Дыялекты беларускай мовы
Беларуская народна-дыялектная мова падзяляецца вучонымі на два асноўныя дыялекты, паўночна-ўсходні дыялект і паўднёва-заходні дыялект, падзеленыя пераходнымі сярэднебеларускімі гаворкамі. Гаворкі беларускай народна-дыялектнай мовы адрозніваюцца адна ад адной лексікай, характарам акання, наяўнасцю цвёрдага «Р» ва ўсякім становішчы або ў пэўных умовах, або змешваннем цвёрдага «Р» з мяккім, наяўнасцю або адсутнасцю дыфтонгаў, дзекання і цекання, змешвання «Ч» і «Ц» і г. д., а таксама ўяўляюць змешаныя гаворкі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.

Палескія (заходнепалескія) гаворкі
Лініі:
Мяжа беларускіх гаворак (1903, Карскі) Усходняя мяжа заходняй групы рускіх гаворак (1967, Захарава, Арлова) Мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак (1980, Беўзенка)
Вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцей гаворак беларускай мовы ўнёс акадэмік Расійскай Імператарскай Акадэміі навук Яўхім Карскі. Пасля Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і педагагічнымі інстытутамі савецкай рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак беларускай мовы ў дзяржаўных межах БССР. На аснове сабраных матэрыялаў быў складзены падрабязны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», не ўсе мовы свету і нават не ўсе мовы Еўропы маюць такія навуковыя працы ў галіне дыялекталогіі.
У Беларусі таксама існуе такая з’ява, як трасянка. Гэта — размоўная мова з пераважна рускай лексікай, але беларускай граматыкай і фанетыкай. Утварылася трасянка ў выніку змешвання народна-дыялектнай беларускай мовы з сучаснай рускай літаратурнай мовай. Адзначаецца, што трасянка пранікае і ў публіцыстыку. Літаратурная беларуская мова выкарыстоўваецца галоўным чынам гарадской інтэлігенцыяй; вялікая частка гарадскога насельніцтва карыстаецца сучаснай рускай літаратурнай мовай.
Класіфікацыя беларускіх дыялектаў
правіцьДля беларускай мовы вылучаюць наступныя асноўныя групы дыялектаў[2]:
- Паўночна-ўсходні дыялект — Віцебская вобласць, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўскай вобласці
- Віцебская група дыялектаў — усход Віцебскай вобласці
- Полацкая група дыялектаў — заходняя і цэнтральная часткі Віцебскай вобласці і паўночны захад Магілёўскай вобласці
- Усходне-Магілёўская група дыялектаў — усход і частка цэнтра Магілёўскай вобласці
- Сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзенскай, цэнтр Мінскай, паўднёвы захад Магілёўскай і паўночны ўсход Гомельскай абласцей
- Паўднёва-заходні дыялект — Гродзенская вобласць, поўдзень Мінскай вобласці і Гомельскай вобласці
- Гарадзенска-Баранавіцкая група дыялектаў— Гродзенская вобласць і поўнач Брэсцкай вобласці
- Слуцкая група дыялектаў — поўдзень і паўднёвы ўсход Мінскай вобласці, Гомельская вобласці
- Мазырская група дыялектаў — поўдзень Гомельскай вобласці
- Палеская група дыялектаў — паўднёвы захад Брэсцкай вобласці
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Беларуская мова: энцыклапедыя // Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — C. 55.
- ↑ Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.; Э91 Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.:іл. ISBN 5-85700-014-9
Спасылкі
правіць- Аўдыязапісы дыялектаў беларускай мовы на карце Беларусі(недаступная спасылка). Dialects. dialects.natatnik.by. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2019.