Дэпартацыі ў СССР

Дэпартацыі ў СССР — прымусовыя перасяленні асоб з адной часткі Савецкага Саюза ў другую ў сувязі з іх палітычнымі альбо рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальным паходжаннем. Дэпартацыі, якія праводзіла савецкая ўлада ў 1920—1950-х гг., прызнаны формай рэпрэсій[1].

Асноўная мэта дэпартацый была ў тым, каб вынішчыць у грамадстве ўсе магчымыя праяўленні нязгоды з урадавай палітыкай і ўнушыць страх перад пакараннем. Пабочнай мэтай было развіццё адсталых рэгіенаў СССР з дапамогай таннай рабочай сілы.

Асноўная колькасць дэпартацый прыйшлася на 1930-40-я гг. У 1950-60-х гг. многіх перасяленцаў поўнасцю ці часткова рэабілітавалі і дазволілі ім вярнуцца на радзіму. Урады большасці дзяржаў-спадкаемцаў СССР прызнаюць дэпартацыі сталінскага ўрада незаконнымі і прадастаўляюць ільготы і кампенсацыі былым перасяленцам як ахвярам палітычных рэпрэсій.

Палітычныя дэпартацыі

правіць

З мая 1922 па студзень 1923 г. у адпаведнасці з сакрэтнымі загадамі У. І. Леніна[2] былі высланы за мяжу шматлікія прадстаўнікі рускай і ўкраінскай інтэлігенцыі: прафесура вну, навукоўцы, пісьменнікі, аграномы, урачы і іншыя спецыялісты і нават асобныя студэнты.

Сярод высланых — вядомыя філосафы Бярдзяеў і Сарокін. Асноўная прычына выгнання — поўная ці частковая нязгода з палітыкай савецкай улады пры няўдзеле ў адкрытай ўзброенай барацьбе. У пачатку існавання савецкага ладу сярод асобных лідараў краіны панавала думка, што праз пэўны час усё сусветнае грамадства ўбачыць перавагу сацыялізму над капіталізмам, і будзе масавы прыток жадаючых пераехаць у СССР. Таму кіруючыя колы Савецкага Саюза не толькі не перашкаджалі добраахвотнай эміграцыі, але і лічылі пакараннем пажыццёвую высылку з краіны Саветаў.

З 1923 г. гэта практыка перастала насіць масавы характар. Але на працягу ўсёй гісторыі СССР да перыяду Галоснасці (1988 г.) шырока практыкавалася высылка «палітычна нядобранадзейных» асоб у правінцыяльныя часткі Савецкага Саюза. Некаторых былых вязняў канцлагероў часоў сталінскіх рэпрэсій адпраўлялі ў «вечную высылку» ў паўднёвыя правінцыі Казахстана[3].

А. Салжаніцын у сваім аўтабіяграфічным творы «Архіпелаг ГУЛАГ» (том 5) успамінае некаторыя дэталі жыцця і побыту ў спецпасяленнях Казахстана. Былыя рэпрэсаваныя атрымалі некаторыя грошы ад дзяржавы пасля зняволення і маглі здымаць жылы пакой, мелі права ўдзельнічаць у выбарах (гэта было не столькі права, колькі абавязак савецкага грамадзяніна), выкладаць у школе, займаць матэрыяльна адказныя пасады. Але пры гэтым мясцовае начальства нярэдка прымушала працаваць звышурочна за тыя ж грошы альбо пазычала грошы ў сваіх супрацоўнікаў і не вяртала пазыку.

Парушэнне ўмоў высылкі пры савецкай уладзе каралася смерцю[крыніца?] ці лагерным зняволеннем.

Рэлігійныя дэпартацыі

правіць

У асноўным дэпартацыі рэлігійных груп былі звязаны з нацыянальным паходжаннем прадстаўнікоў той ці іншай рэлігіі. Напрыклад, сярод нядобранадзейных асоб польскага, літоўскага, латышскага ці эстонскага паходжання, дэпартаваных у Сібір у 1939—1940 гг., былі сем’і некаторых каталіцкіх і пратэстанцкіх святароў.

У 1948-51 гг. прайшла хваля новых дэпартацый «нядобранадзейных» асоб у заходняй частцы СССР. Да такіх, у прыватнасці, адносілі шэраг адносна невялікіх рэлігійных груп. Асноўная праблема канфлікту савецкай улады з рэлігійнымі меншасцямі была звязана не столькі з палітыкай ваяўнічага атэізму, колькі з няўдзелам такіх вернікаў у актыўным грамадскім жыцці. Напрыклад, многія прадстаўнікі рэлігійных меншасцей адмаўляліся ад ваеннай службы, удзелу ў выбарах, збору грошай на палітычныя праекты дзяржавы (дапамога кампартыі Чылі ці партызанам Анголы), наведвання танцклубаў, тэатраў і канцэртаў. Дзяржава, якая імкнулася кантраляваць грамадства, не была гатова мірыцца з нейтралітэтам яе асобных грамадзян, а павелічэнне колькасці такіх «нядобранадзейных» разглядала як пагрозу савецкаму ладу. У пачатку 1952 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР, рэспубліканскія партыйныя кіраўнікі Беларусі, Украіны, Малдовы і Прыбалтыкі і МДБ СССР падрыхтавалі шэраг дакументаў па высылцы ў Сібір сямей наступных рэлігійных груп: Сведкаў Іеговы, адвентыстаў-рэфармістаў, інакенцьеўцаў, сапраўдна-праваслаўных хрысціян[4].

Некалькі тысяч прадстаўнікоў гэтых рэлігійных груп былі высланы ў Сібір падчас аперацыі «Поўнач» і іншых дэпартацыйных мерапрыемстваў 1952 г. У сярэдзіне 1950-х гг. многіх з гэтых перасяленцаў перавялі ў высылку ў Казахстан. У сярэдзіне 1960-х гг. ім дазволілі вярнуцца на радзіму, але канфіскаваная маёмасць ім не вярталася.

У некаторых невялікіх пасёлках Заходняй Сібіры яшчэ існуюць і дзейнічаюць буйныя абшчыны такіх перасяленцаў.

Дэпартацыі народаў

правіць

Першыя нацыянальныя перасяленні пачаліся яшчэ да з’яўлення Савецкага Саюза. У 1920 г. савецкая ўлада пачала ліквідацыю казацкіх пасяленняў Церскай вобласці, якая працягнулася да 1925 г[5]. Перасяленцаў адправілі ў іншыя раёны Паўночнага Каўказа, Данбас і паўночныя рэгіёны СССР.

У 1921 г. рускае насельніцтва Сямірэчча ўлады таксама прымусілі пакінуць свае дамы і пераехаць у іншыя часткі будучага СССР[5][6].

Асноўная хваля нацыянальных дэпартацый прыйшлася на 1930-1940-я гг. Сумарная колькасць ахвяр прымусовых перасяленняў складае больш за мільён чалавек. Як і ў большасці іншых выпадкаў дэпартацый, перасяленцаў перавозілі ў кепскіх ўмовах пад моцным ваенна-міліцэйскім канвоем, большая частка рухомай і нерухомай маёмасці канфіскоўвалася на карысць дзяржавы, на новых месцах жыхарства ўмовы жыцця, а часам і клімат былі неспрыяльнымі для перасяленцаў. Некаторыя перасяленцы сталі ахвярамі масавых дэпартацый літаральна: тых, хто аказваў супраціўленне ўладам, забівалі, як небяспечных злачынцаў; немаўляты, дзеці, старыя і людзі з кепскім здароўем хутка паміралі пры транспартыроўцы ці на новым месцы, альбо набывалі інваліднасць.

Пералік дэпартаваных народаў СССР

правіць

Фіны, латышы, літоўцы і эстонцы дэпартаваны з Ленінграда ў сярэдзіне 1930-х гг. Новыя хвалі фінскіх дэпартацый прайшлі ў 1942 і 1947-48 гг.

Карэйцы ў верасні 1937 г. пераселены з Дальняга Усходу ў Казахстан і Узбекістан [7].

Паволжскія немцы дэпартаваны ў Сібір, Казахстан і на Алтай пасля ліквідацыі нямецкай аўтаноміі ў жніўні 1941 г. Падчас Вялікай Айчыннай вайны рэпрэсіям і дэпартацыям падвяргаліся не толькі фіны і немцы, але і венгры, румыны і балгары па прычыне ўдзелу адпаведных краін у гітлераўскай кааліцыі.

Карачаеўцы пераселены ў Казахстан і Кіргізстан 2 лістапада 1943 г. па абвінавачванню ў супрацоўніцтве з нацыстамі падчас нямецкай акупацыі Карачаеўскай аўтаномнай вобласці.

У пачатку 1944 г. па тым жа абвінавачанням перасяляюць калмыкаў у Сібір і на Алтай.

23 лютага — 9 сакавіка 1944 г. адбылося перасяленне чачэнцаў і інгушоў у Казахстан і Кіргізстан у сувязі з абвінавачваннямі народаў у калабарацыянізме[8].

8 і 9 сакавіка 1944 г. НКУС ажыццявіла дэпартацыю балкарцаў.

Вясной — летам 1944 г. туркі, курды, хемшылы (хемшыны) і азербайджанцы Грузіі дэпартаваны ў спецпасяленні правінцыяльных раёнаў рэспублікі.

Азербайджанцы Арменіі пераселены ў Азербайджан у некалькі этапаў на працягу 1948-53 гг[9].

У 1939-40 гг. армія і НКУС правялі масавую дэпартацыю палякаў Украіны і Беларусі ў Сібір. Гэтыя акцыі праводзіліся паралельна з масавымі расстрэламі польскіх ваеннапалонных і паліцэйскіх у Курапатах пад Мінскам і ў Катыні.

Аналагічныя акцыі праводзіліся супраць карэннага насельніцтва рэспублік Прыбалтыкі ў 1941 і 1949 гг.

Сярод іншых дэпартацый — высяленне пантыйскіх грэкаў і крымскіх татар, а таксама «абмен» 800 тыс. палякаў Украіны на 500 тыс. украінцаў з Польшчы[10].

Дэпартацыя заможных сялян

правіць

Пасля ліквідацыі пасяленняў заможных сялян (кулакоў) і казакоў на поўдні СССР у 1920-х гг. хваля масавых раскулачванняў спынілася да пачатку 1930-х гг. Падчас працэсу калектывізацыі 1930-33 гг. у розных рэгіёнах еўрапейскай часткі Савецкага Саюза прайшла новая хваля перасялення заможных сялян у Сібір і паўночныя рэгіёны Саюза. Гэтая хваля прыпынілася падчас сялянскіх хваляванняў 1933 г. супраць прымусовай калектывізацыі і пачала ізноў набіраць сілу ў сярэдзіне 1930-х гг. Новы этап дэпартацыі заможных сялян пачаўся ў 1939 г. пасля ўваходу ў СССР Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі, а потым таксама Малдовы і краін Прыбалтыкі. Гэты працэс спыніўся падчас Вялікай Айчыннай вайны, ізноў набраў абароты ў канцы 1940-х гг. і завяршыўся ў пачатку 1950-х гг.

Нярэдка аперацыі па раскулачванню і дэпартацыі сялян праводзіліся з асаблівай жорсткасцю. Украінскі гісторык Алег Галько ў сваёй кнізе «Сведкі Іеговы. Сібірскі маршрут» успамінае свой уласны дзіцячы вопыт такіх дэпартацый. Яго хутар акружылі салдаты, і калі ен паспрабаваў схавацца ад іх у хмызняку, адзін з гэтых салдат падчапіў яго штыком і выцягнуў адтуль.[11]

Былі выпадкі, калі раскулачванню і дэпартацыі падвяргаліся сялянскія сем’і сераднякоў і нават беднякоў па прычыне адсутнасці ў той ці іншай вёсцы кулакоў, што шкодзіла «нарыхтовачным планам» карных структур[12].

Раскулачванне і дэпартацыі заможных сялян падрабязна апісаны з розных пунктаў гледжання ў савецкай літаратуры. Прыкладамі з’яўляюцца «Знак бяды» В. Быкава і «Паднятая цаліна» М. Шолахава.

Разлік дзяржавы на пад’ём эканомікі адсталых рэгіёнаў рукамі працавітых перасяленцаў спраўдзіўся ў пэўнай ступені: рукамі былых кулакоў былі пабудаваны многія стратэгічныя індустрыяльныя аб’екты, распрацаваны цалінныя землі Сібіры. Калі ў 1950—1960-х гг. раскулачаным сялянам пачалі дазваляць вярнуцца на радзіму, не ўсе зрабілі гэта, бо некаторыя ўжо абжыліся на новым месцы.

Прымусовая эвакуацыя насельніцтва ў надзвычайных абставінах у СССР

правіць

Немагчыма правесці поўную аналогію паміж эвакуацыяй і дэпартацыяй насельніцтва. Эвакуацыя ніколі не была формай палітычных рэпрэсій і праводзіцца ў абставінах, якія прымушаюць дзяржаўныя ўлады ісці на такі крок. Аднак у гісторыі СССР было некалькі выпадкаў, калі эвакуацыя прыносіла насельніцтву такую ж шкоду, як і дэпартацыя.

Пісьменнік Віктар Сувораў узгадвае, што напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, з 13 па 20 чэрвеня 1941 г., жыхары некаторых прыгранічных пасяленняў былі адселены далей ад дзяржаўнай мяжы[13]. Дэталі гэтай эвакуацыі малавядомы, але, хутчэй за ўсё, дзяржава не клапацілася аб кампенсацыі маёмасці, якую страцілі перасяленцы, аб камфортных умовах транспарціроўкі, аб належным размяшчэнні перасяленцаў на новым месцы. Да таго ж, вайна яшчэ не пачалася, і немагчыма адназначна казаць, што ўрад Сталіна быў вымушаны распачаць эвакуацыю прыгранічнага насельніцтва СССР.

Яшчэ адзін прыклад такой эвакуацыі — адсяленне людзей з чарнобыльскай зоны ў маі 1986 г. Людзі не атрымалі практычна ніякай кампенсацыі за страту маёмасці, эвакуацыя была прымусовай, што не давала магчымасці перасяленцам самастойна распараджацца сваім жыццём, здароўем і маемасцю, на новым месцы нярэдкімі былі выпадкі дыскрымінацыйнага стаўлення да перасяленцаў з боку мясцовага насельніцтва.

Рэабілітацыя ахвяр прымусовых перасяленняў

правіць

Пасля смерці Сталіна многім ахвярам дэпартацый дазволілі вярнуцца на радзіму, але нярэдка іх дамы і нават пасяленні ўжо былі заняты іншымі людзьмі, што параджала канфлікты. Канфіскаваная маёмасць звычайна не вярталася, кампенсацыю не плацілі. Асноўнае, што атрымалі ахвяры дэпартацый у 1950—1970-х гг., — гэта рэабілітацыя і права на свабоду перамяшчэнняў.

14 лістапада 1989 г. Вярхоўны Савет СССР афіцыйна прызнаў нацыянальныя дэпартацыі незаконнымі [14].

У лютым 2004 г. Еўрапарламент выдаў аналагічную пастанову аб прызнанні незаконнасці перасялення чачэнцаў і інгушоў[15].

У 1992 г. ахвяры рэлігійных дэпартацый прызнаны ўрадам Расіі ахвярамі палітычных рэпрэсій і карыстаюцца льготамі, аналагічнымі льготам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

У 2008 г. прадстаўніцтва Еўрасаюза па правах чалавека адзначала няпоўную вырашанасць праблем прадастаўлення жылля ахвярам дэпартацый з ліку месхетынскіх туркаў[16].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Записка Комиссии Политбюро ЦК КПСС по дополнительному изучению материалов, связанных с репрессиями, имевшими место в период 30-40-х — начала 50-х гг. // Вестник Архива Президента Российской Федерации. 1995, № 1. С. 123—130; Хрестоматия по отечественной истории (1946—1995): Учебное пособие / Под ред. А. Ф. Киселёва, Э. М. Щагина. М.: ВЛАДОС, 1996. С. 310—323.
  2. Письмо Ленина Дзержинскому // Ленин В. И. Полн. cобр. соч. Т. 54. С. 265—266.
  3. Згодна з аўтабіяграфічным сведчаннем А. Салжаніцына, адрозненне вечнай высылкі ад пажыццёвай было ў тым, што ўмовы першай не дазвалялі праводзіць вываз труны з целам нябожчыка за межы тэрыторыі спецпасялення (гл. «Ракавы корпус», раздзел «Усе страсці вяртаюцца»).
  4. Архіў Прэзідэнта РФ, Фонд 3, вопіс 58, справа 180, арк. 52-53.
  5. а б У истоков советской депортационной политики: выселения белых казаков и крупных землевладельцев (1918—1925)
  6. Кавказская депортация Архівавана 27 верасня 2007.
  7. Постановление № 1428—326 «О выселении корейского населения из пограничных районов Дальневосточного края»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2014. Праверана 20 красавіка 2012.
  8. Операция «Чечевица»: 65 лет депортации вайнахов
  9. Arseny Saparov. The alteration of place names and construction of national identity in Soviet Armenia (англ.) // Cahiers du monde russe, 2003, 44/1, p. 179—198.
  10. Jehovah’s Witnesses Yearbook 2002 (англ.), p. 156.
  11. О. Голько. Свідки Єгови — сибірський маршрут / Передмова П. Яроцького. — Львів: Вид. відділ ТОВ «Фаворит», 2002.
  12. А. Бутевич. Хуторская неповторимость // СБ-Беларусь сегодня. 16.01.2010. № 7, с. 25.
  13. В. Суворов. Ледокол. День «М». М.: «АСТ», 1995. С. 545—546.
  14. Закон «О реабилитации репрессированных народов» (руск.), арт. 2.
  15. The European Parliament recognizes the genocide of the Chechen people in 1944 and calls on the commission to study the Akhmadov peace plan (англ.)(недаступная спасылка) Архівавана 3 лютага 2008.
  16. Права человека в России (руск.) // Переводы документов по правам человека.