Паводле Лукі Святое Дабравесце
Паво́дле Лукі́ Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Лукі́[2], Паво́дле Лукаша́ Свято́е Дабраве́сце[3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Марка перад Евангеллем паводле Яна.
Паводле Лукі Святое Дабравесце | |
---|---|
Евангеліст Лука на грэчаскай выяве X ст. | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аўтарства
правіцьНягледзячы на тое, што ў пачатку кнігі аўтар кажа пра свае мэты напісання кнігі, уласна яго імя нідзе ў творы не згадваецца. Згодна з паданнямі, імя аўтара было Лука (па-лацінску — Лукій), — адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Паўла і яго бліжэйшых сяброў. У лісце да Каласянаў (4:14) Павел называе яго «шаноўны наш урач Лука». Лічыцца, што, суправаджаючы Паўла, Лука вёў дзённік, які стаў падставай для напісання і другой яго кнігі — Дзеянні апосталаў. Згодна з тымі жа паданнямі, лічыцца, што Лука нарадзіўся ў Антыёхіі і быў, хутчэй за ўсё, грэкам. Лука не быў сведкам евангельскіх падзей, і ён сам піша ў пралогу, што абапіраўся на створаныя да яго хрысціянскія творы, на апавяданні «сведкаў Слова». Лука вельмі сур’ёзна падыходзіў да гэтых сведчанняў, старанна правяраючы крыніцы і ўдакладняючы храналагічны ход падзей.
Месца і час напісання
правіцьДакладны час напісання невядомы. Лічыцца, што Евангелле з’явілася на свет паміж 70 і 90 гг. У ліку яго крыніц былі Евангелле ад Марка (каля 50 % тэксту) і, магчыма, Евангелле ад Мацвея ці так званыя «логіі», напісаныя апосталам. Яно прызначалася для хрысціян з былых язычнікаў і было створана ў Ахаі ці Беотыі, дзе, згодна з паданнямі, Лука жыў да самай сваёй смерці; аднак магчымым месцам напісання з’яўляецца таксама Кесарыя ці Антыёхія Сірыйская.
Асаблівасці Евангелля
правіцьЕвангелле знаходзіцца на трэцім радку ў спісе кніг Новага Запавету, яно самае вялікае па аб’ёме. Аўтар задумаў напісаць твор, у якім расказвалася пра дзеянні Ісуса Хрыста, а таксама пра працяг Ягонага служэння Царквой пад уздзеяннем Святога Духа. Пазней атрымалася так, што твор аказаўся падзеленым: першая частка сталася Евангеллем паводле Лукі, а другая — кнігай Дзеянняў апосталаў.
Евангелле вылучаецца сярод астатніх сінаптычных Евангелляў высокім літаратурным узроўнем, яго творца быў адораным пісьменнікам і дасведчаным гісторыкам. Аўтар Евангелля не немудрагелісты апавядальнік, а пісьменнік, які ўжо меў перад вачыма «многія» спробы выкласці жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Ён, хутчэй за ўсё, не быў іўдзеем, у яго кнізе мала семітызмаў. Ён шырока выкарыстоўвае Евангелле ад Марка, аднак мае ў распараджэнні і іншыя крыніцы. Некаторыя з іх узніклі, магчыма, у асяроддзі хрысціян-яўрэяў, ці нават вучняў Яна Хрысціцеля.
Ключавымі словамі гэтага Евангелля з’яўляюцца радасць, мір і ўратаванне. У ягоным цэнтры стаіць Хрыстос, Які прынёс выратаванне ўсяму сусвету. Нездарма Лука прасочвае радавод Ісуса да першага чалавека — Адама, які названы сынам Бога. Гэтым падкрэсліваецца ўніверсальны характар Радаснай весткі. Выратаванне прызначана для ўсіх людзей, у тым ліку і для тых, каго лічылі самымі цяжкімі грэшнікамі: для зборшчыкаў падаткаў, для самарыцян, для язычнікаў. Выратаванне адчынена для людзей заўсёды, нават да апошніх хвілін жыцця: так разбойнік атрымоўвае выратаванне перад самай смерцю на крыжы. Нягледзячы на тое, што ў мінулым жанчыны ўваходзілі ў лік бяздольных, аўтар Евангелля выкарыстоўвае самую вялікую колькасць жаночых імёнаў, а звесткі пра дзяцінства Ісуса дадзены, хутчэй за ўсё, Марыяй, маці Ісуса.
Хрыстос у Евангеллі перш за ўсё Збаўца, поўны любові і ласкі. У яго асобе Божае валадарства ўжо прыйшло до людзей. Вялікую ролю ў Евангеллі грае малітва, асабліва падзячная, поўная радасці і хвалы. У Евангеллі значна часцей за іншыя апавядаецца пра малітвы Ісуса. Таксама ў Евангеллі самая вялікая колькасць прыпавесцей. Усе самыя вядомыя прыпавесці: пра міласэрнага Самарыцяніна, пра блуднага сына, пра малітвы фарысея і зборшчыка падаткаў, — знаходзяцца ў Евангеллі паводле Лукі. Хаця Евангелле прызначана для былых язычнікаў, Лука ўвесь час падкрэслівае яўрэйскія карані хрысціянскай веры. Падзеі пачынаюцца ў Храме, дзе Анёл прадказвае святару Захарыі аб нараджэнні сына Яна, і заканчваецца таксама ў Храме, дзе пасля ўваскрэсення і ўзнясення Хрыста вучні Ісуса ўвесь час застаюцца ў малітве і радасці.
Структура кнігі
правіцьЕвангелле складаецца з 24 раздзелаў. Яно пачынаецца з пралогу, у якім Лука паведамляе пра падставу і мэту напісання Евангелля, а таксама пра метады працы з крыніцамі. Ён прысвячае сваю працу нейкаму хрысціяніну пад іменем Феафіл. У першых раздзелах паведамляецца не толькі пра нараджэнне Хрыста, але і пра нараджэнне Яна Хрысціцеля. Далей апавяданне вядзецца гэтак жа як, і ў Марка, за выключэннем тэкстаў Мк. 6:45 — Мк. 8:26, што бібліязнаўцы назвалі «вялікім пропускам». Пасля служэння ў Галілеі Ісус накіроўваецца ў Іерусалім. Большая частка Евангелля (больш за 10 раздзелаў) апавядае пра гэты шлях, таму часта кнігу называюць Евангеллем Шляху. Таксама гэтым словам «Шлях» называла сабе першая Хрысціянская Царква.
Сціслы план Евангелля
правіць- Пралог (1:1-4)
- Нараджэнне і дзяцінства Яна Хрысціцеля і Ісуса Хрыста (1:5 — 2:52)
- Прыгатаванне да служэння (3:1 — 4:13)
- Служэнне ў Галілеі (4:14 — 9:50)
- Шлях Хрыста ў Ерусалім (9:51 — 19:27)
- Служэнне ў Ерусаліме (19:28 — 21:38)
- Пакуты і смерць Хрыста (22:1 — 23:56)
- Уваскрэсенне і ўзнясенне (24:1-53)
Пераклады
правіць- Паводле Лукаша сьвятое дабравесьце у перакладзе Васіля Сёмухі
- Святое Евангелле паводле Лукі ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Евангелле паводле святога Лукі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Эвангельле паводле Марка ў перакладзе Антонія Бокуна
- Евангеля подле сьвятога Лукі Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Паводле Лукі сьв. Эвангельле Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Вінцэнта Гадлеўскага
- Эвангелія паводле Лукаша Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Паводле Лукі Святое Дабравесце ў перакладзе А. К. Клышкі
- Евангелле паводле Лукі ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Паводле Лукаша Сьвятое Эвангельле ў перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
Літаратура
правіць- Райт Н. Т. Лука. Евангелие. Популярный комментарий. — М.: ББИ, 2008. — 308 с. ISBN 5-89647-190-4.
- Кузнецова В. Н. Евангелие от Луки. Комментарий. Фонд имени Александра Меня. 2004. 556 с. ISBN 5-87507-267-9
- Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.
- Аверинцев С. Собрание сочинений. — К.: Дух и литера, 2004. — 500 с. ISBN 9667888843.
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- ↑ альтэрн.: Паво́дле Лукаша́ Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.