Дом Фарнезэ

італьянскі арыстакратычны род

Фарне́зэ (італ.: Farnese [farnezɛ], ісп.: Farnesio [faɾnesjo]) — нашчадкі Папы Рымскага Паўла III, якія атрымалі ад яго ў валодаенне герцагства Пармскае.

Фарнезэ
Краіна Пармскае герцагства
Заснавальнік П'ер Луіджы Фарнезэ
Апошні кіраўнік Антоніа Фарнезэ
Год заснавання 1545
Спыненне роду 1731
Нацыянальнасць італьянцы
Малодшыя лініі Пармскія Бурбоны
Тытулы
Герцаг Пармскі і П'ячэнцскі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Павел III — заснавальнік велічы дому Фарнезэ

правіць

Галоўным фамільным уладаннем сярэдневяковых Фарнезэ быў замак Фарнета каля Арвіета. Прадстаўнікоў роду можна прасачыць да XIII стагоддзя, аднак пачатак сапраўднай велічы дому Фарнезэ пакладзена быў на мяжы XV—XVI стагоддзяў Аляксандрам (Alessandro) Фарнезэ.

Яго сястра, прыгажуня Джулія, якая выйшла замуж за Арсіна Арсіні, дзякуючы блізкім адносінам з папам Аляксандрам VI здабыла брату кардынальскую шапку. Пазней сам ён быў выбраны ў рымскія першасвятары пад імем Паўла III (1534—1549) і шмат клапаціўся пра павелічэнне багацця і магутнасці свайго роду. Свайго пабочнага, але прызнанага сына П’ера Луіджы (нар. у Рыме ў 1503) ён зрабіў спачатку князем у Кастра, Ранчыльёнэ і Непі, потым герцагам у П’ячэнцы, Парме і Навары ў 1545 годзе, якія былі заваяваны і далучаны да царкоўнай тэрыторыі Юліем II. Пасля кароткачасовага бурнага кіравання новы герцаг, які быў праціўнікам палітыкі Карла V у Італіі і падтрымаў няўдалую змову Фіескі, загінуў у 1547 годзе.

Парма адышла зноў да Папы; П’ячэнца была занята імперскімі войскамі[1][2][3]. Сыну П’ера Луіджы, Атавіа Фарнезэ, удалося зноў завалодаць герцагствамі, дзе ён паспяхова кіраваў да сваёй смерці ў 1586 годзе. З гэтых пор лёсу дому Фарнезэ да канца заставаўся павязаны з Пармай, хоць часам яго прадстаўнікі сустракаюцца ў ліку кардыналаў рымскай царквы. Прымірэнне Атавіа з домам Габсбургаў было замацавана ў 1538 годзе шлюбам яго з незаконнаю дачкой Карла V Маргарытай, якая набыла вядомасць як кіраўніца Нідэрландаў пры Філіпэ II.

Алесандра III Фарнезэ

правіць

Ягоны сын Алесандра (1547—1592), адораны ад прыроды, прайшоў бліскучую ваенную школу пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі Хуана Аўстрыйскага; біўся з ім супраць туркаў пры Лепанта ў 1571 годзе. Пасля смерці Дон-Хуана быў прызваны ў 1578 годзе ў намеснікі Нідэрландаў. Ён імкнуўся да мякчэйшай і больш разумнай палітыкі, якая была прама процілеглай да рэпрэсалій герцага Альбы. Разам з тым ён храбра ваяваў супраць паўстанцаў, абараняючы іспанскае валадарства: перамог гезаў пры Гемблуры, узяў Антверпен і многія іншыя гарады. Пасля разгрому «непераможнай армады» Філіпа II, на накіраванні якой у брытанскія воды ён сам настойваў, Фарнезэ, жадаючы падняць справу каталіцтва прынамсі на кантыненце, увайшоў з войскам у Францыю ў 1590 годзе як саюзнік тамтэйшых каталікоў супраць Генрыха IV. Ён прымусіў караля зняць аблогу Парыжа, але поспехі яго засталіся бясплоднымі, бо з Іспаніі яму не было аказана ніякай падтрымкі. Ён памёр у Арасе ў 1592 годзе ад раны, атрыманай пры аблозе Руана. Спрытна карыстаючыся рэлігійнымі рознагалоссі паміж жыхарамі паўночных і паўднёвых нідэрландскіх правінцый, ён здолеў утрымаць апошнія ў падданстве Іспаніі і нават набыў сярод іх насельніцтва пэўную сімпатыю.

 
Палацца дэла Пілота ў Парме, які належаў Рануча Фарнезэ.

Пасля смерці бацькі А. Фарнезэ атрымаў у спадчыну ад яго Парму і П’ячэнцу, але кіраваў сваімі ўладаннямі амаль увесь час праз намеснікаў[4][5]. Сын і пераемнік Алесандра, Рануча I (1569—1622), адрозніваўся змрочным характарам, сквапнасцю і тыранічным уладалюбствам. Ён зацята і жорстка змагаўся супраць дваранства і пад маркай змоў і крамол пераследаваў і караў смерцю яго галоўных прадстаўнікоў, маёмасць жа іх канфіскаваў на сваю карысць. Такім чынам яму ўдалося, абапіраючыся на ваенную сілу і часткова на масу народа, умацаваць герцагскую ўладу. Ягоны спадчынік, сын Адаарда (1612—1646) не быў пазбаўлены розуму і рашучасці, але, не маючы палітычнай праніклівасці і разважлівасці, ён, паддаўшыся легкадумнай ганарыстасці, вёў безвыніковыя войны з папам Урбанам VIII і без усякага поспеху супернічаў з фаміліяй Барберыні за валоданне княствам Кастра, якое канчаткова страціў.

Далейшы лёс дому Фарнезэ

правіць

Далейшыя прадстаўнікі роду Фарнезэ, Рануча II (1630—1694), Франчэска (1678—1727) і Антоніа (1679—1731), мала чым адзначыліся.

Апошні ўступіў у сутыкненне з Рымскай Курыяй бо праз аблажэнне падаткамі хацеў мацней падпарадкаваць сваёй уладзе духавенства свайго герцагства. Урэшце ён адмовіўся прызнаваць сваю феадальную залежнасць ад Рыма; у барацьбе з Папамі яго падтрымліваў знакаміты герцаг Яўген Савойскі, які і спрыяў леннаму падпарадкаванню Антоніа Фарнезэ імперыі: апошні прынёс прысягу Іосіфу I за Парму і П’ячэнцу. Ён памёр бяздзетным, з ім згасла мужчынская лінія роду Фарнезэ.

 
Герцагскі палац у Калорна — рэзідэнцыя апошніх Фарнезэ (XVIII стагоддзе).

Ягоныя ўладанні праз Ізабелу Фарнезэ, унучку Рануча I, дасталіся яе сыну, неапалітанскаму інфанту Карласу. Пазней яны перайшлі спачатку да Неапалітанскіх Бурбонаў (амаль цалкам карцінная галерэя Фарнезэ засталася ў неапалітанскім палацы Кападзімонтэ), а затым — да іх галіны, Пармскіх Бурбонаў. Да 1816 года ў Неапаль былі перанесены калекцыі антычнага мастацтва сям’і Фарнезэ: шэдэўры антычнай скульптуры і прадметы, выяўленыя пры раскопках старажытных гарадоў у наваколлях Везувія. Цяпер яны складаюць аснову збору Нацыянальнага археалагічнага музея Неапаля.

Кіраўнікі (герцагі) Пармскія 1545—1731

правіць
Герб Час выкарыстання
  Сям’я Фарнезэ

у залатым поле шэсць блакітных лілей: 3, 2 і 1.[6]

  1545 — 1586
  1586 — 1592
  1592 — 1731

Зноскі

  1. Affo, «Vita di Pier Luigi F.» (Мілан, 1821)
  2. Grosselini, «Congiura di Piacenza» (Флар., 1864)
  3. Scarabelli, «Dell’ultimo duca Pier Luigi F.» (Балоння, 1868)
  4. Fea, «Alessandro F., duca di Parma, narrazione storica e militare» (Турын, 1886)
  5. Terrier Santans, «Les campagnes d’Alexandre F.» (Пара., 1888)
  6. Héraldique Européenne : duché de Parme Архівавана 24 лютага 2011..

Спасылкі

правіць