Дубровенскія ручнікі

Дубровенскія ручнікі — традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць у вёсках Дубровенскага і Аршанскага раёнаў (захаваліся з канца 19 ст.). Ткуць з адбеленага кужалю (аснова, уток) і белай бавоўны (уток) у тэхніцы бранага і шматнітовага ткацтва (даўжыня 150—360 см, шырыня 30 — 45 см).

Ручнік з в. Салаўі, Дубровенскі раён, 1910-я

Арнаментальная кампазіцыя Дубровенскіх ручнікоў утвараецца чаргаваннем вузкіх (0,5 — 1,5 см) гладкіх або ўзорыстых паскаў і шырокіх узорыстых палос — ромбы, разеткі, крыжыкі (бранае двухуточнае, вышыўка наборам), клеткі і прамавугольнікі (4- і 8-нітовае). Угору палосы звужаюцца і паступова пераходзяць у асноўны фон палатнянага або ўзорыстага перапляцення. У арнаменце пераважае чырвоны колер, у невялікай колькасці ўводзіцца чорны для акцэнтацыі асобных дэталяў узору. У ручніках, выкананых 8-нітовым ткацтвам, каларыстыка ўзбагачаецца ружовым колерам, утвораным своеасаблівым саржавым перапляценнем нітак асновы і ўтку.

Аздабляюць ручнікі мохрыкамі, карункамі (характэрна таксама спалучэнне вузкіх нескладаных па малюнку белых ці чырвоных карункаў з доўгімі мохрыкамі таго ж колеру). Кампазіцыйна-арнаментальная структура Дубровенскіх ручнікоў выкарыстоўваецца пры распрацоўцы сучасных узораў тканых ручнікоў на Віцебскім і Полацкім прамысловых аб’яднаннях мастацкіх вырабаў.

Літаратура правіць

  • Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.