Да пакіньце горла драць
«Да пакіньце горла драць» — песня беларускага паэта Яна Чачота, напісаная ў 1819 годзе на беларускай мове і прымеркаваная да імянінаў філамата Дыянісія Хлявінскага[1]. З адпаведнымі папраўкамі таксама выконвалася і на імянінах іншых філаматаў, у прыватнасці Францішка Малеўскага.
Да пакіньце горла драць | |
---|---|
Жанр | песня |
Аўтар | Ян Чачот |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1819 |
Электронная версія | |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
Першапачатковы тэкст песні да Дыянісія не захаваўся. Да сённяшняга часу дайшоў пазнейшы тэкст, прысвечаны імянінам Францішка Малеўскага, што адзначаліся 1 лістапада 1819 года.
Пра поспех гэтай песні Ян Чачот пазней распавёў у лісце да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 года:
На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу, ён прыдумаў да яе, як я ўжо казаў, матыў і лез з ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І не толькі гэтыя, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, спявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і спявалі…[2] |
У лісце Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 года адзначаецца, што едучы ў Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заездным доме ў Канвалішках і раптам сярод ночы яго абудзіў гучны і вясёлы спеў: «Да пакіньце горла драць!..» Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў — Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Навагрудак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны гэтакім чынам выказалі сваю радасць ад сустрэчы[3].
Зноскі
- ↑ Цвірка, К. След на цаліку. Творчы шлях Яна Чачота // Роднае слова. — Мінск: 1995. — № 3. — С. 19.
- ↑ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 242. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7.
- ↑ Цвірка, К. Яркая зорка беларускага адраджэння // Чачот Ян. Выбраныя творы. — Мінск, 1996. — (Беларускі кнігазбор). Архівавана 9 снежня 2004.