«Дэкало́г, пяць» (польск.: Dekalog, pięć) — пятая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім[4]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].

Дэкалог, пяцьM:
польск.: Dekalog, pięć
Жанр драма
Рэжысёр
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія TELEWIZJA POLSKA S.A.[d]
Працягласць 57 хв.
Краіна
Мова польская[1]
Год 1989
Папярэдні фільм Дэкалог, чатыры
Наступны фільм Дэкалог, шэсць
IMDb ID 0094987

Фільм «Дэкалог, пяць» адпавядае пятай з Дзесяці запаведзяў: «Не забівай»[6].

Поўнаметражная версія была выпушчана асобным фільмам у 1988 годзе пад назвай «Кароткі фільм пра забойства».

Сюжэт правіць

Пятая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не забівай»[6].

Варшава, 16 сакавіка 1987 года.

Пётр Баліцкі (Кшыштаф Глобіш) здае экзамен на права займацца адвакацкай практыкай. Ён малады і поўны ідэалістычных ідэй. Падчас экзамена ён выказвае думку, што пакаранне — гэта не толькі ўздзеянне на абвінавачанага, але і акт запужвання іншых. Аднак з часоў Каіна яшчэ не адно пакаранне не выправіла свет і не адпужвала яго ад здзяйснення злачынстваў.

Яцэк Лазар (Мірослаў Бака) — дваццацігадовы вясковы хлопец. Ён бессэнсоўна швэндаецца па вуліцах Варшавы. Яцэк распытвае, дзе бліжэйшая стаянка таксі. Прыйшоўшы на месца, ён знаходзіць, што там чакае шмат людзей.

Вальдэмар Рэкоўскі (Ян Тэсаж) — грузны чалавек сярэдніх гадоў, кіроўца таксі. Ён карыстаецца свабодай, якую дае яму яго прафесія. Ён груба абыходзіцца з непрыемнымі яму людзьмі і адмаўляецца іх падвозіць, клапоціцца аб сваім таксі і знаёмым сабаку, заігрывае з дзяўчатамі.

Бадзяючыся па горадзе, Яцэк чыніць зламысныя і бессэнсоўныя рэчы. Ён з абыякавасцю назірае, як два чалавекі даганяюць і збіваюць іншага, у грамадскім туалеце спіхвае чалавека ў пісуар, скідвае камень з моста на праязджаючыя аўтамабілі, ганяе галубоў, якіх корміць старая жанчына. Дарогай Яцэку на вочы не раз трапляюцца малыя дзяўчынкі. У Яцэка і самога ёсць з сабой крыху прымяты фотаздымак з дзяўчынкай, убранай у белае. Ён заходзіць у фотаатэлье і пакідае там фотаздымак, каб яго павялічылі. Ён цікавіцца ў работніцы фотаатэлье, ці можна па фотаздымку вызначыць, жывы чалавек ці не.

Таксіст ездзіць па горадзе, шукаючы кліента. Яцэк заходзіць у кафэ, купляе каву і пірожнае. Седзячы ў кафэ, Яцэк намотвае на руку вяроўку, але спыняецца, калі бачыць, як дзве дзяўчынкі гуляюць за акном кафэ. Ён жартуе з імі. Затым ідзе да стаянкі і ловіць таксі. На таксі спяшаюцца яшчэ некалькі чалавек, але Яцэк адмаўляецца саступіць ім, хлусячы, што яму з імі не па дарозе. Таксі належыць Вальдэмару. Яцэк называе яму аддалены раён горада. У бязлюдным месцы ён накідвае вяроўку на шыю Вальдэмара і цягам доўгага часу жорстка душыць яго. Калі задушыць Вальдэмара не атрымоўваецца, Яцэк праломвае яму галаву кавалкам арматуры, але і гэтага аказваецца недастаткова. Вальдэмар стогне, з апошніх сіл просячы аб літасці, але Яцэк не слухае. Ён дабівае таксіста, скрышыўшы яму галаву цяжкім каменем. Затым скідвае цела ў раку. Вярнуўшыся ў таксі, Яцэк дастае бутэрброд, зроблены жонкай таксіста, і ўключае радыё. Па радыё гучыць дзіцячая песенька, у якой малады леў вучыцца быць адважным. Узлаваны Яцэк выдзірае аўтамагнітолу і шпурляе яе ў раку.

Суд прыгаворвае Яцэка да смерці, нягледзячы на пранікнёную прамову Пятра супраць смяротнага пакарання. Для Пятра гэта першая справа, і пасля працэсу ён гутарыць з дасведчаным суддзёй, які гэтую справу вёў. Пётр пытаецца, ці магло б нешта змяніцца, калі б замест яго быў больш вопытны адвакат. Суддзя адказвае, што Пётр зрабіў усё, што можна было зрабіць у такой сітуацыі, і што гэта была найлепшая на яго памяці прамова супраць смяротнага пакарання, але прысуд не мог быць іншым.

У дзень, на які назначана смяротнае пакаранне, Яцэк просіць аб размове з Пятром, бо Пётр адзіны, па яго словах, не быў супраць яго. Пётр спрабуе патлумачыць, што людзі не супраць яго, але супраць яго ўчынку; аднак Яцэк не знаходзіць розніцы. У размове Яцэк распавядае, што пяць гадоў таму памерла яго ўлюбёная малодшая сястра. Гэта было ў вёсцы. Яе пераехаў на трактары сябра Яцэка, з якім Яцэк перад гэтым піў. Яцэк да гэтага часу вінаваціць сябе. Ён гаворыць, што ўсё магло б быць іначай, калі б гэтага не здарылася. Яцэк просіць перадаць яго бацькам просьбу, каб маці саступіла яму месца на могілках побач з сястрой і бацькам. Яшчэ ён просіць Пятра забраць у фотаатэлье здымак, дзе яго сястра выяўлена ў сукенцы для Першага Прычасця, і перадаць здымак маці.

Набліжаецца час выканання прысуду. Ахоўнік пытаецца ў Пятра, ці скончылі яны гутарку, Пётр жа адказвае, што ён ніколі не згодзіцца яе скончыць па сваёй волі. Тады Яцэка сілай адводзяць і з захаваннем усіх працэдур — абвяшчэння прысуду, апошняй цыгарэты, наказаў святара — вешаюць. У апошні момант Яцэк у адчаі спрабуе вырвацца з рук турэмшчыкаў. Пётр, прысутны пры гэтым, ледзь стаіць на нагах.

У апошняй сцэне Пётр сядзіць у машыне ў сельскай мясцовасці і ў бяссільнай злосці паўтарае «Ненавіджу! Ненавіджу!»

Акцёрскі склад правіць


   Мірослаў Бака[pl]   –   Яцэк Лазар
   Кшыштаф Глобіш[pl]   –   Пётр Баліцкі, адвакат
   Ян Тэсаж[pl]   –   Вальдэмар Рэкоўскі, таксіст
   Артур Барчыш[pl]   –   рабочы з мерай
   Крыстына Янда[pl]   –   Дарота Гелер, гераіня фільма «Дэкалог, два»
   Ольгерд Лукашэвіч[pl]   –   Анджэй Гелер, герой фільма «Дэкалог, два»
   Мацей Шары[pl]   –   домакіраўнік, сусед таксіста
   Збігнеў Запасевіч[pl]   –   старшыня калегіі адвакатаў
   Збігнеў Борэк[pl]   –   святар пры пакаранні смерцю Яцэка
   Уладыслаў Берды   –   памочнік ката
   Аляксандр Беднаж[pl]   –   кат
   Барбара Дзекан[pl]   –   касірка ў кінатэатры
   Івона Гленбіцка[pl]   –   супрацоўніца фотаатэлье
   Эльжбета Хельман[pl]   –   Беатка, супрацоўніца прадуктовай крамы
   Хелена Кавальчыкава[pl]   –   старая, што корміць галубоў ля Зыгмунтавай калоны
   Борыс Марыноўскі[pl]   –   ахоўнік
   Мацей Мацяеўскі[pl]   –   пракурор
   Сільвестр Мацяеўскі[pl]   –   брат Яцэка
   Анджэй Масталеж[pl]   –   брат Яцэка
   Здзіслаў Рыхтэр[pl]   –   мастак на Рыначнай плошчы Старога горада
   Караль Стэпкоўскі[pl]   –   урач пры пакаранні смерцю Яцэка
   Здзіслаў Тобяш[pl]   –   суддзя
   Ежы Зас[pl]   –   начальнік турмы
   Леанард Анджэеўскі[pl]   –   прыяцель п’янага на стаянцы таксі (у цітрах не ўказаны)
   Хенрык Лапіньскі[pl]   –   сябра калегіі адвакатаў (у цітрах не ўказаны)

Саўндтрэк правіць

Музыка, што гучыць у фільме «Дэкалог, пяць» увайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка са ўсяго тэлецыкла. Пазней музыка з фільма «Дэкалог, пяць» з’яўлялася ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995)[7], «Чатыры колеры Лодзі» (2014)[8], а таксама ў альбоме «Кеслёўскі» (2003)[9], які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра.

Апроч таго, музыка з фільма «Дэкалог, пяць» была выкарыстана ў фільме Вонга Карвая «2046»[10][11].

Выхад правіць

Прэм’ера фільма адбылася 9 верасня 1989 года на Венецыянскім кінафестывалі[5]. Пазней фільм дэманстраваўся на Кінафестывалі ў Чыкага 20 кастрычніка 1989 года[12]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].

Зноскі правіць

  1. http://www.cineplex.com/Movie/dekalog-5/Photos
  2. http://www.csfd.cz/film/31668-dekalog-v/filmoteka/
  3. http://www.filmaffinity.com/en/film248822.html
  4. Dekalog (польск.). Інтэрнэт-база польскага кіно. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  5. а б в Dekalog, piec (TV Episode 1989) — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 чэрвеня 2021.
  6. а б Агульны катэхізіс . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  7. Zbigniew Preisner — Preisner's Music (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  8. Zbigniew Preisner — The Four Colors Of Łódź (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  9. Zbigniew Preisner — Kieślowski (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  10. 2046 — Original Soundtrack (англ.). Сайт «AllMusic». Праверана 12 верасня 2019.
  11. Various — 2046 (Original Soundtrack From Wong Kar Wai's Film) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  12. More of the 25th Chicago International Film Festival (англ.). Сайт «Chicago Reader» (19 кастрычніка 1989). Праверана 17 чэрвеня 2021.

Літаратура правіць

  • Joseph G. Kickasola. The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image. — A&C Black, 2004. — 332 p. — ISBN 978-0-826-41559-2.

Спасылкі правіць