Дыдактыка
Дыдактыка (ад грэч. διδακτικός павучальны, які датычыць вучобы) — галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання.
Адным з першых тэрмін «дыдактыка» ўжыў Ян Амос Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657).
Прадмет даследавання дыдактыкі — мэты, змест, заканамернаці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навучальных праграм, арганізацыйных формаў і сродкаў навучання. Дыдактыка арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі дыдактыкамі (дыдактыка матэматыкі, дыдактыка фізікі, дыдактыка беларускай мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягаеннях.
Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне шккольнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэтычную, эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы.
Дасягненне мэтаў магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай. Прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня. Прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу. Прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, пгго забяспечвае трываласць ведаў. Прынцып свядомасці і актыўнасці заснаваны на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання. Прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім. Прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам івдывідуальных асаблівасцей кожнага вучня.
Літаратура
правіць- Навумчык В. Дыдактыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Okoń W. Wprowadzenie do dydaktyki ogólnej. — Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1987.