Дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства

дэкрэт

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (руск.: О предупреждении социального иждивенчества), больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве — дэкрэт, выдадзены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года.

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
«Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»
руск.: О предупреждении социального иждивенчества
Дзяржава: Сцяг Беларусі Беларусь
Нумар: 3
Прыняцце: Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015
Уступ у сілу: 2 красавіка 2015
Страта сілы: Прызупынены да 1 студзеня 2019 года[1].
Першая старонка дэкрэта №3

Асноўнай мэтай дэкрэта было заяўлена імкненне дзяржавы кампенсаваць расходы на сацыяльныя паслугі, што аказваліся грамадзянам, якія не выплацілі або выплацілі не ў поўным аб'ёме падаткі. Пры гэтым адзначаецца, што агульная сума збору па фінансаванні дзяржрасходаў у маштабах бюджэту будзе невялікай[2].

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка[3]:

Дэкрэт быў накіраваны на ліквідацыю найскладанай праблемы — сацыяльнага ўтрыманства. Рашэнне гэтай праблемы бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў.

Гісторыя

правіць

У 1961 годзе Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты Указ «Аб узмацненне барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Дармаедства з'яўлалася крымінальна-каральным злачынствам, за якое прадугледжвалася да пяці гадоў абмежавання свабоды, але на прыктыцы судовыя справы былі рэдкімі. Крымінальная адказнасць наступіла, калі грамадзянін не працаваў больш за чатыры месяцы, але крымінальнай адказнасці чалавеку дастаткова была папрацаваць хоць пары дзён. Указ быў адменены ў красавіку 1991 года, перад самым развалам СССР, калі быў прыняты Закон «Аб занятасці насельніцтва», з дапамогай якога была знята крымінальная адказнасць за дармаедства і легалізавана беспрацоўе[4].

Пра тое, што ўлады Рэспублікі Беларусі збіраюцца ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян, заяўляў яшчэ ў 2013 годзе прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч[4].

2 красавіка 2015 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

6 снежня 2016 года на нарадзе ў главы дзяржавы віцэ-прэм'ер Наталля Качанава даклала, што ўрадам ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта быў праведзены маніторынг рэалізацыі дэкрэта, які паказаў, што ён з'яўляецца актуальным, аб'ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дэкрэт аб дармаедах дапрацуюць, але адмяняць не будуць[3].

12 студзеня 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, які унёс змены ў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Былў удакладнены спіс тых, хто не павінен плаціць падатак за неўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў. З ліку «сацыяльных утрыманцаў» былі выключаны тыя, хто значыцца ў спіскавым складзе нацыянальнай ці зборнай каманды Беларусі паводле відаў спорту, праходзіць альтэрнатыўную службу; беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці ці праходзяць навучанне па накіраванні органа па працы, занятасці і сацабароне, пры адсутнасці ўсталяваных фактаў парушэння імі абавязкаў у вобласці занятасці насельніцтва; бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, у тым выпадку, калі дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю. Мясцовым выканаўчым ці распарадчым органам было пададзена права вызваляць ад выплаты збору тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі[5].

Акрамя таго крайні тэрмін накіравання падаткавікамі паведамлення на выплату збору быў перанесены з 1 лістапада 2016 года на 20 студзеня 2017 года, тэрмін яго выплаты з 1 снежня 2016 на 20 лютага 2017 года[5].

Падатковыя органы накіравалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату падатку на дармаедства[6]. Станам на 13 студзеня 2017 года збор аплацілі толькі каля 24 тысяч чалавек, які папоўнілі дзяржбюджэт больш як на 7 мільёнаў беларускіх рублёў[7].

20 лютага 2017 года скончыўся апошні тэрмін выплаты збору. Збор выплацілі толькі каля 54 тыс. грамадзян (прыкладна 11,5 %), у бюджэт паступіла 16,3 млн. беларускіх рублёў. Пэўная колькасць грамадзян звярнулася ў мясцовыя органы ўлады з заявамі аб вызваленні ад выплаты збору[8].

Асноўныя палажэнні

правіць

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ўстанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія ўвесь час пражываюць у краіне, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні у мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь[5].

На тое, каб выплаціць падатак, адводзіцца 30 дзён з моманту ўручэння паведамлення ці, калі яго паслалі заказным пісьмом, праз 10 дзён пасля даты адпраўлення[7].

За нявыплату ці несвоечасовую выплату збору прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У гэтым выпадку складаецца пратакол і накіроўваецца на разгляд у суд, які прымае рашэнне або аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь, або аб адміністрацыйным арышце. У выпадку адміністрацыйнага арышту грамадзянін у абавязковым парадку прыцягваецца да грамадска карысных прац, пасля адбыцця якіх сума збору лічыцца выплачанай. Адміністрацыйны арышт можа накладацца на тэрмін да 15 сутак[8].

Крытыка дэкрэта

правіць

Паводле прававой ацэнкі, зробленым праваабарочным цэнтрам «Прававая дапамога насельніцтву» ў 2015 годзе, Дэкрэт № 3 не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь[4].

Пратэсты

правіць

17 лютага 2017 года ў цэнтры Мінска адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць Дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», на які выйшла больш за 2000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя. Удзельнікі скандавалі «Не — дэкрэту № 3», «Жыве Беларусь», «Не бойцеся!». Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг[9].

На наступны дзень, 19 лютага 2017 года буйны мітынг супраць Дэкрэта № 3 адбыўся і ў Гомелі — другім па памеры горадзе Беларусі. Калона на чале з прадстаўнікамі палітычных і прафсаюзных рухаў[10] прайшла ад плошчы Паўстання па вуліцы Савецкай да плошчы Леніна[11]. Гучалі палітычныя лозунгі, лозунгі супраць падаткаў на «дармаедства», удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі»[11].

У Магілёве ў акцыі пратэсту прынялі ўдзел прынамсі паўтысячы чалавек. Яна прайшла на пешаходнай вуліцы Ленінскай у цэнтры горада[12].

У іншых абласных цэнтрах 19 лютага акцыі не былі падрыхтаваны. Пасля падзей у Гомелі людзі пачалі стыхійна збірацца а 14-й гадзіне ў цэнтрах Брэста, Гродна і Віцебска. У Брэсце сабралося не больш за сто чалавек, у Гродне — некалькі дзясяткаў чалавек[13].

Чарговая хваля пратэстаў пракацілася па гарадах Беларусі 26 лютага. Найбуйнейшы мітынг адбыўся ў Віцебску, у ім узялі ўдзел не менш за тысячу чалавек. Сотні людзей таксама выйшлі на акцыі пратэсту ў Бабруйску, Баранавічах і Брэсце[14].

Таксама акцыі пратэсту прайшлі 5, 10 (Маладзечна[15][16][17]), 11, 12, 15 і 25 сакавіка — на Дзень Волі[18].

Вынікі

правіць

9 сакавіка 2017 года на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў рашэнне на працягу года не спаганяць збор з «дармаедаў». Пры гэтым грошы тым, хто ўжо сплаціў збор, ён пойдзе ў залік на наступны год, але калі ў 2016 годзе «дармаед» знойдзе працу, тады грошы за 2015 год яму вернуць[19].

За 2016 і пачатак 2017 г. збор заплацілі 62,7 тысячы грамадзян у памеры 18,6 мільёна беларускіх рублёў.

7 ліпеня 2017 г. Міністэрства па падатках і зборах абвясціла, што пачынае вяртаць «дармаедам» збор, заплачаны за няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў у 2015 г. Каб вярнуць выплачаны падатак, трэба напісаць заяву ў падатковую па месцы жыхарства і падаць дакумент, які сведчыць асобу. Грошы падаткавікі вяртаюць або на рахунак у беларускім банку, або наяўнымі ў касах Беларусбанка. Грошы вернуць на працягу месяца з дня падачы заявы. Падаткавікі разгледзелі 49,5 тысячы заяў ад беларусаў, якія пажадалі вярнуць выплачаны збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў, да сярэдзіны 2019 года вярнулі выплачаныя падаткі на агульную суму ў 15,01 мільёна рублёў[20][21].

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня 2018 года падпісаў Дэкрэт №1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва. У новы Дэкрэт не ўвайшлі нормы аб спагнанні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі гэтага збору, вызвалены ад яго выплаты[22].

Зноскі

  1. "Абноўлены дэкрэт №3 запрацуе ў поўным аб'ёме з 1 студзеня 2019 года"(руск.). belta.by. 21 снежня 2017.
  2. Рыжанкоў: галоўная ідэя дэкрэта нумар 3 - стымуляваць людзей выплачваць падаткі. БЕЛТА (17 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  3. а б Декрет о предупреждении социального иждивенчества сохранят, но устранят выявленные недостатки. БЕЛТА (6 снежня 2016). Праверана 19 лютага 2017.
  4. а б в Правовая экспертиза Декрета Президента Республики Беларусь №3 от 02.04.2015 г. «О предупреждении социального иждивенчества»(недаступная спасылка). Праваабарочны цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву» (4 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2016. Праверана 19 лютага 2017.
  5. а б в Сергей Балай. В декрет о тунеядцах внесли изменения. Кого освободили от уплаты налога (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (12 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2017. Праверана 19 лютага 2017.
  6. В Беларуси истекает срок уплаты сбора на финансирование госрасходов. БЕЛТА (20 лютага 2017). Праверана 22 лютага 2017.
  7. а б Домохозяйки с детьми в детсаду не будут платить налог на тунеядство за прошлые годы(недаступная спасылка). TUT.BY (13 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2017. Праверана 19 лютага 2017.
  8. а б Сбор на финансирование госрасходов уплатили более 54 тыс. белорусов. БЕЛТА (21 лютага 2017). Праверана 22 лютага 2017.
  9. У Мінску некалькі тысяч чалавек выйшлі на Марш абураных беларусаў . Наша Ніва (1991) (17 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  10. Антон Трафімовіч. У Гомлі прайшла самая масавая з 1990-х гадоў акцыя пратэсту . Радыё Свабода (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  11. а б Тысячы людзей выйшлі ў Гомелі на марш пратэсту: «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!» ФОТА, ВІДЭА . Наша Ніва (1991) (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  12. У Магілёве заклікалі ехаць на пратэст «дармаедаў» у Менск . Радыё Свабода (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  13. У Горадні дзясяткі чалавек пратэстуюць супраць Дэкрэту № 3 . Радыё Свабода (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  14. «Марш недармаедаў» у Віцебску, Бабруйску, Баранавічах і Берасьці . Радыё Свабода (26 лютага 2017). Праверана 28 лютага 2017.
  15. https://www.intex-press.by/2017/03/10/v-molodechno-na-marsh-netuneyadtsev-vyshlo-1000-chelovek-brutalno-zaderzhany-lebedko-rymashevskij-i-zhurnalist-belapan/ Архівавана 16 чэрвеня 2018.
  16. http://naviny.by/article/20170310/1489163644-marsh-netuneyadcev-proshel-v-molodechno
  17. http://belsat.eu/ru/news/protest-protiv-dekreta-3-planiruetsya-10-marta-v-molodechno-onlajn/
  18. Уладзімер Глод. Яшчэ 9 вулічных акцыяў. Кампанія «Мы не дармаеды» агучыла графік . Радыё Свабода (17 лютага 2017). Праверана 28 лютага 2017.
  19. АА, КМ, Алег Грузьдзіловіч. Лукашэнка загадаў не спаганяць «падатак на дармаедзтва» да канца году. Рэакцыі . Радыё Свабода (9 сакавіка 2017). Праверана 9 сакавіка 2017.
  20. finance.tut.by Архівавана 27 жніўня 2019.
  21. nashaniva.by
  22. president.gov.by

Спасылкі

правіць