Другая Устаўная грамата
Другая Устаўная грамата да народаў Беларусі прынята Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з'езда ў Мінску 9 сакавіка 1918.
Гістарычны кантэкст
правіцьЗа тыдзень да гэтага паміж немцамі і бальшавікамі быў заключаны Брэсцкі мір. За немцамі заставалася паўночна-заходняя частка Беларусі, а бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь. Апроч таго, немцы паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць. Народны Сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда нямецкія ўлады, што сядзелі ў Мінску, таксама не прызнавалі.
У гэтых умовах беларускія дзеячы пайшлі на абвяшчэнне Другой Устаўной граматы. Першая Устаўная грамата была апублікавана 21 лютага.
Змест
правіцьТэкст Другой граматы складаўся з васьмі пунктаў.
У межах рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народу абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў Беларускай Народнай Рэспубліцы брала на сябе Рада Усебеларускага З'езда, дапоўненая прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі пазней павінен быў зацвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі‚ скліканы на асновах агульнага і роўнага выбарчага права.
Абвешчаны правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі: вольнасць слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак‚ хаўрусаў; вольнасць сумлення‚ незачэпнасць асобы і памешкання; права народаў на нацыянальна-персанальную аўтаномію; роўнасць усіх моваў народаў Беларусі. Скасавана прыватная ўласнасць на зямлю, абвешчана аб перадачы зямлі бяз выкупу тым‚ хто на ёй працуе; лясы‚ азёры і нетры зямлі абвешчаны ўласнасцю БНР. Усталявана найбольшая працягласць рабочага дня ў 8 гадзін.
Асаблівасці друку
правіцьСяргей Шупа ў сваёй кнізе «Падарожжа ў БНР» зазначае, што пры наборы Другой Устаўной Граматы ў друкарні Грынблата ўзнікла нечаканая праблема — у наборнай касе скончылася літара «а»[1].
Друкарня, разлічаная на расейскамоўны друк, не мела дастатковага запасу гэтай самай частай літары беларускіх тэкстаў. Вырашаць гэтую праблему давялося спешным парадкам. Відаць, магчымасцяў папоўніць касу не было, таму друкары, пачынаючы ад 7-га пункта Граматы, пачалі замест малой «а» ўстаўляць вялікую «А», а каб яна надта не вытыркалася, дабіралі словы крыху большым кеглем. Але ўрэшце не хапіла і вялікіх «А», і таму апошні фрагмэнт тэксту Граматы (ад «Абвяшчаючы усе гэтыя правы…») набіраўся істотна большым кеглем. На «ў» і «ё» друкары трох Устаўных Граматаў ужо проста махнулі рукой. |
Вынікі
правіць8 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў Раду БНР, 23 сакавіка ў яе склад была ўключана Віленская беларуская рада, а 25 сакавіка была прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Другая Устаўная грамата была выдадзена запознена. Брэсцкі мір быў ужо ратыфікаваны. Германія, выконваючы яго артыкулы, не магла прызнаць БНР. Акрамя таго, кіруючыя колы Германіі насцярожвалі палажэнні аб нацыяналізацыі зямлі, азёраў і лясоў. Незадаволеныя былі і многія дзеячы БНР, не вызначалася дакладна тэрыторыя Беларускай дзяржавы, нічога не гаварылася аб характары адносін Беларусі з іншымі дзяржавамі, у т.л. з Расіяй. Гэтыя пытанні былі вырашаны ў Трэцяй Устаўнай грамаце[2].
Ва ўмовах ваеннай акупацыі тэрыторыі Беларусі ажыццявіць выказаныя ў Другой Устаўнай грамаце намеры не ўдалося.
Зноскі
- ↑ svaboda.org
- ↑ А. Сідарэвіч (1996)
Літаратура
правіць- Сідарэвіч А. Другая Устаўная грамата // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
правіцьДругая Устаўная грамата ў Вікікрыніцах |