Дом Кастравіцкай

Дом Кастраві́цкай — колішні даходны дом з рысамі стылю мадэрн у Мінску, які месціцца на скрыжаванні вуліц Валадарскага і вул. Кірава 26/11, гісторыка-культурныя каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

даходны дом
Дом Кастравіцкай
53°53′42″ пн. ш. 27°33′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль мадэрн
Архітэктар А. Краснапольскі
Дата заснавання 1911
Дата пабудовы 1911 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000070шыфр 713Г000070
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, пач. XX ст.
 
Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая (з роду Вайніловічаў)

Пабудаваны ў 1911 годзе паводле праекта архітэктара Атона Краснапольскага ў стылі мадэрн[1]. Стары адрас — Магазінная, 5 — рог Серпухаўскай і Магазіннай. Дом Ядвігі Кастравіцкай (1867—1935), сястры старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча (1847—1928).

На 1-м паверсе месцілася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, аптэка, таварыства ўзаемадапамогі чыгуначнікаў, на астатніх — жыллё[1][2].

У 1922 годзе будынак быў перададзены БДУ. На працягу 1920-х гадоў у доме размяшчаліся кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу і тэхнічных работнікаў універсітэта. У 1922—1930 гадах, сярод іншых, у доме жыў заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства Мікалай Шчакаціхін, пра што сведчыць мемарыяльная дошка, устаноўленая ў 2008 годзе (скульптар Канстанцін Селіханаў)[3].

Будынак аднаўляўся ў 1926 годзе (арх. Аляксей Дзянісаў). У гады Другой сусветнай вайны быў пашкоджаны. Узноўлены ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, але без арыгінальнай вежачкі на вуглавой частцы дома[4].

У пасляваенны час у доме месцілася камісійная крама і кафэ[5]. Цяпер у будынку месціцца салон мэблі і кафэ[6].

 
1918 г.
 
Дом Кастравіцкай і гатэль Crowne Plaza Minsk

Архітэктура правіць

Трохпавярховы мураваны П-падобны ў плане будынак, пастаўлены на высокі цокаль. Аб’ёмна-планіровачная кампазіцыя складаецца з трох частак: вуглавой і дзвюх франтальных (па вул. Кірава і Валадарскага), фасады якіх аформлены рознымі паводле канфігурацыі аконнымі і дзвярнымі праёмамі, балконамі, дэкаратыўным арнаментам, разнастайнымі керамічнымі ўстаўкамі, фактурнымі тынкаванымі слаямі. Мастацкая выразнасць дасягаецца спалучэннем неатынкаваных плоскіх сцен з тэракотавай цэглы і пабеленых атынкаваных прасценкаў, карнізаў, ліштваў. Цэнтр фасада, арыентаванага на вул. Кірава, вылучаны аб’яднанымі па вертыкалі аконнымі праёмамі і завершаны паўцыркульным атыкам. Сцены фасада, арыентаванага на вул. Валадарскага, завершаны 2 трапецападобнымі атыкамі, дах — трапецападобным ліхтаром. Вугал будынка зрэзаны, а на узроўні 2-га паверха створаны эркер, над ім — 3-гранны аб’ём, які завяршаўся вежачкай (не захавалася)[1].

Зноскі

  1. а б в Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  2. Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  3. У памяць пра Мікалая Шчакаціхіна
  4. Минск: история послевоенного восстановления, 1944—1952. с. 60
  5. Минск. Краткий справочник. 1967 (руск.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 17 жніўня 2014.
  6. ул. Володарского, дом 26 (руск.). map.by. Праверана 28 жніўня 2014.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць