылі класіцызму, две афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад. Сядзібны дом (вул. Інтэрнацыянальная, 33) — аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (у пачатку XIX ст. частка паўночна-заходняй сцяны была мураванай) пастаўлены на каменны падмурак і накрыты высокім вальмавым дахам, сцены атынкаваны. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны паўднёва-ўсходні фасад вылучаў васьмікалонны порцік з цэнтральным уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік меў і паўночна-заходні фасад. Рытм фасадаў ствараецца прамавугольнымі вокнамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. Планіроўка анфіладна-калідорная. У інтэр’еры былі печы, дэкарыраваныя кафляй[5].

 
Гаспадарчы корпус

Сядзібны дом і дзве афіцыны ўтваралі парадны двор-курданёр. Паўднёва-заходняя афіцына (№ 33) — гаспадарчы корпус, у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная[3], уяўляе сабой мураваны, двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, накрыты аднасхільным дахам[5].

 
Флігель упраўляючага
 
Флігель упраўляючага з боку Зыбіцкай вуліцы

Паўночна-ўсходняя афіцына — флігель упраўляючага — аднапавярховы з мезанінам, прамавугольны ў плане будынак, накрытая вальмавым дахам. У цэнтры яе паўночна-ўсходняга фасада знаходзіцца пяцігранны эркер з вежападобным завяршэннем. Афіцына была зруйнава, адноўлена ў пачатку XXI ст. Захавалася шырокая праезная брама[5].

Экспазіцыі музеяПравіць

 
Ян Рустэм. Партрэт Аляксандра Манюшкі, 1816

У мемарыяльных залах музея экспануюцца ксеракопіі архіўных дакументаў пра Валенція Ваньковіча і яго род, фотаздымкі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля, падораныя філіялу цяперашнімі іх уладальнікамі: Нацыянальным музеем у Варшаве (праз Польскі Інстытут у Мінску), Літоўскім мастацкім музеем і Міністэрствам замежных спраў Беларусі (здымкі зроблены ў Парыжы), а таксама жывапісныя копіі (напрыклад, «Аўтапартрэт» Ваньковіча, каля 1840, польскага мастака Рышарда Прымке). Акрамя гэтага экспануюцца сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча: партрэты «Аляксандра Манюшкі» (1816) Яна Рустэма, «Марыі Міцкевіч» (1856) Тадэвуша Гарэцкага, «Зінаіды Дзівавай» (1841) Ксаверыя Канеўскага; нацюрморты 1830-х гг. Івана Хруцкага, карціны «Вербная нядзеля» (1847) Канута Русецкага, «Павел I вызваляе Тадэвуша Касцюшку» (1820-я) Яна Дамеля і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кніжная шафа, люстра і мармуровы гадзіннік ХVIII — пачатку ХIХ ст.). У дадатак да экскурсійнага рада ў 1990 г. А. М. Кашкурэвічам створаны дзве гравюры — «Наваколлі Вільні. Сніпішкі» (з хромалітаграфіі І. Ф. Хруцкага) і «Парыж. Опера» (з афорта Эрнста Лефеўра)[3].

Наступная тэматычная экскурсія праводзіцца па інтэр’ерах музея. Адноўлена першапачатковая калідорна-анфіладная сістэма будынка і інтэр’еры некаторых памяшканняў. Грунтуючыся на выяўленчым і літаратурным матэрыяле, атрымалася ўзнавіць абсталяванне кабінета і параднай гасцінай, «чайнага» пакоя. Самы вялікі пакой у сядзібе служыў параднай гасцінай. Ваньковічы і іх шматлікія сябры калекцыяніравалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс еўрапейскіх і мясцовых мастакоў. У адноўленым інтэр’еры гасцінай  гарнітур арэхавага дрэва 1830-х гг., люстэрка, якое дазваляе пашырыць прастору залы, наборнага дрэва камод і авальны столік, лямпа ХIХ ст., мармуровыя скульптуры «Дантэ Аліг’еры» працы італьянскага майстра пачатку ХIХ стагоддзя і «Пацалунак Амура», вольная рэпліка французскага скульптара сярэдзіны ХIХ ст. са знакамітага твора Антоніа Кановы. Гэтая скульптурная група мае непасрэднае дачыненне да ўбрання дома Ваньковічаў, бо яна была выяўлена ў 1950-я гады ў зямлі на тэрыторыі сядзібы[3].

У астатніх пакоях панскага дома, і мемарыяльных і тых, у якіх дэманструюцца сядзібныя партрэты, таксама прысутнічаюць прадметы ўбрання: сапраўдныя люстры, кандэлябры, творы з фарфору, мэбля XVIII — першай паловы XIX стагоддзя. У трох залах жылой часткі панскага дома размясцілася партрэтная галерэя, якая ўключае 20 сядзібных партрэтаў розных слаёў шляхты, прызначаных выключна для родных, для сваіх нашчадкаў. Партрэты лагічна дапаўняюць уяўленне пра касцюм, прычоскі, побыт канца ХVIII — першай паловы ХIХ ст[3].

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 13 лютага 2018.
  2. Дом-усадьба В.Ваньковича. Музеи. Праверана 10 красавіка 2011.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 3,8 Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ ст. Мінск. Гісторыя музея
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 4,8 4,9 ГАРАДСКАЯ СЯДЗІБА ВАНЬКОВІЧАЎ
  5. 5,0 5,1 5,2 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.

Гл. таксамаПравіць

СпасылкіПравіць