Другая грамадзянская вайна ў Судане

Другая грамадзянская вайна ў Судане — вайна арабаў Судана супраць неарабскіх народаў Поўдня, якая доўжылася 22 гады (1983—2005) і суправаджалася актамі генацыду, масавымі забойствамі і выгнаннямі мірнага насельніцтва. Па ацэнцы 2001 года, ужо да гэтага часу каля 2 мільёнаў чалавек загінулі, а 4 мільёны аказаліся бежанцамі[7]. Ваенныя дзеянні і забойствы грамадзян выклікалі таксама голад і эпідэмічныя захворванні, якія суправаджаліся гібеллю людзей.

Другая грамадзянская вайна ў Судане

Дата 19832005
Месца Судан
Прычына палітыка арабізацыі Поўдня
Вынік Найвашскае пагадненне
Праціўнікі
 Судан
пры падтрымцы:
 Іран[1]
 Лівія[2]
 Беларусь[3]
 Паўднёвы Судан НАВС
пры падтрымцы:
 Эфіопія[4]
 Уганда[4][5]
 Эрытрэя[4]
 Ізраіль[6]
Камандуючыя
Сцяг Судана Джафар Мухамед Німейры
Сцяг СуданаАмар Хасан аль-Башыр
Сцяг Паўднёвага Судана Джон Гаранг
Агульныя страты
каля 2 000 000 загінулых

Вайна вялася паміж арабскім урадам Судана, які базіраваўся на поўначы, і ўзброенай групоўкай НАВС (Народная армія вызвалення Судана, SPLA), якая прадстаўляла паўднёўцаў-неарабаў. Прычынай вайны была палітыка ісламізацыі, пачатая ўрадам Судана на чале з Джафарам Німейры ў 1983 годзе. Штуршком пачатку вайны стала напружанасць ва ўзброеных сілах краіны, выкліканая адпраўкай на Поўнач падраздзяленняў, якія складаліся з неарабскіх жыхароў Поўдня[8]. Баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. У 2002 годзе пачаўся мірны працэс, які завяршыўся ў студзені 2005 года падпісаннем Найвашскага мірнага пагаднення.

Перадгісторыя правіць

У часы, калі Судан быў калоніяй Брытанскай імперыі, поўнач і поўдзень Судана былі падзелены адміністрацыйна і практычна не мелі агульных рыс. Аднак ў 1946 годзе брытанцы скасавалі гэты падзел. Арабская мова стала афіцыйнай на ўсёй тэрыторыі Судана[9]. Уцісканне правоў экватарыяльнага англамоўнага насельніцтва выклікала незадаволенасць на поўдні. Пасля дэкаланізацыі і абвяшчэння незалежнасці інтарэсы паўднёўцаў не ўлічваліся. Лідыруючыя пазіцыі ў краіне заняла паўночная арабская эліта, пасля чаго на поўдні краіны пачаліся беспарадкі.

У 1962 годзе сітуацыя ў Судане абвастрылася, ісламскі ўрад забараніў уезд у краіну хрысціянскім місіянерам і абвясціў пра закрыццё хрысціянскіх школ. Гэта прывяло да сутыкненняў на поўдні краіны паміж урадавымі войскамі і незадаволенымі паўднёўцамі. Паступова сутычкі перараслі ў грамадзянскую вайну. Першая грамадзянская вайна завяршылася ў 1972 годзе падпісаннем мірнага пагаднення ў Адыс-Абебе. Дагавор прадугледжваў шырокую рэлігійную і культурную аўтаномію Поўдня[10].

Унутраная палітыка суданскага ўрада (няўдалая аграрная палітыка) прывяла да пачатку шырокамаштабных сутыкненняў на ўсёй тэрыторыі Судана. Грамадзянская вайна паміж урадам і паўстанцамі на поўдні краіны праходзіла паралельна з іншымі канфліктамі — дарфурскім канфліктам, сутыкненнямі на поўначы краіны і вайной паміж народамі дзінка і нуэр[5].

Ход вайны правіць

Раніцай 16 мая 1983 года ў лагеры 105-га батальёна суданскіх узброеных сіл (SAF) за некалькі кіламетраў ад горада Бор успыхнула ўзброенае паўстанне. Паўсталыя адкрылі агонь па нешматлікіх у лагеры арабскіх вайскоўцах, узялі на час пад свой кантроль ваколіцы Бора. Там жа днём, атрымаўшы вестку пра Борскі мецяж, за некалькі дзесяткаў кіламетраў на паўночны ўсход таксама паўстаў 104-ы батальён SAF.

Супраць мяцежнікаў былі кінуты значныя сілы, што прымусіла паўстанцаў бегчы ва ўсходнім кірунку ў Эфіопію. Неўзабаве ў гэту краіну хлынуў паток незадаволеных урадам Судана грамадзян, якія пазней сфарміравалі Народную армію вызвалення Судана (НАВС).

На пачатку 1985 года ў Хартуме адчувалася вострая нястача паліва і харчавання, засуха, голад і эскалацыя канфлікту на поўдні краіны прывялі да цяжкай унутрыпалітычнай сітуацыі ў Судане. 6 красавіка 1985 года генерал Абдэль ар-Рахман Свар ад-Дагаб з групай старшых афіцэраў здзейсніў дзяржаўны пераварот. Яны не ўхвалялі спробаў татальнай ісламізацыі Судана. Канстытуцыя 1983 года была скасавана, кіруючая партыя Суданскі сацыялістычны саюз распушчана, былы прэзідэнт адправіўся ў выгнанне, аднак законы шарыяту адменены не былі. Пасля гэтага быў створаны пераходны ваенны савет, а пасля сфарміраваны часовы грамадзянская ўрад. У красавіку 1986 года ў краіне прайшлі выбары, пасля якіх быў сфармаваны новы ўрад на чале з Садзікам аль-Махдзі з партыі «Ума». Урад складаўся з кааліцыі партыі «Ума», Дэмакратычнага саюза, Нацыянальнага ісламскага фронту Хасана Турабі. Гэтая кааліцыя была распушчана і змянялася некалькі разоў на працягу некалькіх гадоў. Прэм’ер-міністр Садзік аль-Махдзі і яго партыя ігралі цэнтральную ролю ў Судане ў гэты час.

У маі 1986 года ўрад аль-Махдзі пачаў мірныя перамовы з НАВС на чале з Джонам Гарангам. На працягу ўсяго года прадстаўнікі Судана і НАВС сустракаліся ў Эфіопіі і дамовіліся пра адмену законаў шарыята неўзабаве і правядзенне канстытуцыйнай канферэнцыі. У 1988 годзе НАВС і Дэмакратычны саюз Судана дамовіліся пра праект плана мірнага ўрэгулявання, які ўключаў адмену ваенных пагадненняў з Егіптам і Лівіяй, адмену шарыята, адмену надзвычайнага становішча і спыненне агню.

Аднак з-за абвастрэння становішча ў краіне і цяжкай эканамічнай сітуацыі ў лістападзе 1988 года прэм'ер-міністр аль-Махдзі адмовіўся ўхваліць план мірнага ўрэгулявання. Пасля гэтага Дэмакратычны саюз Судана выйшаў з урада, пасля чаго ва ўрадзе засталіся прадстаўнікі ісламскіх фундаменталістаў.

У лютым 1989 года пад ціскам арміі аль-Махдзі сфармаваў новы ўрад, паклікаўшы членаў Дэмакратычнага саюза, і прыняў план мірнага ўрэгулявання. Канстытуцыйная канферэнцыя была прызначана на верасень 1989 года.

30 чэрвеня 1989 года ў Судане адбыўся чарговы ваенны пераварот пад кіраўніцтвам палкоўніка Амара аль-Башыра. Пасля гэтага быў створаны «Савет рэвалюцыйнага камандавання нацыянальнага выратавання», які ўзначаліў сам аль-Башыр. Ён таксама стаў міністрам абароны і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Судана. Амар аль-Башыр распусціў урад, забараніў палітычныя партыі, дзейнасць прафсаюзаў і іншых «нерэлігійных» устаноў, ліквідаваў свабодную прэсу. Пасля гэтага ў Судане зноў пачалася палітыка ісламізацыі краіны.

У кастрычніку 1989 года пасля перамір’я баявыя дзеянні аднавіліся. У ліпені 1992 года ўрадавыя войскі падчас буйнамаштабнага наступлення ўзялі пад кантроль паўднёвую частку Судана і захапілі штаб-кватэру НАВС у Тарытэ[11].

У жніўні 1991 года ў НАВС пачаліся ўнутраныя сваркі і барацьба за ўладу. Частка паўстанцаў аддзялілася ад НАВС. Лідара НАВС Джона Гаранга паспрабавалі скінуць з пасады кіраўніка. Усё гэта прывяло да з’яўлення ў верасні 1992 года другой фракцыі паўстанцаў (на чале з Уільямам Лазні), а ў лютым 1993 года трэцяй (на чале з Керубіна Болі). 5 красавіка 1993 года ў Найробі (Кенія) лідары аддзяліўшыхся паўстанцкіх фракцый заявілі пра стварэнне кааліцыі.

У 1995 годзе апазіцыя на поўначы краіны аб’ядналася з палітычнымі сіламі на поўдні і стварылі кааліцыю апазіцыйных партый пад назвай «Нацыянальны дэмакратычны альянс». У яго ўвайшлі НАВС, Дэмакратычны саюз Судана, партыя «Ума» і шэраг дробных партый паўночных этнічных груп[11].

У 1995 годзе Эфіопія, Эрытрэя і Уганда ўзмацнілі сваю ваенную дапамогу паўстанцам[12]. Усё гэта вымусіла ўрад Судана ў 1997 годзе падпісаць Хартумскае пагадненне з шэрагам паўстанцкіх груповак на чале з генералам Рыека Мачарам. Паводле яго ўмоў, на тэрыторыі Паўднёвага Судана стваралася «Армія абароны Паўднёвага Судана», у якую ўвайшлі былыя паўстанцы. Яны выконвалі ролю міліцыі ў Паўднёвым Судане, ахоўвалі гарнізоны суданскіх войскаў і нафтавыя радовішча ад магчымых нападаў непрымірных мяцежнікаў. Многія лідары паўстанцаў пачалі супрацоўніцтва з Хартумам, увайшлі ў сумесныя ўрадавыя органы, а таксама праводзілі сумесныя баявыя аперацыі з паўночнікамі[13]

У 1999 годзе прэзідэнт Амар аль-Башыр прапанаваў НАВС культурную аўтаномію ў складзе Судана, аднак Джон Гаранг адхіліў гэтую прапанову і баявыя дзеянні працягнуліся[14].

У перыяд з 2002 па 2004 паміж прадстаўнікамі НАВС і ўрада Судана вяліся перамовы пра спыненне агню, хоць узброеныя сутычкі паміж паўстанцамі і ўрадавымі войскамі працягваліся. У выніку пасля працяглых перамоваў 9 студзеня 2005 года ў Найробі віцэ-прэзідэнтам Судана Алі Асман Махаммад Таха і лідарам НАВС Джонам Гарангам было падпісана мірнае пагадненне[15].

Мірны дагавор вызначыў пераходны перыяд у статусе Паўднёвага Судана, неадкладнае спынення агню, абвяшчэнне дэмабілізацыі, колькасць узброеных фарміраванняў, размеркаванне сродкаў ад здабычы нафты і іншыя аспекты жыцця краіны. Паводле мірнага дагавора поўдню краіны надавалася аўтаномія на 6 гадоў, пасля чаго павінен быў прайсці рэферэндум пра незалежнасць Паўднёвага Судана. Даходы ад здабычы нафты размяркоўваліся пароўну паміж суданскімі ўладамі і паўднёўцаў, ісламскі шарыят на поўдні скасоўваўся[14].

Джон Гаранг станавіўся лідарам аўтаномнага поўдня, а таксама адным з двух віцэ-прэзідэнтаў Судана[16].

Замежная патрымка правіць

Паводле некаторых дадзеных, у 1993 годзе Іран прафінансаваў закупку Суданам 20 кітайскіх штурмавікоў. Таксама іранскае кіраўніцтва аказвала фінансавую дапамогу суданскаму ўраду[1].

З 1996 года ў Судан у значных аб’ёмах прадавалася зброя з Беларусі, калі ўпершыню было пастаўлена 9 Т-55 і 6 Мі-24В, у 2001 годзе — 20 Т-55М[17]. У 2002 годзе Беларусь паставіла артсістэмы рознага прызначэння. У 2003 годзе SAF атрымалі некалькі дзясяткаў беларускіх баявых браніраваных машын. У 2004 года яшчэ было пастаўлена некалькі бронемашын[3].

Таксама SAF атрымлівалі дапамогу ад лівійскага лідара Муамара Кадафі.

Паўстанцы атрымлівалі зброю з Эрытрэі, Уганды і Эфіопіі[4]. Пасольства Ізраіля ў Кеніі займалася пастаўкай супрацьтанкавых ракет падраздзяленням НАВС[6].

Дзеці-салдаты правіць

Арміі абодвух бакоў залічалі дзяцей у свае шэрагі. Пагадненне 2005 года было неабходна, каб дзеці-салдаты былі дэмабілізаваны і адправіліся дадому. НАВС сцвярджала, што адпусціла 16000 сваіх дзяцей-салдат у перыяд паміж 2001 і 2004 гадамі. Аднак міжнародныя назіральнікі (ААН і Глабальны даклад 2004) выявілі дэмабілізаваных дзяцей, паўторна залічаных у НАВС. У 2004 годзе налічвалася ад 2500 да 5000 дзяцей, якія служаць у НАВС. Паўстанцы абяцалі дэмабілізаваць усіх дзяцей да канца 2010 года.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Why Iran and Hamas adore Darfur's genocidal Архівавана 4 лютага 2021. (англ.)
  2. Dixon, Jeffrey S., and Meredith Reid Sarkees. A Guide to Intra-state Wars an Examination of Civil, Regional, and Intercommunal Wars, 1816-2014, p. 392. Los Angeles, CA: Sage Reference, 2016.
  3. а б Торговля оружием и будущее Белоруссии
  4. а б в г "Bureau of African Affairs, Background Note: Sudan" (англ.). Bureau of Public Affairs: Electronic Information and Publications. (10 января 2012). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2012.
  5. а б Brian Raftopoulos and Karin Alexander. Peace in the balance: the crisis in the Sudan. — African Minds, 2006. — P. 12—13.
  6. а б Karl R. DeRouen and Uk Heo. Civil wars of the world: major conflicts since World War II. — ABC-CLIO. — Т. 1. — P. 742.
  7. U.S. Committee for Refugees: Crisis in Sudan
  8. Sudan, Civil War since 1955(недаступная спасылка)
  9. What's happening in Sudan? (англ.). Sudanese Australian Integrated Learning (SAIL) Program (16 красавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2009. Праверана 10 апреля 2007.
  10. Karl R. DeRouen and Uk Heo. Civil wars of the world: major conflicts since World War II. 1. ABC-CLIO стр. 744.
  11. а б Karl R. DeRouen and Uk Heo. Civil wars of the world: major conflicts since World War II. 1. ABC-CLIO. стр. 748.
  12. Brian Raftopoulos and Karin Alexander. Peace in the balance: the crisis in the Sudan. — African Minds, 2006. — P. 19. (англ.)
  13. Claire Mc Evoy and Emile LeBrun. Uncertain Future: Armed Violence in Southern Sudan. — HSBA Working Paper No. 20, 2010. — P. 13. (англ.)
  14. а б Хрупкий мир в краю вечной войны (руск.). Сергей Карамаев. (10 января 2005). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2012.
  15. Sudan Comprehensive Peace Agreement (CPA) Архівавана 9 чэрвеня 2011 года., 9 Января 2005 (англ.)
  16. Судан. История Архівавана 28 чэрвеня 2019..
  17. Завоюет ли Беларусь позиции на глобальных рынках оружия

Спасылкі правіць