Дом Уніхо́ўскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Мінску, размешчаны на пл. Незалежнасці па адрасе вул. Савецкая, 19. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].

Славутасць
Дом Уніхоўскага
Дом па вуліцы Савецкай, 19
Дом па вуліцы Савецкай, 19
53°53′48″ пн. ш. 27°32′57″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Тып будынка даходны дом
Архітэктурны стыль мадэрн
Архітэктар Генрых Гай
Дата заснавання XX стагоддзе
Дата пабудовы пачатак ХХ стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000233шыфр 713Г000233
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Дом Уніхоўскага, 1930-я
 
1930-я

Стары адрас — Захар'еўская 33/4 на скрыжаванні з вуліцай Каломенскай. Да 1912 года — дом № 35[2].

Даходны дом Людвіга Уніхоўскага быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя паводле праекта Генрыха Гая. Частка памяшканняў здавалася пад кватэры. Да 1915 года на першым паверсе размяшчаўся прыёмны кабінет зубнога ўрача Анекштэйна Ю. А., да 1921 — прыёмны кабінет Анекштэйн Х. Ш.-М. З 1908 года — бакалейная лаўка Гірыса Эльяша Абрамавіча. З 1910 — аптэкарская крама Левіна Арона Якаўлевіча.

У 1920 годзе ўласнікі выехалі за мяжу. З восені 1920 года ў будынку размяшчаецца штаб Чырвонага паветранага флоту  (руск.). У 1920—1924 у будынку размяшчаецца Менская павятовая міліцыя і Галоўнае ўпраўленне міліцыі з амаль усімі яе аддзяленнямі, Цэнтрвышук. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізавана. У 1922 уласнік — гарадскі жыллёвы пададдзел аддзела камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэта. У 1926 годзе тут размяшчаецца кабінет намесніка наркама ўнутраных спраў Хацкевіча Аляксандра Ісакавіча. З 1926 уласнік — БДУ. На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканні праўлення БДУ. У 1926—1929 тут размяшчаюцца ўпраўленне і канцылярыя БДУ, кабінет намесніка рэктара БДУ Самуіла Слоніма.

Тут жылі прадстаўнікі савецкай інтэлігенцыі[3]. У 1928 тут жыў хірург, навуковец і выкладчык Савелій Рубашоў[4]. У 1928—1929 тут жыў беларускі палітычны дзеяч, публіцыст і педагог Іван Краскоўскі. У 19351938 гадах у доме жыў беларускі паэт і літаратуразнаўца Іван Замоцін[4]. У 1938 годзе тут жыў беларускі тэрапеўт і грамадскі дзеяч Сяргей Мелкіх[4]. У 1937—1938 тут жыве анатам і доктар медыцынскіх навук Давыд Голуб[5].

 
1930-я

У часе Другой сусветнай вайны будынак не быў пашкоджаны. Пры пасляваеннай рэканструкцыі забудова гэтай часткі вуліцы Савецкай захавалася і пазней была ўключана ў ансамбль плошчы Леніна разам з прылеглым Домам Абрампольскага і Чырвоным касцёлам. У 1950-х гадах паводле праекта архітэктара М. Дабужскай была праведзена рэканструкцыя будынка, выканана перапланіроўка. Замест драўляных канструкцый мансарднага паверха быў надбудаваны чацвёрты паверх з цаглянымі сценамі, накрыты двухсхільным дахам з невялікай вежай, завершанай шатровым пакрыццём. Архітэктурнае вырашэнне чацвёртага паверха было зроблена так, каб не парушыць існуючы вобраз будынка і захаваць першапачатковыя фасады. Пры рэканструкцыі была захавана ранейшая функцыя жылога дома — у ім размясцілася 19 кватэр, якія мелі поўнае інжынернае абслугоўванне. У вуглавой частцы будынка размяшчаўся невялікі аптэкарскі магазін № 3 з асобным уваходам (з 2-й паловы 1960-х тут месцілася філія магазіна № 2 Белмедтэхніка (оптыка))[6].

З 1952 па 1969 год у гэтым доме жыў вядомы беларускі дырыжор і фалькларыст Рыгор Шырма, таксама тут жыў беларускі кампазітар Юры Семяняка[6].

У канцы 1970-х гадоў паводле праекта С. Сеня будынак быў рэканструяваны як адміністрацыйны і прыстасаваны для размяшчэння Галоўнага архітэктурнага ўпраўлення Мінгарвыканкама. Рэканструкцыя праводзілася толькі ў рамках нутранай перапланіроўкі, фасады былі цалкам захаваныя, аднак было страчанае шатровае завяршэнне вуглавой вежы[6].

У жніўні 2006 года была адноўлена вуглавая вежа, якая была знішчана ў пачатку 1980-х у часе рэканструкцыі жылога дома пад адміністрацыйны будынак[7]. Цяпер у доме размяшчаецца камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама[3].

Архітэктура

правіць
 
Герб «Астоя» на фасадзе будынка

Дом Уніхоўскага і дом Абрампольскага злучаны паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы, але ў адрозненне ад суседняга будынка, галоўны фасад Дома Уніхоўскага больш насычаны дэкаратыўнымі элементамі[8].

 
Уваходны партал

Даходны дом уяўляе прамавугольны ў плане чатырохпавярховы будынак са зрэзаным усходнім вуглом. Сцены галоўнага фасада на першым і трэцім паверхах прарэзаныя прамавугольнымі, на другім — паўцыркульнымі вокнамі, чацверты паверх аддзелены карнізам[8]. Лучковыя аконныя праёмы чацвертага паверху фланкіраваныя пілястрамі і завершаныя сандрыкамі. Пластыку фасада ўзбагачаюць сіметрычна размешчаныя балкончыкі з узорыстай агароджай (чыгуннае ліццё)[8]. На галоўным фасадзе будынка таксама змешчаны фамільны герб Уніхоўскіх «Астоя». Шырокая лесвічная клетка вылучаная на фасадзе пілястрамі, ляпнымі дэталямі, лучковым праёмам чацвертага паверху, абапал якога размешчаныя дэкаратыўныя вазы на пастаментах[8]. Прамавугольны ўваходны партал вырашаны дзвюма шырокімі пілястрамі, злучанымі дэкаратыўнай лучковай аркай[8]. Дваровы фасад вырашаны ў лаканічных формах, без дэкору. Жывапіснасць кампазіцыі галоўнага фасада ўзмацняецца кантрасным колеравым рашэннем: белыя дэкаратыўныя элементы выразна чытаюцца на цёмна-чырвоным фоне сцяны[8].

Планіроўка будынка змененая.

Мемарыяльныя дошкі

правіць

На доме ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар дырыжора Рыгора Шырмы і кампазітара Юрыя Семянякі, якія жылі ў ім.

Блытаніна ў прыналежнасці

правіць

Часам у публікацыях СМІ дом называюць домам Умінскага[7][9]. Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ёсць гістарычная недакладнасць. У Менску пражываў Антон Умінскі, але за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў у 1866 годзе быў сасланы ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. Магчыма, даходны дом быў пабудаваны на месцы драўлянага, які і належаў Умінскаму да канфіскацыі[10].

Таксама блытаніна адбываецца праз падобнасць фамільных гербоў Уніхоўскіх (Астоя) і Умінскіх (Халева). У гербе Астоя мячом раздзеленыя 2 залатыя паўмесяцы, а ў гербе Халева жалезныя клямкі.

Праз злучнасць з домам Абрампольскага гэты дом памылкова называюць Першым домам саветаў[11].

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Маракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 129
  3. а б Darriuss. Районы, кварталы. Номенклатурные дома: где и как жила советская элита (руск.). onliner.by (27 жніўня 2014).
  4. а б в Маракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 132
  5. Маракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 133
  6. а б в Гістарычная даведка аб будынку Савецкая, 19. Упраўленне культуры Мінгарвыканкама. Архівавана з першакрыніцы 20 чэрвеня 2018. Праверана 20 чэрвеня 2018.
  7. а б Дому шляхтича Уминского возвращают первоначальный облик (руск.)(недаступная спасылка) (27 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 27 жніўня 2014.
  8. а б в г д е Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 339-340. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  9. Аляксандр Чарнушэвіч. Построили Гай и Гайдукевич (руск.). news.21.by (27 жніўня 2014).
  10. Доходный дом Костровицкой в Минске (руск.). by.holiday.by (27 жніўня 2014).
  11. Сяргей Крапівін. Энциклопедия и мартиролог проспекта Независимости (руск.). naviny.by (web.archive.org) (27 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2015. Праверана 27 жніўня 2014.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць