Адкрыць галоўнае меню

НазваПравіць

Побач з буякамі часта сустракаецца багун балотны (Ledum palustre), які выдае моцны хмельны пах, што выклікае пры працяглым удыханні моцны галаўны боль. Паколькі багун з’яўляецца бліжэйшым суседам буякоў, то ўплыў яго на чалавека часта памылкова прыпісваецца ім, з-за чаго яны і атрымалі сваю народную назву — дурніцы[4]. Сярод іншых беларускіх назваў такія, як п’яніца, лахачы[3], белагалоўнік, галаваболь, дурнічнік[6], п’яніцы[7], валуі[8][9], дурава[10][11], бугаі, буяке, дурніка, п’янішніца[6], буяхі, буіны, ганабобель.

Біялагічнае апісаннеПравіць

 
Батанічная ілюстрацыя
 
Кветка буякоў

Невялікі вельмі разгалінаваны лістападны кусцік[4]. Вышыня 30—140 см[5]. Галінкі прамыя, цыліндрычныя, круглявыя, пакрытыя бураватай або цёмна-шэрай карой, маладыя галінкі зялёныя.

Лісце цвёрдае, эліптычнае, шэравата-шызае, чаргаванае, цэльна-крайняе, вельмі зменлівае па памеры (0,7-5 см даўжынёй, 0,4-3 см шырынёй), на кароткіх хвосціках[4]. Лісцікі ад ланцэтных да зваротнаяйкападобных[5], зверху блакітнавата-цёмна-зялёныя, знізу больш светлыя, шыза-зялёныя, з жылкамі, якія моцна выступаюць. Ападаюць на зіму. Пакрыты блакітнаватым васкавым налётам[4].

Кветкі дробныя, белаватыя з ружовым адценнем, размешчаны па 1—3 на канцах леташніх парасткаў, кветаножкі трохі даўжэй кветкі, з двума прыкветкамі[4]. Кветкі правільныя, зрослыя з падвойным калякветнікам. Чашачка 4-5-зубчастая, зялёная, вяночак (45 мм даўжынёй) бялёса-ружовы, яйкападобна-гарлачыкападобны, з чатырма-пяццю адагнутымі вонкі зубцамі. Тычынак 8-10, песцік адзін, завязь ніжняя.

Плады — сінявата-чорныя ягады грушападобнай або авальнай формы 9-12 мм даўжынёй з шызым налётам, кісла-салодкія, без выразнага паху, ядомыя, усярэдзіне з зеленаватым мякаццю[4]. Насенне шматлікае, светла-карычневае, завостранае, у форме паўмесяца, з сеткавымі лупінамі.

Цвітуць у маі — чэрвені[5], выспяваюць у ліпені — жніўні[4].

Распаўсюджанне і экалогіяПравіць

 
Буякі ў Нарвегіі
 
Буякі на гары Антаке(англ.) бел. — другім па велічыне вулкане ў Японіі
 
Буякі ў Грэнландыі

Гэты від сустракаецца ва ўсіх рэгіёнах Паўночнага паўшар’я з умераным і халодным кліматам, у тундры, лясной зоне і верхнім поясе гор, нярэдка на балотах, тарфяніках[5]. У Еўразіі распаўсюджаны ад Ісландыі і Вялікабрытаніі на захадзе да расійскага Далёкага Усходу і Японіі на ўсходзе (на поўдні арэал віду даходзіць да Іспаніі, Італіі, краін былой Югаславіі, Турцыі, Манголіі). У Паўночнай Амерыцы — ад Аляскі да Ньюфаўндленда (на поўдні — да Каліфорніі)[12].

Ва Украіне распаўсюджаны ў заходнім і цэнтральным Палессі, зрэдку ў левабярэжным Палессі, у Карпатах. Раёны нарыхтовак: Валынская, Ровенская, паўночная частка Жытомірскай і Чарнігаўскай абласцей, Карпаты. У сувязі з асушваннем лясных тарфяных балот плошчы буякоў памяншаюцца і ўзнікае патрэба ў праектаванні мерапрыемстваў па захаванню і ўзнаўленню іх зараснікаў.

У Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі па імшыстых забалочаных лясах і тарфяных балотах[4].

Растуць буякі ў забалочаных хвойных і змешаных лясах, на тарфяных балотах[5]. Расліна святлалюбная.

Ураджайнасць буякоў вагаецца ад 120 да 550 кг/га. Яны, як і іншыя ягаднікі, вельмі адчувальныя да позніх веснавых замаразкаў, колькасці ападкаў. Вялікую ролю ў завязванні пладоў адыгрываюць пчолы-апыляльнікі. Пры наяўнасці апыляльнікаў утворыцца 67,8 % завязей, а без апылення — 5,6 %.

Хімічны складПравіць

 
Ягады буякоў

Па біяхімічным паказчыках не саступаюць чарніцам.

У ягадах утрымліваюцца вугляводы (5,3-6,5 %[5]), лімонная, яблычная, шчаўевая кіслоты (да 2 %), пекціны (0,5-0,6 %), дубільныя і фарбавальныя рэчывы (да 0,2 %), жалеза і марганец. Ягады маюць дастаткова высокае ўтрыманне вітаміна С (да 25-28 мг%[4][5]), які захоўваецца пры перапрацоўцы, каратын, вітамін РР. Яны могуць стаць крыніцай атрымання катэхінаў і антацыянаў (Р-актыўных злучэнняў).

У насенні ўтрымліваецца 28-32 % алею.

Гаспадарчае значэнне і ўжываннеПравіць

 
Пірог з буякамі
 
Лісце буякоў у восеньскай афарбоўцы

Харчовая, вітамінная, лекавая, меданосная, таніданосная, дэкаратыўная расліна.

Ягады ядомыя. Іх збіраюць для ўжывання ў сырым і перапрацаваным выглядзе. Свежы сок доўга не захоўваецца. Іх сушаць, выкарыстоўваюць для вырабу сокаў, узвараў, варэння, вінаў, джэмаў, жэле, мусаў[4].

Звычайна рэкамендуюць змешваць буякі з іншымі ягадамі, якія маюць больш яркі смак: чарніцамі, брусніцамі, журавінамі і іншымі.

Ягады і сок буякоў — дыетычны прадукт, які ўзмацняе абмен рэчываў і дзеянне цукрапаніжаючых прэпаратаў. Ягады ўмацоўваюць сценкі крывяносных сасудаў, нармалізуюць работу органаў стрававання і сэрца. Проціцынготны і вяжучы сродак.

Як меданосная расліна дае вясенне-летні ўзятак, які садзейнічае нарошчванню сілы пчалінай сям’і.

У народнай медыцыне ўжываюць ягады і лісце. Галіны з лісцем выкарыстоўваюць пры хваробах сэрца, як слабільны сродак, пры малакроўі, — ягады — пры дызентэрыі і парушэнні абмену рэчываў.

Акрамя таго, ягада выкарыстоўваюцца як проціцынготны[4] і глістагонны сродак, сок і адвар — пры ліхаманцы.

У лісці ўтрымліваецца да 10,5 % танідаў, якія могуць быць выкарыстаны ў гарбарнай прамысловасці.

Буякі прыдатныя для азелянення прысядзібных участкаў, асабліва на вільготных месцах у палескіх раёнах, іх можна высаджваць у бардзюрах, на рабатках.

Агратэхніка, пераробка і збераганнеПравіць

 
Культурныя буякі

Буйнаплодныя буякі перспектыўныя для ўвядзення ў культуру[4]. Акрамя прыродных форм буякоў, для ўвядзення ў культуру прыдатныя асобныя віды паўночнаамерыканскіх буякоў. Даследаванні па вырошчванні гэтых раслін ва ўмовах батанічных садоў Масквы, Мінска і іншых даказалі мэтазгоднасць і перспектыўнасць іх культуры на забалочаных і асушаных глебах.

Буякі — расліна непатрабавальная, практычна не паражаецца шкоднікамі і хваробамі.

Буякі патрабуюць кіслых глеб (pH 4-5), таму трэба рэгулярна сачыць за ўзроўнем кіслотнасці. Яны асабліва патрабавальныя да вільгаці — у карэннезаселеным пласце глебы (на глыбіні 20 см) яна павінна быць пастаянна вільготнай, але пераўвільгатнення і падтаплення яна не выносіць. Заляганне грунтавых вод на глыбіні 30-60 см спрыяльна для культуры.

Ягады збіраюць уручную, свежыя захоўваюць на працягу двух-трох дзён. Павышэнню ўраджайнасці спрыяе абрэзка галін, якую рэкамендуецца праводзіць раз у тры-чатыры гады восенню або ў пачатку вегетацыйнага перыяду.

Сушаць ягады ў спецыяльных печах або сушылках пры тэмпературы 40-55 °C градусаў. Захоўваюць плады гэтак жа, як і плады чарніц.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. 3,0 3,1 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 137. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. 4,00 4,01 4,02 4,03 4,04 4,05 4,06 4,07 4,08 4,09 4,10 4,11 4,12 Дикорастущие плоды и ягоды / Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И. — 2-е изд., перераб. и доп. — Мн.: Ураджай, 1981. — 159 с., 16 л. ил.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 5,6 5,7 Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Голубика // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 39-41. — 200 с. — 130 000 экз.
  6. 6,0 6,1 Анненков Н.(руск.) бел. Ботанический словарь, Спб, 1878
  7. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  8. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  9. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  10. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларуси, т. III. Горы-Горкі, 1927
  11. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  12. Паводле сайта GRIN (гл. раздзел Спасылкі).

ЛітаратураПравіць