Дэганавайда
Дэганава́йда, Дэканава́йда (магаўк: Deganawida), або Вялікі Міратворац (магаўк: Skennenrahawi)[1] — легендарны стваральнік і законатворац лігі іракезаў.
Дэганавайда | |
---|---|
вяшчун, заснавальнік лігі іракезаў | |
Міфалогія | іракезская |
Пол | мужчынскі пол |
Нараджэнне і маладыя гады
правіцьУ фальклоры іракезаў Дэганавайда з’яўляецца адначасова міфічнай і гістарычнай постаццю. Дакладны час яго жыцця невядомы. У паданнях узгадваецца, што падчас наведвання Дэганавайдам і Гаяватам племені сенека адбылося сонечнае зацьменне. Такім чынам вызначаецца 1451 г.
Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, Дэганавайда нарадзіўся сярод гуронаў на тэрыторыі сучаснага горада Кінгстан у правінцыі Антарыа, Канада. У запісах гісторыі Дэганавайды на хрысціянскі манер сцвярджаецца, што яго маці была цнатлівай[2]. Бабуля (або нават маці) убачыла ў сне, што ён будзе пагрозай для канфедэрацыі гуронаў, таму пасля нараджэння яго тройчы тапілі ў палонцы, аднак на наступны дзень ён зноў з’яўляўся на руках у маці. Іншыя дзеці і дарослыя цураліся яго.
У маладосці Дэганавайда заяўляў пра тое, што мае асаблівую місію міру. У легендах магаўкаў кажацца, што ён пакінуў краіну гуронаў у каменнай лодцы[3].
Місія міру
правіцьПасля таго, як лодка Дэганавайды перасекла возера Антарыа, ён сустрэў на супрацьлеглым беразе Гаявату, правадыра магаўкаў, які ў самоце ладзіў вампум. Гаявата паведаміў, што мясцовыя плямёны даўно вядуць войны, але асабіста ён расчараваны ў гэтым. Дэганавайда сфармуляваў тры прынцыпы захавання міру[4]:
- Справядлівасць і законнасць
- Фізічная моц павінна спалучацца з грамадзянскай уладай і ўнутранай духоўнасцю
- Здаровы розум, фізічнае здароўе, мір паміж асобамі і плямёнамі
Ён прапанаваў Гаяваце прадставіць гэтыя прынцыпы магаўкам, а потым разам вандраваць на ўсход, каб усе «узялі адзін аднога за рукі і сталі адзіным колам»[5]. Гаявата даў згоду. Дзякуючы іх супольным высілкам, ідэю міру і аб’яднання падтрымалі магаўкі, каюга, анейда, анандага і сенека. Найбольш рызыкоўным было далучэнне анандага, паколькі іх правадыр, чараўнік Тададаха, быў прыхільнікам далейшых войн[6]. Тададаха хаваўся ў пячоры і выглядаў нібы злы дух са змеямі, уплеценымі ў валасы. У Гаяваты і Дэганавайды атрымалася пераканаць правадыра-чараўніка. Як толькі ён даў згоду, яго твар стаў чалавечым. Гаявата расплёў яго валасы і вызваліў іх ад змеяў. Канец войн быў адзначаны далучэннем сенека і сонечным зацьменнем[7].
Вялікі закон міру
правіцьУ знак прымірэння пяці народаў Дэганавайда пасадзіў на зямлі анандага дрэва міру і абвясціў так званы Вялікі закон міру Gayanashagowa[8], які з’яўляўся своеасаблівай Канстытуцыяй лігі іракезаў:
- Усе спрэчныя пытанні павінны вырашацца правадырамі пад дрэвам міру.
- Да лігі іракезаў могуць далучацца іншыя народы, калі прызнаюць закон міру.
- Правадыр анандага мае права склікаць супольную раду правадыроў, а правадыры пасылаць сваіх прадстаўнікоў.
- Агульная колькасць чальцоў рады складае 13.
- Рада магаўкаў падзяляецца на тры часткі, каб адна частка магла рэгуляваць спрэчкі паміж дзвюма іншымі, пасля чаго перадаецца да зацвярджэння прадстаўнікамі сенека, каюга і анейда.
- Магаўкі абвяшчаюцца захавальнікамі Gayanashagowa, таму рада не павінна прымаць рашэнні без удзелу ўсіх правадыроў магаўкаў.
- Анандага абвяшчаюцца захавальнікамі агменю і павінны адкрываць і закрываць раду.
- Першымі пытанні разглядаюць магаўкі і сенека, пасля чаго яны перадаюцца на разгляд каюга і анейда. Канчаткова прынятае рашэнне абвяшчаюць анандага.
- Анандага маюць права адхіліць рашэнне, але пасля яго паўторнага перагляду павінны абвясціць як прынятае.
- Прадстаўнікі народаў, якія не з’яўляюцца чальцамі лігі іракезаў, не могуць прымаць удзел у радзе.
- Рада сама вызначае таго, хто з правадыроў прадстаўляе пытанне, пры гэтым правадыр-аратар не можа распытваць чальцоў рады.
Зноскі
- ↑ Гл. напісанне на магаўк. у GAYANEREKOWA
- ↑ Donald Ricky, Encyclopedia of Rhode Island Indians
- ↑ Dekanawida and the formation of the Great Peace: Part 2
- ↑ Donald Ricky, Encyclopedia of Rhode Island Indians
- ↑ Indians of North America The Iroquois Архівавана 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Hiawatha facts, information, pictures
- ↑ Arthur Caswell Parker, Seneca Myths and Folk Tales
- ↑ The Great Binding Law GAYANASHAGOWA